Вы тут

Уваскрэсенне Хрыста — надзея на вечнае жыццё


З Пастырскага паслання на Вялікдзень 2021 года біскупа Казіміра Велікасельца, Апостальскага адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Чарговы раз мы адзначаем галоўнае хрысціянскае свята — Вялікдзень. Урачыстасць Пасхі канцэнтруе нашую ўвагу на асноўнай таямніцы хрысціянскай веры...

Азіраючыся на гісторыю збаўлення чалавецтва, мы можам зразумець, што ўсё Святое Пісанне канцэнтруецца вакол асобы Ісуса Хрыста, які памёр і ўваскрэс, бо ў пасхальным здарэнні спаўняюцца ўсе абяцанні Бога. Мы верым, што Хрыстос сваёй крывёю вызваліў увесь свет ад ярма граху і смерці і, уваскрэсшы, даў нам надзею на ўдзел у вечным жыцці ў супольнасці святых. Вялікдзень для вернікаў — гэта гарантыя ўваскрэсення да новага жыцця ў міры, справядлівасці і бясконцай славе...

Уваскрэсенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць — гэта яшчэ не канец. Таму адзінае, што нас павінна хваляваць, гэта каб мы не апынуліся ў стане духоўнай смерці. Смерць у такім сэнсе азначае жыццё, аддаленае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху — свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзяў. Цялесная смерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцця, які пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы.

Радасная навіна аб уваскрэсенні Ісуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлі, удзельнічаем у вечным жыцці. Дзякуючы ўваскрэсенню Хрыста ў кожным верніку ёсць зерне ўваскрэсення...

Ужо больш як год людзі свету перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні. Пандэмія каранавіруса яшчэ раз паказала, якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій. Нябачны воку вірус уціхамірвае людскую пыху.

Гэты вірус прынёс бяду ў нашыя дамы і на нашыя вуліцы. Нам можа здавацца, што Бог маўчыць, пакуль церпяць невінаватыя. Хрыстос вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў.

Пустая магіла, у якую паклалі цела Ісуса, сімвалізуе мост, што пабудаваў Хрыстос, — мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяй. Ідучы шляхам Месіі, мы таксама можам будаваць масты еднасці нават там, дзе гэта здаецца немагчымым. Мы спадзяёмся, што пасля смерці нас не чакае небыццё. Уваскрэсенне — гэта мост, які вядзе за межы смерці. Ад нас залежыць, ці захочам мы, каб кожны жыццёвы выбар набліжаў нас да жыцця з Богам, бо цялесная смерць можа адкрыць нам Божае Валадарства ў поўнай меры.

Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і з'яднання. Дзякуючы гэтаму мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрэсення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі. Сіла ўваскрэсення, атрыманая падчас хросту, дзейнічае ў нас, калі ў нас ёсць гатоўнасць любіць, ісці за нашым Панам, калі мы маем настойлівасць у ахвярнасці дзеля іншых, вернасць парывам сэрца, якія дапамагаюць нам пераадольваць эгаізм.

Чалавек носіць у сабе вобраз нябачнага Бога, а таму праяўленне любові да бліжняга паказвае, наколькі мы любім нашага адзінага Айца ў Небе. Памятайма, што праз сваё ўваскрэсенне Хрыстос запрашае нас стаць больш чалавечнымі. Ісус перасцерагае нас ад такой формы веры, калі чалавек толькі кліча «Пане, Пане», але насамрэч не выконвае волю Бога, бо ігнаруе патрэбы сваіх братоў і сясцёр.

Любоў да Бога і да бліжніх патрабуе канкрэтнага выражэння ў словах і справах. Асабліва прашу бескарысліва дапамагаць тым у нашай светлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыццёвымі абставінамі і не можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе. Што б ні адбывалася вакол нас — не бойцеся чыніць дабро...

Дарагія браты і сёстры, жадаю вам радасці і надзеі, якую нясе Уваскрэслы Хрыстос. Будзем разам спяваць радаснае «Алілуя», праслаўляючы Бога за тое, што мы ўжо нясём у сабе частку неба.

Віншую католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята!

Віншую нашых праваслаўных братоў, якія цяпер, падчас Вялікага посту, рыхтуюцца да святкавання пасхальнага таінства. Дарагія праваслаўныя і ўсе людзі добрай волі, аб'яднаўшы нашы намаганні, мы можам быць знакам еднасці і надзеі для свету.

На радаснае і плённае перажыванне Вялікадня ад усяго сэрца вас бласлаўляю.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».