Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па аптымізацыі сеткі замежных устаноў


«Праблемы знешняй палітыкі пастаянна выносяцца на разгляд кіраўніка дзяржавы, і гэта мерапрыемства шмат у чым носіць планавы характар, — адзначыў Прэзідэнт. — Свет імкліва змяняецца, і нам неабходна адэкватна адаптавацца і граматна распараджацца наяўнымі рэсурсамі. Па ўсіх кірунках, у тым ліку і ў МЗС. Разам са шматлікімі рызыкамі і пагрозамі з'яўляюцца і новыя магчымасці. Ва ўмовах канкурэнцыі пераможа той, хто зможа імі граматна скарыстацца».


На абмеркаванні дзейнасці Міністэрства замежных спраў акцэнт быў зроблены на аптымізацыю беларускай дыпламатычнай прысутнасці за мяжой, але размова не ішла выключна пра скарачэнне прадстаўніцтваў. Вырашалі, якім чынам і на якіх знешніх вектарах перафарматаванне працы дыпламатаў прынясе большую эфектыўнасць, перад усім эканамічную.

Закрыць нельга пакінуць

«Мы чамусьці канцы ў ваду пачынаем хаваць, калі размова ідзе аб Міністэрстве замежных спраў. „Касякоў“ там хапае, і гэта мы бачылі па другой палове мінулага года. Таму трэба абмяркоўваць адкрыта гэтыя пытанні, бачыць болевыя кропкі, не проста дэманстраваць, а наводзіць там парадак», — казаў Аляксандр Лукашэнка.

Пандэмія, па яго словах, справакавала глабальны крызіс, змяніла структуру сусветнага гандлю, аднак вынікі мінулага года сведчаць, што Беларусь змагла захаваць свае пазіцыі на замежных рынках, у тым ліку дзякуючы эфектыўна выбудаванаму механізму знешнеэканамічных сувязяў.

«Відавочна, што дружалюбнай для нас з'яўляецца тая краіна, дзе пакупнік галасуе сваім рублём, доларам ці еўра за беларускі тавар ці паслугу, а ўрад гэтаму не перашкаджае, а наадварот садзейнічае», — выказаў думку Прэзідэнт.

Паводле яго інфармацыі, інтарэсы нашай краіны за мяжой прадстаўляюць 70 замежных устаноў у 58 краінах, на долю якіх прыпадае амаль 97 % беларускага экспарту і 76 % замежных інвестыцый. Кіраўнік краіны мяркуе, што ў цэлым сістэма органаў дыпламатычнай службы дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы. Пытанне толькі ў тым, наколькі яна эфектыўная з пункту гледжання выдаткаваных на яе ўтрыманне сродкаў, і рэальных вынікаў па абароне інтарэсаў.

«Ці ёсць магчымасць пераразмеркаваць людзей для вырашэння ключавых задач там, дзе нас чакаюць і гатовыя з намі працаваць, не прад’яўляючы ніякіх ультыматумаў? Мінулы год стаў выпрабаваннем на трываласць не толькі ўлады, але і дыпламатычных кадраў, якія павінны дзейнічаць выключна ў інтарэсах сваёй краіны. На жаль, не ўсюды атрымалася так, як мы хацелі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што Беларусь невялікая дзяржава і не мае бязмежных магчымасцяў фінансаваць разадзьмутыя штаты дыпламатаў за мяжой. «Навошта? Мы ад глабалізму не пакутуем, калі казаць пра перспектывы. У нас звычайныя зямныя пытанні і праблемы, як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Да таго ж, на першым плане павінна быць не прэтэнзія на лідарства, а абарона і прасоўванне сваіх інтарэсаў у эканамічнай сферы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што сістэма органаў дыпламатычнай службы ні ў якім разе не павінна ператварыцца ў закасцянелую структуру, у якой працуюць тэарэтыкі, адарваныя ад жыцця.

«У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць аб тым, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядваюцца. Дык навошта нам захоўваць свае пасольствы, выдаткоўваць значныя бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Навошта там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за пастаўленыя на паўзу напрамкі, калі мякка казаць? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў: у крайнім выпадку ўсе пытанні, якія цікавяць, можам абмяркоўваць на пляцоўках ААН і іншых міжнародных арганізацый у Нью-Ёрку, Жэневе або Вене. «Там ёсць магчымасць гаварыць з усім светам і няма неабходнасці трымаць палітычных дарадцаў у краінах, якія замарозілі з намі кантакты ў сілу сваёй перадузятасці або вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра створаныя ў шэрагу дзяржаў тавараправодныя сеткі, што добра працуюць і задаў у гэтым плане пытанні: ці ёсць неабходнасць дубляваць іх сваімі гандлёвымі прадстаўнікамі ў пасольствах? Магчыма, эфектыўней гэтыя штатныя адзінкі перакінуць туды, дзе яны сапраўды будуць запатрабаваныя для вырашэння актуальных задач?

«Нам неабходна там, дзе ў нас вялікі тавараабарот, эканамічна развітыя сувязі, аб’яднаць гэта ўсё, сабраць, як у народзе кажуць, пад адным дахам. Пад дахам пасольстваў. Напрыклад, Кітай. Там гандлёвае прадстаўніцтва часам не абдуманае. Грошы ніхто не лічыць. Усе маюць свае канторы ў Кітаі. Чаму не аб’яднацца пад дахам пасольства?» — разважае кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў галоўную ўмову стварэння новых устаноў за мяжой — адкрываць іх толькі за кошт пераразмеркавання рэсурсаў, не павінна быць ніякага раздзьмування штата.

Ён заявіў, што хоча пачуць адказы на наступныя пытанні: якія задачы мяркуецца вырашыць адкрыццём новых пасольстваў, якая будзе іх штатная колькасць і за кошт якіх рэзерваў яна сфарміруецца, якія падставы маюцца для закрыцця нашых прадстаўніцтваў у прапанаваных МЗС краінах?

«Ведаю, што ўрад, Адміністрацыя Прэзідэнта, КДБ і МЗС дэталёва прапрацоўвалі гэтыя пытанні. Пры абмеркаванні ўсіх пазначаных пытанняў важна ўлічваць перш за ўсё эканамічны аспект функцыянавання нашых пасольстваў і консульстваў. На падставе назапашанага вопыту і практыкі мы павінны вельмі выверана падысці да кожнай прапановы», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт успомніў пра шматгадовую практыку нарад у МЗС з беларускімі пасламі. У гэтым годзе Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу арганізаваць такую сустрэчу на яго ўзроўні з дакладам кожнага кіраўніка дыппрадстаўніцтва па эканамічных дасягненнях.

«Хачу, каб сёння мы падрабязна разгледзелі, для чаго адкрываем новыя пасольствы, хто там будзе працаваць і ў колькі гэта абыдзецца дзяржаве. Я хачу вас папярэдзіць, што ўсе прысутныя за ўнесеныя прапановы (таму што гэта грошы) будуць несці адказнасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, нельга забываць, што дыппрадстаўніцтвы вырашаюць не толькі палітычныя і эканамічныя задачы — яны закліканыя падтрымліваць беларускіх грамадзян, дапамагаць ім у складаных сітуацыях. Прыклад, у часы пандэміі, калі беларусы не маглі вярнуцца на радзіму з-за закрыцця транспартных зносін паміж краінамі.

«Тады МЗС вельмі дакладна спрацавала і дапамагло людзям вярнуцца дамоў», — заўважыў Прэзідэнт.

Ці «нашы» палякі?

Другой часткай нарады стаў абмен думкамі па пытаннях знешняй палітыкі, асабліва ва ўзаемаадносінах з суседзямі, перад усім з Польшчай.

Па словах Прэзідэнта, палітычная кантакты з гэтай краінай ніколі не былі ідэальнымі.

«Мы ў сілу свайго характару, менталітэту доўга мірыліся з асобнымі выпадамі, абвінавачваннямі ў свой адрас, спрабуючы знайсці кампраміс, праяўлялі гнуткасць, разуменне. Мы зыходзілі з таго, што суседзяў не выбіраюць, і яны ўсе важныя для нас. Аказалася, што гэтыя канструктыўныя падыходы ў Варшаве ўспрымаюць як слабасць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, як гатоўнасць польскага боку яшчэ летась у чэрвені ісці насустрач Беларусі ў шэрагу кірункаў змянілася «абвінавачваннямі ў фальсіфікацыі выбараў, падтрымкай збеглых, даваннем прыстанішча здраднікам, экстрэмістам і санкцыямі».

«Уявіце, у чэрвені яны нам спявалі песні, прыемныя для слыху, і ў той жа час праз спецслужбы і іншыя структуры ў палітыцы праводзілі двайную гульню. Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, сталі непрыкрытыя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў, правядзенне з гэтай мэтай мерапрыемстваў для беларускай моладзі», — паведаміў кіраўнік краіны.

Па словах Прэзідэнта, рэакцыя праваахоўных органаў на супрацьпраўную дзейнасць грамадзян Беларусі, што называюць сябе палякамі, у Варшаве лічаць прыцісканнем польскай меншасці.

«Чамусьці ў нас асобныя ўспамінаюць пра свае нацыянальныя карані толькі, калі пераступаюць закон, а не калі неабходна зрабіць нешта карыснае для дзяржавы, грамадзянамі якой яны з'яўляюцца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў, што ў Беларусі заўсёды адказна падыходзілі да захавання правоў усіх нацыянальных меншасцяў і ганарацца міжэтнічным мірам у краіне.

«Так яно будзе заўсёды. Рэлігійны і міжэтнічны мір у Беларусі будзе захаваны, чаго б гэта не каштавала. Ніхто нас не штурхне ў супрацьборства палякаў з беларусамі ці рускімі. Больш за тое, з польскім народам беларусаў аб'ядноўвае шматвяковая гісторыя. У нас няма неўрэгуляваных тэрытарыяльных і маёмасных прэтэнзій адзін да аднаго. Мы ніколі не ўспаміналі аб акупацыі Польшчай значнай часткі беларускай тэрыторыі ў 20–30 гады мінулага стагоддзя. Але мабыць прыйшоў час вярнуцца да гэтай тэмы і дэталёва даследаваць яе з прыцягненнем гісторыкаў і палітолагаў. Гэта ўжо пачалі рабіць», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да кіраўніцтва Польшчы і падкрэсліў, што палякі, якія жывуць у Беларусі, — «нашы палякі і іх радзіма Беларусь».

«Яны тут жылі, тут жывуць і будуць жыць іх дзеці. Хто хоча выехаць, мы нікога не трымалі і трымаць не збіраемся. Але тыя, хто жывуць у нас, грамадзяне Беларусі — гэта нашы палякі, нашы рускія, нашы ўкраінцы і нашы яўрэі», — сцвярджае кіраўнік краіны.

Ён падкрэсліў, што хоча пачуць канкрэтныя прапановы па вяртанні паслядоўнай, актыўнай палітыкі з Польшчай.

«Мы не хочам ні з кім ваяваць, але калі да нас будуць такім чынам адносіцца (як тое было ў канцы мінулага года і зараз), то атрымаюць, і вельмі моцна. Але і нам хопіць быць пасіўнымі назіральнікамі, там дзе трэба рэагаваць, павінны рэагаваць адэкватна, як тое было ў Брэсце і Гродне», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Наконт падзей у гэтых абласных цэнтрах, ён заўважыў — адказнасць нясуць і мясцовыя ўлады, у якіх пад бокам развярнулі дзейнасць дэструктыўныя сілы. «Даўно трэба было правесці праверкі курсаў вывучэння замежных моў, скаўтскіх арганізацый і іншых падобных ім структур, якімі кіруюць і якія фінансуюць за межамі, — заявіў Прэзідэнт і даў заданне займацца гэтай праблемай Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. — Трэба прынцыпова разабрацца па ўсіх сумніўных аб’яднаннях і ўстановах. Не толькі міжэтнічных і міжрэлігійных. У нас усякіх фондаў, структур, прадстаўніцтваў заходніх фондаў куча. Гэта справа кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта арганізаваць работу і ўсіх іх перарэгістраваць”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нельга дапусціць, каб такія структуры ўцягвалі моладзь у антыдзяржаўную дзейнасць, садзейнічалі ўцечцы кадраў за мяжу.

«Неабходна папрацаваць на прадстаўленні грамадскасці і заходнім партнёрам так званага „польскага пытання“. На Захадзе не ўсе разумеюць, што адбываецца на самой справе. Адпаведны план ужо рэалізуецца. Неабходна паскорыць гэту працу. Неабходна актыўней прасоўваць тэмы пераследу этнічных беларусаў у міжваенны і пасляваенны перыяд, дзейнасці польскіх нацыяналістычных бандфарміраванняў (і не толькі польскіх) на нашай тэрыторыі, рэваншысцкіх намераў кіраўнікоў гэтых дзяржаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, афіцыйны Саюз палякаў у Беларусі павінен канструктыўна працаваць на дабрабыт краіны і садзейнічаць узмацненню адносін.

Каментарый у тэму:

Мінулая аптымізацыя замежных устаноў адбылася ў 2017–2018 гадах, з таго перыяду адбылося шмат падзей, таму і з’явілася неабходнасць перагляду канцэпцыі дзейнасці замежных прадстаўніцтваў і іх аптымізацыі. Пра гэта паведаміў пасля нарады журналістам міністр замежных спраў Уладзімір МАКЕЙ.

«Мы дасканала вывучылі гэтае пытанне, зыходзячы з тых патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да знешнепалітычнага ведамства. І ўнеслі на разгляд урада і Адміністрацыі Прэзідэнта адпаведныя прапановы, — сказаў ён. — Мы зыходзілі з узроўню развіцця знешнеэканамічных адносін з краінамі, з узроўню тавараабароту, з аб’ёму нашага экспарту ў пэўную краіну. Не хачу сказаць, што мы закрыем 10 пасольстваў і адразу адкрыем 10 новых, такога не будзе. Рухацца будзем паступальна».

Канкрэтныя краіны, дзе пасольствы будуць закрытыя, Уладзімір Макей не назваў, але такіх будзе некалькі. Прычына простая — іх дзейнасць не прыносіць знешнеэканамічнай аддачы. За кошт свабодных рэсурсаў і кадраў увагу нададуць пашырэнню дыппрысутнасці ў перспектыўных рэгіёнах.

«Напрыклад, актыўна развіваюцца адносіны з Зімбабвэ — і палітычныя, і гандлёва-эканамічныя. Чаму б не паглядзець на гэту краіну? — падзяліўся міністр. — Калі ўзяць В’етнам і Індыю, то фінансава-эканамічныя сталіцы (Хашымін, Мумбаі) гэтых краін знаходзяцца на адлегласці 1500 кіламетраў ад рэальных сталіц. На наш погляд, мэтазгодна там непасрэдна дыпламатычна прысутнічаць беларускаму боку. Таму ёсць сэнс там размясціць наша генеральнае консульства. Калі ўзяць Ганконг, там таксама няма нашага прадстаўніцтва, але гэта перспектыўны рэгіён і рынак».

Уладзімір Макей расказаў, што раз у тры гады ў часы летняй вучобы для кіраўнікоў замежных устаноў Беларусі праводзілі сустрэчу з Прэзідэнтам. Такую нараду вырашылі правесці і сёлета.

Наконт адносін з Польшчай міністр адзначыў, што не беларускі бок быў ініцыятарам абвастрэння адносін.

«Нягледзячы на нашы запыты, звязаныя з дэструктыўнай дзейнасцю шэрагу асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і некаторых Прыбалтыйскіх краін, мы не атрымалі канструктыўнага адказу. Таму мы былі вымушаны пайсці на рэзкія крокі, звязаныя з высылкай дыпламатаў», — дадаў Уладзімір Макей.

Па яго словах, крымінальныя справы, заведзеныя на асобных грамадзян Беларусі з-за мерапрыемстваў, якія праслаўляюць «праклятых салдат», маюць канкрэтныя прычыны.

«Нашы партнёры спрабуюць прадставіць гэта ў некаторых міжнародных арганізацыях, на знешнім контуры як ціск на польскую меншасць у Беларусі, што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Мы поўнасцю выконваем нашы міжнародныя абавязкі ў гэтай сферы. Больш за тое, сёння кіраўнік краіны падкрэсліў, што ні ў якім разе гэтыя абавязкі не будуць парушаныя», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён заявіў, што Прэзідэнту былі прадстаўлены і ім падтрыманы меры па развіцці адносін з нашымі суседзямі. «Мы зацікаўлены ў развіцці і гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Мы зацікаўлены, і сёння абмяркоўвалася пытанне аб магчымым вяртанні паслоў нашых краін (маецца на ўвазе Беларусі і Польшчы — «Зв.»). Але для гэтага павінны быць сур’ёзныя падставы, якія дазволяць спадзявацца на больш спакойнае развіццё сітуацыі», — паведаміў кіраўнік МЗС.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.