Вы тут

Надышла вясна. І пажаранебяспечны перыяд...


«У гэтым годзе пажаранебяспечны вясенне-летні перыяд ужо пачаўся. Першы лясны пажар быў зафіксаваны 5 сакавіка на Брэстчыне. На сёння на тэрыторыі краіны ў прыродных экасістэмах адбылося 563 пажары на плошчы 56 гектараў, што на 70 працэнтаў менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У выніку такіх пажараў ужо загінулі
два чалавекі і адзін траўмаваны. У 99 працэнтаў выпадкаў узгаранні звязаны з чалавечай бестурботнасцю: кінутая цыгарэта або падпаленая запалка, пакінутае без нагляду вогнішча, выпальванне сухой расліннасці на корані, бескантрольнае спальванне смецця, дзіцячае свавольства з агнём», — паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіль Сіўчак.


pixabay.com

З улікам гэтага МНС загадзя рэалізоўвае комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на прафілактыку ўзнікнення такіх пажараў і забеспячэнне гатоўнасці рэагавання на іх. «У нашых падраздзяленнях сфарміраваны спісы з тэлефонамі работнікаў, адказных за правядзенне кантролю ў дачыненні да тарфянікаў і найбольш пажаранебяспечных участкаў. У выпадку ўскладнення аператыўнай абстаноўкі прадугледжаны перавод на ўзмоцнены варыянт нясення службы асабістага складу. Пытанні работы органаў дзяржаўнага кіравання ў пажаранебяспечны перыяд у частцы недапушчэння пажараў у прыродных экасістэмах будуць разглядацца на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, якое запланавана на 9 красавіка», — дадаў Васіль Сіўчак.

Паводле яго слоў, у краіне створана 11 зводных атрадаў для рэагавання на пажаранебяспечную сітуацыю. «У іх склад уваходзяць каля 700 работнікаў падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. На ўзбраенні гэтых атрадаў маецца больш за 330 адзінак тэхнікі, прызначанай для тушэння пажараў. Дадаткова падраздзяленні МНС забяспечаны тэхнічнымі сродкамі, якія дазволяць павысіць эфектыўнасць правядзення аварыйна-ратавальных работ і гарантаваць бяспеку грамадзян пры неспрыяльных умовах: квадрацыклы, квадракоптары, пажарная помпавая станцыя і іншая вадападаючая тэхніка. Таксама створана база спецыяльнай тэхнікі і абсталявання, што маецца ў суб'ектаў гаспадарання і прызначана для ліквідацыі надзвычайных сітуацый», — распавёў намеснік начальніка ўпраўлення.

Для своечасовага рэагавання на пажары ў прыродных экасістэмах выкарыстоўваюцца розныя віды маніторынгу: касмічны, авіяцыйны і наземны. Касмічны маніторынг дазваляе МНС аператыўна атрымліваць ад нацыянальнага касмічнага аператара даныя аб магчымых ачагах прыродных пажараў. «У бягучым годзе такіх звестак мы яшчэ не атрымлівалі, але за мінулы год 255 пажараў было выяўлена гэтай сістэмай», — сказаў Васіль Сіўчак. Незаменна такое назіранне пры маніторынгу тэрыторый пагранічных дзяржаў. Летась у Расіі і Украіне неаднаразова выяўляліся факты ўзгарання, што дазваляла своечасова прыняць комплекс адпаведных мерапрыемстваў і не дапусціць распаўсюджванне пажараў у Беларусі.

«Маршруты авіяцыйнага патрулявання праходзяць праз найбольш небяспечныя ўчасткі, што дазваляе павысіць эфектыўнасць ранняга выяўлення пажараў. У мэтах забеспячэння авіяцыйнай аховы лясоў МНС плануе задзейнічаць 10—14 паветраных суднаў пры ўскладненні аператыўнай абстаноўкі», — працягнуў намеснік начальніка ўпраўлення. Наземны маніторынг па большай частцы вядуць работнікі Міністэрства лясной гаспадаркі, у тым ліку з пажарных назіральных вышак і мачтаў, абсталяваных сістэмай відэаназірання.

«Але адначасова хочацца звярнуцца ўсё ж такі да кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання, іншых службовых асоб і нагадаць, што выпальванне сухой расліннасці ў краіне забаронена. Развядзенне вогнішчаў дапускаецца толькі ў адпаведнасці з патрабаваннямі пажарнай бяспекі на тэрыторыі зоны адпачынку і турызму пры ўмове забеспячэння пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і наяўнасці першасных сродкаў пажаратушэнння».

Васіль Сіўчак адзначыў, што зараз надышла пара, калі людзі наводзяць парадак на прысядзібных участках, і ў такіх выпадках таксама неабходна захоўваць патрабаванні бяспекі. Калі чалавек спальвае смецце, гэта павінна быць на бяспечнай адлегласці ад пабудоў і пад пастаянным кантролем. Дарэчы, МНС зрабіла відэаролік «Правілы абыходжання з агнём», які размешчаны на сайце міністэрства, дзе пакрокава і дакладна паказана, як бяспечна спаліць на ўчастку смецце.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?