Вы тут

Сёлета Гомельшчына рыхтуецца правесці комплекснае добраўпарадкаванне Добруша


У гэтым годзе Гомельшчына рыхтуецца правесці комплекснае добраўпарадкаванне Добруша — горада фарфору, паперы і архітэктуры часоў князёў Паскевічаў.


Абнаўленне раённага цэнтра, які нярэдка называюць «беларускай Венецыяй», стане чарговым крокам спецыяльнай праграмы, што рэалізоўваюць у рэгіёне на працягу амаль 15 гадоў. Важна, што моладзь мае намер падрыхтаваць шэраг сваіх праектных прапаноў па развіцці малой радзімы.

Актыўная пазіцыя ў дачыненні да развіцця роднага рэгіёна была агучана падчас сустрэчы з маладзёжным актывам Гомельшчыны, якую правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу на тое, што сёлета ў Добрушы пройдуць маштабныя работы па добраўпарадкаванні райцэнтра. Ініцыятывы моладзі на гэтым важным этапе развіцця не толькі Добрушчыны, але і рэгіёна ў цэлым, будуць падтрыманыя. Адна з прапаноў паступіла ад першага сакратара Добрушскага раённага камітэта БРСМ Таццяны Савельевай — добраўпарадкаваць папулярнае ў горадзе месца адпачынку «Востраў». Моладзь гатовая ўзяць удзел у рэалізацыі гэтага праекта. Генадзь Салавей такую прапанову падтрымаў.

Між тым, на Гомельшчыне пры комплексным падыходзе да абнаўлення абранага раённага цэнтра — традыцыйна асаблівая ўвага да стану гарадскіх інжынерных камунікацый, дарожнай інфраструктуры, жыллёвага фонду. Праводзіцца рамонт і рэканструкцыя ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, бытавога абслугоўвання, сувязі, аб'ектаў гандлю. Ёсць выдатныя прыклады, як пасля комплекснага ўладкавання змяняюцца населеныя пункты вобласці — у мінулыя гады маштабныя работы па добраўпарадкаванні правялі ў Брагіне, Камарыне, Мазыры. Разам з тым у рэгіёне знаходзяцца рэсурсы і для абнаўлення інфраструктуры розных сфер па ўсёй вобласці. Так, летась сярод знакавых уведзеных аб'ектаў — гомельская гарадская паліклініка і пульманалагічны корпус туберкулёзнай бальніцы. Быў праведзены рамонт ва ўстановах аховы здароўя Веткі, Лельчыц, Брагіна, Жыткавіч, Петрыкава, Добруша.

— Мы выбралі шлях кансалідацыі сродкаў для выканання маштабных задач і рэалізацыі сур'ёзных планаў па добраўпарадкаванні райцэнтраў, — адзначыў Генадзь Салавей. — Так, новае аблічча ўжо атрымаў Мазыр. Наступны на чарзе — Добруш. Тут каля райвыканкама з'явіцца новая алея.

Таксама на кантролі — развіццё спартыўнай базы. Ёсць ідэі адкрыцця пляцовак па месцы жыхарства людзей, варкаўт-пляцовак, рэканструкцыі існуючых аб'ектаў. Моладзь Гомельшчыны выказвае гатоўнасць арганізоўваць нефармальныя спартыўныя фестывалі, якія дазволяць выкарыстоўваць спартыўную інфраструктуру больш эфектыўна.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама адзначыў, што ў Добрушы запланавана ўзвядзенне футбольнага стадыёна. Губернатар падкрэсліў: усе ахвотныя могуць прапанаваць свае ідэі па развіцці райцэнтра. Ён запэўніў, што ўлады гатовыя выслухаць усе прапановы па ўдасканаленні аблічча горада і фінансава падтрымаць найлепшыя з іх.

Што датычыцца агульнарэгіянальнага развіццця спартыўнай інфраструктуры, то плануецца ўзвесці футбольныя стадыёны таксама ў Чачэрску і Рагачове. У парадак прывядуць спартпляцоўку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. У найбліжэйшыя два гады ў абласным цэнтры будзе праведзена рэканструкцыя басейна ў Ірынінскай гімназіі, басейна «Дэльфін» і крытага ледзянога катка на Рэчыцкім праспекце Гомеля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Новае аблічча «беларускай Венецыі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».