Вы тут

Як вясна ўплывае на здароўе дзяцей і дарослых?


Большасць з нас з нецярпеннем чакае цёплы сезон, але, акрамя радасці, ён можа прынесці і непрыемнасці. Як іх пазбегнуць? Пра гэта расказалі ў аддзеле гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.


Фота: pixabay.com

Сезонная алергія

Па статыстыцы колькасць людзей, якія пакутуюць на паліноз, у апошні час толькі расце. Пры выкананні некаторых правілаў і прафілактыцы вясновая алергія можа адбіцца на здароўі з мінімальнымі наступствамі. Што ж рабіць?

Дзеці, схільныя да палінозу, не павінны доўга знаходзіцца на вуліцы, асабліва ў цёплыя і ветраныя дні. Калі ёсць алергія на пылок, не варта ў перыяд цвіцення раслін весці дзіця на прагулку ў сад, лес або парк. Падчас руху аўтамабіля не адкрывайце вокны. У кватэры на рамах устанавіце супрацьмаскітныя сеткі і перыядычна апырсквайце іх вадой.

Перад тым як выйсці на вуліцу пасля дажджу, пачакайце, пакуль трохі падсохне, бо раздроблены пылок хутчэй пранікае ў дыхальныя шляхі ў вільготным паветры. Дзецям пажадана займацца спортам у закрытых памяшканнях, каб пазбегнуць алергічных прыступаў.

У кватэры часцей праводзьце вільготную прыборку, старайцеся матываваць дзіця прымаць душ перад сном кожны дзень. Не забывайцеся пры неабходнасці даваць медыкаменты (па рэкамендацыі ўрача).

Прастудныя захворванні

Асноўная прычына дзіцячай прастуды вясной — пераменлівае надвор'е, парывісты і халодны вясновы вецер. Падбіраючы вопратку дзецям для вуліцы, памятайце пра тое, што яны шмат рухаюцца і хутка пацеюць. Спатнелае дзіця здольнае падхапіць прастуду нашмат хутчэй.

Траўмы пры актыўным адпачынку

З надыходам вясны дзеці катаюцца на роварах, самакатах, скейтбордах і роліках. Паспрабуйце забяспечыць малога шлемам, накаленнікамі, аховай для локцяў і рук. І не забывайце, што неабходна праверыць надзейнасць гэтых аксесуараў. Нагадайце дзіцяці пра няўхільнае выкананне правілаў дарожнага руху і паводзін на вуліцы.

Сонца, паветра і вада — нашы найлепшыя сябры?

Гэта папулярнае сцвярджэнне вельмі аптымістычнае, але не забывайце пра нюансы, якія могуць узнікнуць. Вясновае сонца зманлівае, не варта дазваляць малому знаходзіцца пад прамымі праменямі дастаткова доўга, асабліва без ахоўных касметычных сродкаў. Дзеці пры выхадзе на вуліцу павінны быць забяспечаны галаўнымі ўборамі і пры неабходнасці сонцаахоўнымі акулярамі, а таксама апранутыя па надвор'і, каб пазбегнуць перагрэву. На працяглую прагулку пажадана ўзяць пітную ваду.

Пазітыўныя эмоцыі

У вясновы час пачуццё стомленасці — звычайная справа, і часта бацькам пасля работы не да дзіцяці. Але дзецям для паўнацэннага развіцця і здароўя проста неабходна атрымліваць пазітыўныя эмоцыі. Малому важна адчуваць, што пра яго клапоцяцца і любяць, а яго праблемам аддаюць належную ўвагу. Станоўчыя эмоцыі дапамагаюць спраўляцца з хваробамі, валодаюць антыстрэсавым эфектам. Дзеці, якія наведваюць дзіцячыя калектывы, могуць адчуваць стрэс і негатыўныя эмоцыі (зусім як дарослыя), але самі справіцца з пачуццямі не могуць. Гэта прыводзіць да раздражняльнасці, стомленасці, павышанай узбудлівасці нервовай сістэмы, парушэння агульнага самаадчування, сну і апетыту.

Асабліва востра тое праяўляецца ў міжсезонне. І тады зноў неабходная дапамога бацькоў: паменшыце нагрузкі на дзіця, адмоўцеся ад наведвання адразу некалькіх гурткоў на дзень, прагуляйцеся ў парку, пагасцюйце ў бабулі ці з'ездзіце ў заапарк — знайдзіце магчымасць адкласці асабістыя справы і прысвяціць дзіцяці свой час.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.