Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


pixabay.com

Сінія трубы майго дзяцінства

У мяне традыцыя — кожнае лета з'ездзіць у родную вёску, каб убачыць, як яна — іншай парой напалову пустая — з наступленнем цяпла пачынае ажываць, як вяртаюцца, з'язджаюцца ў апусцелыя бацькоўскія хаты «гарадскія» дзеці ды ўнукі, як вуліцы запаўняюцца смехам і звонкімі галасамі. Ну чаму б і не, калі там — воля, сонца, свежае паветра, лес, рэчка, ягады-грыбы...

А ў дарослых паралельна клопат — пошукі малака: не сабе, дык хоць малечу хочацца папесціць — пачаставаць сапраўдным сырадоем... Што з гадамі, на жаль, усё цяжэй, бо кароў у вёсцы — раз-два і ўсё. Гэта некалі на кожнай вуліцы па статку было — аж да сарака рагуль... Усе вяскоўцы трымалі, бо, па-першае, іначай з сем'ямі, можа, і не пракарміліся б (заробкі ў калгасе вядомыя), а па-другое, які ж ты гаспадар, калі ў цябе гаспадаркі няма?

Хоць з ёй і клопату... Асабліва — з пашай. У нас усе асноўныя выганы займаў калгасны статак. Коней таксама нямала было. Так што прыватных каровак ганялі пасвіць альбо ў лес (пад страхам згубіць нейкую з рагуль з усімі адсюль наступствамі), альбо на былыя кар'еры мясцовай цагельні, дзе амаль нічога не расло, апроч падбелу.

І зімой з каровамі было не прасцей: сена з заліўных лугоў ішло на калгасныя фермы ды канюшню. А вяскоўцы, бедныя, рэзалі сечку (ці не ў кожным гумне па сячкарні стаяла), для яе загадзя насушвалі ржышча, лянішча, пустазелле...

Дык вось падчас праўлення Хрушчова цераз дарогу ад нас быў вялікі клін калгаснай кукурузы, і мы з малодшай сястрычкай хадзілі туды — ну як бацькі на работу. Рвалі выключна траву: толькі яе і ніколі ніводнага кукурузнага лісточка альбо катаха, бо за гэта — мы ведалі — тату могуць не проста аштрафаваць, а нават пасадзіць...

У той дзень толькі-толькі выйшлі на дарогу, каб занесці пустазелле дахаты і там растрэсці, як ззаду пачуўся трэск матацыкла: на сваім «каўроўцы» нас дагнаў брыгадзір, спыніўся, з крыкам вырваў мяшок, вытрас з яго траву і стаў таптаць у пясок.

Мы з сястрычкай стаялі і плакалі, бо і тут нам страху было (дзядзька як звер), і дома, здавалася, будзе не меней: брыгадзір жа спытаў, чыіх мы, і сказаў, што зараз паедзе разбірацца з бацькамі...

Вось толькі матацыкл яго чамусьці не заводзіўся. «Можа, сапсаваўся? — з надзеяй падумаў я. — Трубы вунь — сінія-сінія...» (Пазней дазнаўся, што гэта — ад пастаяннага перагрэву рухавіка, а ўжо ён (пастаянны перагрэў) — ад таго, што брыгадзір увесь час быў, што называецца, пад градусам — баяўся зваліцца, таму ездзіў памалу — на нізкіх перадачах...)

А тут ён нават з месца крануцца не мог. Матацыклу трэба было астыць, а чакаць, як выглядала, брыгадзір не хацеў. Ці не мог. «Ідзіце! Я вас даганю», — крыкнуў нам і пачаў «студзіць» рухавік, абліваючы яго з уласнага «краніка». Смуроду нарабіў — на ўсё кукурузнае поле! Матору таксама, відаць, хапіла. І не разваліўся ён, мусіць, толькі таму, што палівалі яго не халоднай, а ўсё ж такі цёплай вадкасцю...

Як бы там ні было, але ўрэшце матацыкл завёўся, і дадому да нас брыгадзір даехаў.

Тата быў на дварэ, сустрэў яго і неяк жа задобрыў. А калі той, парадкам выпіўшы, з'ехаў, — на мяне з сястрычкай сварыцца не стаў, а, наадварот, пашкадаваў, пагладзіў па галовах.

...Такая вось гісторыя з дзяцінства — не надта вясёлая. Але ж не-не ды ўспомніцца. Некаму — крылатыя арэлі, а мне дык сінія трубы.

Мікалай Камароўскі, г. Орша


Калі папу ўдаецца, то і пападдзя смяецца

...Гэту гісторыю трэба пачаць з таго, што ў двор завезлі дровы.

Гаспадар выйшаў з хаты, агледзеў іх. Каб не заміналі, падкінуў да плоту асобныя круглякі, а вось далей справа ў яго не пайшла, бо на дварэ — восень, дні кароткія: чалавеку то часу бракуе, то вецер замоцны, то дождж які-ніякі.

А зімой дык і яшчэ горш...

Факт, што хіба на прадвесні гаспадар за сякеру ўзяўся: калоў урыўкамі, хвілін па 20—30, але ж кучу пакрысе змяншаў. Мала ў ёй засталося... «Вербніца хутка, — тонка намякала цешча. — Трэба было б двор прыбраць». Жонка таксама то з просьбамі, то з загадамі. («Ну не наймаць жа некага?! Будзь чалавекам! Дасячы...»)

«Вам абы каманды раздаваць», — агрызаўся гаспадар, бо зрабіць (на ўсё прычына!) ну нічога не мог: то на рабоце моцна стаміўся, то спіна баліць, то ў яго субота рабочая, то ў нядзелю хлопцы на рыбалку паклікалі: вярнуўся позна, пад мухай...

Карацей, у адзін з панядзелкаў толькі вочы прадраў — жонка зноў з пагрозамі: «Ну калі ты і сёння дровы не спарадкуеш...» — «Толькі не гэта, — перабіў яе муж. — Сёння — ну далібог не змагу! Футбол па тэлевізары. Наша «Дынама» гуляе». — «У колькі?» — «Пачатак — у 18.50».

«З гэтым трэба нешта рабіць, — падумала жанчына. — Але што?»

...З работы яна прыехала трохі раней за мужа і тут жа, напрасткі — да электралічыльніка: стала на табурэт, пакруціла пробку ўлева.

Пачула, што з'явіўся гаспадар, што адразу пайшоў да тэлевізара. Уключыў... Той маўчыць. Нават экран не свеціцца. А ён жа — што ні рабіў: і антэну пакратаў, і вілку разоў колькі дастаў-уставіў, і на кнопкі ўсе патыцкаў — глуха. Праверыў святло — няма.

Схапіў цыгарэты, выйшаў на ганак, сеў пакурыць, пакуль жонка за стол не паклікала. А паеў — і зноўку з хаты.

— Ты што — увесь вечар будзеш курыць? — спытала гаспадыня. — Ці, можа, раз футбол не глядзіш — трохі дроўцаў пасек бы?.. Лік па радыё потым пачуеш. А пра гульню хлопцы на рабоце раскажуць. Яно ж так?

Муж хоць-нехаць згадзіўся — пайшоў па сякеру. Жонка вокны мыць узялася... Але і пахвалявалася, бо «дрывасек» яе ў хату аж тройчы хадзіў: пстрыкаў выключальнікам, чакаў святла. «Хоць бы не здагадаўся», — думала гаспадыня і...

Можа, яе «малітвамі», але гаспадар дровы дасек, нават трэскі падгроб! А тут і святло «ўключылася». Жонка вячэру на стол, цешча чарачку наліла, дачка малая да бацькі на калені ўзлезла...

Добры атрымаўся вечар — цёплы, сямейны, акурат як у добрых людзей!

У многіх дамах, дзе сужэнцы чуюць адзін аднаго, гэта за правіла, у многіх, на жаль, ледзь не за свята, якое (ці вам казаць?) можна «выкрычаць» ці «выплакаць». Альбо — як у гэтай сям'і — не падманам узяць, а маленькай жаночай хітрасцю.

Таццяна Новік, г. Клецк


Два ў адным… Ці нават тры «Налятайма! Патаннела!»

Пагалоска пра гэта, можна сказаць, нечуванае (бо з чаго б?..) мігам абляцела наша мястэчка: людзі пакіравалі ў краму. А ўслед за імі — і мы, бо вясна, а з ёй — адпаведныя клопаты, бо сын з нявесткай прыедуць — трэба і прыняць як след, і з сабой што даць. Яны ж працуюць дзень пры дні, па крамах нячаста ходзяць — на распродаж наўрад ці нарвуцца... Бач — колькі надпісаў тут, што «два прадаецца ў адным», то-бок плаціш за адну бляшанку з гарошкам (селядцамі, кавай, кукурузай і г. д.), а ўзяць можаш дзве!

Мы бяром ледзь не ўсё, што так прадаецца, і сабе, і «свайму цыганёнку» (любімаму сынку), прычым не толькі з прадуктаў: на паліцах з напоямі — каньяк «два ў адным»... Ну як не купіць?.. І вада на распродажы. Яе, праўда, мы ніколі не бралі, але ж тут аказія...

Сумкі, карацей, ледзь прывалаклі: удалы атрымаўся шопінг, рады сустракаць гасцей...

А тым часам вось і яны — чамусьці з вялікай сумкай? Сын уручае мне кветкі, нявестка, бачым, выгружае на стол... бляшанку зялёнага гарошку, кукурузы, кавы і г. д., гаворыць, што трапіла на зніжкі ды падумала: «Ну чаму б не ўзяць і сабе, і нам?»

Гаспадар мой, бачу, рвецца перапыніць яе — сказаць, што мы таксама былі на распродажы і ўзялі ўсяго для іх... Я ледзь паспяваю да вуснаў палец прыкласці: маўчы, маўляў...

Дзякуй богу, зразумеў: пахваліў нявестку за клопат, запрасіў за стол.

...Пасля таго як госці паехалі, мы падлічылі, што ў нас усяго па тры. За выключэннем хіба каньяку: адну бутэлечку адкрылі за сталом, другую сыну з сабой аддалі. Да яго таксама госці хутка прыедуць.

З. М., Глыбоцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж.

Як пераканаліся нашы чытачы, «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» не хлусіць: гісторыі бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, абуральныя, дзівосныя, ідыёцкія, камічныя, кранальныя, павучальныя, скандальныя, трагікамічныя... А ўжо колькі праўдзівых — за час існавання рубрыкі...

Для тых, хто забыўся, нагадаем, што ў апошнія гады яна стала конкурсам на найлепшую. Вынікі яго падводзяцца ў пачатку года. Журы — і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае — працуе. Пішыце. Калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.