Вы тут

Погляд на каштоўнасці


Нельга прыдумаць больш класічнай тэмы для жывапісу, чым краявіды роднай краіны. І вельмі цяжка ўвасобіць гэтую тэму небанальна. Але выяўленчае мастацтва — якраз тая прастора, дзе канцэпцыя і тэхніка выканання могуць быць аддзеленыя, успрымацца асобна. І недастаткова цікавая канцэпцыя не забівае прыгожа напісанай карціны, а нязвыклыя метады перадачы вобразаў, якія часам не супадаюць з агульнапрынятымі ўяўленнямі пра эстэтыку, не перашкаджаюць ацаніць канцэптуальнае рашэнне. 


«Ціхая плынь».

Работы Аляксандра Лакоткі, доктара гістарычных навук і архітэктара, адносяцца хутчэй да першага выпадку. Яго выстаўка «Вобразы мілыя роднага краю…» адкрыта для наведвання ў Нацыянальным гістарычным музеі да 4 красавіка. «Вывучаючы гісторыка-культурную спадчыну, Аляксандр Лакотка шмат гадоў падарожнічаў па Беларусі і выканаў не адну серыю акварэльных і графічных работ краявідаў рэгіёнаў, запаведных мясцін, прыгожых відарысаў. Любімыя тэмы мастака — прырода, палі і лугі, лясы і далягляды, тыповыя беларускія вёскі: Залессе і Зарэчча, Забалацце і Балотчыцы, Селішча, Нізок, хутары і мястэчкі (Дзятлава і Рубяжэвічы, Гервяты і Варняны, Солы і Свір), помнікі беларускага дойлідства.

Творы вылучаюцца светлым каларытам, маляўнічасцю фарбаў, паэтыкай і лірызмам, працягваюць традыцыі беларускага жывапісу, малюнка, графікі.

Светлыя нябёсы, буйныя вятры, малады летні дождж ствараюць аўру гэтых карцін. Пагоркі і лагчыны, блакітныя вочы азёр, шум бярозавага гаю, вясковыя дарогі, стрэхі прашчураў, царкоўныя вежы — вось той апавядальны, эпічны змест гэтых твораў», — адзначаецца ў анонсе выстаўкі.

«Зімовы эцюд».

Аўтар увасабляе беларускія пейзажы і помнікі архітэктуры, сюжэты простыя, але ўпрыгожаныя адметным стылем творцы. Яго акварэлі адрозніваюцца яркімі, насычанымі, месцамі ледзь не неонавымі колерамі, шырокім, мяккім мазком. Калі выстройваць асацыяцыі, то падобным чынам магло б выглядаць зіхаценне каштоўных камянёў у якой-небудзь дзіцячай мультыплікацыі. Тое, што чалавек, які прысвяціў сваю прафесійную дзейнасць даследаванню, рэстаўрацыі і ахове архітэктурных помнікаў Беларусі, пераносіць іх на карціны з такой колеравай гамай, нават нядзіўна. Дарэчы, старажытныя цэрквы розных гарадоў і мястэчак Беларусі мастак піша асобна ад гарадскога пейзажу, надаючы ім даволі абстрактны фон.

Ёсць у шэрагу работ і беларускія вёскі, аднак яны атрымаліся надта падобнымі паміж сабой. Усе карціны маюць шмат фарбаў, контуры звычайна размытыя, але межы колеру абазначаны дакладна, без дадатковых адценняў і пераходаў. Дынаміку карцінам надае неба, па якім «рухаецца» колер. Творчая прызма Аляксандра Лакоткі стварае лёгкі рознакаляровы туман, праз які наведвальнік глядзіць на пейзажы і архітэктурныя помнікі. Гэта можна лічыць літаральным увасабленнем рамантычнага погляду на свет.

Некалькі работ, на якіх краявід напісаны на беразе вадаёму з адбіткам, пераходзяць у своеасаблівую канцэптуальную абстракцыю, гэта незвычайная прызма для звыклых беларускіх пейзажаў. На некалькіх творах з’яўляецца дакладны яскравы контур, ад гэтага яны па-свойму ажываюць. Колеравая поліфанія адлюстроўвае эмацыянальны настрой карцін.

Акрамя акварэлей, на выстаўцы прадстаўлена некалькі графічных работ Аляксандра Лакоткі. Гэтыя творы цалкам адрозніваюцца ад акварэльных пейзажаў, хаця і пабудаваны збольшага на тых жа сюжэтах. Графіка мастака вельмі дэтальная, з яскравымі, вострымі контурамі, ідэальна роўнай штрыхоўкай. Тут ён выбірае не цэлыя пейзажы і будынкі, а толькі элементы, набліжаецца да аб’ектаў увасаблення так, каб разгледзець кожную дошку на падстрэшшы і кожнае семечка ў сланечніку. Таксама на графічных творах з’яўляецца і паўтараецца матыў птушак, што адлятаюць у вырай. Цікава тое, што на акварэльных работах часцей за ўсё лета, а на графічных — восень, голыя дрэвы. Дзякуючы гэтаму графіка атрымліваецца вострай і насычанай па форме, а акварэлі — мяккімі, лагоднымі і расслабленымі.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.