Вы тут

Пенсіянерка ці дама на пенсіі?


Як і абяцала, расказваю пра жанчыну, якая пасля выхаду на пенсію змяніла сваё жыццё. Карэнным чынам, раз і назаўсёды. Раней я думала, што так можа быць, хіба, у кіно, альбо, на крайні выпадак, з людзьмі творчых прафесій, авантурыстамі па натуры, якія ўсё жыццё правялі ў пошуку сябе. А вось каб звычайная, да таго ж вясковая жанчына адважылася падацца ў свет...


Ну не такая яна і звычайная, Тамара Васілеўна, як высветлілася. Проста раней, відаць, абставіны не дазвалялі вырвацца на волю яе рамантычнай натуры: работа, сям'я, дзеці — спрэс абавязкі. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы, скончыла медвучылішча, стала працаваць фельчарам. Выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Сваю гаспадарку, як і ўсе ў вёсцы, трымалі з мужам. Усё менш часу заставалася не тое што на любімыя кнігі — на яе заўсёдныя мары. З юных гадоў Тамара хацела вывучыць італьянскую мову, каб аднойчы паехаць у краіну цудоўнага мастацтва, вясёлых людзей, лагоднага мора.

Але мары марамі, а жыццё ішло сваім парадкам, і да запаветных тады 55-і гадоў пакрысе сталі забывацца тыя юнацкія мроі. Ды тут неяк усё сышлося разам, супала: муж памёр адразу пасля яе выхаду на пенсію. Дзеці да той пары займелі свае сем'і, раз'ехаліся даволі далёка. І так пранялі самота, сум, так бессэнсоўна падалося хадзіць далей на работу, у адзіночку апрацоўваць агарод, даглядаць гаспадарку! Бо не будзеш жа ляжаць, звёўшы ўсё дашчэнту. Па-першае, з глузду з'едзеш, лежачы на канапе, а па-другое, грамада асудзіць, маўляў, чалавека пахавала, а сама стала гультайкай...

Праз некаторы час Тамара, каб адхіснуцца ад думак і перажыванняў, узялася за італьянскую мову, дастала з гарышча закінуты гадоў дваццаць таму самавучыцель. І здзівілася, што навучанне давалася не надта цяжка. Праз месяц магла ўжо вымавіць некалькі самых распаўсюджаных фраз, скласці просты сказ. Потым ад знаёмых пачула, што адна жанчына паехала даглядаць старога чалавека ў Італіі, знайшла кліентаў па аб'яве. Распытала больш падрабязна, звязалася з тымі людзьмі, знайшла агульных знаёмых, якія паабяцалі паспрыяць.

У адзін дзень усё вырашыла. Ледзь не за тыдзень распрадала гаспадарку, прадала дом, звольнілася з работы і паехала ў Італію з адным чамаданам. Там яе з дапамогай усё тых жа знаёмых парэкамендавалі ў дом да заможных людзей даглядаць 90-гадовую жанчыну. Вядома, наймальнікаў задаволіла тое, што Тамара Васілеўна мае медыцынскую адукацыю і працавала медработнікам. Да таго ж яна хутка знайшла агульную мову з падшэфнай. Рэжым работы яе задавальняў: яна была занятая да 19 гадзін, часцей за ўсё мела два выхадныя дні на тыдзень.

Тамара вельмі хутка сышлася з равесніцамі, у асноўным грамадзянкамі былых рэспублік Саюза. Яны весела бавілі вольны час, сустракаліся ў невялікіх кавярнях, пілі каву, размаўлялі, трымалі сябе, як і ўсе італьянскія пенсіянеры. «Гэтаму неяк хутка вучышся ў іх асяродку. Тут час пенсійнага ўзросту ўспрымаецца як найлепшая пара жыцця, калі ты вольны, можаш займацца хобі, шмат падарожнічаць, наганяць тое, што не паспеў. Ну і мы з сяброўкамі ўсе выхадныя планавалі загадзя. Аб'ехалі найцікавейшыя мясціны, пабывалі ў розных гарадах. Кожны дзень нараджэння, кожнае свята мы адзначалі ў розных кавярнях. Гэта можна зрабіць зусім нядорага, важныя адносіны, а не пачастункі. Тут не прынята сустракаць гасцей дома, як у нас. Менавіта ў сустрэчах, кантактаванні дазнаешся нешта новае, знаходзіш аднадумцаў. З маімі таварышкамі мы хацелі як мага больш наведаць, убачыць, — так і рабілі».

Тамара Васілеўна прыехала дамоў летась, калі ўжо на ўсю моц бушавала пандэмія, — паспела, можна сказаць, на апошні самалёт. Дый і затрымалася надоўга. Зараз жыве ў кватэры дачкі ў абласным цэнтры. Нядаўна адзначыла сваё 70-годдзе. Сабрала шмат гасцей, заказала рэстаран, хоць раней, да 55-і гадоў ніколі не адзначала ўласныя юбілеі. «Цяпер я па-іншаму гляджу на жыццё, — гаворыць яна. — Гляджу на сваіх равесніц тут, некаторыя нібы прыбітыя сваімі гадамі. А там людзі нашага ўзросту старымі не лічацца: стары — гэта калі табе ўжо каля 90. А чаму так? Усё ж залежыць ад нас, як мы сябе пачуваем, як паводзім, так нас і ўспрымаюць навакольныя. Лічу, што трэба быць не пенсіянеркай, а дамай на пенсіі. Гэта абсалютна адрозны светапогляд, адсюль і спосаб жыцця. І яшчэ —  нікога не заклікаю паўтараць мой досвед. Некаторыя людзі няздольныя на карэнныя перамены месца і ладу жыцця, яны толькі будуць хварэць у новай абстаноўцы. Такія рашучасць, імкненне да новага павінны быць унутры, тады чалавек здолее перамачы цяжкасці, што ўзнікаюць. А цікава можна жыць і дома, калі не сядзець на канапе. Я цяпер усе выстаўкі наведваю, розныя мерапрыемствы. Пакуль не вырашыла, што рабіць далей. Калі скончыцца пандэмія, будзе відаць. Можа, ізноў паеду».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».