Вы тут

Што шукаюць і што знаходзяць айчынныя геолагі?


Іх работа ў мінулым годзе ў першую чаргу была скіравана на ўмацаванне і развіццё мінеральна-сыравіннай базы для вытворчасцяў, якія сёння ёсць у краіне. Пра гэта расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль КОЛБ.


Фота: pixabay.com

— Спецыялістамі Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі і РУП «ВА «Беларуснафта» быў забяспечаны прырост запасаў нафты. Папярэдне ацэненыя яе запасы пры плане 3 мільёны тон на пяцігодку склалі 4,15 мільёна тон, па прамысловых катэгорыях — 5,75 мільёна тон пры плане ў 5,1 мільёна тон. Таксама была завершана папярэдняя разведка новага для Беларусі віду карысных выкапняў — базальту. Па выніках праведзеных работ атрыманы запасы ў 83,2 мільёна тон. Адным з найбуйнейшых спажыўцоў базальтавай сыравіны ў краіне з'яўляецца ААТ «Гомельбудматэрыялы», якому неабходна ў сярэднім 60 тысяч тон у год. Зараз сыравіна імпартуецца з Украіны і Расіі. Акрамя таго, былі забяспечаны прыросты па мергельна-крэйдавых пародах для вырабу цэменту, сілікатных пяскоў, тых, што выкарыстоўваюцца для вытворчасці шкла.

Што тычыцца перспектыў работы геолагаў на новую пяцігодку, задачы стаяць такія ж як і ў мінулым: неабходна забяспечыць прырост запасаў карысных выкапняў, якія запатрабаваны ў Беларусі, павысіць геалагічную вывучанасць тэрыторыі краіны.

— У найбліжэйшыя гады працягнем работу па вывучэнні базальтаў радовішча «Навадворскае» Пінскага раёна, у тым ліку іх тэхналагічных уласцівасцяў. Будуць арганізаваны разведачныя работы па пошуку вуглевадародаў для павелічэння здабычы нафты, асвойвацца новыя радовішчы мергельна-крэйдавых парод. Таксама трэба будзе забяспечыць максімальнае ўключэнне ў прамысловую распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў, якія разведаны, але не распрацоўваюцца. Яны будуць уключацца з улікам эканамічнай мэтазгоднасці, перспектыў рэгіёнаў. Такая работа ўжо распачатая Мінпрыродай і Міністэрствам эканомікі, — адзначыў Васіль Колб.

За 2016—2020 гады ў распрацоўку перададзена 154 радовішчы розных відаў карысных выкапняў. Яшчэ адна важная задача — прапрацоўка заканадаўства аб канцэсіі, каб прыцягваць як беларускіх, так і замежных інвестараў у асваенне айчынных нетраў. І не толькі ў іх распрацоўку, але і ў геалагічнае вывучэнне.

Начальнік геалагічнага аддзела Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі Ганна АКІНШАВА расказала, што зараз іх работа вядзецца па двух напрамках. Першы — для агульнадзяржаўных патрэб, другі скіраваны на ўзнаўленне мінеральна-сыравіннай базы: гэта пошукі і разведка карысных выкапняў. «У мінулым годзе была завершана рэалізацыя мерапрыемстваў па праграме «Вывучэнне нетраў і мінеральна-сыравіннай базы». У яе рамках былі выкананы работы па рэгіянальным вывучэнні нетраў паўднёвага ўсходу Беларусі, нарошчванні ўласнага паліўна-энергетычнага патэнцыялу, пошуку і папярэдняй разведкі, падрыхтоўцы да прамысловага асваення новых радовішчаў, будаўнічых матэрыялаў, а таксама па засваенні падземнай гідрасферы, пошуку і разведцы прэсных падземных вод. Асноўным і найбольш значным вынікам выканання рэгіянальных работ на паўднёвым усходзе краіны можна лічыць стварэнне абноўленай і дэталізаванай геалагічнай асновы для сярэднемаштабных картабудаўнічых работ для гэтага рэгіёна», — адзначыла спецыяліст.

Намеснік дырэктара філіяла па навуцы філіяла «Інстытут геалогіі» Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі Вольга ВАСНЁВА адзначыла, што адным з карысных выкапняў, якія ўдзельнічаюць у працэсе фармавання мінеральна-сыравіннай базы, з'яўляюцца падземныя воды. «Геолагі адкрываюць новыя радовішчы падземных вод, ацэньваюць рэсурсы і запасы, бураць свідравіны, праводзяць маніторынгавыя назіранні падземных вод. Іх прагнозныя эксплуатацыйныя рэсурсы па краіне ацэньваюцца ў 49,6 мільёна кубаметраў у суткі. Патэнцыйныя магчымасці выкарыстання падземных вод характарызуюцца і іх натуральнымі рэсурсамі, якія складаюць 43,6 мільёна кубаметраў у суткі. Больш за ўсё збалансавых запасаў прэсных падземных вод зацверджана па Мінскай вобласці. Маючы вялікі патэнцыял запасаў такіх вод, асноўная наша задача — захаваць рэсурсны патэнцыял».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Задача — забяспечыць прырост сыравіны

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».