Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. Зорны вецер


З узростам людзі спяць менш, а мінулае ўспамінаюць часцей. Інга не спала, яна павярнулася да акна, якое на ноч не зашторвала, каб у гадзіны бяссонніцы глядзець на зоркі. Знаёмым пра гэта не казала, будуць здзекавацца: яна марыць у шэсцьдзясят гадоў!


Сёння ў мігценні зорак перад ёй праплывалі гады дзяцінства, вобразы тых, хто яе любіў і каго яна любіла. Ці будзе хто-небудзь успамінаць яе, як яна ўспамінае блізкіх? Дзеці з'ехалі, у іх свае сем'і, клопаты. Муж памёр. Добра, што кот сапе пад бокам — усё весялей.

Інга адчувала сябе расклеенай. Нягоды жыцця забралі здароўе. Першымі «здалі» вочы, потым калені: артрыт.

Агеньчык рухаўся па небасхіле на ўсход. Затым з'явіўся другі, ён рухаўся насустрач першаму. Інга занепакоілася: «Можа, памылка дыспетчара?» Але агеньчыкі разышліся, і яна ўздыхнула з палёгкай. Вось жа характар: і тут знайшла падставу для турботы!

Інга паглыбілася ва ўспаміны. У дзяцінстве яна сябравала з Валяй і Веркай. Па роснай траве выганялі кароў у поле. Бегалі на раку Лахву і ў суседнюю вёску на танцы. Валя ганарылася двума старэйшымі братамі. Да Веркі на канікулы з горада прыязджаў стрыечны брат Сашка, якому за высокі рост і худзізну далі мянушку Гусь. Толькі ў Інгі ні братоў, ні сясцёр.

Найглыбейшым месцам на рэчцы была яма каля моста. Хлопцы забаўляліся: хапалі каго-небудзь з дзяўчат і кідалі ў яму. Тыя пішчалі, білі кулачкамі нахабнікаў і карцінна выплывалі. Толькі Інгу ў яму не кідалі — для яе пераадолець пяць метраў на вадзе было подзвігам. Яна вучылася плаваць каля самага краю ямы.

Потым паплыла праз яе, выцягваючы галаву над вадой, падобна перыскопу падводнай лодкі. На краі, па грудзі ў вадзе, стаяў Сашка Гусь. Яму хацелася дакрануцца да Інгі: яна яму падабалася.

— Зараз утаплю, — пажартаваў ён і паклаў ёй на спіну руку.

І Інга раптам пайшла на дно.

Яна не валтузілася, не спрабавала выплыць, а павольна танула, пускаючы бурбалкі і гледзячы на Сашу з-пад вады. Хлопец разгубіўся. Дзяўчына танула, а ён стаяў як статуя. Падхапіў яе ўжо на дне, калі нахапалася вады.

— Ты што... Ты што... — толькі і мог вымавіць ён.

Мабыць, дапамога патрабавалася больш яму, чым ёй. Ён быў белы-белы.

— Яна не ўмее плаваць! — каршуном наляцела на брата Верка.

— Плыла ж міма мяне, — апраўдваўся ён.

— Там, дзе табе па плячо, ёй — з галавой — цяміць трэба!

Роў Веркі не ішоў ні ў якое параўнанне з тым, як дакараў сябе Саша: ледзь не ўтапіў! Ён увесь дзень адчуваў сябе вінаватым і па дарозе з танцаў падышоў папрасіць прабачэння. Сцежка ішла праз калгасны сад. Стракаталі конікі, яблыні шапацелі лістотай, пахлі травы і ярка-ярка гарэлі зоркі... Напэўна, гэта і было шчасце, за якім мы ўсё жыццё гонімся і не можам ухапіць.

Інга з сумам успамінала чароўную летнюю ноч. «Вярнуць бы хоць на імгненне той час, тыя адчуванні. Гэтага шчасця мне б надоўга хапіла», — падумала яна. І ўбачыла, як упала зорка.

«Хіба можа такое спраўдзіцца?» — горка ўсміхнулася Інга. Сашкі ўжо няма. Калісьці, вельмі даўно, ёй патэлефанавала Валя і ў размове сярод іншых вясковых навін згадала, што Саша Старавойтаў патануў. Інга праплакала ўвесь вечар...

Цяпер ізноў сэрца заныла. Узяла з тумбачкі валідол, паклала таблетку пад язык. «Штосьці я вельмі растрывожылася, — падумала. — Буду спаць». Але не спалася. І так захацелася з'ездзіць у родныя мясціны! Прыняла цвёрдае рашэнне: «На Радаўніцу наведаю блізкіх, каля могілак хоць пасяджу.

...Аўтобус павольна падымаўся на пагорак. Сэрца Інгі пачашчана забілася, калі ўбачыла знаёмыя дахі дамоў. Як даўно яна тут не была, цэлае жыццё прайшло. Даўным-даўно няма нікога з яе радні. Да горла падступіў камяк: старэнькія хаты з забітымі вокнамі, бабулькі, якія прыкрывалі далонню вочы ад сонца, каб разгледзець, хто ідзе, сам выгляд гэтай маленькай вёсачкі...

Тут калісьці жылі людзі, якіх яна любіла. Гэта быў яе сапраўдны дом, яе карані, сіла. Вучоба, праца, дзеці занялі ўсё жыццё. А галоўнае засталося тут.

Яна ішла па могілках і чытала надпісы на помніках сябрам, якіх перажыла. Побач мітусіліся людзі, прыбіраліся перад святам. Яна прыглядалася, але нікога не пазнавала. І раптам убачыла Верку.

— Верка!

Інга кінулася да яе. Сяброўка дзяцінства амаль не змянілася — яе пазнаў бы любы. Вера спачатку паглядзела на Інгу холадна. Потым ахнула:

— Ніколі б не пазнала!

Яны пагаварылі, абмяняліся тэлефонамі, і Інга пайшла далей. На адной пліце прачытала: «Аляксандр Старавойтаў». Дык гэта ж Саша Гусь! Зноў заныла сэрца: «Ну, вось мы і сустрэліся. Прабач, што так доўга чакаў».

І тут звярнула ўвагу на дату нараджэння — 1912 год. Напэўна, памылка?

Побач жанчына вырывала траву.

— Вы хто? — спытала Інга, разглядаючы незнаёмую. — Я вас не пазнаю.

— Я не ваша, — адказала жанчына, не падымаючы галавы.

— Раз прыбіраеце нашы могілкі, значыць, наша, — усміхнулася Інга. — Вёска маленькая — на могілках толькі мясцовыя пахаваны.

І раптам Інга адчула чыйсьці погляд. Падняла вочы — і ўбачыла... Сашу. Падумала: ёй здаецца. Правяла рукой па твары. Не, усё рэальна. Каля суседняга дрэва стаяў зусім не прывід, а жывы, здаровы, высокі, як таполя, Саша. Адкуль?

Ён глядзеў на яе і ўсміхаўся. І столькі ў гэтай усмешцы было цяпла і святла, што яна ўмлела. Нават не загаварыўшы з ім, адчула, якім ён стаў. Спакойны, надзейны, прыстойны і вельмі добры. Інга цешылася гэтымі хвілінамі, але далей стаяць і глядзець адзін на аднаго было непрыстойна. Бо гэтая жанчына, якая рвала траву, напэўна, яго жонка, Інга гэта адразу зразумела. Трэба было нешта сказаць, і яна спытала:

— Гусь?

— Так, Гусь, — адказаў ён, і абодва ўсміхнуліся гэтай дзіцячай мянушцы.

Яна не заўважала яго сівізны, бо бачыла таго, каго ведала раней. Зорка выканала яе жаданне. Жанчына працягвала рваць траву, не падазраючы, што побач бушуе зорны вецер. На сваё шчасце, яна не бачыла, як яе муж глядзеў на іншую.

— Мне перадалі, што ты патануў, — усміхнулася Інга. — Дзякуй богу, жывы. А чыя гэта магіла?

— Майго дзядзькі Сашы, — адказаў ён.

Абмяняліся яшчэ некалькімі незначнымі фразамі, і яна пайшла далей з пачуццём радасці, што зноў убачыла яго. Як бы ёй хацелася мець такога мужа! Лёс распарадзіўся інакш, аднак паслаў гэтую сустрэчу! Інга сышла, каб нічога не сапсаваць. Не трэба слоў, яна ўсё адчула, і яе душа была сагрэта. Напэўна, гэта ўсё зорны вецер, які аказаўся такім цёплым...

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.