Вы тут

​Помнікі пяці воінам і двум невядомым салдатам


З больш чым дзевяці тысяч брацкіх магіл, помнікаў, мемарыяльных комплексаў нашай краіны, якія звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, амаль 900 знаходзіцца на Брэстчыне. Усяго ў вобласці пахавана звыш 421 800 ахвяр вайны. Вядомыя імёны толькі кожнага восьмага з іх. Вялікая колькасць помнікаў усталявана ў лясах, — у нас кожны метр зямлі, лічы, гісторыя. Таму помнік часам можна сустрэць далёка ад населенага пункта, нават ад дарогі.


Старшыня Олтушскага сельсавета Вітольд Пяткевіч каля помніка ў вёсцы Хмелішча.

Грамнічныя слёзы па расстраляных

Сярод іх сустракаюцца самыя розныя. Часцей гэта тыповыя савецкія манументы другой паловы ХХ стагоддзя, але больш у лясах, на ўзбочынах простых, часам прымітыўных, помнікаў. Іх нярэдка ўстанаўлівалі самі жыхары, якія памяталі землякоў і сваякоў. Такія пазнакі не менш каштоўныя для справы памяці, бо за кожнай — свая гісторыя, трагедыя, свае ахвяры.

Вядома, час і прырода разбураюць надмагіллі, але многія з іх цяперашняе пакаленне аднаўляе. Усё часцей ставяць новы памятны знак побач са старым, аддаючы даніну пашаны папярэднікам. Падобны прыклад давялося ўбачыць і падчас апошняй камандзіроўкі ў Кобрынскім раёне.

Недалёка ад вёскі Корчыцы ўстаноўлены знак на месцы гібелі сям'і Загрэбаў. Там расстралялі сем чалавек. Расказвае настаўніца Хідрынскай школы Ірына Назарук:

— У Загрэбаў, як і ў большасці вяскоўцаў, была вялікая сям'я, у адной хаце жылі тады некалькі яе пакаленняў. Гэтыя людзі дапамагалі партызанам, і нехта ж выдаў, казалі, што вясковы стараста. 15 лютага 1943 года ў цэнтры вёскі каля крыжа сабралі ўсіх жыхароў. Людзям загадалі ісці ў будынак школы на сход. Там аб'явілі, што сям'я Загрэбаў і Надзея Нікіцюк будуць пакараныя за сувязь з партызанамі. Усім загадалі выйсці, а названым было сказана заставацца. Людзі выйшлі і чакалі побач. Калі выводзілі асуджаных на смерць, адзін з немцаў, што аказаўся чалавекам, выпхнуў хлопчыка Мішу ў натоўп. Канвойны прапаноўваў таксама ратавацца і 12-гадовай дзяўчынцы, але маці не адпусціла ад сябе дачку. Людзі вырашылі потым, што яна пабаялася, каб немцы ці паліцаі не паздзекаваліся з дзяўчынкі, і выбрала смерць... Такім чынам, з сям'і выратаваліся два хлопчыкі: Міша і ягоны брат Павел, які быў у бабулі. А вось маці сям'і і бабулю Аксеню, яе дарослых сына і дачок, іх дзяцей, у тым ліку трохгадовую Кацярыну, іх 19-гадовую суседку Надзею расстралялі...

Людзям загадалі разыходзіцца, але яны з вокан бачылі, як вялі асуджаных. 32-гадовая Ганна была на дзявятым месяцы цяжарнасці, ёй было цяжка ісці, яна раз-пораз нахілялася і брала ў рот снег. А калі яна ўжо ляжала расстраляная, малое яшчэ доўга варушылася ўнутры мёртвай маці. Як вядома, 15 лютага — Грамніцы, быў даволі халодны дзень, але як толькі іх расстралялі, раптам пайшоў дождж. Усе ўспрынялі гэта як знак, нябёсы плакалі па нявінных ахвярах.

Спачатку на тым месцы ўзвышаўся крыж, пастаўлены сваякамі забітых. Сціплы абеліск з зорачкай паставілі недзе на рубяжы 60—70-х гадоў. Яго падтрымлівалі, рамантавалі, але ён стаў разбурацца, і ў пачатку 2000-х намаганнямі раённай улады ўстанавілі мармуровую пліту з імёнамі і прозвішчамі расстраляных, паднавілі і стары помнік. Цяпер яго даглядаюць вучні мясцовай школы, сельвыканкам, прадстаўнікі грамадскасці.

Абеліскі каля вёсак Арол і Ор

У суседнім з Хідрынскім, Кісялевіцкім сельсавеце, такіх помнікаў таксама нямала. Адзін з іх стаіць у полі, акружаным лясамі, у памяць аб спаленай вёсцы. Некалі на беразе Дняпроўска-Бугскага канала стаяла зусім невялікая вёсачка з назвай Арол. Яе ўтварылі былыя хутаране, якіх аб'ядналі ў паселішча. Людзі сеялі хлеб, гадавалі дзяцей. Побач праходзіла чыгунка, на якой у вайну партызаны не раз праводзілі паспяховыя дыверсіі. За гэта і знішчылі акупанты ўвесь Арол. 22 снежня 1943 года жыхароў сагналі ў крайнюю хату Івана Хамука, закідалі гранатамі і спалілі. Потым падпалілі ўсе астатнія хаты.

Пасля вызвалення астанкі 27 чалавек, якія загінулі ў агні, былі пахаваныя на пагорку ў брацкай магіле. Вёска больш не адрадзілася. Сёння пра трагедыю нагадвае помнік-валун з мемарыяльнай шыльдай. Сёлета 20 сакавіка вучні і настаўнікі Кісялевіцкай школы правялі тут памятнае мерапрыемства, усклалі кветкі, згадалі ахвяр вайны. Старшыня Кісялевіцкага сельскага Савета Іван Будзько сказаў, што на месца трагедыі Арла прыходзяць вясной прыбраць, а кветкі прыносяць 9 Мая, на Радаўніцу, у дзень знішчэння вёскі.

А ў вёсцы Балата гэтага сельсавета некалі вясковая грамада самастойна ўвекавечыла памяць абаронца Радзімы. Малады афіцэр Мікалай Сілаў загінуў у баях пры вызваленні. Цела яго з дакументамі знайшлі на полі і пахавалі па-людску на вясковых могілках, паставілі сціплы помнік. З часам ён амаль зусім разбурыўся. І летась за сродкі сельвыканкама зрабілі новы помнік 26-гадоваму лейтэнанту з Падмаскоўя, які назаўсёды застаўся ў беларускай вёсцы Балата.

Адсюль, калі паехаць па дзівінскай трасе на поўдзень, то і двух дзясяткаў кіламетраў не будзе да вёскі Ор. Ва ўрочышчы Ор у глыбіні лесу таксама ўстаноўлены помнік на брацкай магіле. Тут пахаваныя салдаты, афіцэры, партызаны, якія загінулі ў 1944-м, пры вызваленні. Мясцовыя жыхары расказвалі, што пахаванні пачаліся яшчэ летам 1941 года, калі ў вёску зайшлі немцы. Акупанты знайшлі некалькі чырвонаармейцаў-акружэнцаў і расстралялі. Потым тут хавалі партызан, якія гінулі ў перастрэлках. У 1944-м былі асабліва жорсткія баі, страты неслі абодва бакі. Немцы хавалі сваіх на ўзгорку, у іх яшчэ ваявалі мадзьяры, румыны, харваты. Вясной, як раставаў снег, мясцовыя жыхары знаходзілі трупы людзей і асабліва не разбіраліся, свой ці чужы — закопвалі на месцы, ведалі: Богам залічыцца. Пасля вайны было перапахаванне. Дзе помнілі — адкапалі. Звезлі ў адно месца, так з'явілася брацкая магіла. Пазней паставілі абеліск. Яго даглядала не адно пакаленне школьнікаў. Пасля таго як школы паблізу пазакрывалі, помнік і прылеглую тэрыторыю трымае ў парадку лясніцтва пры падтрымцы мясцовай улады.

Расстрэльны дзень

У суседнім Маларыцкім раёне такіх помнікаў многа. Напрыклад, Хмелішча згубілася далёка ў лясах. Нават паказальнік, які стаіць на трасе каля вёскі Навалессе з адзнакай «3», у сэнсе тры кіламетры, падманвае падарожніка. Аказалася, тут не тры, а нават крыху больш за пяць кіламетраў па лесе: засякалі на спідометры. І дарога асаблівая, расказваў старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч.

Гэта памежная зона, ехаць можна, спыняцца машынай на дарозе нельга. Да ўкраінскай граніцы ад помніка загінулым жыхарам Хмелішча менш за кіламетр.

Жыхар вёскі Сцяпан Чуль расказваў трагічную гісторыю вёскі, якую пачуў ад сваіх бацькоў, бабуль-дзядуляў. Гаварылі, што фармальнай падставай для экзекуцыі стаў нейкі дзівак у зямлянцы, які жыў там даўно: «Ніякі ён не партызан, так, дробны зладзюжка і гультай, які сядзеў у лесе». А немцы яго знайшлі і паставілі ў віну насельніцтву вёскі, што не данеслі пра нелегала акупацыйным уладам. За гэтым ішло пакаранне: усе, старыя і малыя — падлягалі знішчэнню, за выключэннем тых сем'яў, чые дзеці былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Пра расстрэльны дзень у Хмелішчы ёсць звесткі ў кнізе «Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі», там прыводзіцца справаздача капітана Пельса, што праводзіў аперацыю: «Расстраляна 28 мужчын, 40 жанчын, 60 дзяцей. Спалены 21 сялянскі двор. Кампанія была скончана без інцыдэнтаў у 23.00».

Помнік паставілі яшчэ ў 70-х гадах. Зараз яго даглядаюць і падтрымліваюць усёй грамадой. А вось гісторыя помніка за вёскай Субаты гэтага раёна падалася мне асабліва шчымлівай. Яго многія гады даглядала жыхарка вёскі Надзея Вакульская. Там пахавана амаль палова яе сям'і. Ад Надзеі Іосіфаўны і ведалі землякі гісторыю той фашысцкай «прафілактыкі». Вёска знаходзілася ў лесе, таму па вызначэнні была пад падазрэннем у сувязях з партызанамі. Праверыць вырашылі асаблівым чынам. Прыехаў карны атрад. Выводзілі з кожнай хаты сям'ю, звяралі са спісам. Калі дома не аказвалася некага з мужчын, лічылася, што ён у партызанах. Такія сем'і вывелі ў лес і расстралялі. Помнік на тым месцы паставілі самі жыхары, пазней намаганнямі мясцовай улады прымацавалі таблічку. Мне гэтую гісторыю расказала Вольга Букач. На вялікай брацкай магіле растуць шматгадовыя кветкі. Іх пасадзіла яшчэ Надзея Вакульская, яе ўжо пяць гадоў як няма, а помнік даглядае Чарнянскі сельвыканкам.

Летась у дадатку «Мясцовае самакіраванне» расказвалася гісторыя, што адбылася ў вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна. Адзін падарожнік, які аказаўся расійскім бізнесменам, убачыў у лесе помнік. Яго вельмі ўразіла, што сціплы абеліск за пяць кіламетраў ад населенага пункта не закінуты і не зарослы бур'яном, а дагледжаны і добраўпарадкаваны. Выпадковы госць захацеў неяк адзначыць нераўнадушных людзей. У выніку сельскі Дом культуры атрымаў спонсарскую дапамогу на новае ўбранне для сцэны. Не ведаю, які канкрэтна помнік убачыў наш герой, можа, адзін з тых, што знаходзіцца ў маім архіве з камандзіровак. Ужо і згадаць не магу, у якім раёне быў зроблены здымак. Помнік вельмі стары, на абеліску, што стаіць паміж дзвюма велізарнымі соснамі, пералічаны пяць прозвішчаў ахвяр фашызму «Захарчанка, Кузьмін, Валуевіч, Рабцэвіч, Рабцэвіч і два невядомыя салдаты». У глыбіні лесу нехта знайшоў целы, пахаваў і ўвекавечыў. Пазней паставілі агароджу, хтосьці даглядае і падфарбоўвае літары. Значыць, памяць жыве.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі, Маларыцкі раёны

Загаловак у газеце: Пяці воінам і двум невядомым салдатам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.