Вы тут

Арцём Шаплыка: Як выканаўца, артыст, ты павінен перажыць у сабе велізарную колькасць гісторый і пераўвасабленняў


29 сакавіка адзначаўся Сусветны дзень фартэпіяна. Мінск упершыню далучыўся да гэтай традыцыі летась,а сёлета мінчан таксама чакалі цікавыя падзеі і выступленні музыкантаў. У іх узяла удзел і музычная школа «АртГранд», якую ўзначальвае піяніст і педагог Арцём Шаплыка. Мы пагутарылі з ім пра музыку, прафесію, класічнае і сучаснае мастацтва.


— Сусветны дзень фартэпіяна праводзіцца па традыцыі ў 88-ы дзень года — па колькасці клавіш на інструменце. У гэтым свяце, якое з’явілася ў 2015 годзе па ініцыятыве нямецкага кампазітара Нільса Фрама, удзельнічаюць шмат краін.

У мінулым годзе ў нас былі мерапрыемствы ў Вялікай зале філармоніі, камерны канцэрт у Музеі музыкі — у невялікай зале на 30 чалавек змясцілася 45 гледачоў, крэслы давялося паставіць і ў калідоры, а хтосьці яшчэ і стаяў. Майстар-класы мадыфікаваліся ў мой аповед у рэжыме анлайн — хто хацеў, далучаўся, таксама былі выступленні вучняў нашай школы, мой сольны канцэрт і лайв-эфіры. Памятаю, што правёў увесь гэты дзень за фартэпіяна.

— Як будуецца ваш рэпертуар: што з’яўляецца вызначальным, якія рэпертуарныя прыхільнасці? Чаму вы аддаяце перавагу: клавірабэндам, ансамблям, канцэртам з аркестрам?

— Вядома ж, вельмі люблю сола, больш за тое, апошнім часам сольныя канцэрты і вяду сам, распавядаю, размаўляю з гледачамі. З’яўляючыся салістам філармоніі, я прымаю ўдзел у гастролях па гарадах Беларусі. У сезон трэба адыграць каля 30 канцэртаў у розных гарадах Беларусі, на розных пляцоўках Мінска, у залах філармоніі. Найбліжэйшае выступленне плануецца ў Нясвіжы.

Што тычыцца рэпертуарных пераваг, гэта, вядома ж, адзін з маіх самых любых кампазітараў — Іаган Себасцьян Бах, кампазітар-інструменталіст, які ўзаконіў класічную гармонію. Я заўсёды кажу: Бах — усяму галава, не ведаеш, што рабіць — слухай Баха, не ведаеш, што выконваць — выконвай музыку Баха, не ведаеш, што чытаць — пачытай пра Баха. Хоць пра яго асобу захавалася вельмі мала звестак. Усе даследаванні грунтуюцца ў асноўным на музыцы, мы можам толькі меркаваць, чаму і пры якіх абставінах ён напісаў той ці іншы твор. У яго музыцы закладзена вялікая колькасць сімвалаў, вельмі шмат рэлігійных тэм. Вельмі люблю Моцарта, яго абсалютна геніяльную творчасць. Вядома ж, Бетховена: калі чарговы раз пераслухоўваю Дзявятую сімфонію, ведаючы, што кампазітар яе напісаў ужо будучы цалкам глухім, разумею, як гэты абсалютны геній апярэдзіў уласны час — таксама, як і Бах, у музыцы якога мы знаходзім і джазавыя, і сучасныя гармоніі. Таксама вельмі люблю музычных рамантыкаў, асабліва Шапэна — піяніста, кампазітара, лірыка.

— Чаму, на ваш погляд, сёння няма такіх гучных імёнаў у музыцы?

— Ёсць, вядома. Але цяпер настолькі шмат усяго, што геніяльную музыку часта абыходзяць больш раскручаныя маркетынгавыя праекты. Мне здаецца, сёння час музычнага спрашчэння. У мінулым стагоддзі эпоха неакласіцызму стала часам ускладнення музыкі: спачатку Шонберг, атанальная музыка, затым — Шастаковіч, Пракоф’еў, Рахманінаў. А на змену ім прыйшла поп-музыка, якая штампуецца ў вялікіх колькасцях. І настала эпоха спрашчэння, рэлаксу. Ёсць кампазітары, якія на слыху, раскручаны пры дапамозе маркетынгу. Яны пішуць цікавыя саўндтрэкі да фільмаў, блокбастараў: Цымер, Уільямс і іншыя. А кампазітары, якія сапраўды спрабуюць прыўнесці нешта новае ў акадэмічную музыку, магчыма, не надта вядомыя. Сучасны польскі кампазітар Кшыштаф Пендэрэцкі, які пайшоў з жыцця ў мінулым годзе, геніяльны. У акадэмічных колах ён вядомы, але хацелася б, каб пра яго ўсё ж больш пісалі, выконвалі яго творы.

— Якое ўздзеянне, акрамя выпрацоўкі прафесійных навыкаў, на чалавека аказвае музычная адукацыя?

— Упэўнены, што музыкай трэба займацца ўсім. Было б вельмі добра, калі б заняткі на музычным інструменце зрабілі абавязковым прадметам у школе. У Старажытнай Грэцыі музыкай (гэтыя заняткі называліся рытмікай) займаліся нароўні з матэматыкай і філасофіяй.

Гэта каласальнае развіццё мозгу, эмпатыі, эмацыянальнага інтэлекту, велізарнае развіццё патэнцыялу асобы з правільнымі культурнымі арыенцірамі. Таму што пры вывучэнні твора педагог заўсёды павінен распавесці пра асобу кампазітара, пра эпоху. Гэта праекцыя на гісторыю, зусім іншы ахоп ведаў і больш шырокае светаўспрыманне. З іншага боку, развіццё слыхавых якасцей — унутраная налада гармоніі, вучні пачынаюць чуць свет па-іншаму, спасцігаць пры дапамозе музыкі найтанчэйшыя элементы, дэталі. Музыка — цалкам надзвычайны свет, які трэба спасцігаць, ён дапамагае, узнімае, развівае асобу, і, калі большасць людзей будзе далучацца да музыкі, для грамадства ў цэлым гэта стане толькі плюсам.

— А якім быў ваш рух у прафесію?

— У тры гады я сказаў, што буду вялікім музыкантам, у пяць паступіў у музычную школу ў Салігорску, у 14 гадоў — у Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў клас да прафесара Юрыя Мікалаевіча Гільдзюка. Ён заўважыў мяне на Міжнародным конкурсе юных піяністаў імя І. Цвятаевай. Там я ўзяў першае месца, абышоўшы мінскіх ліцэістаў, піяністаў з іншых гарадоў. Перамога нікому не вядомага вучня з Салігорска была нечаканасцю для многіх. І — паваротным момантам у маім жыцці. Пасля таго, як Юрый Мікалаевіч запрасіў мяне вучыцца ў яго, многае стала наканаваным. Я паступіў у каледж, затым у кансерваторыю, скончыў магістратуру ў Акадэміі музыкі. Натуральна, удзельнічаў у конкурсах, фестывалях, канцэртах у розных краінах, нават іграў у канцэрце на адкрыцці саміту «Усходняга партнёрства» ў Бруселі. Мне заўсёды было мала аднаго конкурсу — часам рыхтаваўся адразу да трох. Калі з’яўляліся нейкія цікавыя магчымасці, праекты, не разважаў, заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць, не сядзець на месцы.

— Ці шмат было конкурсаў?

— Так. Вядома ж, ёсць піяністы, у якіх значна больш конкурсаў і перамог, але мне хапала, я заўсёды стараўся трапіць на адзін-два на працягу года, асабліва ў час вучобы ў кансерваторыі. На трэцім курсе каледжа, стаўшы лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пачаў гастраліраваць па Беларусі ад Белдзяржфілармоніі, у 19 гадоў ужо выконваў сольныя канцэрты. У такім узросце гэта было вельмі цікава — добры вопыт, выдатная школа.

— Як вы ставіцеся да водгукаў на вашы выступленні, праекты ў сацсетках?

— Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Вядома, прафесіяналу або проста чалавеку, які разбіраецца ў музыцы, трэба чытаць прафесійных крытыкаў. Калі ж заходзіш, скажам, на Фэйсбук, чытаеш нікому невядомага Васю Пцічкіна і прымаеш на веру ўсё, што ён піша, гэта тваё права.

— Але музыканты — людзі эмацыянальныя. Ці лёгка ім спраўляцца з негатывам?

— Сапраўды, як выканаўца, артыст, ты павінен перажыць у сабе велізарную колькасць гісторый і пераўвасабленняў, таму, напэўна, ёсць нейкая прафесійная дэфармацыя псіхікі, і так вельмі гнуткай. Бывае, што некаторыя рэчы кранаюць, і даводзіцца эмацыянальна аднаўляцца.

— Людзі, слухаючы музыку, якую для іх выконваюць, адчуваюць нейкую прыродную стыхію, уяўляюць нешта ў фарбах. А што адчувае і ўяўляе піяніст?

— Калі выконваеш «Месяцовае святло» Дэбюсі, прасцей, а калі, напрыклад, Санату № 8 Моцарта? Вядома ж, падчас выканання абавязкова думаеш пра тэхніку. Але неабходна думаць і аб выразнасці, як, напрыклад, выканаўца вершаў, які павінен не проста чытаць на памяць, але рабіць гэта выразна. У музыцы існуе шмат сродкаў выразнасці: дынаміка, тэмп, паўзы — усё, што ёсць у мове. Кожны выканаўца малюе сабе карціну. І мне здаецца, што слухачу заўсёды заўважна, нейкім магічным чынам счытваецца, калі выканаўца грае вобразна, а калі — проста тэхнічна. Часам мне кажуць, асабліва маці: «Ты сёння так натхнёна іграў!» Ці наадварот: «О, не, сёння ты тэхнар». Гэта залежыць, вядома, ад шматлікіх фактараў: ад настрою, ад таго, як вывучыў тэкст, і г. д.

Калі я пісаў магістарскую дысертацыю, параўноўваў інтэрпрэтацыі аднаго і таго ж твора Шапэна трох розных выканаўцаў. І зразумеў для сябе, што мы дакранаемся да асобы кампазітара праз выкананне твора. І, вядома ж, вялікія піяністы таксама думалі, перажывалі і казалі пра гэта. У пачатку ХХ стагоддзя Артур Рубінштэйн разважаў, што ёсць шмат маладых выканаўцаў, якія ідэальна іграюць, але дзе музыка? Таму, вядома, у першую чаргу трэба думаць, што мы хочам данесці слухачу, гледачу сваёй творчасцю, каб ён сышоў адухоўлены.

— А што мы хочам данесці? У чым задача музыкі ў цэлым і музыканта як правадыра ў музычны свет?

— Задача музыканта ў наш час — у стагоддзе камп’ютарызацыі, анлайнерызацыі, рабатызацыі і іншых «-цый» — нагадваць, што мы ў першую чаргу людзі і што ў нас ёсць душа, якую мы павінны берагчы і выхоўваць. Высокія тэхналогіі — надзвычайны скачок наперад у развіцці чалавецтва, чарговая тэхнічная рэвалюцыя, і гэта крута. Але чалавеку важна не страціць духоўнасць, а заняткі творчасцю дапамагаюць памятаць пра тое, як важныя пачуцці, эмоцыі, суперажыванне адно аднаму. Музыка і творчасць — наш эмацыянальны інтэлект, таму што, калі мы будзем увесь час думаць толькі пра тэхнічны бок, можам страціць нашы эмоцыі.

Калі мы слухаем музыку, ходзім у тэатр, то знаходзімся побач з іншымі гледачамі, мы ўжо ў калектыве. Мы суперажываем кожнаму слухачу, музыканту, артысту на сцэне, якія спрабуюць нешта данесці. Мы задумваемся і пра кампазітара, яго творчасць, музыку, дакранаемся да яго эмацыянальна, адчуваем духоўны, душэўны інтэлект. Пры гэтым, слухаючы жывую музыку, можам адчуваць фарбы, паўнату жыцця — невялікі экранчык смартфона гэтага не заменіць. Творчыя прафесіі ніколі не павінны знікнуць.

— А якімі якасцямі павінен сёння валодаць артыст, беручы пад увагу імклівае развіццё тэхналогій?

— IT заўсёды будзе наперадзе, гэта трэба разумець. І ўжо цяпер камп’ютар мы апярэдзіць не зможам. Таму, напэўна, павінны адпавядаць новым тэндэнцыям і не адставаць, у тым ліку, у піяры, маркетынгу, прасоўванні. Неабходна гаварыць ва ўсю сілу, што важна жывое выкананне музыкі, укладваць у гэта грошы. Калі мы будзем адставаць і думаць, што мы і так добрыя і нічога не трэба рабіць, то спознімся. Ужо зараз трэба думаць, што рабіць, каб духоўныя каштоўнасці не зніклі.

— Вы чалавек, цалкам паглыблены ў музыку, прафесію, ці ёсць нейкія іншыя хобі?

— Маё хобі зараз — дырэктарства, мая школа. Да прафесіі музыканта я стаўлюся не як да працы, а як да задавальнення. Калі доўга не выязджаю, напрыклад, на гастролі ў іншыя гарады, гэтага вельмі не хапае. Мне вельмі пашанцавала ў тым, што супалі мая любімая прафесія і любімая справа, тое, чым займаюся сёння.

— Ці ёсць у вас уласнае азначэнне паняцця «культура»?

— Трэба добра падумаць, каб сфармуляваць адказ. Але калі адказваць з ходу, адразу, першае, што прыходзіць на розум, культура — гэта ўсё, што нас акружае, у тым ліку міжасобасныя камунікацыі, і культура кіравання, калі казаць пра менеджмент, і тэхнічны прагрэс, і культура ў вузкім сэнсе — музычная культура, літаратура, мастацтва. Культура — паняцце ўсёабдымнае.

Вольга АБУХОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».