Вы тут

Вольга Вараб’ёва: Фальклор мае харызму — застаецца толькі яе падаць


Надзея і перажыванне, узнёсласць і затуханне, акрыленасць і туга — бадай, ніводнае з мастацтваў не валодае такім моцным зарадам эмоцый, як музыка. Яна авалодвае нашымі пачуццямі раней, чым яе спасцігае розум, казаў Рамэн Ралан. А калі музыка народжана голасам — моц уздзеяння павялічваецца. Лірычнае выказванне душы, увасобленае голасам без акампанемента, — штосьці сакральнае і патрабуе разгадкі. Карані а капэла ў далёкім мінулым — народнай творчасці, царкоўных спевах. Яркія прадстаўнікі гэтага жанру сёння — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь вакальная група «Камерата»: голасам без акампанементу яны ствараюць сапраўдныя дзівосы, да таго ж імітуюць музычныя інструменты, гукі прыроды. Пра сутнасць а капэла, натхненне, уздзеянне фальклору — гутарка з мастацкім кіраўніком «Камераты» Вольгай Вараб’ёвай. 


— Жанр а капэла аўтэнтычны і мае глыбокія традыцыі харавых спеваў без інструментальнага суправаджэння. Вам ніколі не хацелася дадаць акампанементу? Каб голас аздобіць, дапоўніць...

— Хочам і дапаўняем. Але робім гэта таксама галасамі. Часам магчымасці апаратуры дазваляюць стварыць эфект, як быццам гучыць электрагітара. Мы імітуем усе інструменты: і ўдарныя ўстаноўкі, і нават сінтэзатар. Усё можам адлюстраваць самі. У нас ёсць база, класічная музычная адукацыя, якую дае кансерваторыя. На аснове гэтага — усё, што мы паспрабавалі і да гэтага часу спрабуем, эксперыментуем, не стамляючыся.

— Вашы кампазіцыі — a capella world music на аснове беларускага неафольку. Такім чынам, фальклор ззяе новымі фарбамі, раскрывае сваё багацце?..

— Многія ўпэўнены, што мы спяваем народныя песні, ды на самай справе гэта аўтарскія, але яны ўспрымаюцца як народныя — усё дзякуючы незвычайнаму гучанню. Можна сказаць, гэта інтэрпрэтацыя нашага бачання народных крыніц, думак, песень.

Мяне ўвогуле натхняе фальклор не толькі Беларусі, але і сусветны. Яшчэ — адмысловыя рытмы, відэарад. Усё гэта можа перакраіцца і выстраіцца ў маёй канцэпцыі новага твора. Фальклорныя традыцыі розных краін цікавыя тады, калі пададзены арыгінальным чынам, у апрацоўцы. Фальклор звычайна настолькі глыбока залягае, што мае сваю харызму першапачаткова — яе застаецца толькі падаць. А як — задача інтэрпрэтатара. Гэта вельмі цікава. Наогул, зрабіла для сябе адкрыццё, што фальклорныя традыцыі розных краін пераклікаюцца нават інтанацыйна: узяць, напрыклад, беларускі фальклор і ўсходні — знойдзеш агульныя моманты. Такім чынам, народ унутры мае агульнасць, сусветную цэласнасць. Вось чаму мы зразумелыя. У тым жа Іране ці Кітаі, дзе выступала «Камерата», нас прынялі на «ўра». Аднак адкуль ім было зразумець нашу музыку, нашу душу? Але ўсё атрымалася — вось яна, унутраная цэласнасць.

— Вашы выступленні — як міні-спектаклі, тэатралізаваныя прадстаўленні. Наколькі важнае поруч з рэпертуарам напаўненне сцэнічнае?

— Кожная кампазіцыя прадугледжвае сюжэт, які працуе на ідэю. Слоў няшмат, і яны існуюць не як паэтычны момант, а для раскрыцця музыкі. Словы не самастойныя, а ў кантэксце музыкі. У пастаноўцы з намі працуе харэограф з філармоніі Павел Жураўлёў. Ён таленавіты пастаноўшчык, які разумее нашу музыку, і важна, што мы глядзім не ў розныя бакі. Такім чынам, разам працуем на сцэнічны вынік.

— У кожнага з удзельнікаў вашага калектыву ёсць нейкая «фішка». Пэўна, гэта робіць «Камерату» ўнікальнай?

— Стабільны склад калектыву ў нас быў да 2015 года, мы не мяняліся з 1995-га. Але заснавальнік «Камераты» Алег Шыкуноў з’ехаў у Амерыку, застаўся там жыць. Потым мастацкім кіраўніком быў Ігар Мельнікаў. Пасля яго — я. І стыль памяняўся. Усе сённяшнія праграмы — на аснове майго рэпертуару. Кожны ўдзельнік калектыву прыўносіць сваю фарбу, харызму. Гэта вельмі важна. Напрыклад, у Эдварда Ланге выдатны аксамітны голас, абертоны — усё гэта добра ўпісалася. Яго музычны густ адпавядае нашым настроям. Эдвард і сваю музыку піша — вельмі цікавая асоба.

— Філіп Смялоў у «Камераце» — бітбоксер. А капэла трансфармуецца ў бітбокс?

— Сувязь ёсць, бо а капэла — тое, што вы спяваеце голасам. Бітбокс, як і а капэла, — таксама жывое выкананне. Дарэчы, асаблівасць «Камераты» — заўсёды жывы гук. Хоць у нас шукалі шмат разоў якую-небудзь фанаграму, ніхто не знайшоў, таму што яе проста няма. Мы адрозніваемся не толькі стылем і жанрам, але і жывымі канцэртамі, а гэта рэдкасць. Бітбокс жа выкарыстоўваем як галасавую фарбу, гэта цікавая сучасная фішка, якая можа знайсці водгук у моладзі. Бітбокс даўно выкарыстоўваецца ў той жа Германіі, у іх добра развіта творчасць а капэла, але іншыя кампазіцыі, жанры. Заходнееўрапейскія групы ў асноўным працуюць у стылі кавераў: бяруць нейкі вядомы хіт, апрацоўваюць яго і робяць цікавыя шоу. Публіка прыходзіць на канцэрты і адпачыць, і пасмяяцца — выступоўцы ўмеюць завесці. Як прыклад — група «Six Pack» з нямецкага горада Байройта, дзе жыў і працаваў Вагнер, а цяпер знаходзіцца знакаміты оперны тэатр. Удзельнікі групы «Six Pack» уражваюць як вакалісты, робяць вельмі цікавыя праграмы. Нас звязвае вялікая творчая дружба.

— Калі вы былі на гастролях у замежных краінах, ці перанялі якія-небудзь экзатычныя гукі?

— Вядома, у нас, напрыклад, ёсць кампазіцыя «Усходняя» — з’явілася пасля Дзён культуры ў Іране. Сярод розных дзіўных экзатычных інструментаў мы там слухалі сітар. Гукі гэтыя ўжо ўвасоблены ў нашых кампазіцыях. Выкарыстоўваем для стылістычнай афарбоўкі. Дарэчы, калі нас запрашаюць на які-небудзь фестываль, просяць праспяваць на мове краіны. Напрыклад, мы ездзілі ў Казахстан — таксама на Дні культуры — спявалі па-казахску, у Нарвегію — па-нарвежску. А яшчэ — па-ўкраінску, па-французску... Але мы заўсёды расказваем пра нашу краіну: якая ў нас прыгожая прырода, якія людзі спагадлівыя. Падчас калядных канцэртаў у Германіі перад кожным выступленнем расказвалі пра беларускія народныя традыцыі, каб слухачы зразумелі наш дух і ім было цікава.

— Чым адрозніваецца замежная публіка?

— Калі параўнаць нашу публіку і замежную, нюансы ёсць у кожнай краіне. Напрыклад, асаблівая публіка ў Кіеве. Моцная эмпатыя: яны тонка адчуваюць музыку, чуюць гармонію, усе галасы. Тое, што мы транслюем, успрымаюць з лёгкасцю. Таму кіеўскія канцэрты самыя яркія па публіцы, па эмацыянальным адказе на наша выступленне. Украінская публіка непаўторная. Нарвегія — гледзячы куды прыедзеш: калі на поўнач — слухачы больш закрытыя, стрыманыя, але потым, калі канцэрт заканчваецца, устаюць як лес (гэты народ высокі, дужы) — і незмаўкальныя апладысменты. Цікавая публіка ў Германіі, у прыватнасці тая, якая спецыяльна прыязджае на фестывалі а капэла. Гэты жанр у іх папулярны ў адрозненне ад нас. У Беларусі, акрамя «Камераты», калектываў без суправаджэння я і не ведаю. А ў Германіі, Швейцарыі такіх вельмі многа. У нас шмат сяброў адтуль — тыя калектывы, з якімі мы сустракаліся на а капэла-фэстах. Людзі прыходзяць паслухаць жывыя спевы — заўсёды неверагодныя авацыі. Ідзе моцны энергаабмен: публіка не толькі слухае, але і аддае сябе. Гэта вельмі стымулюе. Калі ты акрылены выходзіш з канцэрта — на шчасце, гэта заўсёды так, — хочацца рабіць нешта далей і здзіўляць.

— У вас былі канцэрты з нашымі гуртамі — напрыклад з фольк-мадэрн-групай «Палац». Часта практыкуеце сумесную творчасць?

— Калі ёсць музыкант такога прафесійнага ўзроўню, з якім мы можам дазволіць сабе выступаць у адным канцэрце, — гэта каштоўна. «Палац» ведаем даўно, гурт яркі, песні запамінальныя. Мы шмат ездзілі па фестывалях, сустракаліся. З «Палацам» рабілі «Калядную казку». Алег Хаменка ідэальна валодае вакальнымі фіярытурамі і этнічнымі тонкасцямі, ён майстар гэтай справы, з ім было вельмі цікава працаваць. Ён столькі можа расказаць пра гісторыю стварэння беларускіх фальклорных песень! Алег ведае этнічную сутнасць, варыцца ў гэтым. Цікавая яго інтэрпрэтацыя, як ён спявае. Калядная тэма крыху ў стылі Хаменкі і напісана. І выкананне было вельмі арганічным. Я задаволена гэтым праектам.

— З кім яшчэ выступалі?

— З вакальнай групай «Чысты голас» рабілі праграму ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва. Цікавы праект атрымаўся, калі запрасілі ў 2014 годзе «Лонданскі квартэт» — вядомы брытанскі а капэла-калектыў высокага ўзроўню. Пазнаёміліся з імі ў Германіі, пасябравалі. Англійскае пасольства дапамагло з арганізацыяй. Атрымаўся надзвычайны канцэрт (адно аддзяленне было «Камераты», другое — «Лонданскага квартэта»). Іх тонкі англійскі гумар прыйшоўся даспадобы нашай публіцы. Важна, што яны вядуць канцэрт на мове той краіны, куды прыязджаюць. Як хутка вучаць мову, не разумею! Усе жарты плаўна пераходзілі ў кампазіцыі. І неверагоднае шоу: тонка, арганічна і прафесійна.

— А чаго не хапае на дадзеным этапе вашаму жанру, музыкантам у краіне?

— Для працы ў нас добрыя ўмовы ў філармоніі, ёсць клас з люстэркамі, што вельмі важна. Хацелася б, вядома, большай прасторы, каб разгарнуцца з харэаграфічнымі канцэпцыямі. Але тое, што ёсць, — апаратура, памяшканне, — гэта важна. Дах над галавой маецца — не прамокнем пад дажджом, дзякуй Богу. Стараемся працаваць, пісаць цікавыя кампазіцыі і прыцягваць аўдыторыю на нашы канцэрты. Дарэчы, найбліжэйшыя — 19 мая, 25 верасня і 23 снежня.

— Вы ўяўляеце сябе без музыкі?

— Для мяне музыка — гэта ўсё: дыханне, жыццё, вельмі шмат. Да таго ж усе мае блізкія звязаны з музыкай. Ад гэтага нікуды не падзецца, гэта гены, якія перадаюцца. У мяне і сястра — музыкант-прафесіянал, піяністка. Дарэчы, я таксама піяністка, але аддала перавагу вакальнаму жанру. Ды класічныя адукацыйныя навыкі, якія былі атрыманы, вельмі спатрэбіліся. Фартэпіяна і цяпер заўсёды побач. Іграю, спрабую нешта новае скласці. Валоданне інструментам дапамагае. І дачка мая вучылася ў музычным ліцэі, іграла на флейце, у яе выдатны голас, выступала ў інстытуце, спявала, але ўсё ж вырашыла стаць эканамістам. Натуральна, маленькай была на ўсіх нашых рэпетыцыях, канцэртах. Яна з разуменнем ставіцца да маёй працы, але для сябе шлях абрала іншы.

— А што для вас шчасце?

— Шчасце — калі любімыя людзі побач, у парадку, калі ёсць куды прыйсці, быць разам. Калі ведаеш, што ёсць надзейнасць, стабільнасць у спалучэнні з любімай справай: выходзіш на сцэну і разумееш, што гэта ўсё нездарма. Аддаеш энергію, у якой маюць патрэбу. Калі перадаеш каханне, думкі, пачуцці і гэта атрымліваецца. Калі цябе разумеюць, успрымаюць — вось моманты шчасця. Іх я адчувала на сцэне. Стаіш і думаеш: «Божа, як выдатна: як мы ўсё адгадалі!» Прыемна ўсведамляць, што ты ўсё робіш правільна. У той жа час уся мая музыка — гэта адступленне ад нормаў. Мне нецікава рабіць тое, што ўжо зроблена, пройдзена. Які сэнс выходзіць і спяваць той жа джаз без свайго соусу, калі гэта ўжо зроблена прафесійнымі зоркамі... Навошта перапяваць? Трэба рабіць сваё, калі хочаш быць запатрабаваным. Трэба мець свой твар. Калі ты інтэрпрэтуеш нешта чужое — зрабі, падай па-свойму, а проста перайграць або сыграць не горш — мне гэта сумна.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.