Вы тут

Кадры з міжчасся


Твор мастацтва, нягледзячы на яго моцную прывязанасць да кантэксту стварэння, існуе ў сваіх часе і прасторы, што з’яўляюцца з перапрацаванай рэальнасці ці знутры самога твора. Адным з найбольш простых пацвярджэнняў такога дзеяння з’яўляецца фотамастацтва, бо сутнасць яго менавіта ў тым, каб ствараць, фіксуючы. 


Работа Уладзіміра Суцягіна «Ружаны», 2018 г.

У Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстаўка пад назвай «Даліна Руж». Гэта вынік пленэраў, якія ладзіліся ў Ружанах. Менавіта тут ідзе рэстаўрацыя палаца Сапегаў, пабудаванага ў 1602 годзе. Падчас Першай сусветнай вайны ў выніку пажару палац канчаткова ператварыўся ў руіны. Аднаўленне палаца і раскопкі вакол яго пачаліся ў 2008 годзе.

«Спачатку наведвальнікам прапануецца азнаёміцца з працамі, якія былі зроблены ў 1988 годзе. Праз 20 гадоў пасля гэтага мы са студэнтамі архітэктурнага ўніверсітэта паехалі на адзін дзень у Ружаны, пасля чаго зрабілі другую выстаўку. І яшчэ праз 10 гадоў з групай з 13 фатографаў знялі трэцюю частку сённяшняй выстаўкі. І ўсё гэта аб’яднана адным месцам і адной назвай — Даліна Руж», — распавёў куратар і ідэйны натхняльнік выстаўкі фатограф Уладзімір Суцягін.

Даліна Руж — загадкавая прастора паза часам. Фотаздымкі на выстаўцы, хаця і зроблены ў розныя гады, выглядаюць аднародна — яны ўсе ў сепіі. Гэта стварае адчуванне моцы часу, які ў гэтай прасто- ры цячэ па-свойму і падпарадкоўвае сабе ўсё, нават прыроду. Зялёная трава і дрэвы роўныя з рукатворным, апрацаваным каменем.

«Вяртанне да аналагавай фатаграфіі — гэта вяртанне да нейкага своеасаблівага жывапісу. Вельмі добра, што фатаграфія чорна-белая — яна найбольш мастацкая, лепш перадае душу аўтара, не ўрываецца анілінавымі фарбамі ў фатаграфічны пласт і дае магчымасць разглядзець вельмі тонкія адносіны аўтара з прасторай, формай, прадметам», — адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн.

На кадры — таямнічае жыццё старажытнага разбуранага палаца і горада, які побач. Гэтыя фотаздымкі — практычна накіды фантастычнай аповесці.

Тут вельмі шмат арачных кампазіцый, вялікая прастора для гульні з ракурсамі, сіметрыяй і асіметрыяй. 

Работа Вікторыі Розум «Ружаны. Старая сінагога», 2008 г.

Адна дэталь, якая вылучаецца ў серыі і падмацоўвае адчуванне пераможнага часу, — гэта тое, якім паўстае чалавек на здымках. Па-першае, персанажаў тут мала, па-другое, усе сілуэты маленькія на фоне магутных старажытных сцен. Прычым не толькі палацавых — у Ружанах шмат іншых помнікаў гісторыі.

«Цікавасць да Ружанаў не вычэрпваецца адным толькі палацавым комплексам. Тут ёсць і іншыя архітэктурныя славутасці. Адной з іх з’яўляецца царква святых Пятра і Паўла (у цяперашні час функцыянуе), якая раней уваходзіла ў склад уніяцкага манастыра. Храм быў пабудаваны ў 1778 годзе. Аўтарам праекта з’яўляецца саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бэкер.

Фатографы не маглі пакінуць па-за ўвагай і іншае тварэнне Яна Бэкера — каталіцкі касцёл святога Казіміра, заснаваны ў 1792 годзе. Будаўніцтва яго было звязана з мошчамі святога Казіміра, якія з сярэдзіны XVII стагоддзя захоўваліся ў ружанскіх уладаннях Сапегаў. Святы Казімір — афіцыйны заступнік горада, аб чым сведчыць і герб Ружан», — адзначана ў анонсе выстаўкі.

Значную ролю на ўсіх фотаздымках адыгрывае святло. Ва ўмовах чорна-белай здымкі яно застаецца адзіным яўным сродкам акцэнтавання. Яно заніруе, падзяляе кампазіцыю здымка на зразумелае, сённяшняе і таямнічае, пазачасавае. Асаблівую ўвагу прыцягвае фотаздымак знутры памяшкання: скрозь прачыненыя дзверы ў абсалютную цемру прарываецца белы прамень святла. Гэты сімвалічны кадр быццам расшыфроўвае сэнс фота- пленэраў і выстаўкі як імкненне праліць святло на схаванае ў цемры стагоддзяў.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.

Грамадства

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Сёння ад рукі пішуць рэдка, мы жывём у эпоху месенджараў.

Грамадства

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Папера стала выдатнай альтэрнатывай дарагім ажурным тканінам.

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.