Вы тут

Разелы, какарыкі і карэлы. Каго можна ўбачыць у сталічнай «Папугайні»


Пагрузіцца ў атмасферу тропікаў і атрымаць асалоду ад кампаніі экзатычных птушак цяпер можна не выязджаючы з Мінска, бо ў горадзе адкрылася другая ў Беларусі «Папугайня». Гэта не проста вальер з папугаямі, а цэлы птушнік, дзе размясціліся больш за тры сотні яркіх насельнікаў, на якіх можна не толькі глядзець, але і ўсяляк узаемадзейнічаць з імі. Мы пабывалі ў гэтым незвычайным месцы і пагаварылі з адной з яго саўладальніц Мартай Карабковай.


Па адукацыі наша гераіня праграміст, і яшчэ некалькі гадоў таму нават не думала аб адкрыцці свайго бізнесу, тым больш такога незвычайнага. Аднак лёс распарадзіўся інакш. Аднойчы Марта наведала кантактны заапарк, які стаў зыходным пунктам яе будучых праектаў.

— Мне вельмі спадабалася канцэпцыя такіх устаноў, але разумела, што калі абдумаць некаторыя моманты, то ўсё можна рэалізаваць яшчэ лепш. Я падзялілася думкамі са сваім мужам, і ён прапанаваў адкрыць уласны кантактны заапарк. Пасля яго мы вырашылі не спыняцца і, аналізуючы вопыт замежных краін, прыйшлі да высновы, што ніхто ў нас не рэалізаваў такую ідэю, як «Папугайня» — птушнік, у якім жывуць толькі папугаі розных відаў. Нам спадабаўся гэты кірунак, таму, нядоўга думаючы, пачалі распрацоўваць праект.

Першая «Папугайня» з'явілася ў Гродне, але з-за каранавіруса ледзь не пацярпела фіяска. Паспяхова абмінуўшы гэтую праблему (распіярыўшы праект у сродках масавай інфармацы і стварыўшы фонд у яго падтрымку), Марта са сваімі калегамі вырашыла развівацца і адкрыла другую такую ўстанову ў Мінску.

— Вядома, пры рэалізацыі праекта, якога ніколі не існавала ў Беларусі, мы сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцяў. Галоўнай праблемай стала набыццё папугаяў, я нават падумаць не магла, што пры іх куплі ёсць столькі нюансаў. Па-першае, шукалі ўжо ручных птушак. Некаторыя пастаўшчыкі пераконвалі нас у гэтым, а ў выніку выяўлялася, што птушаняты вельмі баяліся людзей, і нам даводзілася іх прывучаць. А часам здаралася, што папугай не кантактаваў з іншымі насельнікамі або быў агрэсарам. У такіх выпадках узяць птушак мы не маглі. Па-другое, аказалася, што відаў папугаяў існуе вельмі шмат, але ў нас у краіне можна набыць толькі малую частку, а хацелася зрабіць «Папугайню» максімальна насычанай. Цяпер у нас жывуць птушкі розных відаў: ад хвалістых усіх колераў вясёлкі да магутных сіне-жоўтых ара, якія маюць самую моцную дзюбу. Таксама ёсць пара неразлучнікаў, разелы, какарыкі, карэлы і цэлае сямейства пеўчых птушак — усяго больш за шаснаццаць відаў. Часта нам прапаноўваюць асобін іншых парод: галубоў, фазанаў, паўлінаў, канарэек, але мы не ведаем, як папугаі ўспрымуць «чужых», таму не рызыкуем.

Акрамя афіцыйных пастаўшчыкоў, «Папугайня» адчыняе свае дзверы і для дамашніх папугайчыкаў, чые гаспадары з розных прычын больш не могуць ці проста не хочуць іх даглядаць.

— Як я ўжо згадала, у мяне няма ветэрынарнай адукацыі, але гэта не з'яўляецца перашкодай. Шчыра кажучы, не думаю, што яна мне моцна дапамагла б. У нашай краіне пры падрыхтоўцы ветэрынараў большы ўхіл робіцца на вывучэнне жывёл, чым на сямейства птушыных. Усе веды для правільнага абыходжання са сваімі падапечнымі я атрымлівала выключна самаадукоўваючыся, чытала розную літаратуру пра папугаяў, вывучала вопыт сваіх знаёмых, у каго ёсць такія гадаванцы. Цяпер у мяне досыць вялікая тэарэтычная і практычная база ведаў, таму з усім спраўляемся самі, але калі раптам здараецца нешта сур'ёзнае, адразу ж звяртаемся да спецыялістаў.

Па словах нашай суразмоўніцы, даглядаць птушак не так і складана. Галоўнае — добрае харчаванне. Асноўныя прыёмы ежы павінны праходзіць раніцай і ўвечары, да таго ж на працягу дня іх падкормліваюць яшчэ і наведвальнікі. Але ад пераядання яшчэ ні аднаму папугаю не стала дрэнна, бо ім хапае лётнай прасторы, каб траціць энергію, атрыманую ад ежы.

— Калі з набыццём птушак ёсць цяжкасці, то з наборам супрацоўнікаў праблем не ўзнікала. Галоўным крытэрыем пры найме на работу ў нас з'яўлялася негалоснае правіла — «не баяцца папугаяў, маці і дзяцей», а астатняму мы навучым. (Смяецца.) Як мы ўжо тлумачылі, у кожнай птушкі свой характар, да якога трэба падладжвацца. У іх гэтак жа, як у людзей, бывае дрэнны настрой, і тое таксама трэба навучыцца адчуваць. Наведвальнікі могуць не адрозніваць, які з хвалістых сеў да іх на плячо, а мы ўмеем гэта рабіць, нават усім далі мянушкі. Па сакрэце кажучы, у кожнага нашага работніка ёсць свой любімчык сярод сотні птушак. Часам даводзіцца праяўляць кемлівасць, каб супакоіць занадта шумнае дзіця і навучыць яго паважаць птушыны свет. Ці ж наадварот, разняволіць
замкнёных дзяцей і паказаць ім, што яркія птушаняты — нашы сябры.

Падчас гутаркі мы параўналі «Папугайню» з кантактным заапаркам, але Марта адразу ж нас паправіла. Суразмоўніца растлумачыла, што бессэнсоўна праводзіць такія паралелі, бо тут ёсць адно вельмі сур'ёзнае адрозненне: папугаі самі вырашаюць, сесці да вас на рукі ці не, у іх ёсць права выбару, чаго няма ў звяркоў у кантактных заапарках, дзе апошніх ціскаюць усе наведвальнікі.

— Пры ўваходзе ў зону з птушкамі ў нас вісіць вялікая памятка з правіламі бяспекі, дзе падрабязна напісана, чаго рабіць нельга. Напрыклад, сціскаць у руках птушачку, фатаграфаваць з успышкай. Таксама перад уваходам трэба апрацоўваць рукі антысептыкам... Ну, і адно з асноўных правілаў — трэба акуратна і павольна перасоўвацца ў птушніку, таму што многія папугаі яшчэ маленькія і любяць хадзіць па падлозе, і калі бегаць хутка, то можна выпадкова ім нашкодзіць. Абмежаванняў па ўзросце, фізічных або псіхічных асаблівасцях у нас няма, «Папугайню» можа, а, магчыма, нават павінен наведаць кожны. Такія зносіны — гэта своеасаблівая тэрапія, якая пазбавіць вас ад дрэннага настрою ў лічаныя секунды.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота дадзена суразмоўніцай

Загаловак у газеце: Разелы, какарыкі і карэлы, альбо Добры настрой, прынесены ў дзюбе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.