Вы тут

Што робіць сена на асфальце, або Топ-25 беларускай кароткай прозы


Салодкія яблыкі. Аповесці, апавяданні. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020

Прынцып, па якім склалі чарговы том «Бібліятэкі выбраных твораў», мабыць, самы актуальны: творы, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў наведвальнікаў бібліятэк. Атрымаўся гэткі топ-25 беларускай класікі, у які заканамерна ўвайшлі апавяданні Міхася Стральцова, што сталі культавымі: «Сена на асфальце» і «Смаленне вепрука». Адзін з найлепшых беларускіх празаікаў, Стральцоў сышоў рана, недаразгаданы і недаацэнены... Вызначыўшы назву для цэлага пакалення вяскоўцаў, што мусілі прыжывацца ў горадзе, — «сена на асфальце», абмаляваўшы іх менталітэт. А ягонае ж «Смаленне вепрука» называюць першым постмадэрнісцкім апавяданнем беларускай літаратуры... Уладзімір Караткевіч прадстаўлены пранізлівай аповесцю «Лісце каштанаў», напісанай па матывах падлеткавых гадоў, праведзеных у пасляваенным Кіеве. Апавяданне Вячаслава Адамчыка «Урокі арыфметыкі» — пра першую закаханасць школьніка ў настаўніцу. Васіль Быкаў, як заўсёды, ставіць чытача ў жорсткія ўмовы экзістэнцыяльнага выбару: як застацца чалавекам у бязлітасных, смяротна небяспечных абставінах? І нават апавяданні Змітрака Бядулі з дарэвалюцыйных рэалій звяртаюцца да болевых кропак, што не загаіліся і сёння. «Вылюднелы» Лаўручок выракаецца вясковага паходжання, адмаўляецца прызнаць родную маці — як жа ён можа перад слугамі і цяперашняй сям'ёй паказаць, што ён — сын гэтай неадукаванай, беднай сялянкі... Лепей адкупіцца грашыма і забыцца. Выснова: у беларускай літаратуры чытача найбольш прывабліваюць творы, якія ўзрушваюць, абуджаюць сумленне, змушаюць да роздумаў... Як героя Караткевіча: «Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з'явяцца нашы браты, ці з'явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж».

Харуки Мураками. Охота на овец. Москва, ЭКСМО, 2020

Вечны аўтсайдар Нобелеўскай прэміі, Харукі Муракамі кампенсуе прэміяльную няўдачу велізарнымі накладамі па ўсім свеце. Чым вытлумачваецца чытацкая любоў? Паспрабуйце зразумець, пачытаўшы адзін з самых вядомых яго раманаў. Прыносіць асалоду не толькі сюжэт, але і стыль. Апісанне дэталяў, звычайных побытавых — бутэлькі піва альбо вуха жанчыны — ператвараецца ў мастацкія карціны. Вобразная мова: «Зірнуўшы на яго, я раптам успомніў, як выглядае дарожны асфальт пасля толькі што сплылай паводкі». Другі складнік поспеху — спроба гаварыць ад імя пакалення, абмалёўваючы яго ментальнасць і пазнавальныя маркеры: «Гэта былі часы «Дорз», «Ролінг Стоўнз», «Бёрдз», «Дзіп Пёрпл», «Мудзі Блюз». Паветра ледзь не дрыжэла ад дзіўнай напругі: здавалася, не хапае толькі якога-небудзь штуршка, каб усё пакацілася ў прорву. Дні спальваліся за танным віскі, не асабліва ўдалым сексам, нічога не змяняючымі спрэчкамі і пазычанымі кніжкамі. Безуладныя, няўклюдныя шасцідзясятыя з рыпеннем апускалі сваю заслону». Адразу ўспамінаюцца кнігі з падобнымі ж апісаннямі «страчаных пакаленняў»: ад Фіцджэральда і Сэлінджэра да Коўпленда і Пялевіна... Тэкст насычаны алюзіямі і асацыяцыямі, якія можа прачытаць толькі «тубылец часу». Вось, напрыклад, у кавярні па тэлевізары нейкая перадача... «Юкіа Місіма», — безуважна канстатуе герой, паядаючы сасіскі. Тэлевізар барахліць, карцінку не ўдаецца наладзіць, усе абыякава адварочваюцца... Муракамі не тлумачыць, што гэта тая самая перадача, падчас якой у 1970-м эксцэнтрычны пісьменнік Місіма, фанат самурайскага духу, спрабаваў у прамым эфіры здзейсніць паўстанне, а тады скончыў самагубствам, так і не абудзіўшы ў масах спачування, — мала хто ўвогуле зразумеў, што адбываецца, бо сігнал перадачы быў кепскі. Яшчэ адзін складнік тэксту — містычна-эзатэрычны... Уладальніку маленькага рэкламнага выдання, аматару Пруста і Ніцшэ, ад імя ўладнага магната заданне-ўльтыматум: знайсці авечку з фотаздымка ў ягоным часопісе. Герой неахвотна бярэцца шукаць... А гэта не проста авечка, а Авечка з вялікай літары! Дух усеўладдзя, які ўсяляецца ў абранае цела, ну тыпу цела Чынгісхана... Для сцёбу засур'ёзна, для філасофскай прытчы легкаважна. Тыя, хто ставіць Муракамі ніжэй за ягоных вялікіх папярэднікаў, Коба Абэ, Кіндзабура Аэ і Акутагавы, сцвярджаюць, што канструкцыі Муракамі выглядаюць занадта сканструя-
ванымі, у іх відавочныя запазычаныя фрагменты, зашмат маскультурных алюзій ва ўрон японскай культуры, часам усё гучыць надта «ў лоб»... І аўтарская іронія не ратуе. Наўрад ці каго здзівіць адкрыццё, што абсалютная ўлада знішчае чалавечае ў чалавеку... Дарэчы, сам Муракамі прызнаваўся: сам не ведае, што яна за такая, ягоная Авечка.

Выданні для агляду дадзены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.