Вы тут

У Віцебску рыхтуюцца адсвяткаваць пятую гадавіну адкрыцця Музея гісторыі прыватнага калекцыяніравання


У Віцебску рыхтуюцца адсвяткаваць пятую гадавіну адкрыцця ўнікальнага ў Беларусі Музея гісторыі прыватнага калекцыяніравання. Ён знаходзіцца на праспекце Фрунзэ, побач з Летнім амфітэатрам — галоўнай сцэнічнай пляцоўкай Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яго можна наведаць у будынку, узведзеным у канцы пазамінулага стагоддзя, дзе выпрацоўвалася электрычнасць для першага ў Беларусі трамвая і, між іншым, аднаго з першых у Расійскай імперыі. Дарэчы, магутнасць першай гарадской электрастанцыі ў 1898-м была «аж» 425 кВт.


Унікальны падарунак

Вядома, старажылы сталіцы Прыдзвінскага краю, ды і ўважлівыя турысты паспрачаюцца наконт таго, колькі гэтаму музею гадоў. І часткова будуць мець рацыю. Справа у тым, што ў пачатку 1990-х адкрылі ў Віцебску Музей прыватных калекцый на аснове збору Івана Данілавіча Галькевіча. Ён размяшчаўся ў іншым дарэвалюцыйным будынку — на вуліцы Даватара, 26.

Дарэчы, недалёка ад гэтага месца жыў калекцыянер. І бясплатна праводзіў экскурсіі ў хатнім музеі, які стварыў у сябе дома ў двух пакоях параўнальна невялічкай кватэры. Працаваў насупраць — у ветэрынарным інстытуце.

Экспазіцыя ў былым музеі займала невялікую плошчу (усяго каля 91,5 м2) і была размешчана ў чатырох асноўных залах.

— Іван Данілавіч Галькевіч, ураджэнец Віцебска, ветурач па адукацыі. За многія гады ім была сабрана ўнікальная нумізматычная калекцыя з выдатнай падборкай еўрапейскіх і рускіх манет, памятных медалёў і ўзнагародных знакаў. У 1993 годзе ўдава калекцыянера Аляксандра Пракопаўна, выконваючы волю мужа, перадала ў дар крыху больш чым 7,1 тысячы прадметаў! З'ява на той час ды і наогул, напэўна, унікальная не толькі для Беларусі, — распавядае загадчыца філіяла «Музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання» Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Калеснікава.

Плошча для экспазіцыі калекцыйных экспанатаў на сёння прыкладна ў паўтара раза большая, чым раней — звыш 140 квадратаў.

Пушкінскі... абцас

Большасць прадстаўленага ў музеі з таго, што сабраў Галькевіч. У яго багатай калекцыі ёсць толькі на першы погляд звычайная медная манета — 2 капейкі 1811 года.

На чорна-белых фота віцебскі калекцыянер Іван Данілавіч Галькевіч.

У чым жа яе каштоўнасць? Лічыцца, яна належала Пушкіну! І гэта не легенда, а тое, што можна абгрунтаваць словамі калекцыянера. Будучы экспанат прыслаў па пошце невядомы яму інжынер Рагоўскі, які прачытаў у часопісе «Огонёк» у 1958 годзе артыкул «Хатні музей» аб калекцыянеры Галькевічу з Віцебска. Растлумачыў дарыльшчык, што ў 1915 годзе кватараваў у свайго падначаленага Тапаркова. Гаспадар жылля яму падарыў манету, адну з дзвюх, якую атрымаў на памяць ад дзеда. Той у Пскове Пушкіну адрамантаваў абцас правага чаравіка. За працу геній рускай літаратуры заплаціў меднымі манетамі.

— Ведаючы Пушкіна, просты рускі чалавек асобна захаваў дарагія для яго манеты. Некалькі раздаў сваім сябрам, а дзве манеты пакінуў свайму ўнуку, — удакладняе кіраўнік музея.

Ліст у адрас віцебскага калекцыянера інжынер скончыў наступнымі радкамі: «Захоўвайце гэтую манету, як захоўвалі яе Тапарковы каля 100 гадоў і 42 гады захоўваў яе я. Гэтая манета — дарагая рэліквія і памяць пра вялікага Пушкіна».

Сярод усіх помнікаў нумізматыкі і фалерыстыкі, а гэта больш за 1200 манет, памятных медалёў і ўзнагарод з калекцыі Галькевіча, уважлівага наведвальніка, верагодна, зацікавіць назва «Ордэн спрыяльных аблокаў». Гэтая ўзнагарода марыянетачнай дзяржавы Маньчжоу-го (створаная Японіяй на тэрыторыі Маньчжурыі) была зацверджана 1 сакавіка 1934 года. Большасцю ўзнагароджаных з'яўляліся прадстаўнікі японскай арміі і японскай адміністрацыі Маньчжоу-го. Узнагарода фактычна з'яўлялася эквівалентам японскага ордэна Узыходзячага сонца. Ордэн быў у васьмі класах.

Масонская калекцыя

Пра ролю калекцыянераў і даследчыкаў даўніны ў стварэнні першых музеяў горада расказваецца ў пачатку экспазіцыі.

— Можна даведацца пра калекцыі навукоўцаў, краязнаўцаў і археолагаў, аматараў гісторыі, якія ўнеслі свой уклад у развіццё музейнай справы на Віцебшчыне, — працягвае Таццяна Калеснікава.

Стваральніку першага прыватнага музея ў Віцебску Вацлаву Пятровічу Федаровічу прысвечаны адзін з чатырох тэматычных раздзелаў экспазіцыі. Ён нарадзіўся ў Магілёве, у 1872-м скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.

Потым служыў у Саратаве, Царыцыне, Ерэване, у 1884 годзе быў пераведзены ў Віцебск на пасаду прысяжнага паверанага. Федаровіч у канцы 1880-х адкрыў у сваім доме прыватны музей. Там экспанаваліся зброя, археалагічныя, нумізматычныя і этнаграфічныя матэрыялы. Пасля смерці збіральніка ў 1911-м яго калекцыя захоўвалася сваякамі, а пасля рэвалюцыі была нацыяналізавана і праз некаторы час увайшла ў склад Віцебскага аддзялення Белдзяржмузея...

У экспазіцыі прадстаўлены калекцыі халоднай і агнястрэльнай зброі, курыльных трубак, цыбукоў і табакерак, а таксама насценныя медальёны і скрыначкі, археалагічныя знаходкі, рукапісныя дакументы, масонская калекцыя.

Хто такі «Дбайны Літвін»?

У Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання.

Асаблівую цікавасць выклікае калекцыя масонскіх прадметаў. Яна з'яўляецца адной з найкаштоўнейшых у зборы Федаровіча. На жаль, значная частка прадметаў масонскай калекцыі знікла пасля рэвалюцыі 1917-га і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш поўна яе склад дазваляе рэканструяваць вопіс, складзены ў 1922-м загадчыкам Музея беларуска-польскіх старажытнасцяў Краснянскім, які ўключае ў сябе 164 нумары. Зараз у фондах музея 106 прадметаў з масонскай калекцыі Федаровіча. Частка з іх прадстаўлена ў экспазіцыі. Гэта друкаваныя выданні масонскіх лож на польскай мове, масонскага друку, накладкі: чэрап на перакрыжаваных касцях, шасціканцовая зорка з літарай «G» у цэнтры, накладка ў выглядзе зіхатлівага сонца з чалавечым тварам.

З агульнамасонскіх адметных знакаў і знакаў розных ступеняў і пасад прадстаўлены: «кельня» (знак вучнёўскай ступені) і знак ступені майстра іанаўскіх лож (у выглядзе цыркуля з перахрышчаных навугольнікаў).

Знакі рускіх лож прадстаўлены знакам ложы «Злучаных сяброў» і знакам з выявай святога Апостала Андрэя Першазванага; знакі лож, якія дзейнічалі на тэрыторыі цяперашняй Літвы, — знакам ложы «Дбайны Літвін».

— Каштоўнасць калекцыі Федаровіча не выклікае сумненняў у навуковым, гістарычным, культурным і пазнавальным плане, а яго дзейнасць як грамадзяніна і калекцыянера заслугоўвае ўдзячнасці і павагі, — падкрэслівае Таццяна Калеснікава.

Музей у кватэры

У ліку іншых прадстаўлены прадметы са збораў вядомага краязнаўца Сапунова, Кусцінскага, а таксама Антона Рафаілавіча Брадоўскага. Апошні стаяў каля вытокаў стварэння губернскага музея ў Віцебску. Ён нарадзіўся непадалёк ад горада Зарасай (сучасная Літва) у небагатай мяшчанскай сям'і. Самастойна вывучыў самыя розныя дысцыпліны, у тым ліку нумізматыку і сфрагістыку — дапаможную гістарычную дысцыпліну, якая вывучае пячаткі, матрыцы і іх адбіткі на розных матэрыялах.

У 1906 годзе ў двух пакоях сваёй кватэры ў Вільні адкрыў прыватны музей. У гады Першай сусветнай вайны Брадоўскі эвакуіраваўся ў Віцебск. Адгукаючыся на заклік губернскага аддзела народнай асветы аказаць садзейнічанне ў пытанні асветы, прапанаваў заснаваць у Віцебску музей і пагадзіўся перадаць для яго свае калекцыі. І ў лістападзе 1918-га быў прызначаны загадчыкам губернскага музея, а ў сакавіку 1919-га музей прыняў першых наведвальнікаў. У 1924-м пераехаў у ратушу і атрымаў статус Віцебскага аддзялення Белдзяржмузея, у якім Брадоўскі заняў пасаду навуковага супрацоўніка. Большая частка прадметаў, сабраных ім, захавалася.

У калекцыі Брадоўскага таксама можна ўбачыць выдатныя ўзоры рускага і еўрапейскага фарфору, вышыўкі і прадметы побыту XІX — пачатку XX стагоддзя, калекцыі ўзнагарод і памятных медалёў, камей, інталій (ювелірныя вырабы, упрыгожанні).

Баварскія грошы

Савецкія манеты прадстаўлены выпускамі з 1921-га да 1970 года. Ёсць усе наміналы манет: пачынаючы з 1/2 капейкі і заканчваючы рублём. Экспазіцыю дапоўнілі прадметы са збору віцебскага калекцыянера Міхаіла Іванавіча Калкова — памятныя рублі СССР 1965—1991 гадоў. У 1994 годзе калекцыянер падарыў музею больш за тысячу прадметаў: боны перыяду Грамадзянскай вайны, паштоўкі пачатку XX стагоддзя з відамі Віцебска, дарэвалюцыйныя кнігі, газеты і часопісы, памятныя манеты і медалі СССР.

— Асобным комплексам экспануюцца срэбныя манеты аб'яднанай Германіі XІX—XX стагоддзяў, якія выпускаліся некаторымі германскімі землямі ў рамках адзінай грашовай сістэмы. Пасля ўтварэння імперыі выпуск срэбных манет быў рэгламентаваны манетным законам 1873 года. Паводле яго, кожная з дзяржаў, якія ўвайшлі ў склад імперыі, валодала пэўнай свабодай у чаканцы 2-, 3- і 5-марачных манет, — працягвае Таццяна Калеснікава.

Прадстаўлены манеты Бадэна, Баварыі, Браўншвейга, Гесена, Саксоніі, Прусіі, Гамбурга і інш. Сярод іх шмат юбілейных, напрыклад памятная манета наміналам 3 маркі 1913-га, прысвечаная стагоддзю бітвы народаў пры Лейпцыгу і перамогі над Напалеонам.

Асобнай групай прадстаўлена падборка манет краін свету XVІІІ—XX стагоддзяў. Гэта манеты краін Еўропы, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, Аўстраліі, ЗША, Японіі, Кітая, Турцыі і інш. Яны даюць уяўленне аб разнастайнасці грашовых сістэм розных краін свету.

У музеі экспануецца ўнікальная для Беларусі калекцыя памятных медалёў Расійскай імперыі, СССР, замежных дзяржаў, а таксама калекцыя ўзнагарод Расіі, еўрапейскіх краін, Японіі і Кітая.

Басетгорн і фотазоны

Падчас экскурсіі можна паслухаць басетгорн — даволі рэдкі музычны інструмент, які любіў маэстра Моцарт. Музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання — цудоўнае месца для таго, каб зрабіць фота ў стылі рэтра на памяць пра Віцебск. Адпаведныя фотазоны, у тым ліку з відамі Віцебска канца XІX — пачатку XX ст., дапамагаюць узнавіць атмасферу таго горада, у якім жылі і збіралі свае калекцыі віцебскія калекцыянеры. І яны вельмі папулярныя. Як і квэсты, віктарыны, магчымасць засвоіць «Музейны алфавіт».

Часовыя выставы сучасных калекцыянераў вельмі запатрабаваны гледачамі. Напрыклад, з параўнальна нядаўніх: вельмі шмат людзей наведалі выставу прасаў — гэта быў сумесны выставачны праект з УП «Мінгардаведка». Калекцыя мінскага музея ўпершыню экспанавалася ў абласным цэнтры.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея вядомы краязнавец Валерый Шышанаў лічыць, што, безумоўна, кожны, хто прыедзе ў Віцебск, можа падчас шпацыру наведаць не толькі месцы, звязаныя з Шагалам, але і адзіны ў Беларусі музей, прысвечаны калекцыянерам.

Безумоўна, не ўсё з прыватных калекцый прадстаўлена. У прыватнасці, вядзецца навуковая праца па выяўленні манет Брадоўскага ў калекцыі нумізматыкі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, якая налічвае каля 32 тысяч манет. Важнай крыніцай па вывучэнні нумізматыкі з'яўляюцца рукапісныя каталогі, складзеныя Брадоўскім у 1920-я гады, якія захаваліся ў навуковым архіве абласнога музея. Гэта «Каталог наяўных у музеі манет, чаканеных для Расіі і яе ўскраін, пачынаючы з самых старажытных часоў і да цяперашняга часу» (1987 прадметаў) і «Кароткае апісанне замежных манет, наяўных у нумізматычнай калекцыі музея Антона Рафаілавіча Брадоўскага» (2640 прадметаў).

Віцебскі абласны краязнаўчы музей, дзякуючы філіялу, яскрава дэманструе, што беражліва захоўвае ўдзячную памяць пра многіх выдатных людзей, чые калекцыі з часу ўзнікнення музея папаўнялі яго збор.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара і з архіва музея

Загаловак у газеце: І ордэн... спрыяльных аблокаў

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.