Вы тут

Ваўка, які пакусаў трох жанчын у Пінскім раёне, застрэлілі


У вёсцы Ласіцк Пінскага раёна воўк пакусаў трох жанчын, для яго ліквідацыі была наладжана цэлая пошукавая аперацыя.


У другой палове дня ў панядзелак на ўскраіне вёскі Ласіцк з’явіўся воўк і адразу напаў на дзвюх жанчын, якія ішлі па дарозе. На іх крыкі збегліся аднавяскоўцы. Віламі і палкамі мужчыны змаглі адагнаць звера. Але той не кінуўся ў лес наўцёкі, а вельмі хутка з’явіўся ў вёсцы зноў і пакусаў яшчэ адну жанчыну. Такія паводзіны драпежніка гавораць пра тое, што жывёліна хворая на шаленства. Здаровы воўк сярод белага дня на людзей не нападае.

Як расказала карэспандэнту газеты кіраўнік справамі Ласіцкага сельвыканкама Тамара МІШКОВІЧ, па выкліку ў Ласіцк прыбылі міліцыя, служба МНС, хуткая дапамога. Найперш была аказана дапамога пацярпелым, у іх зафіксаваны раны ад укусаў і траўмы. Жанчыны былі тэрмінова шпіталізаваныя. На пошук небяспечнага звера адправіліся паляўнічыя, міліцыянеры са зброяй, егеры лясгаса. Пошукі працягваліся да трох гадзін ночы. Раніцай у бліжэйшыя лясы накіравалася новая экспедыцыя спецыялістаў.

Тамара Мішковіч дадала, што ў населеным пункце і бліжэйшых вёсках прымаюцца ўсе меры бяспекі. Людзі папярэджаныя аб тым, што не варта пакідаць дамы без пільнай патрэбы, асабліва не трэба выбірацца за вёску. Школьны аўтобус падвозіць дзяцей да самых весніцаў іх дамоў. У раёне пошукаў вёскі будуць патрулявацца членамі народных дружын.

«У нас такога ніколі не было — гаворыць Тамара Уладзіміраўна. — Нават старажылы не памятаюць, каб воўк нападаў на людзей. Хоць жывём у акружэнні лясоў. Спадзяемся, што сёння звера знойдуць».

Прыкладна ў 12 гадзін дня небяспечны звер быў ліквідаваны. Пра гэта карэспандэнту газеты паведаміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый БУШЫК:

— У лясным масіве каля вёскі Нячатава Столінскага раёна — гэта прыкладна ў дзясятку кіламетрах ад Ласіцка — супрацоўнікі лясніцтва займаліся пасадкай лесу. Прыехалі на ўчастак на падводзе, разам быў сабака. Раптам конь і сабака пачалі выказваць прыкметы неспакою, жывёлы нерваваліся. Літаральна праз некалькі хвілін на каня напаў воўк. Леснікі адагналі звера, нават паранілі яму пашчу падручнымі сродкамі і патэлефанавалі паляўнічаму раённай арганізацыі. Апошні прыбыў праз 15 хвілін і застрэліў звера. Драпежнік за гэты час яшчэ раз паспрабаваў напасці на каня.

На месца аператыўна прыбылі супрацоўнікі ветэрынарнай станцыі, каб узяць пробы біяматэрыялу ваўка на шаленства.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: unsplash.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».