Вы тут

Заканадаўчае замацаванне рашэнняў VІ УНС — аснова развіцця краіны на перспектыву


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. І. Качанавай на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання


Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!

Сёння пачынае работу пятая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Міжсесіённы перыяд быў насычаны важнымі падзеямі для нашай краіны.

Так, зусім нядаўна VІ Усебеларускі народны сход даў старт новай пяцігодцы.

Усе мы былі ўдзельнікамі гэтага маштабнага форуму, які аб'яднаў народ Беларусі пад дэвізам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць».

ухвалены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады, у якіх вызначаны прыярытэты на бягучую пяцігодку: «шчаслівая сям'я», «моцныя рэгіёны», «інтэлектуальная краіна», «дзяржава-партнёр»;

разгледжаны актуальныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця;

пастаўлены стратэгічныя задачы, якія стануць арыенцірамі для дзейнасці дзяржаўных органаў, працоўных калектываў і ўсяго беларускага народа.

У цэнтры дзяржаўнай палітыкі нашай краіны заўсёды быў і будзе чалавек, яго правы, свабоды і законныя інтарэсы, а грамадскімі каштоўнасцямі заўсёды будуць мір, стабільнасць, спакой і прагрэс.

Сёння Рэспубліка Беларусь вымушана супрацьстаяць шырокаму спектру пагроз, пра якія раней не магло быць і гаворкі.

На жаль, у жыццё ўсё больш трывала ўваходзяць паняцці эканамічных санкцый, двайных стандартаў, інфармацыйнай агрэсіі, фальсіфікацыі гісторыі, «каляровых рэвалюцый», гібрыдных войнаў.

Таму як ніколі актуальнай з'яўляецца задача па кансалідацыі грамадства з мэтай супрацьдзеяння новым выклікам сучаснасці.

Для гэтага, безумоўна, патрэбны эфектыўныя нарматыўныя рэгулятары і сучасная прававая сістэма, заснаваныя на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь створана Канстытуцыйная камісія, у склад якой увайшлі і члены Савета Рэспублікі.

Кіраўніком дзяржавы перад камісіяй пастаўлена надзвычай адказная задача — выпрацаваць прапановы па змяненні Асноўнага Закона краіны з улікам меркаванняў, якія паступілі ў ходзе правядзення дыялогавых пляцовак, работы грамадскіх прыёмных, разгляду зваротаў грамадзян.

Мадэрнізацыя шэрагу канстытуцыйна-прававых нормаў павінна садзейнічаць забеспячэнню нацыянальнай бяспекі і ўмацаванню правапарадку, дасягненню сацыяльнай стабільнасці і згоды ў грамадстве. Абноўленая Канстытуцыя стане базай для палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і грамадства на многія гады наперад.

Заклікаю ўсіх членаў Савета Рэспублікі сур'ёзным чынам уключыцца ў гэту дзейнасць. Бо вы прадстаўляеце цэлыя рэгіёны нашай краіны, а значыць, павінны праводзіць шырокамаштабную інфармацыйную работу па давядзенні да працоўных калектываў і насельніцтва рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, абмеркавання канстытуцыйных ініцыятыў і навацый.

Сёння, у Год народнага адзінства, як ніколі важная актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас, ад якой залежыць будучыня нашай дзяржавы і беларускага народа.

Паважаныя калегі!

У працэсе заканатворчай дзейнасці нам неабходна працаваць на апярэджанне — удасканальваць нарматыўную прававую базу з улікам сучасных рэалій.

Заканадаўства, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, «павінна не толькі аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні, але і папярэджваць магчымыя пагрозы. І гэта самае галоўнае».

Хачу адзначыць, што ў Савеце Рэспублікі зроблена многае ў гэтым кірунку.

У максімальна сціснутыя тэрміны ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі быў падрыхтаваны цэлы пакет законапраектаў — аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, удасканаленні крымінальнага і працоўнага заканадаўства, правядзенні масавых мерапрыемстваў, дзейнасці праваахоўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі і па шэрагу іншых пытанняў.

Законапраект аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму распрацаваны непасрэдна парламентарыямі па даручэнні кіраўніка дзяржавы. У ім будуць устаноўлены прававыя механізмы супрацьдзеяння гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, забарона на сімволіку і атрыбутыку фашысцкіх калабарантаў, якія ўдзельнічалі ў генацыдзе беларускага народа.

Мы не маем права забываць сваю гісторыю. Хатынь, спаленая дашчэнту, і яшчэ больш за дзевяць тысяч знішчаных вёсак назаўсёды застануцца сімвалам трагедыі нашага народа і вечнай памяці аб кожным трэцім загінулым беларусе.

Захаванне гістарычнай памяці — гэта перш за ўсё эфектыўная абарона ад шматлікіх спроб розных дэструктыўна і варожа настроеных у адносінах да нашай краіны сіл разбурыць у ёй мір і грамадскую згоду, раз'яднаць і аслабіць Беларусь.

Упэўнена, што выкажу агульную думку: грамадзяне павінны адчуваць сябе абароненымі ад тых, хто парушае іх правы і законныя інтарэсы, ад самавольства, якое спрабуюць учыніць замежныя «павадыры» і нашы мясцовыя марыянеткі.

Гэта датычыцца і дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Неабходна паставіць прававы заслон скажэнню і падтасоўцы фактаў, распаўсюджванню «фэйкаў». Нашы грамадзяне маюць права на атрыманне аб'ектыўнай і вартай даверу інфармацыі.

Крайне недапушчальны замах на асабістае жыццё і персанальныя даныя нашых грамадзян.

Блок гэтых законапраектаў закліканы садзейнічаць умацаванню правапарадку і грамадскай бяспекі ў нашай краіне.

Хачу падзякаваць старшыням пастаянных камісій за ініцыятыўнасць і настойлівасць у рабоце над гэтымі законапраектамі.

У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год, зацверджаным кіраўніком дзяржавы, нам трэба будзе ўдзельнічаць таксама ў распрацоўцы абсалютна новых для нацыянальнай прававой сістэмы законаў — «Аб лізінгавай дзейнасці», «Аб страхавой дзейнасці», «Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі», «Аб аб'яднаннях наймальнікаў» і шэрагу іншых.

На гэтай сесіі плануецца разгледзець больш за 30 законапраектаў. У іх ліку справаздачы аб выкананні найважнейшых фінансавых дакументаў — рэспубліканскага бюджэту і бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за мінулы год, а таксама праекты ў сферы дзяржаўнай службы, мытнага рэгулявання, сацыяльнай абароны, інавацыйнай дзейнасці і іншых сфер грамадскіх адносін.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У Беларусі вялікая ўвага аддаецца моладзі. Вырашэнне праблем, якія хвалююць маладых людзей, з'яўляецца складнікам дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльна-эканамічнага, культурнага і нацыянальнага развіцця краіны.

Разам з тым падзеі, што адбываюцца ў свеце, у тым ліку тыя, што закранулі летась і нашу краіну, сведчаць аб мэтанакіраваных спробах выкарыстоўваць моладзь у дэструктыўных антыграмадскіх дзеяннях.

У сувязі з гэтым у сваёй рабоце мы павінны зрабіць асаблівы акцэнт на пераемнасці традыцый і выхаванні ў моладзі грамадзянскасці, адказнасці і патрыятызму.

Неабходна накіраваць кіпучую энергію моладзі ў стваральнае рэчышча.

Напрыклад, у рэгіёнах функцыянуе каля 60 маладзёжных парламенцкіх структур. Летам мінулага года пры нашай падтрымцы сфарміраваны Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе. Патэнцыял такіх структур трэба максімальна выкарыстоўваць для ўзмацнення ўзаемадзеяння органаў улады і моладзі.

Маладыя людзі ўжо выступілі з шэрагам ініцыятыў, якія заслугоўваюць увагі і падтрымкі. Так, адбыўся І Беларускі маладзёжны парламенцкі форум, у рамках якога падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Каманда будучыні». Створана новае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Рух наперад».

Рэалізацыя такіх праектаў садзейнічае раскрыццю творчага пачатку і лідарскіх якасцяў моладзі, падрыхтоўцы кадравага рэзерву кіраўнікоў.

Перспектыўным фарматам узаемадзеяння членаў Савета Рэспублікі з навучэнскай моладдзю становіцца інфармацыйна-адукацыйны праект «ШАГ».

Маладыя людзі сталі частымі гасцямі ў Савеце Рэспублікі. Школьнікамі асабліва запатрабаваны адкрытая размова і дыялог. Ён выклікае жывую цікавасць да парламенцкай дзейнасці і функцыянавання дзяржаўных інстытутаў у цэлым.

Хачу адзначыць творчы падыход да работы з моладдзю членаў Савета Рэспублікі Тамары Анатольеўны Шатлікавай і Аляксандра Сяргеевіча Карпіцкага, якія арганізавалі сярод навучэнцаў двух раёнаў Брэсцкай вобласці конкурс сачыненняў на тэму «Калі б я быў сенатарам». Вынікі мы падвялі ў Савеце Рэспублікі, уручылі пераможцам дыпломы і правялі з вучнямі сустрэчу ў фармаце адкрытага дыялогу.

Гэта вельмі добрая ініцыятыва, якая павінна атрымаць працяг і развіццё.

Па прапанове нядаўна створанай у Савеце Рэспублікі пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» адбыліся сустрэчы з курсанткамі Акадэміі МУС, Магілёўскага інстытута МУС, навучэнцамі Полацкага каледжа. Дзякуй Таццяне Генадзьеўне Полушкінай за падтрымку гэтай ініцыятывы.

Нам і надалей варта больш актыўна сустракацца з маладымі людзьмі, інфармаваць аб сваёй дзейнасці, спрыяць фарміраванню ў маладзёжным асяроддзі прававой культуры, навыкаў ацэнкі грамадска-палітычных падзей, якія адбываюцца ў краіне і свеце.

Паважаныя калегі!

Савет Рэспублікі пастаянна ўдасканальвае формы і метады сваёй дзейнасці, апрабоўвае новыя актуальныя кірункі.

Добрай практыкай сталі тэматычныя выязныя пашыраныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце разгледжаны пытанні патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі ў кантэксце выклікаў сучаснасці, у адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска — вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2020 годзе.

Правядзенне мерапрыемстваў у такім фармаце будзе працягнута. У нашых планах — абмеркаваць развіццё сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, удасканаленне падрыхтоўкі прызыўнікоў да службы ва Узброеных Сілах, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу ў мэтах забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Акрамя таго, у нашай дзейнасці актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі.

У лістападзе 2020 года абмеркаваны перспектывы кластараў у Беларусі на прыкладзе нафтахімічнага кластара г. Наваполацка, выпрацаваны рэкамендацыі ў частцы фінансавання інавацыйных праектаў, кадравай палітыкі ў галіне кіравання кластарамі, юрыдычнага суправаджэння іх дзейнасці.

На пасяджэнні навукова-кансультатыўнага савета, якое мае адбыцца, плануецца разгледзець праблемы падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных галін эканомікі і вызначыць шляхі іх вырашэння.

Як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, Савет Рэспублікі самую пільную ўвагу аддае пытанням развіцця рэгіёнаў.

У рамках выканання задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, члены Савета Рэспублікі ўдзельнічаюць у маніторынгу цэн у гандлёвых сетках, актыўна працуюць з насельніцтвам.

З пачатку года адбылося больш за 500 сустрэч з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі, насельніцтвам па месцы жыхарства.

Праведзена больш чым 160 асабістых прыёмаў грамадзян (уключаючы выязныя), падчас якіх прынята 640 чалавек. Усяго разгледжана больш за 1600 зваротаў.

Але галоўнае не статыстыка, а канкрэтны вынік. Дапамагчы многім людзям удалося дзякуючы асабістаму ўдзелу сенатараў.

Грамадзяне выказалі ўдзячнасць Віктару Міхайлавічу Ананічу, Васілю Пятровічу Маркевічу, Валерыю Мікалаевічу Палішчуку, Віктару Іванавічу Чайчыцу, Феліксу Валянцінавічу Яшкову.

Мы абавязаны памятаць: усё, што хвалюе чалавека, павінна быць пастаянна ў фокусе нашай увагі. Бо чулыя і ўважлівыя адносіны, дапамога ў вырашэнні, здавалася б, нават самых нязначных праблем уплываюць на стаўленне людзей да ўлады і ўзровень даверу да яе.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Вялікая ўвага намі аддаецца пашырэнню міжнароднага парламенцкага супрацоўніцтва, якое сёння развіваецца, шчыра скажам, у няпростых умовах. Многім не па душы стабільнасць і дынамічнае развіццё Беларусі, яе самастойная ўнутраная і знешняя палітыка. Рэспубліка падвяргаецца непрыкрытаму эканамічнаму і палітычнаму прэсінгу. На жаль, у гэтым істотную ролю адыгрываюць заканадаўчыя органы і парламентарыі краін Захаду, а таксама міжпарламенцкія арганізацыі. Працягваецца мэтанакіраванае знешняе ўмяшанне ва ўнутраныя справы нашай краіны, асноўнай мэтай якога з'яўляецца змена яе канстытуцыйнага ладу і дзяржаўнага курсу, які праводзіцца.

Знешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы імкнуцца арганізаваць міжнародную ізаляцыю беларускай дзяржавы. Але, нягледзячы на гэта, умацоўваюцца нашы міжпарламенцкія сувязі з краінамі СНД, Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На запрашэнне да дыялогу адгукнуўся Сенат Французскай Рэспублікі. Кіраўнік міжпарламенцкай групы «Францыя — Беларусь» у сваім пасланні на адрас Савета Рэспублікі падкрэсліў, што «французская група настроена прытрымлівацца ўзважанай і канструктыўнай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі ў адпаведнасці з прынцыпамі міжпарламенцкіх груп сяброўства ў Сенаце Францыі».

У цяперашні час ідзе падрыхтоўка беларуска-французскага парламенцкага вэбінара. У развіцці міжпарламенцкіх сувязяў будуць выкарыстаны магчымасці гарадоў-пабрацімаў дзвюх краін.

Старшыня Пастаяннай камісіі Сената Італіі па замежных справах і эміграцыі выказаў занепакоенасць уздзеяннем сітуацыі ў нашай краіне на рэгіянальную бяспеку і стабільнасць. У мэтах актывізацыі міжпарламенцкага супрацоўніцтва будзе праведзена відэаканферэнцыя паміж верхнімі палатамі беларускага і італьянскага парламентаў з удзелам кіраўніцтва палат.

Беларускія сенатары ў рамках Камісіі Парламенцкага Сходу па пытаннях знешняй палітыкі вядуць сур'ёзную работу па падрыхтоўцы міжнароднай канферэнцыі, дзе будуць разгледжаны пытанні выканання правоў і свабод грамадзян у замежных краінах і Саюзнай дзяржаве, меры па супрацьстаянні знешнім выклікам і пагрозам, захаванні гістарычнай памяці, супрацьдзеянні спробам гераізацыі нацызму і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

Нам варта праяўляць большую настойлівасць і наступальнасць у міжнароднай парламенцкай дзейнасці на еўрапейскім напрамку, аператыўна рэагаваць на недружалюбныя выпады і аргументавана прасоўваць свае пазіцыі, у тым ліку шляхам накіравання ў міжнародныя міжпарламенцкія структуры нашых заяў і каментарыяў.

Кожнаму члену Савета Рэспублікі неабходна валодаць актуальнай інфармацыяй аб нашай краіне і даводзіць яе да замежных калег. Бо парламентарызм — дзейсны інструмент канструктыўнага партнёрства, які закліканы ліквідаваць перашкоды і недастатковае разуменне, знаходзіць кампраміс і ўзгадняць пазіцыі.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Пачатак вясенняй сесіі парламента супадае з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Гэта асаблівае свята для нашых краін. Час, які мінуў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, даказаў: прынятае рашэнне было правільным. Сёння ні ў кога не выклікае сумнення, што Саюзная дзяржава — гэта паспяховая форма інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Мы павінны даражыць дасягнутым і сумесна з расійскімі парламентарыямі садзейнічаць далейшаму пашырэнню супрацоўніцтва, стварэнню эфектыўнай прававой базы саюзнага будаўніцтва.

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Чарговы VІІІ Форум на тэму «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў эпоху лічбавізацыі» пройдзе ў Расійскай Федэрацыі ў чэрвені.

Дарагія сябры, карыстаючыся магчымасцю, дазвольце павіншаваць вас з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі.

Работа нашых сенатараў пастаянна на вачах і, што прыемна, атрымлівае высокую ацэнку. Сёння я з вялікім задавальненнем павіншую нашых калег з дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Васіль Пятровіч Маркевіч узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы.

Аляксандру Мікалаевічу Шышко прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», Андрэю Уладзіміравічу Русаковічу — званне прафесара.

Іван Іванавіч Галаваты ўдастоены Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі.

Падзяка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлена Каліне Віктараўне Капуцкай, Ігару Барысавічу Каско і Аляксандру Мікалаевічу Шышко.

Гэтыя ўзнагароды з'яўляюцца прызнаннем вашых дасягненняў і заслуг. Я ўпэўнена, што яны стануць сімвалам для яшчэ больш актыўнай і дынамічнай работы.

Паважаныя калегі!

Задач у нас шмат. Для іх выканання патрабуюцца поўная самааддача, канцэнтрацыя сіл, здольнасцяў і ведаў.

Мы павінны стаць сілай, якая кансалідуе грамадства ў адказны для краіны перыяд. Толькі разам мы зможам дабіцца пастаўленых мэт на карысць нашай роднай Беларусі.

Жадаю ўсім вам здароўя, поспехаў і плённай работы.

Дзякуй за ўвагу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».