Вы тут

На шлюз «Дамброўка» Аўгустоўскага канала прыбыў цеплаход «Нёман»


Цеплаход «Нёман» прыбыў на стаянку на Аўгустоўскім канале. Інфраструктура на шлюзе «Дамброўка» паступова аднаўляе сваю дзейнасць. Неўзабаве цеплаход выйдзе ў першыя рэйсы, а калі пацяплее, афіцыйна адкрыецца пункт пракату водных катамаранаў і ровараў.


Паводле слоў генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гроднамеліявадгас» Барыса БАГДАНЦА, афіцыйна цеплаход гатовы да таго, каб катаць першых гасцей Аўгустоўскага канала. Засталося ўрэгуляваць прававыя пытанні, падпісаўшы адпаведныя дазвольныя дакументы.

— Мы ніколі не прывязваліся да адкрыцця сезону, паколькі наш галоўны арыенцір — атрыманыя дазволы і наяўнасць заявак ад турыстычных арганізацый. Да прыкладу, калі ў 2018–2019 гадах цеплаход пачынаў курсіраваць па Аўгустоўскім канале ўжо ў сакавіку, то ў 2020 годзе з-за пандэміі каранавіруса мы практычна не дачакаліся падарожнікаў.

Мяркуецца, што ўжо ў красавіку цеплаход «Нёман» зможа здзейсніць свае першыя рэйсы, на якія ўжо ёсць заяўкі.

Дарэчы, расцэнкі на водныя прагулкі па Аўгустоўскім канале практычна не змяніліся ў параўнанні з мінулым годам. Лодка або водны ровар на гадзіну будуць каштаваць 10 рублёў. Адзін квіток гадзіннага катання на цеплаходзе «Нёман» (дзеці да 5 гадоў — бясплатна) будзе каштаваць 8 рублёў. Аднак тут ёсць нюанс.

Справа ў тым, што цеплаход можа ўзяць на борт 50 чалавек, таму яго неабходна арандаваць альбо групай (поўная арэнда абыдзецца ў 350 рублёў за гадзіну), альбо чакаць, што збярэцца пэўная колькасць людзей для арганізаванага катання па квітках. Для гэтага патрэбна мінімальная колькасць жадаючых — 30 чалавек.

— Індывідуальныя турысты часцей за ўсё прыязджаюць на шлюз «Дамброўка» ў выходныя дні — суботу і нядзелю, калі пацяплее. Для гэтага мы браніруем спецыяльныя гадзіны, калі цеплаход «Нёман» здзяйсняе адзін-два рэйсы з 13:00 да 16:00 па прыватных заяўках. Гэта зроблена спецыяльна, каб наведвальнікі канала маглі адправіцца на прагулку па вадзе, купіўшы квіток на месцы, — тлумачыць Барыс Іванавіч.

Летась была спроба праводзіць зборныя групы. Да прыкладу, калі на суботу невялікая група да дзесяці чалавек планавала паездку, то ва ўзгадненні з турыстычнымі кампаніямі адбываўся дабор заявак на поўную загружанасць судна.

Больш падрабязную інфармацыю пра тое, у якія дні можна будзе пакатацца на цеплаходзе «Нёман», а таксама як арандаваць садовы домік або навес на Аўгустоўскім канале, можна знайсці на сайце «Гроднамеліявадгаса».

Аліса СКІБА

Фота: grodnoturinvest.by, beresta.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».