Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 г. Гродна штогод сустракаюць вясну не толькі па навуцы, але і па народным календары.
Народныя святы для дашкольнікаў – найбольш эфектыўны спосаб знаёмства з культурай, спадчынай, традыцыямі і самабытнасцю беларускага народа. Вясна, як і іншыя поры года, багатая на народныя і фальклорныя святы: Масленіца, Стрэчанне, Саракі і Камаедзіца.
Шостага красавіка, перад Дабравешчаннем (якое адзначаецца праваслаўнымі хрысціянамі 7 красавіка), выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 г. Гродна сабраліся ў музычнай зале на Камаедзіцу, каб абудзіць мядзведзя ад зімовага сну сваімі песнямі, танцамі ды карагодамі; задобрыць звера пачастункамі з гарохавай кашы (жоўтымі і круглымі, як сонца, камамі), а таксама пагуляць, павесяліцца і парадавацца вясноваму сонейку, спевам птушак.
Ажывiць народныя традыцыі, звязаныя са святам Камаедзіцы, дзецям дапамагалi: Сонейка яскравае і сонечныя Праменьчыкі, Пчала і Пчаляты, Мядзведзіца і Медзведзяняты. Добраму настрою спрыяў народны дзіцячы аркестр, а таксама птушачкi, што зрабiлi выхаванцы з паперы сваiмi рукамi, каб абудзiць i ўпрыгожыць вясновы лес. Да свята дзеці прыгатавалі гарохавыя камы, каб аднeсці да бярлогi, быццам на пачастунак мядзведзю, які прачнецца пасля зімы галодным.
Дзеці даведаліся: на Беларусі лічылася, нібыта на свята Настассю Авечніцу мядзведзь кладзецца ў бярлогу і засынае на зіму. На Грамніцы ён пераварочваецца на іншы бок і смокча другую лапу, а на Дабравешчанне прачынаецца і выходзіць з бярлогі.
Свята дзецям спадабалася, дый у дашкольным цэнтры замацавалася. Супрацоўнікі ўстановы адукацыі ўпэўнены, што правядзенне народных і фальклорных святаў спрыяе выхаванню нацыянальнай самасвядомасці і пашырэнню ведаў дзяцей пра беларускі народ, яго гісторыю, пра Радзіму.
Вольга КЛІМ,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 г. Гродна
Фота з архіва цэнтра
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.