Вы тут

У пасёлку Чонкі Гомельскага раёна падрыхтавалі новы дом для бусла


У пасёлку Чонкі Гомельскага раёна падрыхтавалі новы дом для бусла, які летась аблюбаваў небяспечны слуп у цэнтры населенага пункта. Брутальную канструкцыю з металу — надзейную апору для новага птушынага жытла — зрабілі актывісты рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Патрыёты Беларусі».


Усё пачалося летась. Сябра «Патрыётаў Беларусі» Таццяна Якаўцава ехала праз Чонкі да сябе на лецішча ў суседнюю вёску. Жанчына заўважыла маладога бусла, які для будаўніцтва жытла абраў небяспечнае месца.

— Да слупа высакавольтнай лініі, дзе вырашыў асталявацца бусел, падыходзіла не менш за пяць электрапровадаў, — дзеліцца Таццяна Іванаўна. — Я назірала і хвалявалася за птушку, бо такі небяспечны аб'ект для гнязда ніяк не падыходзіў. Улетку бусел сваю работу завяршыць не паспеў ды паляцеў у вырай, а жанчына ўсё перажывала. Ведала, што птушка, пераадолеўшы не менш чым дзесяць тысяч кіламетраў, вясной вернецца да гнязда, якое можа каштаваць яму жыцця.

Таццяна Якаўцава вырашыла падрыхтавацца да вяртання птушкі. Яна патэлефанавала ў Гомельскі РЭС. Супрацоўнікі электрасетак звярнулі ўвагу жанчыны, што падобную праблему не так даўно ўзяўся вырашыць жыхар пасёлка Чырвоны Багатыр. Ён зрабіў металічную падстаўку для гнязда бусла, каб птушка змагла пасяліцца ў новым бяспечным месцы.

Таццяна Якаўцава знайшла вяскоўца, які падзяліўся сваёй ідэяй апорнай канструкцыі, даў разлікі свайго збудавання. Дапамогу ў выкананні добрай справы Таццяне Іванаўне прапанавалі члены Гомельскай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Патрыёты Беларусі».

— Апору для гнязда можна было зварыць і з металалому, але каб было больш надзейна, мы сабралі грошы і набылі металапрофіль. Звараную канструкцыю ўсталюем там жа, у цэнтры населенага пункта, але такім чынам, каб птушка змагла зрабіць сабе новае надзейнае гняздо, — растлумачыла актывіст Юлія Малава. Яна адзначыла, што вырашыць праблему бяспечнасці птушынага жытла падтрымалі супрацоўнікі электрычных сетак Гомельскага раёна, жыхары пасёлка.

— У гісторыі выратавання гнязда птушкі — сімвала Беларусі — аб'ядналіся зусім незнаёмыя людзі — вяскоўцы, гараджане, прадстаўнікі ўлады, супрацоўнікі дзяржпрадпрыемства, — кажа Таццяна Якаўцава. — Шчыры дзякуй неабыякаваму маладому чалавеку Канстанціну, які зварыў сам гэтую канструкцыю. Вясковец Сяргей, малады бацька чацвярых дзяцей, дапамог перавезці падрыхтаваную апору ў пасёлак Чонкі, падтрымаў нас старшыня Чонкаўскага сельсавета Аляксей Кобзараў. Адказна спрацавалі і хлопцы-электрыкі.

Тацяна Якаўцава, якая прайшла шлях ад ідэі да ажыццяўлення задумы, цяпер гатовая аказваць дапамогу  іншым людзям.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Гняздо ў стылі лофт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?