Вы тут

Сёлета плануецца навучыць пад заказ наймальніка не менш за 67 % усіх беспрацоўных


Сёлета плануецца навучыць пад заказ наймальніка не менш за 67 % усіх беспрацоўных, накіраваных на навучанне з гарантыяй працаўладкавання, а таксама ўзмацніць сацыяльныя гарантыі беспрацоўным на перыяд да 2025 года. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун падчас анлайн-канферэнцыі БелТА па пытаннях садзейнічання занятасці.


pixabay.com

«Як правіла, наймальнікі звяртаюцца ў службу занятасці ў тым выпадку, калі самі не могуць запоўніць наяўныя вакансіі. У дадзеным выпадку выйграюць усе, выконваюцца інтарэсы ўсіх бакоў: наймальніка, беспрацоўнага і службы занятасці. Наймальнік атрымлівае гатовыя кваліфікаваныя кадры, беспрацоўны — новую прафесію і гарантаванае рабочае месца, а служба занятасці задавальняе патрэбу рынку працы ў неабходных кадрах», — адзначыў Алег Токун.

Беспрацоўны можа быць накіраваны на навучанне ў адпаведнасці з заяўкай канкрэтнага наймальніка, які гарантуе яго працаўладкаванне пасля завяршэння поўнага курса навучання.

У гэтым выпадку заключаецца трохбаковы дагавор (служба занятасці — беспрацоўны — наймальнік), у якім вызначаюцца правы і абавязацельствы бакоў, а таксама іх адказнасць за парушэнне ўмоў дагавора. Адной з умоў можа быць адпрацоўка вызначанага тэрміну ў наймальніка. Такі трохбаковы дагавор можа быць заключаны таксама ў перыяд праходжання вытворчай практыкі ў дадатак да дагавора на навучанне, заключанага раней.

«У гэтым годзе пастаўлена задача навучыць пад заказ наймальніка не менш за 67 % ад усіх беспрацоўных, накіраваных на навучанне, у наступным — да 70 %», — адзначыў Алег Токун.

Калі чалавек зацікаўлены ў такіх паслугах, яму трэба звярнуцца ў службу занятасці па месцы свайго пастаяннага жыхарства. Тут ён, акрамя іншага, можа атрымаць кансультацыю наконт таго, якія прафесіі запатрабаваныя ў той мясцовасці, дзе ён пражывае, а таксама атрымаць інфармацыю пра магчымыя адукацыйныя праграмы навучання па тых ці іншых прафесіях.

Аднак ёсць умовы, у адпаведнасці з якімі беспрацоўныя накіроўваюцца на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі або для засваення зместу адукацыйнай праграмы курсаў. Гэта выпадкі, калі прыдатную работу немагчыма падабраць з-за адсутнасці ў беспрацоўнага неабходных прафесіі, спецыяльнасці, кваліфікацыі; калі па наяўных прафесійных навыках работа адсутнічае і трэба змяніць прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; калі беспрацоўны больш не можа выконваць звыклую работу або паўсталі медыцынскія супрацьпаказанні да яе выканання.

У першую чаргу прафесію будуць прапаноўваць атрымаць тым, у каго яе няма. Гэта моладзь і людзі з інваліднасцю. Такі падыход пашырае магчымасці беспрацоўных грамадзян у пошуку прыдатнай работы і павышае іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы.

Таксама на перыяд да 2025 года прадугледжваецца ўзмацненне сацыяльных гарантый беспрацоўным грамадзянам за пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

На падставе артыкула 11 Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» дзяржава забяспечвае дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва грамадзянам, што маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, сярод якіх выдзелены асобы перадпенсійнага ўзросту (за два гады да наступлення ўзросту, які дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах).

«Ім забяспечваюцца дадатковыя гарантыі, у тым ліку ўстанаўленне броні для прыёму на работу, аказанне паслуг па прафесійнай арыентацыі, арганізацыя навучання і іншыя меры. Разам з тым, улічваючы актуальнасць падтрымкі грамадзян перадпенсійнага ўзросту, праграмай дзейнасці ўрада на перыяд да 2025 года прадугледжваецца ўзмацненне сацыяльных гарантый беспрацоўным грамадзянам за пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту», — падкрэсліў Алег Токун.

У цэлым жа кожнаму грамадзяніну даступны выхад у агульнарэспубліканскі банк вакансій, дзе сёння размешчана амаль 76 тысяч прапаноў ад наймальнікаў. Азнаёміцца з варыянтамі працаўладкавання можна і пры звароце ў службу занятасці — для гэтага неабавязкова быць зарэгістраваным у якасці беспрацоўнага.

Грамадзянам, зарэгістраваным у якасці беспрацоўных, прапануецца больш шырокі спектр паслуг. Дзяржава гарантуе беспрацоўным бясплатнае навучанне па запатрабаваных на рынку працы прафесіях; садзейнічанне ў арганізацыі ўласнай справы; садзейнічанне ў набыцці вопыту практычнай работы, у перасяленні ў сувязі з пераездам на новае месца жыхарства і работы (з выплатай грашовых сродкаў); выдзяленне сацыяльных выплат, прадугледжаных для беспрацоўных; бясплатны медагляд пры прыёме на работу і накіраванне на навучанне; магчымасць удзелу ў грамадскіх работах, якія аплачваюцца.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Выйграюць усе: наймальнік, беспрацоўны і служба занятасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».