Вы тут

Пытанні дзейнасці Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку разгледзелі на пасяджэнні назіральнага савета


У гэтай установе новага тыпу рэалізуецца адукацыйная праграма дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, накіраваная на выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцяў да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. У рамках кожнай змены навучанне праходзяць 30 навучэцнаў 9-11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны.


У цяперашні час вучні засвойваюць адукацыйную праграму аб’ёмам у 72 гадзіны па напрамках «Зялёная хімія» на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, «Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі» — у лабараторыях БДУІР і «Робататэхніка» — на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Пастановамі Урада ўрэгуляваны пытанні харчавання навучэнцаў, зацверджана тыпавая форма дагавора аб рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння. Ведамаснымі пастановамі вызначаны парадак рэалізацыі адукацыйнай праграмы і адбору навучэнцаў.

Для забеспячэння функцыянавання дзіцячага тэхнапарку прадугледжваецца будаўніцтва трох аб’ектаў, у тым ліку вучэбна-лабараторнага корпуса за кошт сродкаў інавацыйнага фонду горада Мінска, школы і інтэрната на 300 месцаў на раўнадолевых умовах бюджэту сталіцы і рэспубліканскага бюджэту, вылучанага ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.

Плануецца, што рэалізацыя адукацыйнай праграмы будзе ажыццяўляцца па 15 профілях, якія адпавядаюць інавацыйным кірункам развіцця тэхнікі і тэхналогій. Гэта «Авіякасмічныя тэхналогіі», «Архітэктура і дызайн», «Біятэхналогіі», «Віртуальная і дапоўненая рэальнасць», «Зялёная» хімія», «Інжынерная экалогія», «Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі», «Інфармацыйная бяспека», «Лазерныя тэхналогіі», «Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне», «Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі», «Прыродныя рэсурсы», «Робататэхніка», «Электроніка і сувязь» і «Энергетыка будучыні». 

Выступаючы на пасяджэнні назіральнага савета, якое прайшло ў сценах Міністэрства адукацыі, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў: «Пытанні дзейнасці дзіцячага тэхнапарку ў перыяд яго функцыянавання ў рэжыме апрабацыі, а таксама крытэрыі і паказчыкі эфектыўнасці працы, асноўныя задачы і планы на бліжэйшую перспектыву мы абмяркоўвалі на нарадзе ў прэм’ер-міністра. Гэтым аспектам надавалася ўвага і на іншых нарадах, таму нам неабходна выпрацаваць канкрэтныя прапановы і падыходы па функцыянаванні дзіцячага тэхнапарку, каб не было дубліравання тых структур, якія ў нас ужо створаны і функцыянуюць, каб не было нейкіх дадатковых элементаў падрыхтоўкі да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, г.зн. мы павінны зрабіць дзіцячы тэхнапарк унікальнай навучальнай установай, праз якую павінна прайсці ўся наша тэхнічная, творчая падлеткавая і маладзёжная эліта». 

— Зараз разглядаецца пытанне ўнясення змен у правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Плануецца, што рашэннем назіральнага савета навучэнцы з дзіцячага тэхнапарку, якія добра сябе праявілі і паказалі пэўны вынік, могуць мець пры паступленні пэўныя прэферэнцыі. Якія менавіта? Пакуль гэта пытанне абмяркоўваецца. Пасля дзіцячага тэхнапарку павінна выбудоўвацца пэўная адукацыйная траекторыя гэтага падлетка, які ў далейшым будзе развіваць свае таленты ўжо непасрэдна, арыентуючыся на нейкую прафесію і спецыяльнасць. Тым больш, што адна з галоўных задач дзіцячага тэхнапарку — ранняя прафарыентацыя, дыягностыка схільнасці да тых або іншых відаў дзейнасці, — падкрэсліў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Мы гэтым цяпер займаемся комплексна.

Асаблівая ўвага нададзена арганізацыі выхаваўчай работы з навучэнцамі дзіцячага тэхнапарку.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: bsu.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».