Вы тут

Гулец «Што? Дзе? Калі?» Сяргей Дубялевіч: Настаўнік — чалавек, з якім цікава


Вы калі-небудзь глядзелі «Што? Дзе? Калі?» па тэлебачанні? Марылі трапіць у эфір ці нават паўдзельнічаць? Я — з самага дзяцінства. Але тады і ўявіць не магла, што калісьці змагу ўжывую пабачыць, а тым больш паразмаўляць з адным са сваіх любімых гульцоў. Па статыстыцы, Сяргей Дубялевіч — самы выніковы член каманды Андрэя Супрановіча. На яго рахунку — Малая і Вялікая Хрустальныя совы, а таксама пад дзясятак званняў найлепшага іграка гульні. Сяргей працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў адной з мінскіх гімназій, трэніруе школьныя каманды па «Што? Дзе? Калі?» і сам гуляў ў адной з найлепшых дарослых каманд краіны. Ён расказаў нам, як растапіць лёд у стасунках з вучнямі, трапіць на тэлебачанне і палюбіць дзяцей па-сапраўднаму.


Пра дзяцінства вундэркінда

— Тады я шмат чытаў, шмат ведаў, часта бянтэжыў настаўнікаў нечаканымі пытаннямі. Быў выдатнікам. Але не тым, хто шмат працуе, а тым, каму само па сабе гэта лёгка даецца.

Любіў рускую мову і літаратуру. У многім дзякучы вельмі цікавай настаўніцы, яна мяне і да алімпіяд рыхтавала. Беларуская мова і культура пачалі падабацца класа з дзявятага. Я нават выбіраў, на якую алімпіяду ісці — рускую ці беларускую, бо перамагаў і ў той, і ў той. У дзявятым класе заняў першае месца з адрывам па рускай мове, а па беларускай прайграў 0,25 бала. А тады можна было толькі на адну раённую алімпіяду ісці, і я пайшоў на рускую.

Геаграфію вельмі любіў. Ведаў усе сталіцы класа з другога. Бліснеш такімі ведамі — і карысныя выкапні можна не вучыць (смяецца. — Аўт.)

У нас быў вельмі дружны клас. На ўсялякія дыскатэкі мы хадзілі ўсе разам. Дваццаць адзін чалавек. Збіраліся Новы год святкаваць усе разам, выпускны — таксама ўсе. Першыя пяць гадоў пасля выпуску сустракаліся кожны год. Пасля дзесяць і пятнаццаць гадоў вельмі добра адзначылі. Ды і зараз з аднакласнікамі падтрымліваем стасункі. Хутка ўжо — страшна сказаць! — дваццаць гадоў з даты выпуску. Думаю, таксама добра яе адзначым.

Акрамя вучобы, гуляў у "Што? дзе? Калі?" з шостага класа. Потым — у КВЗ. Кожны год на апошні званок у нас была вялікая гульня — зборная настаўнікаў супраць зборнай вучняў. Мая мама гэта ўсё арганізоўвала, яна працавала настаўніцай матэматыкі і была нязменнай вядучай. Была сапраўдная "заруба", ні адной нічыёй. Актавая зала была забітая: сядзелі на падаконніках, стаялі ва ўваходах.

Пра выбар прафесіі

— Не чакаў, што абяру педагогіку, бо я і заікаўся значна мацней, чым зараз, таму недзе гэта перашкаджала камунікаваць. Мы жылі ў прыватным доме: не было такога паняцця, як двор, таму няшмат з іншымі дзецьмі гуляў.

Калі ў дзяцінстве пыталіся, кім хачу стаць, казаў, што вучоным-географам, біёлагам, бо падабаліся кніжкі пра падарожжы, пра іншыя краіны, пра жывёл. А з сярэдняй школы неяк пачалася тэма настаўніцтва. У дзясятым класе пайшоў на профіль «хімія-біялогія», думаў паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Але недзе праз паўгода зразумеў, што не хачу туды ісці. І потым праз алімпіяду паступіў на філфак.

Недзе курсе на трэцім, калі пачаліся спецкурсы і спецсемінары, я зразумеў, што мне нецікавая навука ў адрозненне ад педагогікі, дзе ты бачыш аддачу і вынік. А пісаць навуковыя артыкулы, якія паўтара чалавека будуць чытаць, мне не падабаецца.

У нас была вялікая практыка на пятым курсе ў трэцяй гімназіі. Хадзіў на свае ўрокі, на ўрокі да аднакурснікаў. Ледзь не на ўсіх прадметах пабываў, бо было цікава. Але потым чамусьці размеркаваўся ў Мінскі гарадскі палац дзяцей і моладзі, адпрацаваў там некалькі гадоў.

Вёў «Што? Дзе? Калі?» у школе, а мая ўніверсітэцкая сяброўка там выкладала рускую мову. Потым яна пайшла ў аспірантуру і прапанавала мне сваё месца. Згадзіўся і затрымаўся там амаль на дзесяць гадоў. Добры калектыў, дырэктар, які насамрэч хварэе школай.

Папрацаваў у школе на паўстаўкі, а потым вырашыў, што хачу працаваць на поўную. Адразу і класнае кіраўніцтва ўзяў. Цяжка, адказна, але не шкадую.

Пра матывацыю вучняў

— Памылкова казаць, што добры настаўнік навучыць любога вучня. Калі той пратэстуе, то яго ні адзін педагог не навучыць. Нават самы геніяльны. Настаўнік можа дапамагчы зразумець, чаго школьнік хоча, даць яму нейкі штуршок. Але сілай веды ў галаву не ўваб'еш. Хтосьці адзнакамі матывуецца, нехта працуе, калі яму цікава, іншы цікавіцца тваёй асобай і імкнецца цябе не расчараваць.

Я зараз упершыню выкладаю ў пяцікласнікаў, якія не здавалі іспыт у гімназію. Узровень падрыхтоўкі, вядома, знізіўся. Але ж і па паводзінах, і па ментальнасці дзеці як дзеці. Калі заўважаеш, што не толькі самыя актыўныя пачынаюць працаваць, радуешся, а калі з'яўляюцца новыя, не забываеш іх пахваліць за нейкія дробныя поспехі, у дзяцей пакрысе развіваецца цікавасць.

Зараз як ніколі актуальна расціць людзей, якія крытычна мысляць, маюць запас ведаў, умеюць яго прымяняць і хочуць пашыраць. У сучасным грамадстве гэта асабліва каштоўна. Галоўнае, калі ты добрасумленна вядзеш урокі і паказваеш на ўласным прыкладзе, што веды — гэта крута, мова — гэта цікава, прымяняць яе — гэта карысна. Падаеш гэта менавіта праз прыклад і сумесную працу.

Тады дзеці пачынаюць думаць, задаваць цікавыя пытанні, аналізаваць, рабіць высновы. Ім становіцца цікава, што нейкія рэчы ў гэтым свеце звязаныя. Тую ж літаратуру ўзяць. Школьнікі прывыкаюць параўноўваць, аналізаваць, выказваць думкі.

Мы шмат стасуемся з вучнямі па-за межамі вучобы. Ездзім некуды, у паходах бываем штогод — вучні, настаўнікі і бацькі. Палаткі, вогнішча, гітара. Дзеці па-новаму раскрываюцца. У мяне такое было ў дзяцінстве, таму хачу, каб і ў вучняў гэта было.

Час, вядома, змяніўся. Стала зручней камунікаваць. У дзяцей іншы культурны код. Але ім усё адно цікава вучыцца, стасуемся паміж сабой. Згадваю, што было цікава мне ды чаму і імкнуся да таго, каб дзецям было таксама цікава.

Пра тое, як трапіць «у тэлевізар»

— У дзевяностыя вельмі хутка развіваўся інтэлектуальны рух. Па тэлебачанні ішлі перадачы «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг». Іх без перабольшання глядзелі ўсе, абмяркоўвалі як футбол. Я класа з трэцяга сам пісаў пытанні. Калі вучыўся ў шостым, быў чэмпіянат вобласці для школьнікаў, адбор у каманду. Шмат народу прыйшло. Я быў самы малы, заняў трэцяе месца. Прайшоў у калектыў. З'ездзілі на абласны этап. Там была гульня накшталт «Сваёй гульні», я яе выйграў. Пару гадоў у вундэркіндах пагуляў, пасля ўжо з равеснікамі гуляў, ну і пайшло.

Ездзіў у лагер для школьнікаў-інтэлектуалаў. Там пасля восьмага класа выйграў індывідуальна «Сваю гульню».

З 2003 года гуляў у камандзе «Mіddle». Склад, вядома, змяняўся, але тры чалавекі заставаліся з самага пачатку. Адзін з'язджаў за мяжу, зараз вярнуўся. Гадоў дзесяць не гуляў, пачаў, але вельмі хутка дасягнуў высокага ўзроўню. Тры гады таму выйгралі чэмпіянат Беларусі. Ніхто, нават мы самі, ад сябе такога не чакалі.

У тэлевізійнае «Што? Дзе? Калі?» я трапіў праз адборы. На самыя першыя сезоны ў 2009 годзе мог кожны ахвотны падаць заяўку. Праходзіў адбор у самую першую каманду Супрановіча. Але мне адкрытым тэкстам сказалі: гуляю добра, але ж заіканне перашкаджае. Праз тры гады прайшоў яшчэ адзін адбор, і да нядаўняга часу гуляў. Мабыць, з другога разу ўзялі, бо ўбачылі, як удзельнічаю ў «Брэйн-рынгу» без усялякіх перашкод.

Адно з дасягненняў у тэлевізійным «Што? Дзе? Калі?» — Вялікая Хрустальная сава. Але з ёй недзе пашанцавала. А сапраўды ганаруся я серыяй з шасці гульняў запар, дзе наша каманда перамагла.

Пра тое, як рабіць не для «птушачкі»

— Заўжды хацеў трэніраваць дзяцей. Калі прыйшоў у Палац дзяцей і моладзі па размеркаванні, трэніраваў студэнтаў. На трэніроўкі прыходзілі дзве дзяўчынкі, а праз месяцы два я даведаўся, што яны дзесяцікласніцы. Кажу: «Вы ж можаце ў дзіцячай лізе яшчэ паўтара года гуляць!» Хто якога знаёмага паклікаў — шэсць чалавек сабраліся ў каманду. Пасля я ў гімназіі, дзе працую, сабраў каманду. Зараз, калі выкладаю, наогул праблем няма. Можна са школы ўсе «вяршкі» збіраць: шмат каму прапаноўваю, шмат хто застаецца.

Большасць тых, хто гуляе ў «Што? Дзе? Калі?», — начытаныя дзеці, ім цікава і новую інфармацыю атрымліваць, і існуючую перапрацоўваць. Ёсць тыя, хто проста за кампанію прыходзяць. Камусьці самавыявіцца хочацца, некаму — камунікаваць з разумнымі людзьмі. Здаецца, што ў інфармацыйную эпоху, калі лягчэй здабываць інфармацыю, дзецям гэта нецікава. Але па колькасці школьных каманд я разумею, што гэта не так.

У лагер ездзім. Лічу, што мы разам з педагогамі і дзецьмі апошнія некалькі гадоў стварылі там непаўторную атмасферу ў атрадзе ад Палаца дзяцей і моладзі. Калі збіраюцца аднадумцы, якім сапраўды цікава, яны працуюць не для «птушачкі»…

Пра любоў да дзяцей

— Я вучыўся ў школе, дзе мая мама працавала настаўніцай. Не было такога, што падазравалі, быццам яна мне дапамагае. Маму вельмі паважалі, яна была адна з самых любімых у вучняў. А зараз мая дачка пайшла ў першы клас у школе, дзе я працую настаўнікам.

Не хацеў бы адназначна, каб мая дачка вучылася ў мяне. Можа, толькі ў свядомым узросце, у старэйшых класах. Я нават зараз спецыяльна паглядзеў, чыя будзе чарга, калі дачка будзе ў пятым класе. Не мая, і я вельмі гэтым задаволены.

Спадзяюся, што даю сваім вучням нешта карыснае, і што на маіх уроках ім не сумна. Прынамсі, да гэтага імкнуся. Таму, думаю, быў бы рады, калі б дачка вучылася не ў мяне, а ў дакладна такога ж настаўніка, як я.

Паліна Забела, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота дадзена героем 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».