Вы тут

Таццяна Швед: Галоўнае — адпавядаць запыту чытача


Пра самае галоўнае — наведванне дзіцячай кніжніцы, папаўненне фондаў, работу бібліятэкара, а таксама вынікі 2020 года — пагутарылі з дырэктарам дзяржаўнай установы «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска» Таццянай ШВЕД.


— Для многіх пакуль адкрытае пытанне: у чым асаблівасць дзіцячай бібліятэкі?

— Несумненна, асноўная функцыя — прыцягненне да чытання. Мы ж імкнемся павялічыць колькасць чытачоў-дзяцей, часам тут недастаткова адной наяўнасці твора. Дзіцячых бібліятэк нават не хапае, асабліва ў новых мікрараёнах. Дарэчы, некалькі гадоў таму праводзілі сход з жыхарамі ў раёне вуліцы Ангарскай — аматары кнігі вельмі хацелі, каб там з’явілася наша ўстанова. Пакуль там маленькі філіял, які абслугоўвае дзве тысячы чытачоў.

— Не сакрэт, што калі перад маленькім чытачом ляжаць даўно надрукаваная, хоць і цікавая, кніга і новае сучаснае выданне з яркай вокладкай, ён зробіць свой выбар на карысць другога варыянта. Як пераканаць яго ў змястоўнасці першага варыянта?

Не трэба пераконваць… Вядома, мае значэнне эмацыйнае, зрокавае ўспрыманне кнігі ці нейкага перыядычнага выдання. Але калі дзіця ўжо прыйшло ў бібліятэку, яно не надае значэння такой з’яве, як навізна ці яркасць прадмета. Да таго ж усё індывідуальна. Прывяду прыклад: калі ў нашым памяшканні (Дзіцячая бібліятэка № 8, — заўв. аўт.) яшчэ не зрабілі капітальны рамонт, я лічыла, што трэба гэтым займацца як мага хутчэй — выгляд пакояў быў далёка не найлепшы, прытым у цёмных танах. Але прыходзілі дзеці, якім такі «дызайн» падабаўся. Да нас прыходзяць альбо за канкрэтнай кнігай, часта, вядома, за той, што тычыцца школьнай праграмы, альбо адпачыць. Ёсць асобная катэгорыя чытачоў, якая завітвае менавіта падчас школьных канікул і вывучае мастацкую літаратуру — дэтэктывы, хорар-апавяданні, любоўныя гісторыі… У іх не хапае часу наведваць бібліятэку падчас вучобы.

— Але ж нельга сказаць, што дзеці абыякавыя да інтэр’еру. Відавочна, што ў гэтым памяшканні вы імкнуліся адысці ад цёмных колераў?

— Тут усё зроблена ў комплексе. Мы хацелі, каб пакоі былі ў адным стылі, таму і атрымалася адзінае цэлае. Увогуле ж я выступаю за тое, каб інтэр’ер быў сучасны. Хочацца, каб ён спрыяў пазітыўнаму ўспрыманню бібліятэкі і кнігі, з дзяцінства выхоўваў любоў да прыгожага. Ды кожная з нашых устаноў мае свае адметныя рысы інтэр’еру.

— Але бібліятэка — гэта перш-наперш фонды.

— Так было заўсёды, і, я спадзяюся, будзе. Галоўнае для нас — адпавядаць запыту чытача. Калі мы дапаможам яму з кнігай адзін раз і не дапаможам другі, бо яе не маем, ён ужо падумае, ці ісці яму ў бібліятэку трэці раз. Нельга губляць чытача, мы павінны запяспечыць інфармацыяй, бо самае важнае для яго — вучоба, астатняе — дапаможнае. Індывідуальная работа бібліятэкара з аматарам кнігі тут мае найважнейшае значэнне. Бясспрэчна, для прыцягнення чытачоў трэба праводзіць масавыя мерапрыемствы, але калі да наведвальніка ставяцца як да свайго дзіцяці, як да грамадзяніна, які прыйшоў па дадатковыя веды, то гэта нашмат павялічвае поспех нашай справы.

— На што звяртаеце ўвагу калег?

— Толькі на прывабліванне дзяцей да чытання і ў дзіцячыя бібліятэкі. Калегі трымаюць руку на пульсе, вывучаюць чытача, удасканальваюць сваю працу дзякуючы інтэрнэту, сацыяльным сеткам, а таксама міжнароднаму супрацоўніцтву. Мы шмат абмяркоўваем падчас рабочых нарад, семінараў, у тым ліку ў анлайн-фармаце, курсаў павышэння кваліфікацыі. Апошнія вядуцца як ва Універсітэце культуры, так і ўнутры сістэмы. Калі да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, мы фарміруем невялікую групу і праводзім мерапрыемствы, падчас якіх яны знаёмяцца з усімі магчымымі формамі работы. Напрыклад, падчас правядзення Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу мы правялі цэнтралізаваную выстаўку «Адкрый для сябе беларускую дзіцячую кнігу». Кожная бібліятэка сабрала ўсе выданні для дзяцей, што пабачылі свет у 2020 годзе і меліся ў нашых фондах, каб акцэнтаваць увагу на гэтай літаратуры.

— Ці не адчуваецца недахоп маладых прафесіяналаў?

— Маладыя спецыялісты заўсёды патрэбны, хоць вялікай нястачы не адчуваецца. Прыемна, што ёсць людзі, якія адпрацавалі ў нашай сістэме 30–35 гадоў. Яны ўсе свае веды, уменні, вопыт скарысталі на тое, каб дзеці чыталі. І ім — вялікі дзякуй за працу. Дарэчы, у сістэме сфарміравана школа рэзерву з тых, каго мы лічым вартымі на вылучэнне на вышэйшую пасаду. Але спецыфіка нашага калектыву — у зменах у асабістым жыцці супрацоўнікаў: нараджэнне дзіцяці, пераезд і гэтак далей. Таму мы вельмі рады студэнтам Універсітэта культуры, якія прыходзяць да нас працаваць падчас вучобы. Я штогод наведваю папярэдняе і канчатковае размеркаванне ва ўніверсітэце, бо менавіта былыя студэнты прыўносяць новае, яны бачаць усё па-іншаму. Некаторыя пасля адпрацоўкі сыходзяць, хтосьці застаецца. Але мой досвед падказвае, што на гэта не ў апошнюю чаргу ўплывае атмасфера ў калектыве. Так ці інакш, многія з іх хочуць вучыцца далей, яны яшчэ шукаюць сябе.

— Пастаянна вядуцца спрэчкі пра чытанне і нечытанне дзяцей і моладзі. Якія высновы прымусіў зрабіць вельмі складаны для ўсіх 2020 год?

— Дзесьці ў маі–чэрвені я была прыемна здзіўлена, што, аказваецца, у пандэмію без кнігі ніяк. Чытачы выязджалі з Мінска і прасілі выдаць больш кніг, часам у 3 разы больш, чым звычайна. Мы ішлі насустрач, таму кнігавыдача ішла сваім парадкам. Да таго ж імкнуліся, каб бібліятэка хутчэй папаўнялася новымі выданнямі, і скарацілі іх шлях да кніжніцы. У гэтай сувязі нельга не адзначыць клопат дзяржавы аб тым, каб у дзіцячых бібліятэках сталіцы было як мага больш новых паступленняў. Так, на цяперашняе камплектаванне фондаў бібліятэк выдзелена 12 % ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання. Мы маем магчымасць купіць літаральна любую літаратуру, на якую ёсць запыт нашых чытачоў альбо на якую мы самі звяртаем увагу пры аналізе кніжнага рынку.

— Што яшчэ дапамагло трымацца на плаву? Да якіх форм работы звярталіся?

— Летась, нам было крыху складана, але дзякуючы таму, што на першым месцы была індывідуальная работа, мы здолелі захаваць колькасць чытачоў. Калі ў красавіку 2020 года прыходзіла ў сярэднім 1400 чалавек у дзень, то ў канцы года — 3700. Для параўнання: у лютым 2020 года сярэдні паказчык наведванняў складаў 3680 чалавек. Дапамаглі агляды новых паступленняў, рэклама тых ці іншых свежых выданняў, а таксама тэматычныя спісы літаратуры ў сацсетках. Чытачы заказвалі кнігі, супрацоўнікі рыхтавалі заказ. Яны разумелі, што мы клапоцімся пра іх здароўе. Дарэчы, мы звярталіся да некаторых чытачоў напрасткі: калі нехта наведваў бібліятэку ў 2019-ым і не прыходзіў у 2020-ым, мы тэлефанавалі ім. Некаторыя меркавалі, што мы не працуем. Потым яны з задавальненнем наведвалі бібліятэку.

— Чым парадуеце маленькіх чытачоў у бліжэйшы час?

— Сустрэчы, розныя мерапрыемствы як у бібліятэках, так і анлайн. Адзін з найцікавейшых праектаў — унікальны гурток у бібліятэцы № 10 пад назвай «0+. Растим читателя сами». Ён працуе адмыслова для матуль, у якіх ёсць дзеці да трох гадоў. Распрацаваны і праекты, прысвечаныя Году народнага адзінства, — «Беларусь — мая гордасць і слава» і цыкл вэб-турніраў на патрыятычную тэматыку «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Плануем рэалізаваць міжнародную анлайн-акцыю «Чытаем беларускую кнігу» ў верасні бягучага года напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Мяркуем, што кніга можа быць і на беларускай, і на рускай мове — у кожнага родная свая.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.