Вы тут

Андрэйчанка абазначыў перад дэпутатамі асноўныя кірункі іх дзейнасці ў найбліжэйшы час


Арыенцір работы парламентарыяў быў зададзены на VІ Усебеларускім народным сходзе, нагадаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні Савета ніжняй палаты, якое прайшло за два дні да адкрыцця пятай сесіі сёмага склікання.


Прапановы прымаюцца

«Перш за ўсё гэта ўдзел у рабоце па змяненні Асноўнага Закона краіны, — падкрэсліў ён. — Ключавая роля ў гэтым пытанні належыць створанай Указам Прэзідэнта Канстытуцыйнай камісіі. У яе склад увайшлі пяць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў».

Дадаткова ў ніжняй палаце з ліку дэпутатаў і работнікаў сакратарыята сфарміравана рабочая група для акумулявання прапаноў дэпутацкага корпуса па канстытуцыйным рэфармаванні, дадаў спікер.

У Палаце прадстаўнікоў ужо падрыхтаваны для разгляду на вясновай сесіі блок законапраектаў, якія накіраваны на гарантаванне грамадскай бяспекі, супрацьдзеянне праявам дэструктыўнай актыўнасці і скажэнню гістарычнай праўды, паведаміў Уладзімір Андрэйчанка. «Гэта, у прыватнасці, ініцыяваны дэпутатамі праект закона аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, законапраекты па пытаннях крымінальнай адказнасці, органаў унутраных спраў, абароны службовых асоб, сродкаў масавай інфармацыі, масавых мерапрыемстваў, працоўных адносін, электрасувязі, супрацьдзеяння экстрэмізму», — пералічыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Асаблівую ўвагу, па яго словах, належыць аддаць Кодэксу аб адукацыі, які ўжо знаходзіцца ў парламенце і ў найбліжэйшы час будзе разглядацца ў першым чытанні.

Новы Кодэкс аб адукацыі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк назваў рамачным дакументам, які адлюструе змены, прадыктаваныя жыццём.

«Гэта змены ў вышэйшай школе, тэзіс аб абавязковай сярэдняй адукацыі. Павышаецца роля педагагічнага савета ў прыняцці рашэнняў на ўзроўні ўстановы адукацыі — гэта вельмі важна, — лічыць ён. — Удакладнены і канкрэтызаваны паняцці, што такое дзіцячы садок, школа, універсітэт і г. д. Выразна прапісана, што яны з'яўляюцца ўстановамі адукацыі. Цяпер ніхто, ніякія самазванцы не будуць называць сябе школай, інстытутам, універсітэтам, акадэміяй».

Захаваць эканоміку

Праз прызму праграмных дакументаў краіны павінен быць разгледжаны блок законапраектаў у эканамічнай сферы, падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Ён запатрабаваў завяршыць работу над праектам закона аб самарэгулюемых арганізацыях, з прыцягненнем прадстаўнікоў бізнесу дапрацаваць законапраект аб інвестыцыях, вяртанні банкаўскіх укладаў.

«У найбліжэйшыя месяцы павінны паступіць таксама праекты, якія актуалізуюць банкаўскі кодэкс, заканадаўства аб рынку каштоўных папер, аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання, ліцэнзаванні, аб банкруцтве. Гэта дакументы вельмі важныя, і яны павінны забяспечыць нарошчванне эканамічнага патэнцыялу Беларусі, паляпшэнне дзелавога асяроддзя», — сказаў старшыня ніжняй палаты.

Парламентарыям ужо зараз трэба падключыцца да работы над рэспубліканскім бюджэтам на 2022 год і змяненнямі ў падатковым заканадаўстве, дадаў ён. «Я ўчора з міністрам фінансаў казаў пра гэта, і ён прасіў, каб дэпутаты (не толькі члены міжведамаснай рабочай групы, але і іншыя) падключаліся да гэтай работы, выходзілі на профільнае міністэрства і працавалі са сваімі выканкамамі», — перадаў кіраўнік парламента.

Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка назваў журналістам канкрэтныя лічбы: «У цяперашні час у Палаце на разглядзе знаходзіцца 25 законапраектаў, 18 з іх будуць уключаны ў прыкладны графік работы. Ужо гатовыя да разгляду 11, над астатнімі работа працягнецца».

Не толькі законы

Ужо распачата, па словах старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, работа па падрыхтоўцы законапраектаў заканадаўчых актаў на наступны год. Гэта добрая магчымасць для рэалізацыі дэпутацкіх заканадаўчых ініцыятыў, лічыць ён, але ўсе прапановы павінны ўсебакова прапрацоўвацца, пачынаючы з абгрунтавання і канцэпцыі і заканчваючы наступнымі ўзгадненнямі. У якасці добрага прыкладу ён прывёў ініцыятыву Камісіі па адукацыі, культуры і навуцы акрамя парламенцкіх слуханняў па адукацыйнай праблематыцы арганізаваць у канцы красавіка слуханні на тэму «Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі: гісторыка-прававыя аспекты ўз'яднання заходніх беларускіх зямель у складзе БССР».

Спікер нагадаў Камісіі па міжнародных справах і дэпутатам — членам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі пра падрыхтоўку да міжнароднай канферэнцыі па пытаннях супрацьстаяння знешнім выклікам і пагрозам і захавання гістарычнай памяці. Канферэнцыя запланаваная на май.

Адным з ключавых кірункаў работы дэпутацкага корпуса Уладзімір Андрэйчанка назваў вырашэнне праблем сваіх выбарчых акруг і выбаршчыкаў. «Трэба працягнуць дэпутацкі кантроль за цэнаўтварэннем, асабліва сацыяльна значных тавараў, лекавых сродкаў, забяспечыць эфектыўны фільтр на шляху неапраўданага павышэння цэн, — дадаў ён. — Важны таксама ўдзел дэпутатаў у прадаўжэнні грамадскага дыялогу, тлумачальнай работы, трэба выкарыстоўваць для гэтага ўсе магчымыя пляцоўкі, праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?