Вы тут

«Бляск і закуліссе сцэны». Найлепшыя кінастужкі, у якіх паказана жыццё тэатральных дзеячаў


У адным са шматлікіх інтэрв’ю народны артыст Расіі Віктар Сухарукаў, расказваючы пра любоў да тэатра, згадаў выпадак, звязаны з тэатральным фестывалем «Залатая маска». Акцёр наведаў спектакль «Мёртвыя душы», які прывёз тэатр «Пошук» з Лесасібірска. На сцэне было задзейнічана толькі тры акцёры, якія запомніліся Віктару Сухарукаву гарэзлівасцю, блазнаваннем, азартам, жаданнем спадабацца маскоўскім камісіям, сталічнай публіцы… Адыграўшы дзве з паловай гадзіны на сцэне, яны самі прыбіралі дэкарацыі. «Вось ён — тэатр! — адзначаў Віктар Сухарукаў. — Вось яна — шалёная, прыгожая, таленавітая творчая апантанасць, гэтае чалавечае зямное выдумванне!» А ў камісіі хтосьці адзначыў: гэта самадзейнасць, банальна і прымітыўна. Нягледзячы на розныя меркаванні, спектакль быў адзначаны ў некалькіх намінацыях. Трэба падтрымліваць апантанасць і дзяціннасць, упэўнены акцёр, і з ім складана не пагадзіцца. Магчыма, дзякуючы шчырасці і апантанасці асобных творцаў тэатральнае мастацтва насуперак нягодам трымаецца на плаву.


Тандэм сцэны і кінакамеры

Да Сусветнага дня тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка, у Музеі гісторыі беларускага кіно з 17 па 28 сакавіка прайшла рэтраспектыва «Бляск і закуліссе сцэны». Свята было заснавана роўна 60 гадоў таму і з той пары традыцыйна праходзіць пад дэвізам «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі».

Як адзначыў напярэдадні свята кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў, тэатр і кіно цесна звязаны: «Многія рэжысёры працуюць і там, і там. Напрыклад, у свой час выдатны майстар сцэны Анатоль Эфрас на “Масфільме” выпусціў кінастужкі “Шумны дзень”, “У чацвер і больш ніколі”, і яны не забыты да гэтага часу. У нашай краіне народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў паспяхова выступае як рэжысёр на сцэнічных падмостках — абавязкова трэба схадзіць на яго новыя спектаклі ў Тэатры-студыі кінаакцёра “Жанчыны без межаў” і “Пастка”. І ён жа працуе ў тандэме з кінакамерай: стварыў для кіно і тэлебачання каля двух дзясяткаў карцін і серыялаў. Узаемапранікненне двух відаў мастацтваў відавочна. У кадры мы часта бачым акцёраў нашых беларускіх тэатраў, любімых гледачамі. Так што Дзень тэатра — свята ўсеагульнае, яно не замкнёна ў вузкіх прафесійных рамках».

Для рэтраспектывы «Бляск і закуліссе сцэны» арганізатары адабралі найлепшыя кінастужкі, у якіх паказана жыццё тэатральных артыстаў, рэжысёраў, прадзюсараў і нават касцюмераў і прадаўцоў квіткоў. Час стварэння гэтых фільмаў — з 1953-га па 1994-ы. Жанры разнастайныя: ад мюзікла да псіхалагічнай драмы. Так, адкрыў рэтраспектыву, якую склалі восем стужак, класічны камедыйна-меладраматычны мюзікл «Тэатральны фургон» Вінсэнта Мінэлі (ЗША, 1953). Наступным паказвалі фільм «Салют, артыст!» Іва Рабэра з Марчэла Мастраяні ў галоўнай ролі (Францыя — Італія, 1973) — «камедыйную гісторыю маленькага чалавека, згубленага ў вялікім мастацтве». Яшчэ адна стужка рэтраспектывы — «Прэм’ера» Джона Касавеціса (ЗША, 1977). Гэта псіхалагічная драма пра пераасэнсаванне свайго жыцця прызнанай зоркай Брадвея, якая ўпадае ў дэпрэсію, выкліканую ўзроставай зменай амплуа і гібеллю юнай паклонніцы. Чацвёрты фільм праграмы — «Мефіста» Іштвана Саба (Вегрыя — ФРГ, 1981) — гістарычная драма паводле рамана Клауса Мана. Пяты фільм, з якім гледачы маглі пазнаёміцца ў Музеі кіно, — арт-драма «Касцюмер» Пітара Ейтса (Вялікабрытанія, 1983) па дакументальнай у сваёй аснове п’есе Рональда Харвуда. Дзве перадапошнія стужкі створаны ў СССР і больш знаёмыя айчыннаму гледачу: псіхалагічная драма «Поспех» Канстанціна Худзякова (1984) і трагікамедыя «Сукіны дзеці» Леаніда Філатава (1990). Закрывае рэтраспектыву стужка «Ваня з 42-й вуліцы» Луі Маля (ЗША, 1994) — драматычная камедыя пра будні акцёраў-энтузіястаў, якія разыгрываюць сцэны з п’есы «Дзядзька Ваня» Антона Чэхава. Далей — крыху пра некаторыя з фільмаў.

Сцэна з фільма «Тэатральны фургон», 1953 г.

Сюжэты Галівуда сярэдзіны 1950-х

Стужку «Тэатральны фургон» Вінсэнт Мінэлі зняў па матывах аднайменнага брадвейскага мюзікла 1931 года. Адзначаецца, што яна стала адной з найбольш вядомых пастановак Фрэда Астэра, кампаніі MGM і ў гісторыі Галівуда ў цэлым. Сучаснаму гледачу сюжэт можа падацца не вельмі захапляльным, але не ў ім каштоўнасць — некаторыя крытыкі лічаць «Тэатральны фургон» найлепшым музычным фільмам у гісторыі кіно. Нумары з карціны неаднаразова цытаваліся і аказалі значны ўплыў на жанр, а кампазіцыя «Th at’s Entertainment» («Гэта прадстаўленне»), адмыслова напісаная для фільма, набыла самастойную папулярнасць, стаўшы своеасаблівым гімнам кампаніі MGM.

Спачатку глядач знаёміцца з героем Фрэда Астэра — Тоні Хантарам. Калісьці ён праславіўся як акцёр і спявак, але дні поспеху і папулярнасці засталіся ў мінулым. Па сюжэце, марачы аб былой славе, ён вяртаецца ў Нью-Ёрк, дзе яго сябры, сямейная пара Лестэр (Аскар Левант) і Лілі (Нанэт Фабрэй), угаворваюць зноў выступіць на сцэне і паўдзельнічаць у напісаным імі брадвейскім мюзікле, створаным па матывах танных бульварных дэтэктываў. Усё гэта — стандартная сюжэтная завязка для Галівуда. З гэтай прапановы і пачынаецца дзеянне: знаёмства са знакамітым канцэптуальным рэжысёрам Джэфры Кардовай (Джэк Б’юкенен) і вядомай акадэмічнай балерынай Габрыэль Жэрар (Сід Чарыс), сварка акцёра і балерыны, правал мюзікла, у якім абодва ўдзельнічаюць… Але хэпі-энд не прымушае сябе чакаць, і глядач атрымлівае асалоду ад знакамітай сцэны танца.

Дарэчы, сцэнарый пісалі менавіта пад Фрэда Астэра — амерыканскага акцёра, танцора, харэографа і спевака, зорку Галівуда. Ён лічыцца адным з найвялікшых майстроў музычнага жанру ў кіно. Яго тэатральная і кінематаграфічная кар’ера ахоплівае перыяд у 76 гадоў, на працягу якога Астэр зняўся ў 31 музычным фільме. Увогуле ж зорны склад здымачнай групы і запланаваны разлік цалкам апраўдаліся. «Тэатральны фургон» быў паспяховы ў пракаце і цёпла прыняты гледачамі. Аднак вядомасць да фільма прыйшла нашмат пазней.

«...Усяго толькі акцёр»

 Сцэна з фільма «Мефіста», 1981 г.

«Мефіста» — экранізацыя рамана «Мефіста: гісторыя адной кар’еры (1936) Клауса Мана, нямецкага пісьменніка, які ўсё жыццё знаходзіўся ў цені свайго бацькі Томаса Мана. Стужка з’яўляецца лаўрэатам прэміі «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове. Гэта першая частка так званай «нямецкай трылогіі» Іштвана Саба — далей будуць створаны «Палкоўнік Рэдль» і «Ханусэн». У аснове сюжэта — гісторыя духоўнай дэградацыі сябра маладосці Клауса Мана, знакамітага акцёра Густафа Грундгенса. Славалюбства падштурхнула яго да супрацоўніцтва з уладай, якая зрабіла Густафа дырэктарам Дзяржаўнага тэатра ў Берліне. Пасля рэабілітацыі акцёра ў 1949 годзе большасць выданняў адмовіліся друкаваць раман Мана, палічыўшы выкарыстанне рэальнай гісторыі пагрозай для рэпутацыі вялікага нямецкага акцёра. У хуткім часе Ман наклаў на сябе рукі.

Акцёр з Гамбурга Хендрык Хофген — таленавіты творца, але яго імя не могуць нават правільна прачытаць на афішах. Ён дае сабе клятву дамагчыся славы, грошай і прызнання. Асноўная метафара, што ляжыць на паверхні, у тым, што за жаданы поспех ён прадае сваю душу, але не д’яблу, а нацыстам. У пачатку фільма глядач бачыць фанабэрыстага акцёра, якому цесна ў правінцыйным Гамбургу — ён мроіць берлінскім тэатрам. Герой пагарджае нацыянал-сацыялістычнай партыяй, не верачы ў тое, што такія людзі могуць прэтэндаваць на рэальную ўладу. Але яго славалюбства празмернае — гэта можна зразумець па першых кадрах фільма, убачыўшы за кулісамі Хендрыка, які б’ецца ў істэрыцы ад зайздрасці да чужой славы.

Галоўныя ролі выканалі Клаус Марыя Брандаўэр і Крысціна Янда. Ігра першага — калі не цуд пераўвасаблення, то прафесійнае валоданне эмоцыямі і мімікай, якія дазваляюць хутка змяняць вялізную колькасць масак. У адзін момант Хофген усведамляе, што ўжо не помніць, хто ён на самай справе, але да гэтай акалічнасці застаецца абыякавы. Толькі апраўданне «я ўсяго толькі акцёр», якое перыядычна паўтарае, гучыць усё меней пераканаўча. Фільм завяршаецца на жахлівым моманце — своеасаблівая рэпетыцыя персанальнага пекла. А яно чакае артыста, які паставіў высокае пакліканне на службу абсалютнаму злу.

Няшчасныя і безабаронныя

Сцэна з фільма «Сукіны дзеці», 1990 г.

Яшчэ адна стужка, заснаваная на рэальных падзеях, — «Сукіны дзеці». Тут ужо гаворка ідзе не пра сілу і магчымасці артыста, а пра слабасць у асабістым жыцці і прафесіі. У аснове адзінай рэжысёрскай работы Леаніда Філатава, які выступіў у фільме і як акцёр, — ад’езд з СССР Юрыя Любімава, знакамітага рэжысёра Тэатра на Таганцы. Па сюжэце акцёры, забыўшыся пра былыя крыўды, аб’ядноўваюцца ў барацьбе за творчую свабоду. Магчыма, падзеі ў фільме выглядаюць крыху драматызаванымі ды ідэалізаванымі, але ж «Сукіны дзеці» з’яўляюцца ў большай ступені творам акцёрскім, чым рэжысёрскім. Да таго ж здымкі пачаліся ўжо пасля таго, як Юрыю Любімаву вярнулі грамадзянства СССР. Таму, нягледзячы на фактычную аснову, стужка хутчэй пра стасункі паміж звычайнымі людзьмі з іх часам нелагічнымі ўчынкамі, а не пра дыялог «калектыў — улада», хоць прырода і наступствы бунту тут апісаны даволі яскрава.

Камерны дынамічны кінаспектакль пра закуліснае жыццё тэатра складаюць пацешныя сітуацыі і насычаныя сатырычным запалам і сацыяльнай вастрынёй дыялогі. Ролі выканалі Уладзімір Ільін, Ларыса Удавічэнка, Аляксандр Абдулаў, Яўген Еўсцігнееў, Лія Ахеджакава, Алена Цыплакова, Сяргей Макавецкі ды іншыя. Назіраць за імі — сапраўдная асалода, але ці магчыма ў такім складзе даць раскрыцца кожнаму персанажу? Канечне, гэта амаль нездзяйсняльна, тым больш у дэбютным фільме таго ці іншага пастаноўшчыка. Так, многія заўважалі, што рэалізаваць свой патэнцыял у поўнай ступені не ўдалося некалькім артыстам, у тым ліку Уладзіміру Самойлаву.

Паколькі сабраць у адным месцы столькі знакамітых акцёраў было справай нялёгкай, Леаніду Філатаву давялося здзейсніць цуд: ён зняў карціну за 24 здымачныя дні без выхадных. Рэжысёр хацеў паказаць жыццё акцёраў — няшчасных, залежных і безабаронных, якія пакутуюць ад няўвагі і пастаноўшчыкаў, і публікі, імкнуўся адлюстраваць незвычайны жывы народ, асабліва ў правінцыі, дзе могуць працаваць, як ён лічыў, толькі звар’яцелыя падзвіжнікі.

Сукінымі дзецьмі негалосна ў тэатральнай сферы называюць акцёраў, адданых сцэне да самаадрачэння. Яны могуць быць рознымі, прытрымлівацца палярных пазіцый, але, бясспрэчна, гэта асаблівае «племя», як назваў акцёраў герой Еўсцігнеева. У гэтай сувязі вельмі адметнай падаецца сцэна, калі два героі — калегі па сцэне і ворагі па жыцці — ляжаць, пабітыя «ўдзячнымі гледачамі», на падлозе, а ў канцы калідора на белым фоне віднеецца выява непераўзыдзенага для ўсіх без выключэння Чарлі Чапліна.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: За кулісамі славы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт