Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Традыцыйна расказваем самыя цікавыя навіны.


Герой тыдня. Генадзь Лапцеў заваяваў малую «бронзу» чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы ў рыўку. Беларусу скарылася вага ў 132 кілаграмы. У штуршку яму ўдалося падняць 154 кілаграмы. У суме дваябор'я Генадзь заняў чацвёртае месца, набраўшы 286 кілаграмаў.

Усяго за медалі турніру спаборнічаюць 18 беларускіх спартсменаў. На чэмпіянат Еўропы заяўлены Генадзь Лапцеў (вагавая катэгорыя 61 кг), Дзмітрый Іваноў (67 кг), Ілья Жарноўскі (73 кг), Мікалай Чарняк (81 кг), Сяргей Гаранін (89 кг), Пётр Асаёнак (96 кг), Андрэй Арлёнак, Сяргей Шаранкоў (102 кг), Андрэй Арамнаў і Эдуард Зязюлін (звыш 109 кг). У дзяўчат за медалі будуць змагацца Любоў Дзямідавец, Аліна Шчапанава (71 кг), Рына Літошык, Дар'я Навумава (76 кг), Дзіяна Мінкова, Дзіна Сазанавец (81 кг), Інна Захарчук (87 кг), Кацярына Андрэйкавец (звыш 87 кг). Усяго ўдзел у кантынентальным першынстве возьмуць 315 атлетаў з 38 краін.

Гераіня тыдня. Тэнісістка Ганна Кубарава — пераможніца міжнароднага турніру серыі ІTF Women's World Tennіs Tour з прызавым фондам $15 000 — MAGІC TOURS (W15 MONASTІR). Ганна, будучы другой ракеткай турніру, пачала выступленне ў адзіночным разрадзе з няпростай перамогі над прадстаўніцай Харватыі Антоніяй Рузіч — 6:1, 6:7, 6:2. У другім крузе яна абыграла Еву Ведэр з Нідэрландаў — 5:7, 7:5, 6:4. У 1/4 фіналу Ганна аказалася мацнейшая за сербскую тэнісістку Лолу Радзівоевіч — 6:7 (5), 6:2, 6:1. У паўфінале беларуска перайграла прадстаўніцу Індыі Карман Каур Тхандзі — 7:6 (3), 6:3. У вырашальным фінальным паядынку Ганна перамагла Анжаліку Рагі з Італіі — 6:1, 6:1. У парным разрадзе Ганна Кубарава разам з Настассяй Няфёдавай з ЗША спыніліся на стадыі паўфіналу.

Для дваццацігадовай Ганны тытул у Тунісе стаў другім у прафесійнай кар'еры.

Турнір тыдня. На базе спартыўнага комплексу «Стайкі» прайшоў спартыўна-дабрачынны турнір па тайскім боксе «Смелы крок». Арганізатары праекта — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства ўнутраных спраў, Беларуская федэрацыя кікбоксінга і тайландскага бокса.

У камандным першынстве пераможцамі сталі спартсмены Мінскай вобласці. Другое месца ў гамяльчан. Замкнулі тройку наймацнейшых атлеты з Полацка. Найлепшым байцом турніру прызнаны Раман Музычэнка з Гомеля. За волю да перамогі ўзнагародзілі Мікіту Юманава з Магілёва.

Каманда тыдня. Каманда Мінскай вобласці «Гарызонт» упершыню заваявала тытул чэмпіянату Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі. У фінальным паядынку, які праходзіў у Маладзечне, беларускі перамаглі расійскую каманду «Ніка» з Сыктыўкара. Сустрэча скончылася з вынікам 70:60. Самым каштоўным гульцом турніру прызнана баскетбалістка «Гарызонта» Настасся Верамеенка.

Маладзечанцы і госці горада горача падтрымлівалі любімую каманду. Сярод заўзятараў прысутнічаў і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. На трыбунах быў і прэзідэнт ЕWBL Іга Зандэрс. Ён адзначыў, што ў Беларусі вельмі высокі ўзровень баскетбола, а «Гарызонт» — адна з найлепшых каманд у Еўропе. На думку Іга Зандэрса, не варта змешваць спорт і палітыку. Ёсць унутраныя справы, а ёсць спорт. «Я прапанаваў бы ўсім атрымліваць асалоду ад гульні , а не ўмешваць сюды палітычны складнік», — канстатаваў ён.

З перамогай трэнераў і гульцоў каманды павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Ваш дружны калектыў яшчэ раз даказаў, што беларускія спартсмены здольныя дасягаць добрых вынікаў у гульнявых камандных відах спорту. Малайцы, дзяўчаты, так трымаць», — перадае віншаванне БелТА.

Аб'ява тыдня. Савет дырэктараў Кантынентальнай хакейнай лігі зацвердзіў састаў удзельнікаў наступнага сезона. Па выніках нарады кіраўнікоў хакейных клубаў КХЛ было вырашана, што ў сезоне 2021/2022 у рэгулярным чэмпіянаце будуць удзельнічаць 24 клубы. Сярод іх — мінскае «Дынама». Чакаецца вяртанне ў спіс удзельнікаў лігі — «Адмірала» з Уладзівастока.

Акрамя мінскага і ўладзівастоцкага клубаў у КХЛ сезона 2021/2022 згуляюць: «Авангард» (Омск), «Аўтамабіліст» (Екацярынбург), «Ак Барс» (Казань), «Амур» (Хабараўск), «Барыс» (Нур-Султан) , «Віцязь» (Маскоўская вобласць), «Дынама» (Масква), «Дынама» (Рыга), «Йокерыт» (Хельсінкі), «Куньлунь Рэд Стар» (Пекін), «Лакаматыў» (Яраслаўль), «Металург» (Магнітагорск), «Нафтахімік» (Ніжнякамск), «Салават Юлаеў» (Уфа), «Северасталь» (Чарапавец), «Сібір» (Новасібірск), СКА (Санкт-Пецярбург), «Спартак» (Масква), «Тарпеда» (Ноўгарад), «Трактар» (Чэлябінск), ХК «Сочы» і ЦСКА (Масква).

Цытата тыдня. «Мы рады. Сезон цяжкі, многае мянялася ў календары. Сёння атакавалі на высокіх мячах. Што датычыцца саперніка, то добра, што не пяць партый. Выканалі свой план. Усіх з перамогай» , — сказаў Віктар Бекша, галоўны трэнер валейбольнага клуба «Шахцёр». У трэцім матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па валейболе «Шахцёр» абыграў «Будаўніка» і стаў чэмпіёнам краіны. Вынік вырашальнай сустрэчы — 3:1 (25:16, 25:22, 20:25, 25:22).

Гэта ўжо пятая перамога ў гісторыі салігорскага клуба. «Шахцёр» — чэмпіён Беларусі ў 2017, 2018, 2019 і 2020 гадах.

Няўдача тыдня. Футбалісты зборнай Беларусі няўдала правялі другі матч адборачнага турніру чэмпіянату свету 2022 года. Беларусы ўступілі камандзе Бельгіі з вынікам 8:0. Гэта самае буйное паражэнне беларускай зборнай у гісторыі.

Напрамую ў фінальную стадыю планетарнага форуму ад Еўропы выйдуць пераможцы 10 кваліфікацыйных груп. Каманды, якія фінішуюць другімі, а таксама дзве найлепшыя зборныя з Лігі нацый правядуць паядынкі за 3 пропуску на чэмпіянат свету.

Надзея тыдня. Каманда Гродзенскай вобласці выйграла маладзёжны чэмпіянат Беларусі па вольнай барацьбе (U-23). Пераможцы каманднага заліку набралі 180 ачкоў. На другім месцы — прадстаўнікі Мінска, у актыве якіх 159 балаў. Замкнулі тройку наймацнейшых барцы Гомельскай вобласці, якія зарабілі 155 пунктаў.

У асабістым заліку два залатыя медалі заваявалі спартсмены Гарадзеншчыны — Данііл Амельянчык (70 кг; Гродна) і Яраслаў Славікоўский (125 кг; Абухава).Таксама перамогі святкавалі гамяльчане Дзмітрый Шамела (57 кг) і Аляксей Пархоменка (97 кг), віцябляне Давуд Алізалаў (74 кг) і Аркадзь Пагасян (92 кг), а таксама мінчане Ягор Акуліч (79 кг) і Ілья Хамцоў (86 кг). Чэмпіёнамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі прадстаўнікі Брэстчыны Ілья Рагозаў (61 кг) і Магілёўшчыны Уладзіслаў Кайко (65 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Новы тыдзень — новыя героі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?