Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам першага намесніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова і міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча.
Чарговая сустрэча ў Палацы Незалежнасці прысвечаная пытанням эканомікі, а менавіта: абароне ўнутранага рынку і айчынных вытворцаў, пастаўцы тавараў у рэспубліку (у тым ліку крытычны імпарт), бягучай цэнавай сітуацыі і інфляцыі, кантролю за цэнаўтварэннем на сацыяльна значныя тавары.
«Я хацеў бы з вамі сёння коратка абмеркаваць сітуацыю па шэрагу пытанняў, што непакояць не толькі мяне. Натуральна, гэтыя пытанні ўзніклі і ў нашых таваравытворцаў. Таму я мяркую, што ва ўрадзе вы падрыхтуеце шэраг адпаведных мер для аховы ўнутранага рынку і тут жа — для аховы айчыннага таваравытворцы. Тут нам мудрыць, хітраваць і хаваць нейкія пытанні няма неабходнасці», — сказаў напачатку сустрэчы Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што пытанне абароны ўнутранага рынку і айчыннага таваравытворцы — пытанне нумар адзін:
Па яго словах, краіна стварае вялікі спектр тавараў, а ў асобных супермаркетах і магазінах «мы гэтага не бачым».
«Дайшло да таго, што некаторыя з іх (ужо праваахоўныя органы разбіраюцца) проста адмаўляліся браць на рэалізацыю беларускія тавары. Я не буду называць гэтыя кампаніі. Вельмі шкада, Уладзімір Васільевіч (Калтовіч. — «Зв.»), што гэта інфармацыя не ад вас да Прэзідэнта паступіла», — заўважыў кіраўнік краіны.
Ён працягнуў: гэта сведчыць пра тое, што даручэнні, дадзеныя МАРГу, прафсаюзам, дэпутатам, ураду, не выконваюцца.
«Такія рэчы (адмова ад рэалізацыі беларускіх тавараў — «Зв.») неабходна не проста прыпыняць, а выпальваць гарачым жалезам», — заявіў Прэзідэнт.
Ахова ўнутранага рынку і айчыннага таваравытворцы ён назваў пытаннем нумар адзін. «Мы ствараем. Хай наш рынак невялікі, але неабходна канкурэнтным чынам не аддаваць нікому гэты рынак. Мы, канечне, павінны памятаць пра нашы абавязкі ў рамках Еўразійскай эканамічнай прасторы. Але тым не менш ёсць вялікае пытанне і да органаў кіравання, якія павінны кантраляваць і прымаць адпаведныя меры па ахове ўнутранага рынку і нашых таваравытворцаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуўся яшчэ да адной праблемы — крытычны імпарт. Тут Аляксандр Лукашэнка спыніўся на наступных пытаннях: што гэта такое ў нашых умовах, якая сітуацыя з ім і што неабходна зрабіць?
Асабліва важнае, на думку Прэзідэнта, пытанне — цэнавая сітуацыя і прагноз па інфляцыі.
«Як вы бачыце сітуацыю з цэнамі? Памятаеце, мы займаліся жорстка лекамі ў пачатку гэтага года, спажывецкімі таварамі так званага сацыяльнага спектру. Хаця я гэта не зусім разумею: што значыць сацыяльныя і несацыяльныя тавары? На ўсе тавары неабходна маніторыць цэны і прымаць адпаведныя меры. Галоўнае, каб метад быў у нас адпаведны для прыняцця рашэнняў», — заўважыў кіраўнік краіны.
Яшчэ адно пытанне сустрэчы — кантроль за цэнаўтварэннем. Перад усім на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам у небагатых беларусаў.
«Самае галоўнае —недапушчальнасць неабгрунтаванага росту цэн. Як вы разумееце неабгрунтаваны рост і як з гэтым спраўляецеся?» — спытаўся Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў высокапастаўленых чыноўнікаў абсалютна выразна адказаць на ўсе пастаўленыя пытанні.
«І не дай Бог, у другім, трэцім і далейшых кварталах мы будзем мець праблемы бескантрольнага цэнаўтварэння», — папярэдзіў кіраўнік краіны.
Неабходны каментарый
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у размове з журналістамі нагадаў, што краіна з сакавіка мінулага года прымае меры цэнавага рэгулявання.
«Яны розныя. Сёння дзейнічае дзве пастановы — № 83 МАРГ і Савета Міністраў № 100, якія ўстанаўліваюць межы гандлёвых надбавак, надбавак для імпарцёраў, рэнтабельнасць для вытворцаў ці вызначаюць канчатковую рознічную цану», — сказаў міністр.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што парушаць заканадаўства аб цэнах — дорага для прадпрыемстваў, але большасць парушэнняў не з-за злоўжывання, а няведання законаў. За мінулы год штрафы за цэны склалі звыш 230 тысяч рублёў. Грашовае пакаранне разлічваецца, зыходзячы з сумы, што атрымалі ад няправільнага цэнаўтварэння.
Наконт аховы айчыннага вытворцы міністр заўважыў: у планах разам з Мінпрамам, Гандлёва-прамысловай палатай, Мінэканомікі прыйсці спачатку да разумення, які тавар можа лічыцца айчынным?
«Унутраны спажывецкі рынак — гэта адна частка. Ёсць яшчэ рынак дзяржзакупак і рынак закупкі за кошт асабістых сродкаў. Гэта называецца ўнутраным рынкам. Таму мы хацелі бы прапрацаваць парадак па выкарыстанні павелічэння лакалізацыі вытворчасці як элемента аховы айчыннага рынку», — патлумачыў Уладзімір Калтовіч.
Міністр заявіў, што дзяржаўныя органы сцвярджаюць: неабходна прымаць меры не па барацьбе з імпартам на паліцах крам, а па стварэнні сістэм падтрымкі айчынных вытворцаў, стымуляванні развіцця вытворчасцяў і павышэнні якасці канкурэнтных тавараў.
Па словах Уладзіміра Калтовіча, неабходна ўкараняць прынцып: чым больш лакалізацыя, тым больш ільгот па доступе да дзяржзаказаў, дзяржзакупак і гэтак далей.
Крытычны імпарт — тавар, які не ствараецца ці ствараецца ў недастатковай колькасці ў краіне, тлумачыць міністр. Крытычным імпартам з’яўляецца 45 % тавараў, што прадстаўлены спажыўцам.
«Гэта значная частка. І канечне, рэгуляванне коштаў на крытычны імпарт цяжкае. Калі цэны на сланечнікавы алей выраслі ў свеце летась на 45–47 %, то, натуральна, мультыплікатыўны эфект атрымае любая краіна, што купляе сланечнікавы алей у свеце. Калі ў Расійскай Федэрацыі як у асноўнага вытворцы сланечнікавага алею (мы закупляем 70 % у Расіі і крыху на Украіне) расце цана, то і нам стрымліваць цану цяжка», — канстатуе міністр.
Але, па яго словах, у гэты няпросты эканамічны перыяд прыйшлі да таго, што цэнавае рэгуляванне — вымушаная неабходнасць, каб увесь ланцужок пастаўкі тавараў, не завышаў свае чаканні і не гуляў на магчымым дэфіцыце.
Адказваючы на пытанне пра ўзровень інфляцыі, Уладзімір Калтовіч нагадаў, што яна складаецца ў асноўным з трох фактараў — курса валют, сусветных цэн на харчаванне і цэн/інфляцыі ў Расіі.
«Калі паглядзець, як раслі цэны на харчаванне ў Расіі і Беларусі, то ў нас амаль аднолькавы прырост — 7,7–7,8 %. Таму мы ацэньваем, што ўплыў на інфляцыю рэгуляванне акажа. Тонкім пытаннем з’яўляецца недапушчэнне перабояў і дэфіцыту. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтага дапусціць нельга», — дадаў Уладзімір Калтовіч.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.