ПЕРАЗІМАВАЛІ!
З клічнікам і па складах — гэта ад радасці, ад таго, што цёплая вопратка ў шафе, на антрэсолях — абутак, ад таго, што зноў і як заўжды: «Паздымалі дзеўкі боты, стала воку больш работы»...
І хлопцы ўжо без шапак, хоць асобным — лысым-брытагаловым — можа, і халаднавата яшчэ. Але ж нідзе не дзенешся — ходзяць, бо недзе — спадчына ці хвароба, недзе — мода...
Аднаго вось такога (у госці прыехаў) раніцай снедаць паклікалі.
— Зараз, — сказаў, — толькі прычашуся.
«А і праўда ж: харошая прычоска! — прызналі гаспадары, калі госць прыйшоў за стол. — І чаму яна ўчора не спадабалася?»
Не факт, але, можа, і таму, што сёння на яе глядзелі ўжо іншымі, трохі павесялелымі вочкамі?
Выйсце
Кажуць, некалі Хемінгуэй пайшоў у заклад, сказаў, што яму дастаткова шасці слоў, каб напісаць апавяданне, здольнае зачапіць за жывое...
І такі ж напісаў: «Прадаюцца дзіцячыя чаравічкі. Няношаныя».
Слоў сапраўды вобмаль, а думак...
Ці не з той жа «серыі» абвестка на слупе: «Пастрыгу бясплатна». Далей — нумар тэлефона і прыпіска: «Малады спецыяліст».
Апошняе слова, вядома ж, абнадзейвае... «Малады» — насцярожвае, «бясплатна» — вабіць... Не дзіва, што ўсе нумары тэлефонаў за дзень абарваны...
А гэта значыць, што хтосьці з эканомных ужо тэлефануе, вырашае сваю праблему са стрыжкай.
І такім чынам — дапамагае некаму з навічкоў «набіць руку», разарваць зачараванае кола, паводле якога на работу амаль немагчыма ўладкавацца без вопыту, а той вопыт — ну ніяк не нажыць без работы.
Усюды людзі
Начальства трэба ведаць у твар.
І яго (а калі дакладней, то яе — Раманаўну, першую асобу гарпасёлка) напраўду ведалі: яшчэ здалёк (і, бывала, з паклонам) віталі на вуліцах, чым маглі і ад душы, як выглядала, адорвалі пры візітах на прадпрыемствы і рынкі, без чаргі і нават без грошай (аб чым размова?!) парываліся абслужыць у розных майстэрнях, паліклініках, крамах... Карацей, усё нармальна было, пакуль...
У цырульні, сказалі, новая майстрыха з'явілася. Ды такая... Кожную кліентку, як разносіла сарафаннае радыё, у крэсла ўсадзіць, валасы расчэша-агледзіць, стрыжку-ўкладку параіць... А ўжо калі зробіць, дык проста вачэй не адвесці: любую з жанчын хоць на выстаўку адпраўляй!
...У той дзень і туды, на выстаўку, Раманаўну не клікалі, а вось у выканкам на чарговую нараду з'ездзіць трэба было. І перад тым — прыбрацца-прыхарашыцца, «галаву ў парадак прывесці»: на візіт у цырульню яна цэлую гадзіну пакінула. А далей...
Звычна ўляцела, ад дзвярэй, напрасткі, рушыла да той новенькай хвалёнай майстрыхі. Спытала:
— Ты гэтую кліентку хутка адпусціш?
— Абслужу і адпушчу, — усміхнулася ёй дзяўчына. — А вы, калі ласка, займіце чаргу.
— Мне часу няма, — сказала начальніца. — Я спяшаюся...
— ...І што — людзей перад сабой не бачыце? — спытала майстрыха.
«Дзе?! Якіх людзей?!» — ледзь не сарвалася ў Раманаўны.
Цудам прыкусіла язык, азірнулася і такі ж у крэсле перад сабой убачыла чалавека... І ў трох суседніх... І ў добрым з дзясятку жанчын, што пакорліва сядзелі ў чарзе: ва ўсе вочы глядзелі на яе, стрымана ўсміхаліся, але ніводная чамусьці не падхапілася з месца, не паспяшалася сказаць гэтай новенькай, ХТО перад ёй.
...Пажыве, папрацуе — дазнаецца.
А пакуль, як данесла ўсё тое ж сарафаннае радыё, на чарговую нараду ў выканкам Раманаўна з'ездзіла без новай адмысловай прычоскі. Затое — з новымі думкамі: з цвёрдым намерам увесці ў цырульнях папярэдні запіс, каб людзям больш не прыйшлося марнаваць свой час на чаргу.
І каб ёй самой — крый божа — яшчэ раз не ступіць на падобныя граблі.
Не пра лапату
Іванавіч па гараскопе з Рыб, а па жыцці — здаецца, Шалі, бо...
Перад Калядамі ён хату ў вёсцы купіў — пад лецішча. Зімой у цяплейшыя выхадныя ездзіў туды, прапальваў печкі, хоць памалу, ды нешта рабіў — рыхтаваў жытло да вясны... А найперш — зразумела ж — снег расчышчаў, каб зручней хадзіць. І каб відаць было, што дамок не закінуты, што ёсць гаспадар, хоць крыху і бесталковы.
У тую раніцу ён каля брамкі гурбу «знёс» — намахаўся лапатай і яе ж пакінуў — на вуліцы, каля слупка. Успомніў — праз тры дні, у Мінску, у завею...
Што было рабіць: яшчэ раз матнуўся ў магазін, купіў новую, а прыехаў у вёску і вачам не паверыў — яго «старая», дзе паставіў, там і стаіць!
Мала сказаць, здзівіўся! Ён, здаецца, усім расказаў, якія людзі ў ягонай вёсцы жывуць... І нямала ж, маўляў, і розныя, а чужога, бач ты, ніхто не ўзяў!
...Гэты «каментар» наваспечаны вясковец выдаваў, што называецца, з радасці, у добрым настроі. Калі ж здараецца дрэнны, расказ пра лапату выглядае зусім іначай. Амаль даслоўна: «Заходнікі, ліха на іх! Ганарліўцы!.. Хто-ніхто — я сам гэта бачыў — жалезным шуфлем снег адкідае, а чужым, бач ты, грэбуюць — не бяруць»...
«Усходнікі», трэба разумець, не такія?
Мэта і сродкі
Новую настаўніцу вёска прыняла з насцярогай, бо, сказалі, дужа маладая і гарадская... Бо, ідучы па вуліцы, ні з кім не павіталася. Бо, зняўшы пакой непадалёк ад школы, там жа, у панскім скверы, назбірала цэлы абярэмак нейкіх ваўчакоў, сказала хатняй гаспадыні, што гэта шампіньёны і, напэўна, з'ела б... Як быццам баравікоў у лесе няма...
Але гэта былі яшчэ «кветачкі». «Ягадкі» з'явіліся пазней, калі тая ж дзеўка праз некалькі дзён з бялявай ператварылася ў... рыжую. Гэткіх «цудаў» у пачатку 60-х вёска яшчэ не бачыла, а значыць, і зразумець ну ніяк не магла!
А разгадка была простая: настаўніца — і ў першы ж рабочы дзень! — убачыла, як цыбаты сусед выпіхвае з-за парты шчуплага блізарукага хлопчыка, як увесь клас дражніць малога рыжым.
Яна — класная — сказала дзецям, што гэтак нельга, што такі вось колер валасоў — самы рэдкі ў свеце, што ўсе рыжыя павінны быць шчаслівыя, бо іх пацалавала сонейка, што іх, вось такіх пацалаваных, вельмі шмат сярод вялікіх і знакамітых...
Настаўніца прыводзіла прыклады. Дзеці — быццам не чулі, гнулі сваё. І тады іх класная запарыла шалупінне цыбулі, дадала ў яго трохі марганцоўкі — пафарбавалася ў рыжую і назаўтра, нямала здзівіўшы клас, папыталася: «Ну, як? Ці атрымаўся ў мяне такі ж колер валасоў, як у Колі?» — «Не, у яго святлейшы! — зашумелі вучні. — І ярчэйшы... У вас — цямнейшы». — «І праўда: у Колі — куды прыгажэйшы!» — згадзілася настаўніца. І ўбачыла, як засвяціліся вочкі ў таго маленькага рыжага хлопчыка, пачула, як пераможна ён засмяяўся...
Даўно ўсё гэта было: многія з вучняў той самай настаўніцы цяпер на пенсіі, што ўжо казаць пра яе саму?!
Ну, хіба, тое, што не так даўно, у лютым, яна святкавала сваё 85-годдзе. Што з гэтай нагоды было шмат падарункаў і віншаванняў, безліч розных узнёслых слоў... Ад родных, сяброў, суседзяў, калег... Ад вучняў.
І з самага ранку — ад Колі, ад таго самага сонцам пацалаванага хлопчыка, які, мяркуючы па ўсім, мог бы стаць нядрэнным трактарыстам, а стаў — сапраўдным палкоўнікам!
Дзеля гэтага — ну згадзіцеся! — варта было пахадзіць нейкі час рыжай.
І нават пабыць дурнаватай.
Супраць лома...
Вечар, тралейбус, вольнае месца, а пачытаць, здаецца, не лёс: дзве маладзіцы побач уселіся, «шчабечуць» — проста не змаўкаючы. Найбольш — старэйшая: расказвае, што замуж выходзіць яе пляменніца (роднай сястры дачка), што жаніх на сем гадоў старэйшы, багаты і родам з Піцера, што вяселле адбудзецца там, што не ехаць ёй проста нельга! І ехаць — таксама ніяк, бо не пускаюць з работы.
— Дык ты б у водпуск... За свой кошт, — раіць маладзейшая.
— А то я, думаеш, за чужы хацела? Не, за свой... У нас проста начальнік такі — абы крыві папіць. Я ўжо і заяву насіла, і прасілася, і плакала. А ён — рогам упёрся...
— Слухай: а бальнічны зрабіць?
— Я думала... Але, кажуць, ён сам захварэў.
— Дык, можа, таго... Памрэ?..
На наступным прыпынку маладзіцы выйшлі — падобна, з надзеяй...
Пасажыры паехалі далей — магчыма, з роздумам?
(Анекдот: «Галоўная праблема разумных людзей: яны думаюць, што іншыя таксама думаюць»).
Прынцып гузіка
Пакуль жывеш, як вядома, трэба ўсяго, як памрэш, — чатыры дошкі ды пясочку трошкі. З сабой, на той свет, і сапраўды нічога не забярэш.
...Прыяцельцы ў спадчыну дом у вёсцы застаўся — цагляны, дыхтоўны, з усімі выгодамі-пабудовамі, з садам-кветнікам, з вялікім участкам зямлі... Месца сілы, карацей, адпачынку — і, вядома ж, працы.
Летась, напрыклад, яны агароджай займаліся: разглядалі розныя варыянты — выбіралі найлепшы (каб адзін раз зрабіў і забыўся), потым — шукалі фірму...
І хлопцы як быццам стараліся: капалі траншэю, залівалі падмурак, ставілі слупкі, манціравалі металічны штыкетнік... Файна атрымалася. І месяцы са тры пастаяла, а потым...
Ці тое цэмент быў дрэнны, ці тое сэканомілі і ў бетон яго мала дадалі, ці апалубку зняць паспяшаліся... Факт, што ўжо не спытаеш: і фірма «лопнула», і падмурак «паплыў».
Гэта значыць, што гаспадарам прыйдзецца зноў займацца агароджай: «разбіраць» той новы штыкет, бурыць і некуды вывозіць «стары» падмурак, заліваць новы... Лішняя работа, лішнія траты — і часу, і грошай...
А нехта — крый божа — на такім вось падмурку мог паставіць дом, альбо на хлусні «ўзвесці» сям'ю...
І тым самым запусціць «прынцып першага з гузікаў». Гэта значыць, калі памылішся з ім, зашпіліш няправільна, то потым нідзе не дзенешся — мусіш гэтак жа няправільна зашпіляць астатнія.
З усімі адсюль наступствамі.
Нешта пайшло не так...
Мужчыну звалі Данілам, яго жонку — Даніліхай, дачушак (іх тры было) — Данілішкамі. Але ж гэта — у вёсцы, паміж сабой, а ў вочы да ўласных імёнаў заўжды дадаваліся бацькавы, бо тады, «за польскім часам», настаўнікаў вельмі цанілі! А ўжо гэтых...
Тая Даніліха была сапраўднай шляхцянкай: ведала замежныя мовы, цудоўна іграла на гітары, спявала, вышывала... Аднак пры гэтым не ганарылася: як усе ў той вёсцы, трымала карову, свіней, гусей, хадзіла з дзецьмі на «дзялкі»...
І Даніла яе без занятку не сядзеў — у любую вольную часіну спяшаўся то ў «сталярку», то да яблынь-ігруш, то да пчол... Любіў падзяліцца мёдам, садавіной...
Можа, за гэта бог пашкадаваў? Бо сям'я амаль без страт (не лічыць жа за іх спустошаны дом ды ўсе пабудовы?) перажыла вайну і нават зноў абжылася!.. Усе дочкі атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі вельмі паважанымі людзьмі.
А далей...
Сумная арыфметыка: у тых, светлай памяці, Данілы з Даніліхай — шчырых працаўнікоў і вясковых інтэлігентаў — ад трох дачок толькі трое ўнукаў (цяпер пенсіянераў), толькі дзве дарослыя праўнучкі. І што самае крыўднае, сярод іх, вось гэтых нашчадкаў, чамусьці няма ні пчаляроў, ні настаўнікаў, ні музыкантаў, ні паліглотаў... Ёсць (пры ўсёй павазе да іх прафесій!) хатняя гаспадыня, гандлярка, электрык, шафёр...
Нешта пайшло не так... А вось калі? На якім этапе жыцця?
Як казала Скарлет О'Хара, я не буду думаць пра гэта сёння, я падумаю пра гэта заўтра.
Валянціна ДОЎНАР
Бягучы год багаты на сенсацыйныя навіны аб дасягненнях штучнага інтэлекту.
Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху.