Вы тут

Як эканомна і цікава пазнаёміцца з разнастайнымі экспазіцыямі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»


За апошнія гадоў дваццаць, а можа, і больш, наведваць музеі, выстаўкі, новыя аб'екты Брэсцкай крэпасці даводзілася падчас мерапрыемстваў. Нярэдка яны былі вялікія, з рознымі дэлегацыямі пад прыцэлам камер, бывала, і меншыя, падчас ускладання кветак да Вечнага агню разам з афіцыйнымі асобамі і шматлікімі калегамі. А вось так, каб спакойна і няспешна паглядзець і падумаць…


Ахапак свежых гваздзікоў

Музей абароны.

Прынамсі, на гэта падбіла дачка. Яна недзе вычытала, што кожную апошнюю пятніцу месяца ўваход у музеі бясплатны. А на 26 сакавіка дзень у Брэсце выдаўся сонечны, цёплы — сапраўдная вясна, толькі пакуль без зялёнай травы. Словам, гуляць па тэрыторыі было надзвычай прыемна. І як пазней высветлілася, мы вельмі ўдала прыйшлі, бо гэта быў апошні дзень сезоннай акцыі па бясплатным наведванні. З красавіка пачынаецца новая форма акцыі. Але пра тое крыху пазней.

Дык вось, пахадзіць у цішы музейных зал, затрымацца каля тых дакументаў, экспанатаў альбо матэрыялаў, якія цябе асабліва зацікавілі, без знешняй падказкі, — асаблівае, скажу вам, задавальненне. Мяне, напрыклад, уразіла выстаўка здымкаў вядомага франтавога фотакарэспандэнта ТАСС Яўгена Халдзея — так, што яшчэ некалькі дзён успамінала. Увекавечаныя імгненні чалавечых эмоцый на вайне — гэта нічым больш не заменіш. Многія здымкі — гістарычныя кадры, даўно вядомыя з падручнікаў, кніг, газет. І побач — іншыя карткі, героі якіх невядомыя, выхапленыя аўтарам недзе на хаду, — яны найбольш адлюстроўваюць увесь цяжар, трагедыю, пярэчанне вайны законам чалавечай існасці. Гэтыя здымкі хочацца праглядаць зноў і зноў. Згаданая выстаўка разгорнутая ў экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру». А выстаўка, прысвечаная трагедыі Трасцянца, абазначана ў Музеі абароны.

З яго, старэйшага музея мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», мы і пачалі сваю экскурсію. Ён адкрыўся для наведвальнікаў у 1956-м, задоўга да стварэння мемарыяла. А вось пашыраную экспазіцыю з дзевяці зал роўна 60 гадоў таму адкрываў Герой Савецкага Саюза, легендарны маёр Гаўрылаў. За гады існавання музей наведала 25 мільёнаў чалавек са 140 краін свету. У дзесяці залах музея знаходзіцца каля чатырох тысяч экспанатаў.

З той пары, як я ўпершыню наведвала крэпасць (настаўніца прывезла нас на экскурсію ў пятым класе), запомніўся будзільнік, што паказваў час вайны. Пашкоджаны падчас бамбёжкі, ён назаўжды адлюстраваў чатыры гадзіны раніцы, калі пачаўся абстрэл тэрыторыі крэпасці. Гадзіннік знайшлі ў 1956 годзе на Цярэспальскім умацаванні. Гэты сімвал пачатку вайны і цяпер у ліку цэнтральных экспанатаў трэцяй залы, прысвечанай перадваеннай абстаноўцы і дню 22 чэрвеня.

Асобныя залы музея датычыцца баёў на розных участках крэпасці і яе абаронцаў, у тым ліку невядомых. Напрыклад, зала № 6 «Абарона Цытадэлі» расказвае пра стварэнне штаба абароны на чале з капітанам Зубачовым і палкавым камісарам Фаміным. Дарэчы, пазней паблізу Цярэспальскіх варотаў мы прыпыніліся каля мемарыяльнай дошкі, прысвечанай камісару Яфіму Фаміну. Там ляжалі свежыя гваздзікі. Пры тым што свята, ніякай асаблівай даты ў біяграфіі легендарнага абаронцы крэпасці ў гэтыя дні не было. Але ж нехта не забывае, хтосьці шануе памяць, пра што красамоўна сведчыць ахапак кветак.

Карціна мастака-вязня

А вось увагу маёй дачкі-студэнткі прыцягнуў у гэтым музеі пакой з узорамі зброі розных эпох. Там прадстаўлены не толькі зброя і боепрыпасы, але і партрэты вынаходнікаў гэтых узораў. Нас уразіла супрацьтанкавае ружжо часоў вайны. Нават на выгляд яно трохі пужае сваімі памерамі ды вагой. А байцы ж насілі яго ў руках і выкарыстоўвалі па прызначэнні. Хай бы заўсёды такія рэчы заставаліся толькі ў музеях!

Экспазіцыя «Музей вайны — тэрыторыя міру» — найстарэйшая з новых, яе адкрылі ў 2014 годзе. Яна размясцілася ў Паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі, спонсарам праекта выступіў расійскі «Газпрам». Лічыцца, што новы музей стаў дапаўненнем да Музея абароны, тут вобраз Брэсцкай крэпасці і звязаных з ёй персаналій перадаецца больш выразна і наглядна. На дапамогу музейшчыкам прыйшлі новыя тэхналогіі. З аднаго боку, лічбавізацыя і візуалізацыя канкрэтных падзей праз дакументы, успаміны, а з другога — творы жывапісу, літаратуры, якія дадаюць эмоцый і вобразнасці. Манекены вязняў лагераў для палонных і канцлагераў у адной з залаў адразу прыцягваюць увагу, а перад гэтым трапляе на вочы карціна Эдуарда Куфко, брэсцкага мастака, які прайшоў праз сапраўднае пекла... Яго «Вязень» скажа больш, чым любы дакумент. Дарэчы, у зале маецца інтэрактыўная карта канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі былога Саюза і Еўропы. Там можна знайсці агульныя звесткі пра кожны лагер часоў Другой Сусветнай. Зала пад назвай «Дарогі памяці» расказвае пра людзей, чые лёсы звязаныя з гераічным мінулым Брэсцкай крэпасці, з першымі днямі вайны.

Фотахроніка жахаў вайны

Холмскія вароты.

Менавіта ў гэтым музеі разгорнута выстаўка «Сцяг перамогі», якой падзяліўся з брастаўчанамі музейна-выставачны цэнтр «Расфота». Як ужо згадвалася, выстаўку склалі копіі работ класіка савецкага фотамастацтва Яўгена Халдзея. Карэспандэнт «Фотахронікі ТАСС» прайшоў дарогамі вайны шлях ад Мурманска да Берліна. Уражваюць яго здымкі гістарычных падзей: падпісанне акта аб капітуляцыі, пасяджэнне кіраўнікоў краін-саюзнікаў на Патсдамскай канферэнцыі, альбо пераможны сцяг над рэйхстагам, парад Перамогі з маршалам Жукавым на белым кані... Але мяне асабліва кранулі кадры з Севастопаля 1944-га, вызваленага прыморскага горада, дзе людзі загараюць пасярод руін: усё разбурана і спляжана ўшчэнт, а чалавек усё ж знайшоў лапік чыстага пясочку і радуецца сонцу і цішыні. А вось бабулька, што ўцякае ад жахаў вайны ў Мурманску, выклікае шчымлівае спачуванне: маленькая, худая, згорбленая, яна валачэ на спіне велізарных памераў драўляны чамадан, трэба думаць, з усім сваім скарбам. Гэта пра той выпадак, калі ў экстрэмальнай сітуацыі ў чалавека немаведама адкуль бяруцца сілы. У звычайным жыцці такі груз не ўсялякаму мужчыну быў бы пад сілу. На іншым кадры алень, што шалее ад абстрэлу і бамбардзіровак — яшчэ адно імгненне ваенных жахаў.

Адчуць і ўявіць

Адчуць, уявіць цяжар вайны можна і ў музеі «Летапіс Брэсцкай крэпасці». Экспазіцыя мае шырокія часавыя рамкі і прысвечана гісторыі крэпасці. Размешчана яна ў паўвежы Паўднёва-ўсходняй казармы Цытадэлі з утульным дворыкам. Трохвымерныя панарамы з гістарычнымі фігурамі ў натуральную велічыню даюць асаблівы эфект прысутнасці. Інжынеры, канструктары, вайскоўцы, некаторыя з іх за рабочымі сталамі — нібы прысутнічаеш на тэхнічных нарадах пары будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці. На адной з панарам перыяду канца 1930-х гадоў, дзе крэпасць ахоўвае польскі салдат, нас зацікавіў металічны экспанат. Аказалася, гэта фрагмент французскага танка «Рэно», які быў на ўзбраенні Войска Польскага да вайны. Фрагмент знайшлі непадалёку, крэпасць, як вядома, трымала абарону і ў 1939-м.

Экспазіцыя «Музей вайны — тэрыторыя міру».

Залы №№4-6 адлюстроўваюць эпізоды гераічнай абароны 1941-га: спроба наладзіць сувязь, захоп у палон салдата праціўніка, спроба вырвацца з акружанай крэпасці. Змучаныя шматдзённай барацьбой, недахопам вады і яды, параненыя, у брудных і парваных гімнасцёрках, але няскораныя, непераможныя байцы прымушаюць гледача ХХІ стагоддзя паспрабаваць уявіць, што мог адчуваць чалавек у такой сітуацыі.

Прыцягальнасць фартоў

Адчуванні пераклікаюцца і пры наведванні экспазіцыі «Абарона Усходняга форта», якая адчыніла дзверы летам 2020 года. Тут, дарэчы, ёсць магчымасць паглядзець, акрамя экспазіцыі, і сам Усходні форт, які складаецца амаль з сотні памяшканняў. Толькі дзясятая частка іх адведзена пад музейныя пакоі. Нават цэгла форта з'яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, бо на цаглінах нанесены даты вытворчасці — з 1864 да 1869 года.

Гэты форт пры бамбёжцы закідвалі 500-кілаграмовымі бомбамі. Ад выбухаў лопаліся шыбы ў горадзе, прытым, што горад ад крэпасці знаходзіцца на адлегласці, большай за кіламетр.

Калі ты наведвальнік музея, цябе абавязкова зачэпіць гісторыя подзвігу маёра Гаўрылава, які згуртаваў у тры роты і ўзначаліў чатыры сотні абаронцаў. І сам стаяў да апошняга, пакуль яго, знясіленага і параненага, немцы не знайшлі 23 ліпеня. За першыя паўгода з дня адкрыцця, нягледзячы на пандэмію, у музеі пабывала каля шасці тысяч чалавек.

А сёлета, у студзені, адкрыты ўнікальны музей на тэрыторыі Пятага форта крэпасці. Гэта першы фартыфікацыйны аб'ект у Беларусі, які быў музеефікаваны. Тут нават сцены — экспанаты, бо маюць таўшчыню тры метры. Асаблівую прыцягальнасць экспазіцыі надаюць падземныя хады. Сюды не трапляе дзённае святло, і блукаць па загадкавых лабірынтах даволі цікава. На гэтым музеі не буду асабліва спыняцца, бо не так даўно ў газеце быў падрабязны рэпартаж з адкрыцця экспазіцыі.

Такім чынам, можна падвесці пэўныя вынікі. Калі ўлічыць, што дарослы ўваходны білет каштуе 6 рублёў, студэнцкі — 3 рублі, то пры наведванні ўсіх музеяў у апошнюю пятніцу месяца мы сэканомілі 45 рублёў. Але галоўнае, што атрымалі сапраўднае задавальненне, асвяжылі веды, згадалі гісторыю. Брастаўчане заўсёды вязуць сваіх гасцей найперш у крэпасць — ім жа трэба нешта параіць, падказаць. А што падкажаш, калі сам не ведаеш альбо забыўся, бо калі і быў у крэпасці, у музеі не заходзіў. Мы часам разважаем, як тыя масквічы, калі яны гавораць, што ў Вялікі тэатр не ходзяць, бо ведаюць: ён нікуды не дзенецца, туды заўсёды можна пайсці. Але ж і свае славутасці час ад часу варта наведваць, не адкладваць тое на потым.

Як паведаміў дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк, з 1 красавіка акцыя будзе ладзіцца інакш, у гэты дзень, апошнюю пятніцу месяца, замест бясплатнага ўваходу кошт квіткоў для наведвальнікаў будзе зніжаны напалову.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Эфект прысутнасці ў Брэсцкай крэпасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.