Вы тут

«Выцягнулі з палаючай хаты, а ён цыгарэту папрасіў...»


Старшыня Міхееўскага сельсавета Дрыбінскага раёна Віктар Жук пра тое, як ратаваў на пажары жыхара аграгарадка Цёмны Лес.


Фота з архіва абласнога ўпраўлення МНС.

Віктар Жук не вельмі ахвотна расказвае пра гэты выпадак, хоць менавіта яму 55-гадовы месціч абавязаны жыццём.

— У восем раніцы мы з інфармацыйнай групай райвыканкама праводзілі ў аграгарадку дзень інфармавання, — згадвае ён, — праязджалі паблізу гэтай хаты, усё было ў парадку. Потым яшчэ з'ездзілі ў Пакуцце, там пагутарылі з людзьмі. Мае спадарожнікі пасля вярнуліся ў Дрыбін, а я захацеў яшчэ раз вярнуцца ў Цёмны Лес. Думаў заехаць у вясковую краму, даведацца, хто браў віно, гарэлку — сітуацыю высветліць. Калі ўехаў у населены пункт, на гадзінніку было каля дзесяці гадзін раніцы. Адразу ж звярнуў увагу на нейкі дымок з-за кустоў. Праехаў крыху далей і ўбачыў, што з-пад страхі дома выбіваюцца чорныя клубы. Далей усё было як у нейкім кашмары. Кінуўся да хаты, крычу «Ратуйце». У вёсцы больш чым 300 чалавек жыве, а на вуліцы нікога.

Першыя крыкі аб дапамозе пачуў сусед Уладзімір Вінакураў — выскачыў з хаты і кінуўся да старшыні. Той ужо калаціў у дзверы і крычаў: ці ёсць хто жывы? У адказ пачулася нейкае мармытанне.

— Я нават зараз не магу аднавіць усе падрабязнасці той раніцы, — кажа суразмоўнік. — Дзейнічаў на аўтамаце. Разумеў, што ўсё можа скончыцца трагічна. Падчас рэйдаў агляднай камісіі сам неаднаразова нагадваў пра супрацьпажарную бяспеку, добра ведаў, што калі раптоўна адчыніць дзверы, можа быць выбух. Там жа газавыя балоны. Толькі адна справа — тэорыя і іншая — практыка. За дзвярыма чалавек, і кожная хвіліна можа каштаваць яму жыцця.

Адкуль толькі сілы ўзяліся, каб адчыніць дзверы і выцягнуць чалавека. Потым яшчэ і балоны вынеслі. З адным нават прыйшлося павалтузіцца, бо быў прыкручаны. І ўсё гэта ў хаце, поўнай дыму.

— Мы як толькі выцягнулі небараку на вуліцу, першымі яго словамі было: дайце закурыць, — абураецца старшыня. — З самога дым ідзе, а ён яшчэ цыгарэту патрабуе. Дзякуй Валодзю Вінакураву, ён мне са зламанай рукой дапамагаў. Потым да нас яшчэ трактарыст далучыўся — Максім Шчарбакоў. Ехаў якраз міма. А там «хуткая» падаспела і ратавальнікі. У хаце выгарала ўсё. Чалавек два гады таму рабіў рамонт. Ён хоць і пітушчы, але ўмелец. Цяпер застаўся каля разбітага карыта.

На сваёй пасадзе Віктар Рыгоравіч з 2007 года, у яго падпарадкаванні 36 населеных пунктаў, дзе жывуць 2036 чалавек. Міхееўка і Цёмны Лес — самыя вялікія, маюць статус аграгарадкоў. Згадвае, што прыходзілася ў розныя сітуацыі трапляць, у тым ліку экстрэмальныя. Прызнаецца, што вясной кожны раз адчувае сябе як на парахавой бочцы. Людзі прыязджаюць, наводзяць парадак на сваіх лецішчах, паляць смецце, а вецер раздзімае яго на ўсе бакі.

— У Старым Прыбужжы дачнікі смецце згрэблі, вогнішча запалілі на бяспечнай ад дома адлегласці, а вецер дзьмухнуў — і ўсё паляцела. Тушылі ўсёй грамадой, фермер падскочыў. Добра, што паблізу быў трактар з плугам. Хуценька тэрыторыю абаралі. Пакуль ратавальнікі прыехалі, мы ўжо справіліся сваімі сіламі, — дзеліцца ён.

А яшчэ старшыня згадаў, як летась рыбакі прыехалі на Проню, акурак кінулі і паехалі. Іскра ўспыхнула і такое полымя пайшло на вёску Кледнявічы, што аж страшна ўспамінаць.

— Цяпер правожу сходы разам з начальнікам РАНС, — кажа Віктар Жук. — Ездзім па населеных пунктах, папярэджваем людзей. Расказваем, як паводзіць сябе пры пажары. У Крукаўшчыне адны пенсіянеры жывуць, з дамоў не выходзяць, вельмі старыя ўжо. Трэба будзе да кожнага з іх зайсці асабіста. Здаецца, кожнага ведаю. Але ёсць такія непрадказальныя людзі, за якімі патрэбны пастаянны нагляд. Як той, якога нядаўна ратаваў. Колькі разоў казаў яму, каб за розум узяўся. Ён толькі паўтараў: усё пад кантролем. Дагэтуль ляжыць у бальніцы. Вырашаецца пытанне, ампутаваць яму пальцы або не. У гэтай жа вёсцы ў яго і брат жыве, і сястра. Але ён лічыў за лепшае быць адзін. Вось і дачакаўся. Гора дый толькі.

У тэму

Старшы інспектар Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

— З прыходам цёплай вясны ўсе імкнуцца навесці на сваіх участках парадак. Вось толькі не заўсёды прыборка аказваецца бяспечнай. Вясновыя выпальванні штогод наносяць сур'ёзны ўрон навакольнаму асяроддзю і прыводзяць да пажараў, траўміравання, а часам і гібелі людзей. Нядаўна ў магілёўскай бальніцы ад апёкаў, атрыманых падчас тушэння сухой расліннасці на сваім дачным участку ў Чавускім раёне, памёр магіляўчанін. Трэба памятаць, што спальваць смецце можна толькі пры адсутнасці ветру і наяўнасці сродкаў пажаратушэння (вядра з вадой, рыдлёўкі, вогнетушыцеля) і пад пастаянным наглядам. Пасля заканчэння працэсу гарэння трэба пераканацца, што смецце не тлее. А калі сталі сведкам стыхійнага гарэння сухой расліннасці, абавязкова паведаміце пра гэта ў дзяжурную службу МНС па нумарах тэлефонаў «101» і «112».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?