Вы тут

У чаканні Вялікадня


Сёлета каталікі адсвяткуюць Вялікдзень амаль на месяц раней, чым праваслаўныя. Дзіўна, але некаторых гэта моцна непакоіць. Што да мяне, дык такая разбежка ў святах нават на карысць. Справа ў тым, што ў нас на дваіх з мужам — пяцёра хрэснікаў. Двое з іх праваслаўныя, астатнія — каталікі. І мы, як сумленныя хросныя бацькі, кожны Вялікдзень спяшаемся іх наведаць. Вядома, дзеці не столькі чакаюць нашага візіту, колькі падарункаў.


Фота: pixabay.com

Дагадзіць сучасным дзецям — справа складаная, ды, прызнацца, нятанная. Акурат на днях патэлефанавала маці Марыначкі. Але нават яна не змагла мне адказаць на пытанне, што купіць яе дачцэ. Цацкамі, маўляў, дзяўчынка ўжо не цікавіцца (а ёй, між іншым, нядаўна споўнілася толькі сем гадкоў!), адзенне падбіраць трэба, бо фігура ў дзіцяці нестандартная. Падарункамі для старэйшых хрэснікаў я ўвогуле моцна азадачана. Больш за тое, наведаць усіх за адзін дзень (яшчэ пашанцавала, што жывуць у адным горадзе!) — той яшчэ квэст. Добра было б і вярнуцца дамоў не зацемна — у нашага сына таксама ёсць хросныя бацькі, якія, хутчэй за ўсё, захочуць да яго прыехаць. Вось і кажу: выдатна, што велікодныя святы сёлета не прыйшліся на адзін час.

Раней такой праблемы не было. У нашай сям'і хрысцілі дзяцей, у асноўным цёткі ды дзядзькі. Спецыяльна ніхто ні да каго не ездзіў — пакуль быў жывы дзед, усе сваякі, дзе б яны ні знаходзіліся, на каталіцкі Вялікдзень збіраліся ў адной маленькай хатцы ў такой жа невялічкай вёсцы Шпількі, што раскінулася амаль на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Збіраліся рана (не дай бог было спазніцца!), з'ядалі свянцонае (так у каталікоў называюць асвечанае) яйка, елі прыгатаваныя напярэдадні стравы (было надзвычай смачна, бо перад гэтым пасціліся), спявалі песні, качалі яйкі, спаборнічалі ў біцці галоўнага сімвала свята. І ніхто не тлуміў галаву наконт падарункаў: што падарылі хросныя бацькі, таму дзеці і былі рады.

Праваслаўны Вялікдзень мы адзначалі дома: каталік у нас толькі бацька, а мама, брат і я ахрышчаныя ў праваслаўі. Напярэдадні фарбавалі яйкі, якія разам з кавалачкам хлеба і невялічкім слоікам з соллю клалі ў кошычак і везлі на асвячэнне ў царкву. Часта мы з мамай заставаліся на ўсяночную (так у нас называюць ноч, калі, згодна з Бібліяй, адбываецца Уваскрэсенне Хрыста). Раніцай быў святочны сняданак, увесь дзень быў напоўнены нейкімі нябачнымі ўрачыстасцю і спакоем. Я не помню, каб на праваслаўнае свята мы ездзілі да матуліных бацькоў, не з'яўляліся ў гэты дзень і яны: бабуля-настаўніца, якая ўсё жыццё бясспрэчна падпарадкоўвалася савецкім законам, нават пасля зняцця забароны верыць у Бога хрысціянскіх свят не прызнавала. Дзякуй маме, якая, нягледзячы на сваё «бязбожнае» дзяцінства, у свой час прывяла нас з братам да храма і зрабіла ўсё магчымае, каб духоўнасць для нас была не проста прыгожым словам.

Гэта толькі апошнім часам на Вялікдзень у нас мітусня: рыхтуемся да свята, абавязкова ідзём у храм, імкнёмся наведаць бацькоў, едзем да ўсіх пяцярых хрэснікаў, чакаем гасцей у сябе. Летась каранавірусная інфекцыя ўнесла свае карэктывы. Затое, нікуды не спяшаючыся, правялі свята ў вузкім коле самых родных. Сёлета, відаць, будзе па-іншаму: пандэмія — пандэміяй, а дзеці чакаюць падарункаў...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.