Вы тут

Раім схадзіць


«Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...», «Героі. Падзеі», Дзікая прырода Беларусі і іншае — афіша «Звязды».


Выстава «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання»

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: 15—30 красавіка

Колькі каштуе: па чытацкім білеце

15 красавіка а 16-й падчас адкрыцця выставы ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўпершыню будуць прадстаўлены ўнікальная сямейная перапіска XIX стагоддзя і кнігі са знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах вернутыя з Германіі.

Лісты прадстаўнікоў рода Храптовічаў  і тры кнігі былі вернутыя на Беларусь з Германіі ў лютым 2020 года і з таго часу захоўваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Вяртанне адбывалася намаганнямі дабрачыннага фонда «Шчорсы і Храптовічы». Некалі кнігазбор Храптовічаў, які пачаў збірацца канцлерам Іяхімам Літаворам Храптовічам у XVIII стагоддзі, лічыўся адной з найбагацейшых бібліятэк ва Усходняй Еўропе.

Як старажытныя кнігі, так і перапіска на французскай мове – гэта надзвычай каштоўныя помнікі свайго часу, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся і не дэманстраваліся для публікі. У 2020 годзе са згоды апошніх уладальнікаў адшуканыя каштоўныя дакументы былі перададзены ў Беларусь. У межах адкрыцця выставы адбудзецца афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Падчас адкрыцця выставы будзе праведзены брыфінг для журналістаў. На ім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і дабрачыннага фонда «Шчорсы і Храптовічы» распавядуць пра першы вопыт вывучэння кніг і ліставання Храптовічаў, звернуць увагу на іх значэнне для беларускай і сусветнай культуры, а таксама пра новыя крокі ў вывучэнні гісторыі роду Храптовічаў, іх спадчыны ў Беларусі і замежжы, шляхі яе вяртання на Радзіму.

Таксама на выставе будуць прадстаўленыя мастацкія працы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі на летніках па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018–2019 гадах.

Выстава «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання» арганізавана сумесна дабрачынным фондам «Шчорсы і Храптовічы» і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі з 15 па 30 красавіка 2021 г.

Уваход на ўрачыстае адкрыццё − вольны.


Выставачны праект «108 хвілін. Дарога ў космас»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: 15 красавіка

Колькі каштуе: поўны — 7 BYN; для студэнтаў — 5,5 BYN; для школьнікаў — 4 BYN

З 16 красавіка 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12) працуе міжнародны выставачны праект «108 хвілін. Дарога ў космас», прысвечаны 60-годдзю першага палёту чалавека ў космас.

Праект рэалізуецца сумесна з Аб’яднаным мемарыяльным музеем Ю.А. Гагарына (г. Гагарын), Смаленскім дзяржаўным музеем-запаведнікам (г. Смаленск), Навукова-даследчым выпрабавальным цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына (Зорны Гарадок), Фондам папулярызацыі пілатуемай касманаўтыкі «Космас – гэта мы!» (Зорны Гарадок), Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Музеем авіяцыйнай тэхнікі Мінскага аэраклуба ДТСААФ, іншымі ўстановамі і арганізацыямі Беларусі і Расіі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь – Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

На выставе «108 хвілін. Дарога ў космас» будуць прадстаўлены ўнікальныя артэфакты, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў Беларусі. Са збораў расійскіх музеяў будуць прадстаўлены скафандр першага касманаўта Ю.А. Гагарына, бартавы часопіс першай жанчыны-касманаўта В.У. Церашковай, фатаграфіі з сямейнага архіва Ю.А. Гагарына, а таксама іншыя сведчанні першых касмічных палётаў. Важнае месца на выставе зоймуць экспанаты, якія распавядаюць пра беларускіх касманаўтаў П.І. Клімука, У.В. Кавалёнка, А.В. Навіцкага – скафандр «Сокал», элементы касмічнага рыштунку, абсталявання, узоры харчавання і г.д. Таксама на выставе будуць прадстаўлены матэрыялы аб сучаснай касманаўтыцы Беларусі і Расіі.

Мастацкая частка выставы будзе прадстаўлена графічнымі лістамі касманаўта Лявонава, скульптурамі аўтарства народнага мастака Беларусі І.Я. Міско, палотнамі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь М.А. Апіёка, працамі вядомага фатографа, лаўрэата міжнароднай прэміі «World Press Photo» Ю.С. Іванова.

Выставачны праект пазнаёміць беларусаў і гасцей нашай краіны з найцікавейшымі старонкамі заваявання космасу. У рамках работы выставы «108 хвілін. Дарога ў космас» будуць праводзіцца культурныя мерапрыемствы для розных катэгорый наведвальнікаў.


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: з 8 красавіка па 19 верасня

Колькі каштуе: 4 BYN – дарослыя, 2 BYN – школьнікі, студэнты

8 красавіка 2021 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...», прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі.

Кожны беларус з маленства ведае казкі «Вавёрчына гора», «Казка пра цара Зубра», «Азбука Васі Вясёлкіна», а многія ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі чарговы нумар часопіса «Вясёлка». «Як звязаныя гэтыя рэчы?» — запытаецеся Вы. Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні.

Васіль Вітка (1911-1996) — пісьменнік шматграннага таленту. Праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным ён стаў як дзіцячы пісьменнік.

Экспазіцыя «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...» прадставіць творчую індывідуальнасць Васіля Віткі праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі «Вясёлка». Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам «Вясёлкі» ад заснавання часопіса ў 1957 годзе да 1974 года.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт...» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў, у тым ліку сем’ям з дзецьмі. Выстава будзе дзейнічаць да 19 верасня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» пісьменнік Уладзімір Ліпскі, загадчык дзіцячай бібліятэкі № 6 імя Васіля Віткі Тамара Патук, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» пісьменнік Віктар Шніп і іншыя.


«Героі. Падзеі». Фестываль скульптуры «SculptFest»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: па 18 красавіка

Колькі каштуе: поўны — 7 BYN; для студэнтаў — 5,5 BYN; для школьнікаў — 4 BYN

Выстава «Героі. Падзеі» праводзіцца ў рамках фестывалю скульптуры «SculptFest» — маштабнага выставачнага марафону, які аб’ядноўвае на розных арт-пляцоўках большасць дзеючых мастакоў-скульптараў з усёй Беларусі. Праект падрыхтаваны секцыяй скульптуры ГА «Беларускі саюз мастакоў». Асобная экспазіцыя фестывалю ставіць сваёй мэтай паказаць станковыя творы, малыя мадэлі манументаў як рэалізаваных, так і тых, што яшчэ праектуюцца.

Апошнім часам усё часцей ідзе гаворка аб самаідэнтыфікацыі беларусаў, сцвярджэнні нацыянальных каштоўнасцяў праз устаноўку скульптурных помнікаў, манументаў. Сярод найбольш значных падзей у апошнія гады: адкрыццё помнікаў князю Гедыміну ў Лідзе (скульптары С. Аганаў і В. Нячай), канцлеру і вялікаму гетману ВКЛ Льву Сапегу ў Слоніме (скульптары І. Міско, У. Піпін, С. Логвін), манументальных кампазіцый «Брэсцкая Біблія» ў Брэсце (аўтар А. Нічыпарук) і «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці» ў Полацку (скульптар У. Піпін). Не пакінула абыякавай грамадскую супольнасць стварэнне такіх значных мемарыялаў, як «Трасцянец» (аўтар — К. Касцючэнка) і мемарыяльны комплекс ў в. Боркі (аўтары І. Арцімовіч, А. Сакалоў). Ушанаванне велічных, вартых памяці асоб і падзей мінуўшчыны дае сучаснікам натхняльны ўзор служэння Айчыне, спрыяе выхаванню трывалай грамадзянскай пазіцыі.

Шырокае кола майстраў працуюць самастойна над праектамі і мадэлямі помнікаў, якія дагэтуль не сталі прадметам замоў. У выставе бяруць ўдзел такія слынныя майстры айчыннай скульптуры, як І. Міско, А. Арцімовіч, Ю. Анушка, С. Аганаў, А. Шапо, П. Лук, І. Засімовіч і інш. Здольнасць і памкненне сучасных творцаў па-мастацку выказвацца на тэмы айчыннай гісторыі і праз такія творы ўсталёўваць дыялог з сучаснікамі павінны служыць умацаванню дзяржавы і еднасці грамадства краіны. Таму асновай мастацкага напаўнення выставы «Героі. Падзеі» сталі творы, якія тэматычна адлюстроўваюць этапы будавання беларускай дзяржавы і падзеі, звязаныя з яе гісторыяй, прадстаўляюць асоб, якія вылучыліся ў лёсавырашальных для краіны абставінах.

Асаблівасці мастацкіх сродкаў скульптуры, спалучэнне яе матэрыяльнасці з метафарычнасцю, магчымасць карыстацца маштабам і трохвымернасцю ў спалучэнні з архітэктурнай прасторай, здольныя ёміста данесці ідэю трываласці шматвекавой традыцыі дзяржаўнасці на нашай зямлі і пры гэтым паказаць узаемную сувязь з гісторыяй суседніх краін, улучанасць падзей нацыянальнай гісторыі ў рэгіянальныя, агульнаеўрапейскія і сусветныя працэсы, прадставіць постаці народжаных на нашай зямлі і ўслаўленых таксама іншымі народамі...

Адна з задач выставы — ініцыіраваць складанне спіса гістарычных асоб і падзей, вартых увасаблення ў помніках, як арыенціра для паслядоўнай працы розных мастакоў, а таксама для прыняцця рашэнняў у напрамку здзяйснення гэтага плана «манументальнай прапаганды».


Выстава «Філасофія вобраза»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: з 9 па 23 красавіка

Колькі каштуе: 6 BYN (ільготны 3 BYN)

9 красавіка а 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё выставы «Філасофія вобраза». На выставе будуць прадстаўлены скульптурныя творы Дзмітрыя Аганава і графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка. Выстава арганізавана ў межах фестывалю скульптуры Беларускага саюза мастакоў.

Дзмітрый Аганаў, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў, прадставіць ключавыя творы, якія характарызуюць пэўны творчы перыяд аўтара. Перыяд, прысвечаны асэнсаванню і творчай рэмінісцэнцыі еўрапейскіх міфаў, рэлігіі і гісторыі — працэсаў, якія ствараюцца, асэнсоўваюцца і пераўтвараюцца чалавекам. Вобразы — лаканічныя або, наадварот, выкананыя ў вытанчанай пластыцы — утойваюць складаныя і глыбокія па сэнсе і інтэрпрэтацыі ідэі. Шмат якія з іх апелююць да назапашаных ведаў і вопыту гледача. Галоўнай дамінантай твораў Дзмітрыя Аганава можна вызначыць дуалізм чалавечага свету: безупыннае ўзаемадзеянне, саперніцтва і спалучэнне матэрыяльнага і фізічнага, жаночага і мужчынскага, разбуральнага і стваральнага пачаткаў.

Беларускі скульптар Дзмітрый Аганаў нарадзіўся ў 1976 г. у горадзе Наваполацку ў сям’і вядомага архітэктара і скульптара Льва Аганава. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры.

Графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка дапаўняюць і лагічна працягваюць «філасофскі аповед» скульптурных вобразаў Дзмітрыя Аганава. У сваіх творах мастачка адлюстроўвае метафізічнасць свету, свае разважанні пра жыццё і чалавечыя ўзаемаадносіны. Лізавета Пастушэнка, член Беларускага саюза мастакоў, разнастайная ў творчасці: ад ілюстрацый і эстампаў да анімацыі. Сярод асноўных творчых работ мастачкі: серыя графічных аркушаў «Летняе падарожжа» (2009), «Кашэчы каляндар» (2009–2010), серыя пастэлей «Вандроўка да поўдня» (2011).

Творчая дзейнасць мастачкі адзначана дыпломам у нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» за аўтарскі паэтычны зборнік «Хто ёсць Хто» (2019), дыпломам у намінацыі «Графіка» ў межах праекта «Мастацтва і медыя супраць гендэрных стэрэатыпаў» (2019).


Выстаўка «ТЮГ – тэатр новага пакалення»

Дзе: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, г. Мінск, зав. Музычны, 5

Калі: па 5 мая

Колькі каштуе: 7 BYN (студэнтам — 5,50 BYN, школьнмкам — 4 BYN)

З 5 красавіка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка да 65-годдзя Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача «ТЮГ — тэатр новага пакалення».

Сёлета Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача адзначае падвоены юбілей — 90 гадоў з часу адкрыцця першага і 65 — з часу адкрыцця другога: гісторыю ТЮГа разарвала Другая сусветная вайна. Да гэтых святочных дат калектыў тэатра пры падтрымцы Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры прапануе выстаўку «ТЮГ — тэатр новага пакалення».

Першы Тэатр юнага гледача быў створаны ў Мінску ў 1931 г. энтузіястам тэатральнай справы Мікалаем Кавязіным. У 1937 г. тэатр узначаліў знакаміты рэжысёр і педагог Еўсцігней Міровіч. Малады калектыў увайшоў у шэраг лепшых тэатраў краіны, якія паказвалі свае спектаклі на Усесаюзным аглядзе тэатраў для дзяцей у Маскве. Вялікая Айчынная вайна спыніла работу тэатра і раскідала калектыў.

У 1949 г. пра неабходнасць аднаўлення ТЮГа нагадала пісьменніца, дзеяч культуры Зінаіда Бандарына, выступіўшы ў газеце «Літаратура і мастацтва» з артыкулам «Тэатральнае мастацтва дзецям». 22 верасня 1955 г. быў падпісаны загад Міністра культуры БССР Р.Я. Кісялёва аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Уладзімір Стэльмах быў прызначаны дырэктарам тэатра. Натхняльнікам і галоўным рэжысёрам стала Любоў Мазалеўская.

Урачыстае адкрыццё адбылося 8 красавіка 1956 г. урыўкамі са спектакляў «Горад майстроў» Т. Кабэ, «Каханне Ані Бярозка» У. Пістоленка і інсцэніроўкай рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь».

3 1956 па 2015 гг. у тэатры было пастаўлена больш за трыста спектакляў. За апошнія пяць гадоў адметнай з’явай айчыннага тэатральнага мастацтва сталі спектаклі для дзяцей і моладзі «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Караткевіча, «Не па сваёй ахвоце лекар» Мальера, «3 нагоды мёртвых душ» А. Жвалеўскага, Я. Пастэрнака і А. Баркара, «Муха-цакатуха» К. Чукоўскага, «Казкі дзядзькі Якуба» Я. Коласа, а таксама цыкл спектакляў па творах беларускіх пісьменнікаў «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі».

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі, ладзіць дабрачынныя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку і папулярызацыю дзіцячай і моладзевай творчасці, нацыянальнай культуры.

На выстаўцы прадстаўлены тэатральны рэквізіт са спектакляў розных гадоў, сцэнічныя касцюмы, а таксама вялікі архіў друкаваных матэрыялаў (праграмкі, афішы мінулых і сучасных спектакляў).


Выстава-атракцыён па матывах мультфільмаў Алы Мацюшэўскай

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: па 1 жніўня

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно — філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — у рамках святкавання 50-годдзя беларускага анімацыйнага кіно адкрылася выстава-атракцыён па матывах творчасці ветэрана беларускай анімацыі, мастака і рэжысёра Алы Мацюшэўскай.

Панараму беларускай анімацыі нельга ўявіць без самабытнага і ўнікальнага таленту мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай. Гэтаму майстру падуладна ўсё — і стылістыка дзіцячага малюнка ў стужцы «Лыжка для салдата», і глыбокае пранікненне ў візуальнае мысленне Марка Шагала ў карціне «Марк Шагал. Пачатак», і тонкае адчуванне эпохі Адраджэння ў фільме «Дантэ. Беатрычэ». Майстэрства Мацюшэўскай надае нашай анімацыі дыханне высокай выяўленчай культуры і нясе выразнае пачуццё стылю.

На выставе прадстаўлены аўтарскія эскізы Алы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фаноў і вобразаў герояў амаль двух дзясяткаў мультфільмаў Студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і якія адлюстроўваюць творчы пошук аўтара, асноўныя этапы яго працы — раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя і стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з гатовых фільмаў, многія з якіх, дарэчы, адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў менавіта за выяўленчае рашэнне.

Арганічна дапаўняе і ўзбагачае экспазіцыю серыя гульнявых атракцыёнаў (аптычных ілюзій) на аснове кадраў і персанажаў прадстаўленых фільмаў, а таксама тэматычныя інсталяцыі і фотазона.

Пазнаёміць наведвальнікаў з багатым і шматгранным мастацкім светам Алы Мацюшэўскай, перадаць ім адчуванне святла, цяпла і радасці, якія пранізваюць яе творчасць, — так можна сфармуляваць звышзадачу ўсіх элементаў арыгінальна аформленага выставачнага праекта «Час — хуткая рака...».

На працягу працы выставы яе прадметная экспазіцыя будзе дапаўняцца экраннай — рэтраспектывай лепшых мультфільмаў Алы Мацюшэўскай.


Выстава жывапісу ў Планетарыі «Паміж светаў у зорным ззянні…»

Дзе: Планетарый, г. Мінск, вул. Фрунзэ, 2

Калі: па 2 мая

Колькі каштуе: бясплатна

Мінскі Планетарый з 1 красавіка па 2 мая запрашае наведаць выставу жывапісу Галіны Горавай «Паміж светаў у зорным ззянні…». Экспазіцыя прысвечана тэме Космасу, яго хараству і велічы і прымеркавана да важнай даты. 12 красавіка міжнародная грамадскасць будзе адзначаць 60 гадоў першага палёту чалавека ў космас. Згодна творчай канцэпцыі Галіны Горавай, менавіта мастацкі вобраз дае найбольш паўнавартасную магчымасць судакранання з прыгажосцю Сусвету. Яе жывапісныя творы, прысвечаныя Космасу, — гэта спроба візуальнага асвойвання касмічнага атачэння, своеасаблівае падарожжа па планетах нашай Сонечнай сістэмы. У сваіх касмічных краявідах мастачка звычайна абапіраецца на сучасныя астранамічныя здымкі, але часам канструюе і цалкам фантастычные пейзажы.

Сустрэча з мастачкай адбудзецца ўвечары, 3 красавіка, у 20:00. У межах праекта «Трыбуна вучонага» Галіна Горава прачытае лекцыю «Панарама космасу ў выяўленчым мастацтве ХХ стагоддзя». Размова пойдзе пра жанр касмічнага рэалізму і навукова-фантастычную тэматыку выяўленчага мастацтва, а таксама пра творчасць беларускіх мастакоў-касмістаў. Падчас гэтай сустрэчы адбудзецца прэзентацыя каталога твораў Галіны Горавай «Касмічнае падарожжа».


Выставачны праект «Новая зямля», прысвечаны Язэпу Драздовічу

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: па 17 красавіка

Колькі каштуе: 5 BYN

У Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура пачала працу выстава мастацкага праекту Сержука Мядзведзева «Новая Зямля», які зроблены пры ўдзеле мастачкі Лізы Лянкевіч.

Экспазіцыя выставы прадстаўлена фатаграфіямі, аб’ектамі, малюнкамі, жывапісам, зробленнымі мастакамі.

«Язэп Драздовіч заварожваў мяне здаўна. Як беларус, як мастак, як вынаходнік, як празарлівец, які шмат у чым апярэдзіў свой час. Як прарок, што, як і належыць прароку, не знаў прытулку ў сваёй айчыне і мусіў шукаць прыстанку ў чужых, незямных краях. Нямала папацягала яго жыццё па гэтым і іншых светах, але — на нашае шчасце — спакой ён знайшоў тут, у роднай глебе, даўшы магчымасць нашчадкам дакрануцца да сваёй спадчыны.

І няхай з гэтай спадчыны знойдзена і сабрана ўжо даволі, у мяне не было сумневаў, што яшчэ шмат ягоных карцін, замалёвак і дываноў пыляцца недзе на гарышчах даўно закінутых хат і чакаюць на свой час.

Урэшце летась я выправіўся ў вандроўку па тых мясцінах, дзе слынны мастак дажываў свой век, з надзеяй нечага адшукаць. Дзясяткі наведаных вёсак, сотні агледжаных хат — і вось яна ўдача, вось ён лёс — у вёсцы з назвай Мядзведзева, у паддашку адной з хат мяне чакала старая, абношаная валіза, а ў ёй сапраўдны скарб — пацёртая фотастужка, зрэзаная з падрамніка карціна і стос нататак.

Тое, што палатно і нататкі належалі Драздовічу, я зразумеў адразу. А вось фотастужка была для мяне загадкай. Няўжо Драздовіч быў яшчэ і фатографам? Я ўзяўся надрукаваць фотаздымкі з тых негатываў, і тое, што я ўбачыў, проста мяне агаломшыла. На іх былі рэальныя кадры тых краявідаў, якія Драздовіч адлюстраваў на сваіх марсіянскіх карцінах. А сярод нататак — планы палёту на Марс, яго мапа і схема будовы касмічнага карабля. Ды яшчэ і ў валізе мяшэчак з нейкай чырвонай зямлёй.

Гэта проста неверагодна. Няўжо ён напраўду там быў? Адзін ці не? Чаму ён туды паляцеў? Як гэта ўвогуле было магчыма ў той час? Як ён там жыў? Як доўга? Чаго ён шукаў? Чаму вярнуўся? На жаль, адказаў у мяне няма. А ўсё што ёсць — цяпер перад вамі...» — Сержук Мядзведзеў.


Персанальная выстава Аляксандра Даманава

Дзе: Галерэя «Арт-Беларусь», г. Мінск, вул. Казлова, 3

Калі: з 2 красавіка, 18:00

Колькі каштуе: 4 і 8 BYN

2 красавіка ў галерэі «Арт-Беларусь» адкрыецца персанальная выстава Аляксандра Даманава «Euphonia» (Мілагучнасць). На выставе будзе прадстаўлена больш за трыццаць работ мастака, створаных за апошняе дзесяцігоддзе. Творы Аляксандра Даманава можна пазнаць па фестывалях мастацтва «Восеньскі Салон» і «Арт-Мінск», на якіх аўтар традыцыйна трапляў у топ-10 глядацкага галасавання.

У сваёй творчасці Аляксандр развівае фігуратыўны жанр, насычаючы яго жывапісным майстэрствам і індывідуальнымі падтэкстамі, непарыўна звязваюць яго палотны са спадчынай старых майстроў Еўропы. Мастак прыўносіць новае прачытанне ва ўжо сталыя формы і часам драматычнае, містычнае гучанне.

«Аднаго вобраза ці ўмення недастаткова, каб зрабіць карціну. Парой столькі нечаканых для самога аўтара рэчаў павінна супасці, што я не магу сказаць, хто з’яўляецца сапраўдным аўтарам працы, сам мастак або яго падсвядомасць», — кажа Даманаў аб сваіх карцінах.

Назва праекта адсылае гледача да грэчаскага тэрміна Euphonia (эўфанія — «мілагучнасць»). Эўфанія — патрабаванне натуральнасці і прыгажосці гучання мастацкай прамовы. Мілагучнасць дасягаецца адпаведнасцю гукавога складу творы тым гукавым заканамернасцям і гукаспалучэнняў, якія гістарычна сфармаваліся ў мове і асэнсоўваюцца як натуральныя, зручныя і эстэтычныя. Роўна такія прынцыпы выкананыя ў працах Аляксандра: асаблівай рысай твораў мастака з’яўляюцца мастацкае мілагучнасць, невідавочных рытмічнасць і гармонія.

«Euphonia» пачне працу 2 красавіка ў 18:00. Уваход на адкрыццё выставы свабодны, абавязкова ў ахоўных масках.


Выстава «Руплівец беларускай даўніны»: да 170-годдзя з дня нараджэння Аляксея Сапунова

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: па 2 мая

Колькі каштуе: уваход па чытацкім білеце

У музеі кнігі адкрылася выстава «Руплівец беларускай даўніны», прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўца Аляксея Парфёнавіча Сапунова.

Выстава арганізавана сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Ураджэнец Віцебшчыны Аляксей Сапуноў (1851–1924) — адзін з самых апантаных і руплівых даследчыкаў роднага краю. Ён упершыню выявіў, апісаў, пераклаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца «Віцебская даўніна» дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі. Аляксей Сапуноў — адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў унікальную бібліятэку. Асобнікі з яго кнігазбору ў 1923 г. паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Выстава «Руплівец беларускай даўніны» створана на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. Сярод іх біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі, перапіска з даследчыкамі. Прадстаўлены рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны» і іншых работ. Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі — рукапісная праца «Гісторыя г. Віцебска», якая, на жаль, так і не была выдадзена.

На выставе ўпершыню шырока будзе прадстаўлена калекцыя кніг з бібліятэкі віцебскага рупліўца. Выданні пазначаны адметным уладальніцкім подпісам і адмысловай ціснёнай пячаткай. Адзін з раздзелаў выставы раскрые гісторыю паступлення выданняў з кнігазбору Аляксея Сапунова ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі. Найбольш каштоўны з атрыманых тады кніжных помнікаў стане галоўнай інтрыгай выставы.


Віцебск. «І на Марсе будуць яблыні квітнець»

Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, г. Віцебск, вул. Леніна, 36

Калі: да 7 мая

Колькі каштуе: бясплатна

9 красавіка ў 16:00 у холе Ратушы адкрываецца выстава «І на Марсе будуць яблыні квітнець», прысвечаная 60-годдзю першага палёту чалавека ў космас.

12 красавіка 1961 года савецкі лётчык-касманаўт Юрый Аляксеевіч Гагарын здзейсніў першы ў гісторыі чалавецтва палёт у космас. Гэтая дата стала адзначацца як Дзень касманаўтыкі.

Назва выставы выбрана не выпадкова — гэты радок з песні, напісанай кампазітарам Вано Мурадэлі на вершы паэта Яўгена Арановіч Далматоўскага (1915–1994) для кінастужкі «Мары насустрач» (1963). З часам радок стаў фразай-сімвалам першых рамантычных гадоў савецкай касманаўтыкі.

У аснову выставы пакладзена прыватная калекцыя В.А. Шышанава і прадметы з фондаў УК «ВАКМ».

Для выставы адабраны плакаты і серыі паштовак 1970–80-х гадоў, прысвечаныя тэме асваення космасу. Падборка газет «Правда», «Известия», «Комсомольская правда» асвятляе асноўныя вехі ў засваенні космасу з 1961 года па 1977 год. Калекцыя фатаграфій адлюстроўвае падзеі, звязаныя з наведваннем горада Віцебска вядомымі касманаўтамі В. Церашковай, П. Клімуком. Дадаткам да выставы сталі кнігі і часопісы, прысвечаныя асваенню космасу.

Асаблівую цікавасць уяўляюць ліст Юрыя Гагарына жыхарам Віцебску 30 кастрычніка 1962 года і комплекс матэрыялаў, перададзеных у фонды музея у 2019 годзе бацькамі лётчыка-касманаўта беларускага паходжання В.Г. Арцем'ева. Унікальнымі прадметамі для нашага горада з'яўляюцца сцягі г. Віцебска і Віцебскай вобласці з аўтографам Алега Арцем'ева, якія пабывалі ў космасе.

У Віцебску назвы чатырох вуліц звязаны з імёнамі вядомых касманаўтаў: вуліца Цітова (з 1961 г.), вуліца Гагарына (з 1961 г.), вуліца Касманаўтаў (з 1962 г.), вуліца Церашковай (з 1973). У 1988 годзе на вуліцы Касманаўтаў у Віцебску быў усталяваны помнік беларускаму касманаўту Пятру Клімуку і першаму касманаўту Польшчы Міраславу Гермашэўскаму, у гонар 10-годдзя іх сумеснага палёту.

На выставе прадстаўлена больш за 100 прадметаў па гісторыі асваення космасу.


Магілёў. Выстава гіганцкіх насякомых

Дзе: Музей этнаграфіі, г. Магілёў, вул. Першамайская, 8

Калі: да 15 мая

Колькі каштуе: 5 BYN (4 BYN — для дзяцей)

Задоўга да эпохі дыназаўраў у свеце панавалі зусім іншыя формы жыцця.

На выставе «Гіганцкія насякомыя» вам прадставіцца ўнікальная магчымасць здзейсніць падарожжа ў дагістарычны свет і пазнаёміцца з яго гіганцкімі насельнікамі, якія выраблены ў натуральную велічыню: артраплевра (вымерлая сараканожка) 2,5 м, марскія скарпіёны-ракі (3 м) і многія іншыя старажытныя насельнікі нашай планеты.

Выхадныя: серада, чацвер


Гомель. «Гульні краін свету»

Дзе: Палац Румянцавых і Паскевічаў, г. Гомель, пл. Леніна, 4

Калі: па 9 красавіка (адкрыццё 2 красавіка, 12:00)

Колькі каштуе: 5 BYN

Самая займальная гульня — тая, у якой ты выйграеш (В.А. Кузьмін).

Але калі ўсе гуляюць, мы ўсе выйграем!

І калі вы раптам хоць на імгненне ўсумніліся ў справядлівасці гэтых слоў, цімбілдынгавая лабараторыя TEAM LAB гатовая прыняць выклік і адстаяць свой слоган ў паядынку на новай інтэрактыўнай выставе «Гульні краін свету».

Гэты арыгінальны праект адрозніваецца высокай экалагічнасцю (усе элементы выраблены з натуральных і якасных матэрыялаў, у асноўным — з дрэва) і выключнай дэмакратычнасцю: прыходзьце да з сям’ёй, з калегамі, з сябрамі, у ганарлівай адзіноце — задаволеныя застануцца ўсё! Узрост, статус, настрой — не перашкода ў гульні, бо ўся хараство гульнявога працэсу як раз у тым, што вы расслабляецеся, захапляецеся, загараецеся, іншымі словамі — проста атрымліваеце асалоду, і пры гэтым непрыкметна для саміх сябе атрымліваеце новыя веды, уменні, навыкі, то бок вучыцеся. А, як вядома, век жыві — век вучыся, такім чынам, век жыві — век гуляй!

Кажуць, што гульні старажытней за чалавецтва, бо гэта дзейства знаёма і прадстаўнікам жывёльнага свету. Што тычыцца людзей, яны гулялі на світанку цывілізацыі (хлопчыкі — у вайну, дзяўчынкі — у мяч, калі верыць некаторым наскальным малюнкам), у Сярэднявечча, калі гульні былі пад забаронай (што не перашкаджала дамам і гаспадарам употай аддавацца гульні ў косці, шахматы, трыктрак і трэмерэль), а ўжо Новы час і сучаснасць можна смела назваць залатым стагоддзем гульняў. Пры гэтым іх геаграфія ахоплівае ўвесь зямны шар (акрамя Антарктыды хіба што, але гэта не дакладна), і амаль кожная краіна можа пахваліцца гульнёй, якую лічыць «сваёй» і якой ганарыцца амаль гэтак жа, як любімай стравай нацыянальнай кухні. Толькі ўслухайцеся ў назвы: джакола, блазар, эквілібра, кульбута, рашфор ... Вас чакае «меню» з 12 гульняў з розных куткоў планеты, на любы густ і тэмперамент, і Майстар гульні, які заўсёды да вашых паслуг, калі вы жадаеце спасцігнуць гульнявое мастацтва або пазмагацца ў паядынку!


Брэст. «Птушыны дэсант»

Дзе: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, г. Брэст, вул. К.Маркса, 60

Калі: да 30 красавіка

У краязнаўчым музеі стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя XVII Міжнароднай тыдню птушак. Адкрыла іх экспазіцыя «Птушыны дэсант». На ёй прадстаўлены фатаграфіі птушак Паўла Лычкоўскага, Аляксандра Пекача, Ігара Бышнёва і іншых. Птушкі ў палёце, птушка-мама ў гняздзе, на снезе, у траве ... Ёсць і птушка года Беларусі — ляляк.

На выставе таксама экспануюцца калекцыі птушыных гнёздаў, яек, кольцаў для кальцавання і частка калекцый Брэсцкага абласнога грамадскага аб’яднання Беларускага саюза філатэлістаў. Прадстаўленыя экспанаты будуць цікавыя як дзецям, так і дарослым.

Не менш цікаўныя і іншыя мерапрыемствы, якія прадаўжацца з 1 па 30 красавіка. На працягу месяца ў музеі пройдуць экалагічныя гульні для школьнікаў, экскурсіі «У свеце птушак». Любы жадаючы зможа паўдзельнічаць у конкурсе «Лепшая хатка для птушкі». Гатовыя гнездзішчы перададуць у лясгасы, а таксама размесцяць у парках і скверах горада.

Для жыхароў і гасцей горада 11 красавіка супрацоўнікі Брэсцкага абласнога грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» правядуць дзве экскурсіі, можна будзе паназіраць за птушкамі, паслухаць іх спевы.

Па словах загадчыцы сектарам прыроды і экалогіі Наталлі Мурыгінай, галоўная мэта мерапрыемстваў — прыцягненне ўвагі да вывучэння птушак, а таксама папулярызацыя беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.


Гродна. Дзікая прырода Беларусі

Дзе: Гродзенская выставачная зала, г. Гродна, вул. Ажэшка, 38

Калі: па 20 красавіка

У экспазіцыі прадстаўлена больш за пяцьдзясят работ дваццаці пяці аўтараў.

Калекцыя работ «Дзікая прырода Беларусі» вылучаецца з агульнага шэрагу фотавыстаў галерэі, так як яна дае магчымасць гледачу ўбачыць эксклюзіўныя сюжэты, якія практычна недаступныя звычайнаму чалавеку.

Гэта глушэц на таку і замілавальны партрэт барадатай няясыці, яркі зімародак і маленькі вераб'іны сычык, польскія конікі з Налібоцкай пушчы і беглыя зубры з «Чырвонага Бора».

Выстава ўжо пабывала ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча», у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Полацкім прыродна-экалагічным музеі, упрыгожвала выставачныя залы Чырвонага касцёла і Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, Палаца культуры ў Маладзечне, наведала турыстычны комплекс «Чырвоны Бор».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.