Вы тут

Чаго не хапае ў дзіцячым рацыёне?


Што ўяўляе з сябе збалансаванае харчаванне школьнікаў? Чаго не хапае сёння ў рыцыёне дзяцей, а што, наадварот, яны ўжываюць у залішняй колькасці? Якія прадукты павінны быць у школьных буфетах і сталовых? Ці патрэбны змяненні ў заканадаўства, якое рэгламентуе дзіцячае харчаванне? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі парламентарыі, навукоўцы, медыкі, прадстаўнікі харчовых прадпрыемстваў і іншыя зацікаўленыя падчас круглага стала на тэму «Здаровае харчаванне дзяцей у Рэспубліцы Беларусь. Стратэгія, якасць і інавацыі», які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


pixabay.com

— На VІ Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы прапанаваў рэалізаваць праект «Здаровая нацыя». А як вядома, наша здароўе ў многім залежыць ад харчавання. Цывілізаванасць краін вызначаецца адносінамі дзяржавы да дзяцей, старых і людзей з асаблівасцямі развіцця. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, харчаванне на 70 % вызначае ўзровень здароўя ды фізічнага развіцця дзяцей і падлеткаў. Пры гэтым, чым меншае дзіця, тым больш важная роля харчавання ў яго цяперашнім і будучым развіцці. Калі ў першы год бацькі аддаюць гэтаму асаблівую ўвагу, то ў наступным прынцыпы рацыянальнасці парушаюцца, — адзначыла, адкрываючы пасяджэнне, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак.

У 2017 годзе ў Беларусі быў прыняты закон «Аб якасці і бяспецы прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека». Прааналізаваць, як ён прымяняецца на практыцы, — таксама адна з задач парламентарыяў.

— Для нас як дэпутатаў важнае практыкапрымяненне прынятых законаў. Ужо прайшло тры гады, і, магчыма, з'явіліся некаторыя пытанні. Для таго каб зразумець, ці патрэбныя пэўныя змяненні ў існуючым законе, трэба паглядзець, як ён прымяняецца, — звярнула ўвагу Людміла Макарына-Кібак.

Парламентарый узначальвае клуб жанчын-медыкаў пры Беларускім саюзе жанчын. Аб'яднанне займалася пытаннямі інавацыйных падыходаў у развіцці дзіцячага і спецыялізаванага харчавання, а таксама развіццём нізкабялковага харчавання ў Беларусі.

— За гэты час распрацавана больш за 20 рэцэптаў нізкабялковых прадуктаў — прытым, што яшчэ ў 2015 годзе не было і гаворкі, што ў Беларусі будуць іх выпускаць, бо лічылася, што няшмат гэтых пацыентаў (названае харчаванне неабходнае людзям, якія пакутуюць на фенілкетанурыю). Як высветлілася пасля, нізкабялковае харчаванне патрэбнае і для людзей з іншымі хранічнымі захворваннямі, напрыклад, з некаторымі паталогіямі нырак. Улічваючы, што ў нашай краіне вырабляюцца нізкабялковыя прадукты, паўстала пытанне, як правільна іх рэалізоўваць, як пастаўляць у дашкольныя і школьныя ўстановы.

Якія хваробы ад няправільнага харчавання ўзнікаюць у дзяцей і чаго не хапае ў іх рацыёне, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі — начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Лазар.

Паводле аператыўных даных, на пачатак 2021 года пад назіраннем медыцынскіх работнікаў знаходзіліся 1 866 423 дзіцяці ва ўзросце да 17 гадоў. Сярод іх 18 % дашкольнікаў і 68 % школьнікаў. Па выніках медаглядаў, каля 83 % школьнікаў і 91 % дашкольнікаў маюць 1-2-ю групы здароўя. 17 % школьнікаў і 9 % дашкольнікаў маюць хранічныя захворванні, а 2,2 % школьнікаў — інвалідызуючую паталогію.

У 2020 годзе 1,3 % дзяцей мелі недастатковы рост, 1,4 % — недастатковую масу цела, а 3,5 % — залішнюю. У структуры дзіцячай захваральнасці 73 % прыпадае на хваробы органаў дыхання, 6,1 % — траўмы і атручэнні, 1,9 % — хваробы органаў стрававання. Апошнія займаюць сёмае месца ў структуры захваральнасці школьнікаў (2,8 на 100 тысяч дзяцей).

unsplash.com

Атлусценне летась зарэгістравана ў 10 318 школьнікаў. Яно з'яўляецца фактарам развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу, парушэнняў сістэмы кровазвароту, ранніх інфарктаў і інсультаў ды іншых паталогій. У сям'і, дзе бацькі маюць лішнюю масу цела, верагоднасць развіцця атлусцення ў дзяцей вышэйшая.

— Найбольш частымі парушэннямі прынцыпаў здаровага харчавання ў дашкольнікаў і школьнікаў з'яўляецца недастатковае ўжыванне гародніны і фруктаў, а таксама рыбы. Гэта вядзе да недастатковага спажывання кальцыю, жалеза, ёду, мікранутрыентаў, поліненасычаных тлустых кіслот, у прыватнасці, амега-3, і нізкага спажывання раслінных валокнаў. Характэрнае і залішняе ўжыванне солі, спецый, цукру, — адзначыў Дзмітрый Лазар. — СААЗ зацвердзіла дзесяць глабальных мэт у галіне прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. Гэта, у прыватнасці, змяншэнне на 10 % ужывання солі, павышэнне фізічнай актыўнасці і скарачэнне росту колькасці выпадкаў дыябету і атлусцення. Іх рэалізацыя патрабуе ўзаемадзеяння Міністэрства аховы здароўя, іншых міністэрстваў і ведамстваў, Нацыянальнай акадэміі навук і іншых зацікаўленых.

Намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў харчавання Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Алена Маргунова звярнула ўвагу на тое, што недастатковасць харчавання, як і залішняя колькасць пэўных інгрыдыентаў, уплывае на стан здароўя. Як недахват асобных элементаў, вітамінаў, харчовых валокнаў, так і лішняя іх колькасць выклікаюць пэўныя захворванні і дысбаланс у арганізме.

Навуковыя даследаванні апошніх гадоў, калі было абследавана больш за 100 тысяч дзяцей у розных рэгіёнах краіны, паказалі, што ў пірамідзе харчавання ёсць пэўныя адхіленні. У прыватнасці, больш чым у 50 % дзяцей выяўлена высокае ўжыванне насычаных тлушчаў, у 65 % дзяцей — дабаўленых цукроў (салодкага і кандытарскіх вырабаў), нізкае ўжыванне малака і малочнай прадукцыі (да 38 %), мяса і птушкі (каля 18 %), рыбы (74 %), агародніны і фруктаў (30—35 %).

— Хоць у цэлым хваробы органаў стрававання маюць тэндэнцыю да зніжэння, у тым ліку ва ўзроставай групе 15—17 гадоў, аднак колькасць выпадкаў цукровага дыябету не зніжаецца, — адзначыла спецыяліст.

Даследаванне сярод пяцікласнікаў Мінска паказала, што найбольш часта (да шасці разоў на тыдзень) дзеці ўжываюць крупяныя, макаронныя, хлебабулачныя вырабы. А вось фрукты і агародніна ў рацыёне з'яўляюцца нерэгулярна ў 40 % дзяцей.

Гэтае ж даследаванне паказала, што энергетычная вартасць рацыёну перавышае фізіялагічныя нормы.

— Суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў адрозніваюцца ад рацыянальных. Празмернае ўжыванне высокакаларыйных прадуктаў вядзе да лішку тлушчаў. Рэкамендаваная норма іх у структуры рацыёну — 30 %, але чым старэйшае дзіця, тым больш высокі працэнт каларыйнасці яго рацыёну. Даследаванне паказвае, што фактычнае спажыванне энергіі ідзе за кошт тлушчу. Прычым пераважае ўжыванне насычаных тлустых кіслот, а поліненасычаных, якія найбольш карысныя (яны мусяць складаць каля 10 % ад сутачнага рацыёну), не хапае. У 2,5 раза вышэй за норму ўжыванне простых насычаных цукроў. Таксама ў дзіцячым харчаванні адзначаецца недахоп кальцыю, але ёсць перавышэнне па магнію, калію і натрыю за кошт дабаўленай солі, — расказала спецыяліст.

Алена Маргунова падкрэсліла, што для харчовых прадпрыемстваў навукоўцы распрацоўваюць асартымент дзіцячага харчавання. На сёння гэта больш за 900 найменняў малочных, мясных, кандытарскіх, кансерваваных і хлебабулачных прадуктаў. Яны распрацаваны з улікам фізіялагічных нормаў для арганізма, які расце, — са збалансаваным вітамінным і мінеральным саставамі, паніжаным утрыманнем солі, тлушчу, цукру.

— Гэта тыя прадукты, якія павінны быць у сістэме дашкольнай і школьнай адукацыі, у школьных буфетах, — заўважыла спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».