Вы тут

Чаму з сямейнага жыцця знікае інтым?


Нагодай да гэтага інтэрв'ю стала пісьмо ў рэдакцыю нашай чытачкі. Алена Іванаўна піша:

«Сын ажаніўся ў 30 гадоў, яго жонцы — 29. Абое нарадзіліся ў вёсках, маюць вышэйшую адукацыю, працуюць ветурачамі ў аграпрамысловым комплексе. Сын сябраваў з дзяўчатамі (не цураўся іх), пра яго жонку не ведаю, бо яна з іншай мясцовасці. Яны пазнаёміліся і праз нейкі час самі прынялі рашэнне ажаніцца. Жывуць у кватэры ад калгаса, усё ў хаце маюць, ёсць і аўтамабіль. Праз 1-2 гады пасля вяселля пачаліся спрэчкі і лаянкі (хто што купіў і за што заплаціў). Я гэта тлумачу прыціркай характараў. Асабліва за іх не хвалявалася: не пілі, не курылі, вялі гаспадарку. Маю вопыт назірання за сем'ямі двух іншых маіх сыноў.

Але, як высветлілася паступова, паміж імі не было інтымных адносін (ні разу). На маю думку, гэта і ёсць прычына разводу. І вінаваты, хутчэй за ўсё, мой сын. Як дапамагчы ім застацца сямейнай парай? Ці гэта ўжо немагчыма праз стан здароўя майго сына, хоць ён і служыў у войску?»


Пракаментаваць сітуацыю і адказаць на іншыя далікатныя пытанні, якія ўзнікаюць у сем'ях (але з імі не заўсёды ідуць да доктара), мы папрасілі ўрача-сексолага Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вольгу Неўдах.

— Вольга Міхайлаўна, як пракаментуеце сітуацыю, пра якую расказвае чытачка?

— На жаль, маці не можа вырашыць праблемы ў сексуальным жыцці дзяцей. Умяшанне ў іх асабістае жыццё можа пагоршыць існуючыя канфлікты ў пары. Прычыны адсутнасці сексу розныя, і датычыцца могуць як мужчыны, так і жанчыны. Гэта хваробы ўралагічнага, неўралагічнага і псіхалагічнага характару. Адзінае, што можа ім параіць маці: звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў (урачоў-сексолагаў, уролагаў, андролагаў). Ці захоўваць сям'ю — гэта пытанне і жаданне самой пары. Калі яны не хочуць быць разам, то жаданне мамы, на жаль, нічога не вырашыць.

— Насамрэч сітуацыю, калі паміж мужам і жонкай ні разу не было сексуальнай блізкасці, уявіць складана. Няўжо гэта сапраўды здараецца?

— Так, здараецца. Такія шлюбы называюць цнатлівымі. Вылучаюць тры формы: ігнарантную, імпатэнтную і фабічную. Фабічная форма — калі жанчына баіцца «пякельнага», непераноснага болю пры першай блізкасці. Ігнарантная форма характэрная для нявопытных партнёраў з невялікімі ведамі і ўяўленнямі пра секс, будову палавых органаў. Імпатэнтная форма — калі ў партнёра праблемы з эрэкцыяй.

— Ці можа праіснаваць такі шлюб нейкі час або ён асуджаны?

— У цэлым захаваць такую сям'ю магчыма, калі партнёраў усё задавальняе і няма ўзаемных абвінавачванняў, а, наадварот, ёсць жаданне вырашыць праблему. Відавочна, што ў пачатку палавога жыцця хлопцы і дзяўчаты могуць адчуваць некаторую сарамлівасць, няёмкасць, трывогу за вынік. У норме гэта праходзіць пасля некалькіх палавых кантактаў. Але не ва ўсіх. Здараецца, падчас палавога акта трывога павышаецца настолькі, што прыводзіць да страты эрэкцыі ў мужчын і напружання мышцаў тазавага дна ў жанчын, а ў выніку да немагчымасці заняцца сексам.

Доўгі стан трывогі падчас палавога акта, немагчымасць атрымаць задавальненне, пастаянны кантроль над сабой вядзе да фіксацыі такога стану і паўтараецца раз за разам, фарміруючы сіндром трывожнага чакання сексуальнай няўдачы. Самастойна пазбавіцца ад такой трывогі не атрымаецца, і тут неабходна дапамога спецыяліста — урача-сексолага ці псіхатэрапеўта.

— Нярэдка так здараецца, што на пэўным этапе сямейнага жыцця секс з яго сыходзіць. У чым тут прычыны? Гэта прыкмета таго, што ў будучыні сям'я распадзецца?

— Прычыны могуць быць розныя, некаторыя залежаць ад стану фізічнага здароўя партнёраў, ёсць і не звязаныя з ім. Секс можа адсутнічаць з-за розных хвароб, траўмаў аднаго або адразу двух партнёраў. Аднак часцей за ўсё секс знікае пры парушэнні міжасобасных адносін. Секс — гэта самая блізкая форма кантактавання. А калі паміж партнёрамі пачынаюцца канфлікты і сваркі, то ў першую чаргу гэта адбіваецца на сексе. Практычна немагчыма «жадаць» партнёра, калі перад гэтым высвятляць, хто мае ці не мае рацыю, вінаваты/невінаваты, заўсёды/ніколі. Таму з'яўляюцца затоеныя крыўды, якія прыводзяць да таго, што напрыклад, жанчыны «баліць» галава, а ў мужчыны пачынаюцца праблемы з эрэкцыяй.

— Як адсутнасць сексу ўплывае на здароўе мужчыны і жанчыны?

— Адсутнасць сексу не прыводзіць да праблем са здароўем. Аднак маючы рэгулярныя інтымныя адносіны, вы спрыяеце падтрыманню імунітэту, нармалізацыі крывянога ціску, зніжаеце рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, здымаеце напружанне. Мужчынам рэгулярная эякуляцыя ідзе на карысць, пры гэтым не мае значэння, якім чынам яна была дасягнута: падчас сексу або мастурбацыі. Па выніках аднаго з даследаванняў (PROSTATE CANCER EDІTORІAL BY SARAH K. HOLT, GEORGE R. SCHADE AND JOHN L. GORE DECEMBER 01, 2016), тыя мужчыны, якія эякулявалі 21 раз на месяц, былі менш схільныя да рызыкі развіцця раку прастаты, чым тыя, хто эякуляваў 4–7 разоў на месяц.

Адсутнасць сексу ў жанчыны з медыцынскага пункту гледжання не разглядаецца ў якасці прычыны або рызыкі якога-небудзь гінекалагічнага захворвання. Калі жанчына свядома адмаўляецца ад сексу або мае вельмі мала сексуальных кантактаў і яе ўсё задавальняе, то гэта не павінна расцэньвацца як небяспечная для здароўя сітуацыя.

— А ці складана перапыніць, напрыклад, двухмесячнае або двухгадовае ўстрыманне? І як гэта зрабіць?

— З тых выпадкаў, што сустракаліся ў маёй практыцы, доўгае ўстрыманне ў мужчын і жанчын выклікае часцей за ўсё страх перад новым палавым кантактам. Псіхалагічны бар'ер «у мяне доўга не было» можа перашкаджаць будаваць адносіны — менавіта з-за боязі прызнацца ў гэтым, паколькі некаторыя людзі могуць лічыць устрыманне сур'ёзнай перашкодай для сексуальнага жыцця. На справе гэта зусім не так. Калі ўстрыманне не звязана з хваробамі мочапалавой сістэмы і іншымі паталогіямі, якія робяць палавы акт немагчымым, то гэта як ездзіць на ровары: нават калі вы доўга не каталіся, вы ўсё роўна не страцілі навык.

— Ці павінны муж і жонка супадаць сексуальным тэмпераментам (або палавой канстытуцыяй)? Калі яны не супадаюць, якія бываюць праблемы? Як знаходзіць кампраміс?

— Большасць пар не супадае паміж сабой палавой канстытуцыяй. Гэта сукупнасць біялагічных асаблівасцяў арганізма, якія склаліся пад уплывам спадчынных фактараў і ўмоў развіцця ва ўнутрывантробным перыядзе і раннім дзяцінстве, што і вызначае ўзровень палавой патрэбы, мяжу палавой актыўнасці. Простай мовай: палавая канстытуцыя — гэта цяга і патрэба займацца сексам, і яна дадзена нам ад прыроды, як колер вачэй. Ёсць тры тыпы: слабая, сярэдняя і моцная. Па частаце сексуальных кантактаў практычна няма пытанняў у тых парах, дзе ў партнёраў слабая і сярэдняя палавая канстытуцыя.

Праблемы ў пары ўзнікаюць, калі ў аднаго партнёра палавая канстытуцыя слабая, а ў другога — моцная, калі аднаму трэба два разы на дзень, а другому — адзін раз у два тыдні. Менавіта з-за частаты і ўзнікаюць спрэчкі і пачынаецца: «ты мяне не кахаеш, ты мяне не хочаш», «ты здраджваеш», «я тоўстая і непрыгожая». Канфлікты ўзнікаюць з-за нежадання ці немагчымасці пагаварыць з партнёрам, з-за яго нежадання чуць. Арыентацыя ў пары павінна быць на партнёра са слабай палавой канстытуцыяй, бо, аказваючы доўгі ціск на такога партнёра, можна наогул выклікаць у яго агіду да сексу. Пры немагчымасці вырашыць гэтую праблему самастойна пары мусяць звяртацца да ўрача-сексолага.

— Ці згасае сексуальнае жаданне з узростам і стажам сямейнага жыцця і як яго падтрымліваць?

— Гэта, дарэчы, залежыць ад палавой канстытуцыі. Калі яна моцная, то і сексуальная патрэба вышэйшая і згасае павольней, чым у іншых. З моцнай і сярэдняй палавой канстытуцыяй неяк спецыяльна падтрымліваць сексуальнае жаданне не трэба. Партнёры са слабай палавой канстытуцыяй арыен-
таваны больш не на частату сексу, а на яго якасць. Разнастайнасць сексуальнага ўзаемадзеяння (умовы, позы, формы палавога кантакту і іншае) залежыць толькі ад жадання партнёраў.

— Лічыцца, што норма — інтымныя адносіны два-тры разы на тыдзень. Да якога ўзросту мужа і жонкі гэта актуальна? У старэйшым узросце іншыя нормы?

— Партнёрская норма — паняцце адноснае, якое ад узросту не залежыць. Гэта тое, што ўласціва для адной пары і можа быць нехарактэрна для іншай. Для адных норма — два разы на тыдзень, для іншых — адзін раз на тры месяцы. І калі абаіх партнёраў гэта задавальняе, то гэта і ёсць партнёрская норма.

Алена КРАВЕЦ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.