Вы тут

Ад Старога моста да дома Сяргея Прытыцкага. Карэспандэнт «Звязды» склала свой маршрут, звязаны з падзеямі 17 верасня 1939 года ў Гродне


Прызнацца, напачатку не было ўпэўненасці, што такі маршрут наогул можа атрымацца. Дыскусія аб абвяшчэнні Дня народнага адзінства многае змяніла. Заставіла па-іншаму і больш уважліва прыгледзецца да тых падзей, якія паспрыялі аб'яднанню дзвюх частак Беларусі. І аказалася, што Гродна тоіць у сабе вельмі багатую гісторыю.

Некаторыя падзеі тых часоў увасоблены ў гарадскім асяроддзі, некаторыя яшчэ варта выцягнуць з небыцця і стварыць паўнавартасны турыстычны маршрут. А пакуль можна прайсціся па самых знакавых мясцінах.


Вось гэта вуліца...

Пачнём наш маршрут з вуліцы, якая так і называецца: вуліца 17 верасня. На карце Гродна яна з'явілася ў 1882 годзе як Загарадная, але потым назву часта змянялі. Пры Расійскай імперыі называлася Пушкінская, у польскія часы — Крэсавая, а потым — алея 11 лістапада. Гэта дата лічыцца днём незалежнасці Польшчы. А вось на пачатку 1940-га назва вуліцы сімвалізуе іншую дату — 17 верасня. Гэты дзень насамрэч знакавы: для жыхароў Заходняй Беларусі.

Сярод тых, хто набліжаў гэты час, быў і актывіст кампартыі Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі. У савецкі час ён працаваў першым сакратаром Гродзенскага абласнога камітэта КПБ, пасля Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Яго дом у стылі канструктывізму і зараз стаіць на вуліцы 17 верасня. Дарэчы, тут захавалася шмат старых пабудоў, па большасці аднапавярховых. У адным з доўгіх драўляных будынкаў у 1930-я жыў дырэктар гродзенскай беларускай школы Уладзімір Федарчук. Варта прыгадаць той факт, што на гэтай вуліцы ў 2010 годзе ў асабняку з мезанінам праходзілі здымкі кінафільма «Кракаў». Фільм, які здымалі ў Гродне, расказвае аб спецаперацыі савецкіх войскаў у польскім горадзе ў 1944-м. Гэта адна з нямногіх старых вуліц, дзе можна адчуць подых былых часоў. Адсюль мы накіруемся ў цэнтр горада, на плошчу Савецкую, дзе месціцца будынак, праз які праходзілі многія беларусы — удзельнікі вызваленчага руху.

Казематы для актывістаў

Другі аб'ект нашага маршруту — гродзенская турма. Дарэчы, летась было 200 гадоў яе існавання, хоць сам будынак значна старэйшы і з'яўляўся часткай іезуіцкага калегіума. Нашым спадарожнікам і апавядальнікам стане кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрГУ імя Я. Купалы Аляксандр Горны.

— У Гродзенскай турме сядзеў Браніслаў Тарашкевіч — вядомы беларускі палітык, аўтар беларускай граматыкі, філолаг. Менавіта ў камеры ён пераклаў на беларускую мову «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Тарашкевіч быў актывістам беларускага руху, змагаўся за беларускія школы. У мясцовых уладаў была ідэя зрабіць беларусаў тымі ж палякамі. І многія беларускія дзеячы вялі падпольную барацьбу супраць гэтага. Дарэчы, імем Тарашкевіча названы вуліцы ў Беларусі, а вось у Гродне такой няма, — зазначыў гісторык.

Праз гродзенскую турму прайшлі многія беларускія актывісты, якія дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гэты перыяд. Гэта члены КПЗБ — Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, сябры таварыства беларускай школы. У іх ліку — Пётр Сяўрук са Скідзеля. Ён разам з аднадумцамі стварыў у горадзе гурток «Беларускі свет», члены якога спрыялі развіццю беларускай грамадскасці, выпісвалі беларускія газеты.

— У 1920-я Гродна стаў вельмі моцным цэнтрам беларускага руху, тут былі розныя грамадскія арганізацыі, беларуская школа — адна з узорных. У Гродне існавала нават беларуская кнігарня, кніжная крама, але ў 1930-я гады польскія ўлады гэтыя аб'екты закрылі, — расказаў Аляксандр Горны. — Усе беларускія праекты звяліся да мінімуму, бо была ідэя паланізацыі беларусаў. Але яны супраціўляліся польскаму асяроддзю і чакалі аб'яднання.

Праз гродзенскія казематы прайшоў і будучы вядомы партыйны дзеяч Сяргей Прытыцкі, і паэт Валянцін Талай, які напісаў у засценках сваю паэму «Таварыш». Будучы пісьменнік Піліп Пестрак правёў у гродзенскай турме 11 гадоў і быў арганізатарам турэмнага паўстання ў 1939-м. Польскія ўлады прыгаварылі яго да расстрэлу, але не паспелі прывесці прысуд у дзеянне, бо ў горад уступалі часці Чырвонай Арміі.

Ішлі баі...

Гэта даволі знакавы аб'ект для горада. Значную ролю ён адыграў і ў верасні 1939-га. Дарэчы, пасляваеннае аднаўленне Старога моста завяршылася праз дзесяць гадоў пасля аб'яднання Заходняй Беларусі. Урачыстае адкрыццё было прымеркавана якраз да гэтай даты. Многія гродзенцы памятаюць барэльефы з абодвух бакоў моста з надпісам: 1949 — да 10-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі. Мост быў падарункам гораду ад савецкага ўрада.

Праўда, пасля рамонту ў 2008 годзе гэтыя шыльды знялі, але ў аблвыканкаме паведамілі, што барэльефы знаходзяцца на тэрыторыі адной з будаўніча-рамонтных арганізацый і ў хуткім часе будуць адноўлены і вернуты на былое месца. Такім чынам, дата 17 верасня атрымае сваё ўвасабленне і на гэтым аб'екце.

За мост у верасні 1939-га ішла вельмі жорсткая барацьба. Тут было створана некалькі ўзмоцненых перашкод, якія пераадольвалі савецкія танкі. Дарэчы, першы танк, які прайшоў праз увесь горад, трапіў у роў на вуліцы Ажэшкі, і там яго падпаліў шафёр пошты. Яшчэ адзін танк падбілі каля спуску да Нёмана. Экіпаж быў расстраляны, а танк падпалены. Між тым наступленне праз Нёман працягвалася.

Вось як аб гэтых падзеях напісаў іх сведка, карэспандэнт газеты «Правда» Пётр Лідаў: «21 верасня ў 9 гадзін 40 хвілін першы батальён дасягнуў касцёла і ўзяў 40 палонных. У 10 гадзін 5 хвілін другі батальён рухаўся ў раён царквы. Моцны агонь вёўся на лютаранскіх могілках. У 19 гадзін былі ўзяты каталіцкія могілкі — найважнейшы стратэгічны пункт абароны. 22 верасня камандзір Болдзін загадаў уступіць у горад праз мост танкам і бронетранспарцёрам...»

Наступны дзень, 23 верасня, як пісаў Лідаў, быў першым днём новага жыцця ў Гродне. Чырвонаармейцы ўзялі пад сваю ахову жыццё і маёмасць насельніцтва, галоўныя сілы арміі адышлі за горад.

Берталь, Квітко, Гарнавых...

А зараз наш маршрут пройдзе па вуліцах горада, якія названы ў гонар актывістаў вызваленчага руху, воінаў Чырвонай Арміі. Вуліц такіх каля дзясятка. Некаторыя пазначаны знакамі з надпісам. Напрыклад, адразу за Старым мостам на ўзгорку стаіць памятны знак з фотаздымкам у гонар Грыгорыя Гарнавых, які загінуў у баях за Гродна 20 верасня 1939 года. Ён быў моцна паранены падчас баёў за Стары мост. Стратэгічны аб'ект неабходна было ўтрымаць, таму палітрук працягваў кіраваць баявымі дзеяннямі да канца аперацыі. Загінуў пры варожай атацы, пахаваны ў Гродне. Вуліца, дзе ішоў бой, названа яго імем.

У гэтай жа, занёманскай частцы горада, у прыватным сектары, знаходзіцца вуліца імя Аляксандра Берталя. Гэта ціхі жылы мікрараён, дзе побач са старой забудовай вырас катэджны пасёлак. Менавіта сюды і вядзе гэта вуліца, на пачатку якой стаіць памятны знак з надпісам. Магчыма, ён устаноўлены на месцы былога дома Берталя. І гэта даволі жудасная гісторыя.

Берталь быў мясцовым жыхаром, які арганізаваў узброены атрад рабочых для дапамогі Чырвонай Арміі. Адвячоркам ён пайшоў дамоў, а праз некаторы час усе ўбачылі полымя. Аказваецца, суседзі данеслі на Берталя польскім уладам, яго дом ачапілі і падпалілі. Жонка і сын атрымалі моцныя апёкі, а ён сам і дачка загінулі ў агні.

Імя яшчэ аднаго героя ўвекавечана ў старой частцы горада. Гэта камандзір танкавага батальёна Філіп Квітко. Праўда, вуліца знаходзіцца не ў цэнтры, а непадалёку ад стадыёна «Нёман», таму рэдка бывае на слыху. Мабыць, мала хто з гродзенцаў ведае і ў гонар каго яна так названа. А між тым з імем гэтага 30-гадовага камандзіра звязана мясцовая легенда. Ён быў паранены 20 верасня падчас танкавых манеўраў. Вайскоўцы перанеслі яго ў падвал найбліжэйшага дома, а камісар паехаў па санітарную машыну. Калі вярнуўся, Квітко там не было. І толькі праз два дні, калі горад быў заняты Чырвонай Арміяй, танкісты знайшлі яго цела ў Новым замку. Філіп Квітко пахаваны на вайсковых могілках у Гродне.

У горадзе таксама ёсць вуліца Піліпа Пестрака, Валянціна Таўлая, Сяргея Прытыцкага, Івана Болдзіна. Усе яны цесна звязаны з падзеямі верасня 1939-га.

Што па-за кадрам

Зараз цікавасць да гэтай старонкі гісторыі Заходняй Беларусі значна ўзрасла. Па-першае, у сувязі са 100-годдзем падпісання Рыжскага дагавора, які падзяліў Беларусь у 1921 годзе на дзве часткі — усходнюю савецкую і заходнюю польскую. Па-другое, грамадства вырашае пытанне аб Дні народнага адзінства. Многія выказваюць меркаванне, што такім днём павінна стаць 17 верасня, калі савецкія войскі перайшлі польскую граніцу і занялі Заходнюю Беларусь.

— 17 верасня — значная падзея ў найноўшай гісторыі Беларусі, бо гэта пачатак аб'яднання беларускага народа. Дзве часткі Беларусі ўвайшлі ў адну дзяржаўную адзінку, на аснове якой і з'явілася Рэспубліка Беларусь, якую мы цяпер маем. Таму гэтая дата вельмі станоўчая для гісторыі Беларусі. Яна яшчэ і напамін аб тым, што ў будучыні мы ніколі не павінны дапусціць такіх падзелаў тэрыторыі краіны, — разважае Аляксандр Горны.

На яго думку, сёння вельмі важна было б актуалізаваць у гарадскім асяродку тэматыку Заходняй Беларусі, пашырыць грамадскую свядомасць праз пэўныя знакі, успомніць малавядомых дзеячаў і назваць іх імёнамі вуліцы. Напрыклад, Леапольда Радзевіча — драматурга, пісьменніка, які быў кіраўніком гродзенскага акруговага камітэта КПЗБ. Ці таго ж Тарашкевіча. Гэтыя беларусы імкнуліся да адзінства краіны, адстойвалі перад палякамі сваю нацыянальную адметнасць. Праз асоб людзі будуць больш цікавіцца гісторыяй свайго краю, лічыць гродзенскі гісторык.

І напрыканцы хачу згадаць яшчэ адну ўдзельніцу векапомных падзей. Гэта гродзенка Ксенія Станіславава, якая разам з мужам на лодках дапамагала перапраўляць савецкія войскі праз Нёман. Яны зрабілі два рэйсы, а на трэці куля трапіла акурат у сэрца Ксеніі. Маладую жанчыну паклалі на траву каля ракі, а муж прывязаў пустую лодку і зноў паехаў па чырвонаармейцаў. Гэты выпадак увайшоў у храналагічны летапіс баёў за Гродна карэспандэнта «Правды» Пятра Лідава. Ён нават выказаў надзею, што на гэтым трагічным месцы паставяць памятны знак гераічнай жанчыне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Гэта прынцыпы, накіраваныя на зніжэнне колькасці смецця і захаванне рэсурсаў планеты.

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Эканоміка

Больш за палову аўтамабільнага рынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў

Больш за палову аўтамабільнага рынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў

А наша краіна разлічвае, што праз чатыры гады кожная 20 машына будзе электракарам.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.