Вы тут

Пошукі слоў


Вершы Ганны Шакель з’яўляліся ў большасці літаратурных выданняў Беларусі і перакладзены на некалькі моў. Сустрэўшыся з гэтымі тэкстамі, адчуваеш глыбінную сувязь са светам, які нязвыклы сучасным гарадскім жыхарам. Для гэтага адчування вельмі цяжка знайсці словы, але патрэба ў пошуку апісанняў амаль адпадае, калі даведваешся, што аўтарка займаецца фальклорам. Распыталі Ганну Шакель пра тое, як праходзяць пошукі слоў у розных кутках Беларусі і як яны адбіваюцца на пошуках слоў у сабе.


Ганна Шакель.

— З чаго ўсё пачалося? Калі здарылася твая першая сустрэча з фальклорам і як ты яе памятаеш?

— Я думаю, пачалося ўсё, яшчэ калі прабабуля Маня казытала мне малой ножкі, расказваючы казку пра бяду — як яна сядзела пад кустом, свяцілася золатам, а тады асабліва цікаўным на шыю — скок! І пасля ў сям’і карова дохне, дзеткі галодныя плачуць, бедны брат да багатага па дапамогу ідзе, а той, па законах жанру, дзяліцца не хоча. Тыповы фальклорны сюжэт. Усё збіраюся гэтую казку ўзнавіць, але дрэнна памятаю дэталі.

— Самы яскравы ўспамін з першай экспедыцыі?

— У першую экспедыцыю я выбралася ў 2018 годзе са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у Смаргонскі раён. І па сёння найболей успамінаў менавіта адтуль — можа, таму што першая. Тры розныя паданні з суседніх вёсак пра адну рэчку за адзін дзень. Даўжэзная таўшчэзная прыгажэзная льняная каса бабулі Гэлены з Кавалёў (гэта не метафара, літаральна лён сплецены ў двухметровую касу). Канцэрт гурта «Валэйчанка» для групы экспедыцыянераў і вострыя прымаўкі кіраўніцы ансамбля Марыі Станіславаўны. Драўляная архітэктура вёскі Станчыненты з-пад рукі майстра Кастуся Шыманскага. Галовы быкоў і грабелькі на алтары святога Ізыдора ў аднайменным касцёле ў вёсцы Нястанішкі — усё-ткі этнаграфія ідзе поруч з краязнаўствам. Ну і, канечне, людзі «ў полі» — і па гэты, і па той бок дыктафона.

— Ці ёсць нешта, што падаецца табе складаным у экспедыцыях?

— Часта здараецца, што ў інфарматара ёсць этычныя прычыны не расказваць нешта — не хочацца варушыць памяць пра блізкага чалавека. Маці памерлых сыноў не спяваюць. Часам спрацоўвае аргумент, што нам гэта для навукі трэба. А калі не, то настойваць у такім выпадку проста не этычна. Яшчэ адна, больш тэхнічная, праблема — у транспарце. Звычайна ў такіх мерапрыемствах машын на ўсе працоўныя групы не стае, а грамадскі транспарт у самыя глухія — тым і самыя цікавыя — вёскі не ходзіць, і таму ахоп атрымліваецца меншы, чым хацелася б.

— Для цябе фальклор — толькі захапленне або ты бачыш якую-небудзь звышмэту?

— Пачыналася мая зацікаўленасць адназначна са звышмэты. Пакуль прабабуля яшчэ жыла, я не асабліва цікавілася фальклорам як такім. Болей распытвала пра нейкія сямейныя гісторыі, пра вёску, ды і тое не надта. Мне заўсёды здавалася, што яшчэ паспею. Не паспела. Толькі пасля яе смерці я даведалася, што яна, напрыклад, ведала процьму песень. Мне стала бясконца прыкра за сваё спазненне, і напачатку хацелася па крупінках з таго, чым жылі чужыя (хаця яны ўсе свае) бабулі, сабраць маю. А пасля гэта перарасло ў працу «за сябе і за чужую ўнучку». Маўляў, можа, нехта таксама запозна спахопіцца — а тут я са сваім архівам.

— Наколькі папулярызацыя народнай культуры важная, навошта яна ўвогуле патрэбная? Ці адкрыла ты што-небудзь у сабе праз гэтую цікаўнасць?

— У перыяд, калі што ні чалавек — то асобная культура, важна прынамсі абудзіць павагу да народнай культуры, бо яна таго вартая. Маўляў, «гэта не для мяне, але гэта крута». Бо пакуль што ў свядомасці многіх людзей народнае сінанімічнае дажынкаваму. Хаця асабіста ў мяне «агратрэш» таксама выклікае замілаванне, але яго прырода адрозная ад пачуццяў, што выклікаюць аўтэнтычныя рэчы. Слухаючы традыцыйны спеў, да прыкладу, або дакранаючыся да дванаццацінітоў на абразах, раптам разумееш сваё месца ў сусвеце. З сапраўды народным перадаецца мудрасць.

— Наколькі паглыбленне ў гэтую справу разбурае стэрэатыпы, закладзеныя школай?

— Не магу адказаць, бо на ўласным досведзе такога не адчула.

— Ці заўважаеш ты адбітак свайго захаплення на ўласнай творчасці (звонку ён даволі прыкметны)? Ці падабаецца яно, ці свядома гэта?

— Вядома, адчуваю. І гэта натуральна. Калі нешта займае значную частку свядомасці, канечне, будзеш вяртацца да яго ў пошуках вобразаў і метафар. Гэта карысна для творчасці, бо дае новыя інструменты, але адначасова і абмяжоўвае. Каб ствараць паэзію, трэба разбураць муры сваіх святынь і складаць цаглінкі ў новыя дзівосы.

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Фота з асабістага архіва Ганны Шакель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.