Вы тут

Крытэрый — талент. Анталогія сучаснай беларускай паэзіі


У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачаліся работы па падрыхтоўцы да выдання анталогіі сучаснай беларускай паэзіі. Ініцыятары і выканаўцы праекта (ідэя, укладанне, прадмова) акадэмік Уладзімір Гніламедаў і аўтар гэтых радкоў паставлі за мэту на аснове комплекснага аналізу канкрэтных мастацкіх твораў, творчых індывідуальнасцей і гісторыка-літаратурнага працэсу вызначыць ідэйна-эстэтычную спецыфіку і грамадска-культурны феномен беларускай паэзіі на этапе найноўшай гісторыі, распрацаваць тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы і канцэптуальныя асновы анталогіі сучаснай беларускай паэзіі як ідэйна-мастацкай сістэмы, ажыццявіць сюжэталагічную эндаскапію анталогіі, выявіць яе структурна-кампазіцыйную парадыгму.


Віктар Шніп, Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч і Мікола Шабовіч на купалаўскім свяце паэзіі ў Вязынцы, 2009 г

Ужо самы ранні этап работ паказаў, што сучасная беларуская паэзія — гэта яркая і арыгінальная з’ява на гісторыкалітаратурнай карце славянскага свету.

Мы маем справу з творчасцю некалькіх пакаленняў аўтараў (самае старэйшае нарадзілася яшчэ на пачатку XX стагоддзя, а самае маладое — ужо на этапе незалежнага развіцця Беларусі), аб’яднаных ідэяй роднасці нацыянальна-генетычных каранёў, сцвярджэннем красы і велічы Бацькаўшчыны-Беларусі, яе багатай гістарычнай спадчыны, услаўленнем самабытнасці менталітэту беларускага народа, заснаванага на міралюбівым характары, адвечнай цярплівасці і працавітасці, памяркоўнасці і высакароднасці. Раскрываючы парадыгму беларускай сацыяльна-гістарычнай рэчаіснасці, адлюстроўваючы характэрныя рысы ўнутранага свету грамадзяніна Беларусі, сучасная беларуская паэзія ўяўляе сабой складаны механізм спалучэння і ўзаемадзеяння багацця і разнастайнасці ідэйна-мастацкіх стратэгій, архетыпаў народнага вобразнага мыслення і мадэляў новай літаратурнай сітуацыі, асаблівасцей постмадэрнісцкай свядомасці, розных творчых індывідуальнасцей, стылявых плыней, жанрава-структурных форм і інш.

Гуманітарная навука, літаратуразнаўства, вызначае анталогію як выбранае, найлепшае, найбольш паказальнае, характэрнае ці характарыстычнае. У анталогіі сучаснай беларускай паэзіі плануецца прадставіць самыя значныя паэтычныя творы (вершы і некаторыя паэмы) беларускіх аўтараў прыкладна 3—3,5 апошніх дзесяцігоддзяў незалежна ад іх ідэйна-светапоглядных і палітычных пазіцый і прыхільнасцей, прыналежнасці ці непрыналежнасці да пэўных саюзаў пісьменнікаў і іншых літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў і суполак, а таксама грамадска-культурных арганізацый і г.  д. Галоўны крытэрый тут — талент, ідэйна-эстэтычныя адкрыцці, высокая якасць мастацкай творчасці.

Як мяркуецца, вынікам распрацоўкі праекта стане збор мастацкіх твораў у некалькіх тамах, з удзелам каля чатырох з паловай соцень аўтараў. Зразумела, найперш гэта будуць прадстаўнікі старэйшых пакаленняў: Наталля Арсеннева, Алесь Звонак, Максім Танк, Мікола Аўрамчык, Анатоль Вялюгін, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Міхась Стральцоў, а таксама, Васіль Зуёнак, Алесь Разанаў, Раіса Баравікова, Мікола Мятліцкі і інш. Але галоўнае месца ў гэтым зборы твораў зоймуць паэты сярэдняй узроставай катэгорыі, якія нясуць сёння, як адзначыў некалі ў падобнай сітуацыі паэт і літаратуразнаўца М. Арочка, «галоўную службу ў паэзіі»: Алена Ігнацюк, Сяргей Кавалёў, Эдуард Акулін, Людміла Рублеўская, Алесь Бадак і іншыя, а таксама прадстаўнікі некалькіх відавочных малодшых прызываў: Марыя Мартысевіч, Вольга Гапеева, Зміцер Крэс, Ігар Кулікоў, Ганна Новік, Бажэна Мацюк, Кася Іофе, Вольга Нікіценка і іншыя.

У анталогіі сучаснай беларускай паэзіі будуць прадстаўлены не толькі паэты, якія нарадзіліся і стала жывуць у Беларусі, але і тыя, каго жыццёвыя абставіны раскідалі літаральна па ўсім свеце. Напрыклад, Станіслаў Валодзька ўжо даўно асеў у Латвіі, а Алег Мінкін — у Літве, Ніна Аксёнчык жыве і працуе ў Чэхіі, а Сяргей Кавалёў — у Польшчы.

Сярод нашых паэтаў розных узростаў і мастацка-стылявых плыняў многа яркіх, каларытных, самабытных асоб, якія актыўна і плённа самасцвярджаюцца ў розных галінах народнай гаспадаркі і чалавечай дзейнасці. Скажам, паэт, празаік і публіцыст, аўтар 12 зборнікаў вершаў на беларускай і рускай мовах Эдуард Збароўскі прысвяціў сваё жыццё медыцыне, аднаму з асноўных яе раздзелаў — кардыялогіі. Ён з адзнакай закончыў лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, працаваў загадчыкам праблемнай навукова-даследчай лабараторыі кібернетычных метадаў дыягностыкі і біякіравання БДМІ, намеснікам дырэктара па навуковай працы створанага на яе базе Беларускага навукова-даследчага інстытута кардыялогіі (цяпер РНПЦ «Кардыялогія»), дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў, загадчыкам кафедры сацыяльнай работы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доктар медыцынскіх навук, прафесар кардыялогіі, акадэмік Міжнароднай акадэміі энергаінфармацыйных навук. Выдатнік аховы здароўя СССР, вынаходца СССР, выдатнік сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Ён — аўтар больш за 400 работ па прафілактычнай кардыялогіі, рэабіліталогіі і медыка-сацыяльнай абароне асобы, у тым ліку 5 навукова-папулярных кніг, прысвечаных асэнсаванню праблем медыцынскай рэабілітацыі і аховы здароўя ў Беларусі. Жыве і працуе ў Мінску. А паэт Юрась Шамецька (нар. 1965) паспяхова займаецца камп’ютарным праграмаваннем. Ён закончыў спачатку факультэт аўтаматызацыі Мінскага радыётэхнічнага інстытута, затым факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў канструктарам у мінскім Бюро дакладнага машынабудавання, галоўным праграмістам у Белзнешэканамбанку. З 1997 г. жыве ў Канадзе, у Атаве, працуе дызайнерам праграмнага забеспячэння.

Паэтэса, сцэнарыст, рэжысёр Іна Снарская спачатку скончыла будаўнічы факультэт Наваполацкага політэхнічнага інстытута (цяпер Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт), затым філалагічны факультэт Палтаўскага педагагічнага інстытута (цяпер Палтаўскі нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя У.  Г. Караленкі). Працавала інжынерам навукова-даследчай лабараторыі жалезабетонных канструкцый Палтаўскага будаўнічага інстытута (цяпер Нацыянальны ўніверсітэт «Палтаўская палітэхніка імя Ю. Кандрацюка»), намеснікам рэдактара часопіса «Бізнес-клуб» пры Палтаўскім выдавецтве «Крыніца», рэдактарам тэлебачання ў Палтаўскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Лтава». Пазней кіравала сацыяльна значнымі тэлевізійнымі праектамі «Земляки» («Землякі»), «Зустріч для вас» («Сустрэча для вас»), «Про Білорусь з любов’ю», («Пра Беларусь з любоўю»), «А у нас кіно знімали» («А ў нас кіно здымалі»), «Те, що в мені» («Тое, што ўва мне»). З’яўляецца аўтарам і рэжысёрам каля 300 перадач і дакументальных фільмаў: «Берегіня драгоманівського роду» («Берагіня драгаманаўскага роду»), «Стежками Лесі Українки» («Сцежкамі Лесі Украінкі»), «Без надії сподіватись» («Без надзеі спадзявацца») і іншых. Жыве ва Украіне, у Палтаве, піша на беларускай і ўкраінскай мовах.

Паэт, празаік, эсэіст, перакладчык Макс Шчур (нар. 1977) закончыў брэсцкую сярэднюю школу № 2 з паглыбленым вывучэннем іспанскай мовы, вучыўся на іспанскім факультэце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, пасля на філасофскім факультэце па спецыяльнасці «Раманістыка» Карлава ўніверсітэта (Чэхія), працаваў журналістам, перакладчыкам фільмаў. Цяпер — паспяховы прыватны прадпрымальнік у Празе.

Паэт Зміцер Крэс працуе ўрачом-ангіяхірургам у Мінскім гарадскім цэнтры сасудзістай хірургіі 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя М.  Я. Саўчанкі, выконвае складаныя аперацыі, з’яўляецца выкладчыкам кафедры агульнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Маладая паэтэса, празаік, перакладчык Кася Іофе закончыла філалагічны клас Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вывучала медыцынскую псіхалогію на факультэце філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымала некалькі спецыялізацый па тэрапіі мастацтвам і творчасцю (арт-тэрапіі) ва Украіне і Балгарыі. Працавала ў Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, псіхолагам, рэдактарам інфармацыйных парталаў мінскага клубнага дома «Open Soul» па рэабілітацыі людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі. Цяпер вучыцца ў г. Кракаве ў Ягелонскім універсітэце на магістра аховы грамадскага здароўя, плануе атрымаць другую магістратуру ў сферы літаратуры альбо тэкстаў культуры.

Паэт і перакладчык Аляксей Арцёмаў нарадзіўся 27 сакавіка 1991 г. у г. Туле (Расія). Па нацыянальнасці рускі. Закончыў Тульскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Сістэмы аўтаматызаванага праектавання». Жыве ў Туле, працуе спецыялістам тэхнічнай падтрымкі ў кампаніі «Яндэкс» і піша вершы… на беларускай мове. Яны друкаваліся ў газетах і часопісах «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Літаратурная Беларусь», «Звязда», альманаху «Беларус», у калектыўным зборніку «Мой дзень пачынаецца» і іншых выданнях. А. Арцёмаў апублікаваў кнігу вершаў «Скрозь кіламетры» (2016), пераклаў на беларускую мову вершы Эдгара По, Рычарда Бротыгана, Чарлза Букоўскі, апавяданні Эрнэста Хэмінгуэя, Фланэры О’Конар і іншых аўтараў. Яго пераклады друкаваліся ў зборніках «Вусцішны пакой», «Маска чырвонае смерці». Паэт з’яўляецца фіналістам конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра (2010, 2012), прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2017), Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Першацвет» (2018).

У разгорнутай прадмове да анталогіі будзе раскрыты поўны спектр ідэйнаэстэтычных змен і зрухаў у беларускай паэзіі на этапе найноўшай гісторыі, выяўлена сінтэтычна-стэрэаскапічная карціна яе духоўна-мастацкіх пошукаў і здабыткаў, складаная дынаміка дыяхроннага ўзаемадзеяння і ўзаемаабумоўленасці вядучых мастацка-стылявых плыняў, акрэслена роля і месца мастацкага слова ў грамадска-культурных працэсах сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Аўтары праекта выказваюць шчырую ўдзячнасць Васілю Жуковічу, Міколу Пракаповічу, Алесю Разанаву, Міхасю Пазнякову, Уладзіміру Арлову, Таццяне Сівец і іншым паэтам за падтрымку нашай ініцыятывы і работы, каштоўныя парады і рэкамендацыі па сюжэтна-кампазіцыйнай парадыгме анталогіі, па яе напаўненні канкрэтнымі персаналіямі і творамі, а Сяргею Чыгрыну, Алегу Мінкіну, Алесю Аркушу — яшчэ і за дапамогу ў зборы матэрыялу.

Мікола МІКУЛІЧ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.