На сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутаты зацвердзілі план дзеянняў на бягучы год па навядзенні парадку. Зараз ідуць яго дэталізацыя, удакладненне планаў і задач, вызначэнне адказных асоб з мэтай ахапіць увесь комплекс работ, не ўпусціць так званыя дробязі, якія часам моцна псуюць настрой гараджанам.
Напрыклад, сёлета мяркуецца надаць асаблівую ўвагу навядзенню парадку ў пад'ездах, якія далёка не ўсюды вызначаюцца чысцінёй.
І вось цяпер мясцовая ўлада сталіцы вырашыла выправіць становішча і прывесці ў парадак паштовыя скрыні ў пад'ездах, а дзе трэба, адрамантаваць дамафоны, выканаць іншыя работы. Дзейнічаць пачалі без цяганіны і прамаруджвання. Як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, адрамантаваць ці замяніць паштовыя скрыні трэба ўжо да Дня горада. А гэта значыць, да пачатку верасня. Надоечы пачалася іх інвентарызацыя, прычым, выбар новых скрынь будзе за жыхарамі. Ім прапануюць некалькі варыянтаў і па рознай цане.
Акрамя таго, мясцовая ўлада горада паставіла задачу ўпарадкаваць у жылых дамах тэхнічныя памяшканні, гарышчы і падвалы, ачысціць іх ад рэшткаў старой мэблі, іншага хламу і сухога смецця. Тэрміны вызначаны жорсткія, бо гэта пытанне бяспекі жыхароў дадзенага дома, пад'езда. Вырашана надалей трымаць стан дапаможных памяшканняў на пастаянным кантролі. Ужо сёлета ў першым квартале за парушэнні правілаў утрымання тэхнічных памяшканняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты восем юрыдычных асоб, 19 кіраўнікоў і 27 службовых асоб.
Сёння таксама вядзецца актыўная работа па прыборцы, добраўпарадкаванні, азеляненні тэрыторый і побач з пад'ездамі дамоў. Іх жыхары прыбіраюць навакольную тэрыторыю, у суботу і нядзелю вядуць пасадкі саджанцаў дрэў і кустоў.
Цяпер мясцовая ўлада заклапочана аб'яднаннем гарадскіх веладарожак у адзіную сетку. Дарэчы, гэтую ідэю падказалі старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву падчас прамой тэлефоннай лініі. Ідэя здалася слушнай. Так, у Мінску ўжо ёсць магістральная веладарожка, даволі працяглыя палосы для руху на роварах. А гэта прыкладна 250 кіламетраў. Надыйшоў час злучыць іх у адзіную сетку.
Кантроль за выкананнем ходу вышэйназваных акцый і работ па навядзенні парадку ў пад'ездах жылых дамоў і вакол іх ускладзены на членаў рабочай групы па пытаннях добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый сталіцы. Зразумела, да гэтай работы далучаюцца таксама і дэпутаты Мінскага гарадскога Савета.
У тэму
«Гэта наша агульная справа!»
Старшыня Мінгарсавета дэпутатаў заклікаў мінчан далучацца да навядзення парадку
Андрэй Бугроў на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак звярнуўся да жыхароў сталіцы з ідэяй правядзення Дзён чысціні ў дварах.
— Паважаныя мінчане, сябры! Надышла вясна, і няхай яшчэ зямля месцамі пад снегам, кожнаму з нас хочацца атрымліваць асалоду ад чыстых і прыгожых вуліц, пасядзець на лавачцы ў гарадскім парку ці ў двары дома, назіраючы, як квітнеюць, а не выбіваюцца з-пад кучы сухога лісця, першыя кветкі, — кажа ён. — Навесці парадак на сваёй зямлі — справа не толькі камунальных службаў, але і кожнага з нас. З надыходам цёплых дзён і спрыяльнага надвор'я запрашаю ўсіх жыхароў нашай сталіцы, працоўныя калектывы, камітэты грамадскага самакіравання, навучэнцаў школ і студэнцкую моладзь, вайскоўцаў і ветэранаў, усіх сваіх суседзяў, членаў грамадскіх аб'яднанняў узяць удзел у работах па прыборцы, добраўпарадкаванні, азеляненні горада-героя-Мінска! Аб'явім правядзенне Дзён чысціні ў сваіх дваровых тэрыторыях!
Сябры, не заставайцеся ўбаку! Утульнасць і прыгажосць нашага дома, двара, вуліцы, раёна, горада — гэта наша агульная справа!
Леанід ТУГАРЫН
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.