Вы тут

Дабро не мае межаў. Чым займаецца Беларускі саюз жанчын Беларусбанка


На пачатку вясны адсвяткавала сваё 20-годдзе аб’яднаная арганізацыя Беларускага саюза жанчын ААТ «АСБ Беларусбанк». Гасцямі ўрачыстага мерапрыемства сталі старшыня ГА «БСЖ» Алена Богдан, ідэйны натхняльнік стварэння «пярвічкі» ў «Беларусбанку» Надзея Ермакова, кіраўнікі жаночай арганізацыі розных гадоў Марына Лянчэўская і Таццяна Міхайлоўская. Сустракала гасцей цяперашні старшыня Ала РАЙЦЭС. У адрас жанчын банка гучала шмат добрых слоў. Так, старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Віктар Ананіч адзначыў, што ён ганарыцца тым, што працуе плячо ў плячо з вельмі адукаванымі і разам з тым абаяльнымі, спагадлівымі жанчынамі, якія вызначаюцца і прафесіяналізмам, і грамадскай актыўнасцю, і нераўнадушшам. Многія ў гэты дзень атрымалі ўзнагароды — Ганаровыя граматы ГА «БСЖ», лісты Падзякі і памятныя падарункі.


Сёння жаночая арганізацыя ААТ «ААБ Беларусбанк» аб’ядноўвае некалькі тысяч супрацоўніц банка па ўсёй краіне. Пра гісторыю, цікавыя ініцыятывы і добрыя справы нам расказала яе старшыня Ала Райцэс.

— Першае структурнае падраздзяленне Беларускага саюза жанчын у нас было створана ў цэнтральным апараце (цяпер гэта галаўны офіс) 5 сакавіка 2001 года і налічвала 76 членаў. Ідэйнай натхняльніцай жаночага руху стала Надзея Андрэеўна Ермакова, а першым і доўгі час нязменным кіраўніком была Наталля Іванаўна Петрачкова.

«Пярвічка» расла, у хуткім часе яна стала аб’яднанай арганізацыяй ААТ «ААБ Беларусбанк» ГА «Беларускі саюз жанчын». Сёння ў нас 128 нізавых арганізацый, у тым ліку створаных у даччыных кампаніях банка — «ААБ Лізінг», «ААБ Кансалт», санаторыі «Спадарожнік». Мы аб’ядноўваем 7752 жанчыны, і гэта самая вялікая структура ў краіне.

Беларускі саюз жанчын вядомы сваімі дабрачыннымі справамі. Мы таксама шмат увагі надаём гэтым напрамкам. Аб’яднаная арганізацыя банка аказвае дапамогу цяжка хворым жанчынам і дзецям, іншым катэгорыям грамадзян, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Мы актыўна ўдзельнічалі ў акцыі «Марафон падтрымкі» медыкам і медыцынскім установам ва ўмовах пандэміі СОVІD-19. Традыцыйна загадзя рыхтуемся да навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», наведваем сацыяльныя прытулкі, дзіцячыя дамы, дамы сямейнага тыпу (наш банк, дарэчы, пабудаваў і курыруе 16 такіх дамоў). Летась падтрымка аказана на 56,5 тысячы рублёў. Штогадовымі для нас сталі акцыі «Дабро не мае межаў» (яна ахоплівае дзяцей-сірот памерлых работнікаў банка, такіх 52), «Збяром партфель разам» — дапамога школьнікам напярэдадні новага навучальнгага года. Арганізацыя цесна супрацоўнічае з Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтрам для дзяцейінвалідаў: дзевяць дзяцей-інвалідаў работнікаў банка з розных рэгіёнаў прайшлі бясплатную медыцынскую рэабілітацыю ў гэтай установе.

Сёлета ў лютым пярвічныя арганізацыі Саюза жанчын банка правялі акцыю «Марафон добрых спраў», мэтай якой стала падтрымка тых, хто мае патрэбу ў цёплых рэчах. Марозная зіма сама падказала вектар работы. Былі сабраны прадметы першай неабходнасці, пасцельныя рэчы, зімовая вопратка і абутак, якія перадалі манастырам і касцёлам, падраздзяленням Чырвонага Крыжа, у дамы начнога прытулку, сем’ям, дзе часова не працуюць бацькі, і г. д.

Не засталіся па-за нашай увагай у сцюдзёнае надвор’е і бяздомныя жывёлы: у зоаабарончыя арганізацыі і валанцёрам былі перададзены сотні кілаграмаў кармоў, лекі, вакцыны, латкі і іншае. Некаторых жывёл удалося забраць з вуліцы і ўладкаваць на ўтрыманне. Здавалася б, дробязь — ратаваць кацянят ад марозу, як было, напрыклад, у Воранаве. Але гэтая наша ініцыятыва выклікала жывы водгук, нам дагэтуль тэлефануюць, хтосьці — каб выказаць падзяку, іншыя прапануюць сваю дапамогу.

Мне пашчасціла быць дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу. Запалі ў душу словы Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі: «Як толькі нас падзеляць у нашым уласным доме — мы будзем асуджаны, мы загінем. Мы не павінны дапусціць гэтага падзелу». Такія словы не пакінулі абыякавымі ў зале ніводнага чалавека. «Пакуль мы адзіныя — мы непераможныя» — не проста лозунг. Тут закладзены глыбокі сэнс, гістарычны вопыт і гістарычная памяць народа. Пакуль мы ўсе разам (няхай розныя, няхай у кожнага свае мэты і погляды), мы можам многае: захаваць цэласнасць і незалежнасць краіны, прызнаць памылкі і пайсці далей.

Жанчыны Беларусі мудрыя і справядлівыя. Па сваёй сутнасці жанчына — стваральніца, а не разбуральніца, яна — цэнтр Сусвету. Яна заклікана нараджаць і выхоўваць дзяцей, уладкоўваць дом, клапаціцца пра старых і дапамагаць слабым. Я не перастану паўтараць, што жанчыны Беларусі адукаваныя і разумныя, ініцыятыўныя і таленавітыя, адкрытыя і добрыя, цярплівыя і мудрыя. Незалежна ад прафесіі і пасады, яны не баяцца цяжкасцей, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, узяць на сябе адказную і складаную работу і давесці даручаную справу да канца. Я пераканана, што ўсе памкненні жанчын ідуць ад чыстага сэрца і з найлепшымі намерамі. І будзьце ўпэўнены, што ўсё дабро, якое жанчына нясе ў навакольны свет, абавязкова ёй вернецца. Няхай усе выдатныя якасці кожнай з нас, памножаныя на тысячы іншых, і ў будучыні застануцца візіткай жанчын нашай Беларусі.

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.