О, часы, о, норавы... А цяпер да гэтага даўняга хочацца яшчэ і дадаць — о, тэхналогіі... Не гэтага мы, мабыць, чакалі ад іх развіцця... («Са з'яўленнем кругласутачнай службы дастаўкі ў нас знікла цудоўная магчымасць пазваніць позна ўвечары ў дзверы да суседкі з просьбай пазычыць солі».) Чулі, што ў Даніі нядаўна ўступіў у сілу закон, паводле якога ўяўная згода на секс павінна стаць абавязковай? Без яе той лічыцца згвалтаваннем. («Калі з жанчынай няма праблем, прыглядзіцеся больш уважліва. Магчыма, гэта не жанчына».) Для гэтага распрацавалі дадатак іConsent, які працуе па прынцыпе заключэння дагавора: ён аб'ядноўвае два бакі, выкарыстоўваючы іх нумары тэлефонаў, і дазваляе завяршыць транзакцыю на працягу хвіліны. У гэтым выпадку ўзаемная згода суадносіцца з адным інтымным кантактам. («Дзяўчаты! Стаўцеся да мужчын больш гуманна. Злавілі вечарам — адпусціце ранкам!»)
Згода на яго заканчваецца праз 24 гадзіны і можа быць адклікана ў любы момант. («— Яна змяніла нумар тэлефона, заблакавала яго ў сацсетках, змяніла адрас, зрабіла ўсё, каб ён не змог яе больш знайсці... — А ён? — А ён і не шукаў...») Дадатак выклікаў хвалю незадаволенасці ў краіне, многія датчане назвалі яго «вялікім глупствам». Газета Berlіngske напісала пра яго: «Нарэшце з'явіўся дадатак, які робіць секс такім жа несексуальным, як каранацыённая прэс-канферэнцыя». Юрысты таксама адзначылі, што згода наўрад ці працягнецца, нават у судзе, паколькі кожны мае права змяніць сваё рашэнне ў любы момант. («У Адэсе. — Софачка такі нездарма скончыла курсы кройкі і шыцця! Вы б паслухалі, як яна крые, калі адшывае!»)
З іншага боку, калі працягнуць размову пра тэхналогіі, менавіта яны прыйшлі на дапамогу многім у складаныя часы пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Тут ужо ад чалавека залежыць, на што ён гатовы і да чаго падрыхтаваны. («— Адукацыя? — Сем гадоў ва «УКантакце» і чатыры гады ў «Інстаграме». — Прафесія? — Цік-Токар шостага разраду».) Так, гэтая навала парушыла планы многіх закаханых у свеце: праз яе жаніхі і нявесты пераносілі дні сваіх вяселляў. Таму ўжо летась COVІD-19 прымусіў улады некаторых краін (Марока, ААЭ) ці асобных штатаў дзяржаў (напрыклад, Каліфорніі, малазійскага Селангора) пайсці ім насустрач і дазволіць заключаць афіцыйныя шлюбы анлайн, выдаючы віртуальныя пасведчанні. («Пасля разводу Маша яшчэ тры гады пакутавала па вечарах ад фантомных боляў».) У Нью-Ёрку было абвешчана пра запуск «Праекта «Купідон» — спецыяльнай платформы для закаханых горада. Прысутнічаць пры рэгістрацыі саюза асабіста ўжо было не патрэбна: ні маладым, ні чыноўнікам, якія на самаізаляцыі маглі праводзіць відэаканферэнцыі. («Інтэрнэт — як жанчына. Толькі ім авалодаў, а ён ужо авалодаў табой».)
А ў Брытаніі мужчына зрабіў прапанову любай пры дапамозе наземнага робата Starshіp для дыстанцыйных даставак заказаў з супермаркетаў падчас каранціну. («Тата ўстанавіў у прыбіральні разетку, каб мама магла сядзець там з тэлефонам, калі ў таго скончыцца зарадка. Вось гэта я разумею — каханне! А не вашы гэтыя ўсе букеты!») Яшчэ да пандэміі на працягу двух гадоў робаты кампаніі дастаўлялі прадукты людзям, але попыт на паслугу істотна павялічыўся з пачаткам самаізаляцыі. Але справа ў тым, што такім чынам абслугоўваліся толькі жыхары горада Мілтан-Кінс, а ў населеным пункце, дзе пражывалі закаханыя, якія пачалі сустракацца перад першым лакдаўнам і пазней сталі жыць разам, такіх паслуг не было. Але дзяўчыне Шэры так спадабаліся гэтыя робаты, што яе хлопец Бен Хоган звярнуўся ў кампанію з просьбай даслаць аднаго такога ў горад Кемпстан з... заручальным пярсцёнкам. І мужчыне не адмовілі! («— Ён такі высакародны, мама! Калі я выходзіла з аўтобуса, ён спецыяльна для мяне выламаў дзверы...») Пісалі, што дата вяселля будзе залежаць ад сітуацыі з эпідэміяй каранавіруса ў Вялікабрытаніі, але пара спадзяецца, што робат Starshіp даставіць ім пярсцёнкі да алтара. Такая вось рамантыка на сучасны капыл... («— Чаму вы разводзіцеся? — З-за сексу. — У сэнсе, рэдка ім займаецеся? — Не, часта, але неадначасова».)
Але ў шлюбу, як і ў медаля, ёсць два бакі. І тое, што пачыналася так прыгожа, можа скончыцца зусім не радасна... У Аўстраліі з-за пандэміі каранавіруса і каранціну назіраўся ўсплёск разводаў. («Яна: — Варта мне было з табой пераспаць, як ты адразу выдаліў мяне з сяброў у «Аднакласніках». І як гэта разумець? Ён: — Я з сябрамі не сплю».) Там пад такія справы нават выдзелілі асобную чаргу, але суды ўсё роўна былі заваленыя работай. Таму ўлады распрацавалі бясплатны інтэрнэт-сэрвіс, які дапамагае ўпарадкаваць гэты працэс. («— Дарагі, я сыходжу ад цябе... — Ну, давай хоць прыляжам на дарожку...») Праграма аналізуе тысячы папярэдніх варыянтаў распаду сем'яў і, супастаўляючы іх з канкрэтным выпадкам, выдае свае варыянты. Сэрвіс дапамагае скласці дагавор аб апецы над дзіцем або падзяліць маёмасць. Усё гэта дзеля таго, каб пазбегнуць судовага працэсу, які можа расцягнуцца надоўга і каштаваць пад 150 тысяч долараў. Праўда, распрацоўшчыкі заяўляюць, што ўсе гэтыя парады маюць сэнс, толькі калі муж і жонка «разбягаюцца» мірна. Калі ёсць спрэчкі, штучны інтэлект бяссільны. («— Сёння паехалі з жонкай разводзіцца. І не даехалі. — Чаму? — Пасварыліся!»)
Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.