Вы тут

Што захавалася з маёнтка Кушляны Багушэвічаў?


Невялікі драўляны будынак з разной тэрасай, акружаны дрэвамі-сведкамі мінулай эпохі... Лістоўніцы, ліпы, клёны, вязы, адзін з якіх, па ўспамінах Язэпа Драздовіча, пасадзіў сам гаспадар, паэт-канспіратар Мацей Бурачок, аўтар несмяротных радкоў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».


 

Багушэвіч з сям'ёй на ганку сядзібнага дома. Побач дачка Канстанцыя, жонка Габрыэля, сын Тамаш. 1898 г. або 1899 г. Фота з рабочых матэрыялаў Валерыя Слюнчанкі. Сямейны архіў.

Маёнтак Кушляны Багушэвічы набылі ў 1749 годзе. З тых часоў ён шмат рэстаўраваўся, але прайшоў выпрабаванне часам, захаваўся да нашых дзён. Дзякуючы таму, што «мужыцкі» паэт пакінуў пра сябе добрую памяць, яго шанавалі простыя людзі: ён размаўляў з імі на адной мове, заўжды дапамагаў. Дзякуючы рупліўцам, якія па крупінках збіралі і захоўвалі рэчы, што былі ва ўжытку ў маёнтку, кнігі з багатай бібліятэкі Францішка, якія гартала яго рука, у музеі старанна ўзнавілі атмасферу таго часу, аднавілі пакоі — здаецца, зараз дзесьці побач пачуеш нетаропкую хаду — Францішак, паглыблены ў чарговую справу (а ён, як адвакат, заўжды браўся ў судзе абараняць самых безабаронных) ці абдумваючы новы твор, не заўважаючы часу, мерае крокамі прастору…

— Неяк пры рэстаўрацыі сядзібы пад падлогай у дзіцячым пакоі знайшлі закладку для кніг. А справа ў тым, што дом Багушэвічаў быў канспіратыўным пунктам для нелегальнай перапраўкі забароненай царскімі ўладамі літаратуры — Багушэвічы ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—1864 гг., адны змагаліся ў баявых атрадах, іншыя дапамагалі матэрыяльна, — распавядаў падчас экскурсіі загадчык музеясядзібы Францішка Багушэвіча і даследчык творчасці паэта Алесь Жамойцін.

Дарэчы, за ўдзел у паўстанні родная сястра Францішка Ганна сядзела ў турме. Падчас зняволення яна сваімі рукамі вырабляла рэчы рэлігійнага прызначэння: чахлы для абразкоў, медальёны, шкаплеры. Цяпер гэтыя рэчы, перададзеныя ў музей нашчадкамі Ганны, упрыгожваюць яго вітрыны.

У інтэр’ерах сядзібнага дома. 1890-я. Фота з рабочых матэрыялаў Валерыя Слюнчанкі. Сямейны архіў.

З прадметаў, якімі карысталася сям’я Францішка, у музеі-сядзібе захаваўся пісьмовы стол і плеценыя крэслы, фартэпіяна, сальнічка і закладка-лінейка, маленькая срэбная лыжачка. Рупліўцам, які ашчадна адшукваў па суседзях і зберагаў зніклыя з маёнтка пасля вайны рэчы і кнігі, быў Міхаіл Ляпеха. Ён працаваў у мясцовым калгасе, быў і вартаўніком установы. Калі пасля Другой сусветнай вайны нашчадкі Багушэвіча з’ехалі за мяжу, маёмасць сям’і стала «разыходзіцца» па вяскоўцах, але потым людзі ахвотна ўсё вярталі — у будучы музей, аб стварэнні якога пачаў клапаціцца М. Ляпеха.

Міхаіл Ляпеха.

У апусцелай сядзібе ў 1951 годзе арганізавалі бібліятэку. У бакоўцы гэтай хаты і жыў М. Ляпеха. Узімку было складана: панаваў холад, усё пакрывалася шэранню, падлога рабілася слізкай, снег замятаў уваходныя дзверы, спаць даводзілася не распранаючыся… Але ж не з’язджаў да дачок у Маладзечна: баяўся пакінуць дарагое месца. Увесну наводзіў на двары парадак, падразаў дрэвы і кусты, садзіў кветкі. Ён ведаў пра Францішка Багушэвіча ўсё, мог гадзінамі чытаць яго вершы. Сустракаў наведвальнікаў, сярод якіх найбольш частыя былі школьнікі са сваімі настаўнікамі, праводзіў экскурсіі, падчас якіх паказваў цікаўным камень Мацея Бурачка, з гонарам распавядаў пра сваю алею з 60 дубоў, якія ён высадзіў па колькасці пражытых паэтам гадоў. Пра гэта мы ведаем з архіва Уладзіміра Содаля (яго даследчыцкая спадчына не так даўно трапіла ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры). Адзін са сшыткаў калісьці служыў кнігай водгукаў у Кушлянах — пад яе вокладкай экскурсанты пакідалі свае ўражанні аб наведванні сядзібы Францішка Багушэвіча.

— Хоць на той час там і размяшчалася бібліятэка, але наведвальнікі, якіх знаёміў з гэтым месцам Міхаіл Ляпеха, успрымалі ўстанову як музейную, — каментуе даследчык гісторыі сядзібы вядучы метадыст Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Таццяна Ушылава.

Фрагмент экспазіцыі Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча «Кушляны».

Музей тут афіцыйна адкрылі 2 чэрвеня 1990-га. З 29 чэрвеня 2001 года ён з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У 2005-м установе прысвоілі статус гісторыкакультурнай каштоўнасці ІІІ катэгорыі, а ў 2019 годзе аб’ект набыў рэспубліканскае значэнне — стаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю ІІ катэгорыі.

З пачатку адкрыцця ўстановы яе дырэктарам, а потым загадчыкам працуе Алесь Жамойцін, якому і перадаў свой досвед, веды і, галоўнае, зацікаўленасць і гарэнне асобай першага нацыянальнага паэта Міхаіл Ляпеха. Адзін са стэндаў у музейнай экспазіцыі захоўвае матэрыялы пра рупліўца і захавальніка спадчыны Францішка Багушэвіча: праз самаахвярнае, самаадданае служэнне М. Ляпеха назаўжды застаўся побач з тым, чыёй асобай жыў… Унікальны сямейны фотаальбом Багушэвічаў, як вядома, захоўваецца ў фондах Гістарычнага музея. Але многія арыгінальныя фотаздымкі нядаўна трапілі і ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — з архіва Уладзіміра Содаля.

Даследчык шмат гадоў ліставаўся са стрыечным унукам Францішка Багушэвіча Янам Тарчэўскім. А калі той наведваў Беларусь, Уладзімір Содаль разам з Адамам Мальдзісам былі яго «праваднікамі». Хоць ён і нарадзіўся праз 15 гадоў пасля смерці Францішка Багушэвіча, але шмат ведаў пра знакамітага продка ад сваёй бабулі — роднай сястры паэта Ганны. Хлопчыкам Ян часта бываў у гасцях у жонкі пісьменніка Габрыэлі і яго дачкі, часам гуляў з унукам пісьменніка Франакам. Шанаваў і папулярызаваў творчасць Багушэвіча і бацька Янкі, таксама Ян (ажаніўся з паэтавай пляменніцай).

Эскіз інтэр’ера кабінета. Графіка. Папера, аловак. 1983 г. З сямейнага архіва Валерыя Слюнчанкі.

— На любові да спадчыны знакамітага паэта і быў выхаваны Ян Тарчэўскі, таму і перадаў на радзіму старыя фотаздымкі. На адным з іх — малады Францішак напярэдадні паўстання 1863 года, браты пісьменніка Уладзіслаў і Апалінар, дачка Канстанцыя, жонка, сам Ян Тарчэўскі ў маладосці, выявы кушлянскіх краявідаў, — распавядае Таццяна Ушылава. — Фотаздымкі пазначаны кранальнымі надпісамі: «На памяць любімай Ганне ад брата» альбо подпіс Канстанцыі (дачкі пісьменніка) дачцэ Ганны Марыі: «Любімай Мані на памяць»…

Адметная гісторыя і маленькай срэбнай лыжачкі — яна стала музейнай рэліквіяй. Захоўвалася ў адной з жыхарак Кушлянаў Марыі Дудэк, маці якой служыла ў дачкі Францішка Багушэвіча Канстанцыі і дапамагала даглядаць хворага сына гаспадыні Франака. Удзячная маці падарыла служанцы сталовы набор, адна з лыжачак якога і трапіла ў музейныя фонды ў 1993 годзе.

…Больш ад стагоддзя мінула пасля смерці першага нацыянальнага паэта, але зробленае ім — як шчодра засеяная ніва. Ці ўзгадаваліся б беларусы як нацыя, калі б не пераемнасць, у ланцужку якой магутным звяном уяўляецца народны абаронца і «мужыцкі» паэт Францішак Багушэвіч?..

Яна БУДОВІЧ

Фота даслана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?