Вы тут

Сангіта Бахадур: Беражыце сваю цудоўную краіну!


Пра яе кажуць: асаблівая, глыток свежага паветра... Гэтыя словы не проста кампліменты ў адрас Сангіты Бахадур, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Індыі ў Беларусі, чыя кадэнцыя неўзабаве заканчваецца. Яны ідуць, як кажуць, ад душы ў тых людзей, якім пашчасціла не толькі з ёй пазнаёміцца, але і пасябраваць.


Падчас выступлення на Беларуска-індыйскім бізнес-форуме 24 верасня 2018 года, які быў арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Канфедэрацыёй індыйскай прамысловасці.

Мяркуем, не менш прыемным былі дачыненні са спадарыняй Паслом (а ў Беларусі яна працавала з 27 красавіка 2018 года) і для афіцыйных асоб. І падстаў для таго — дастаткова. Акрамя асабістага абаяння, душэўнасці, адкрытасці і нейкай асаблівай цеплыні, якая ад яе сыходзіць, спадарыня Пасол валодае таксама тымі дзелавымі якасцямі, якія важныя ў працы асоб высокага дыпламатычнага рангу.

У дзень нашага развітальнага інтэрв’ю Сангіта Бахадур яшчэ рыхтавалася і да сустрэчы ў МЗС. Дарэчы, 8 красавіка, Сангіту Бахадур прымаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

А за некалькі дзён да таго спадарыня Пасол зрабіла прыём для блізкіх сяброў у Пасольстве Індыі. Гаспадыня прыёму, як шчыра казала ў вітальным слове, доўга сумнявалася: ці варта ладзіць развітальную вечарыну ў сітуацыі з ковідам, але ўсё ж рашылася тое зрабіць. У знак павагі да тых, хто сталі для яе вялікімі сябрамі. Так што яна проста так не магла з’ехаць, не развітаўшыся з кожным, ведаючы, што развітальны ліст — гэта далёка не тое, што асабістая сустрэча. Спадарыня Пасол дзякавала ўсім за той час, які правяла з кожным. Па журналісцкай звычцы мы ўключылі на той сустрэчы дыктафон. Сангіта Бахадур адзначыла, што першыя два гады яе працы ў Беларусі былі найбольш прадуктыўнымі: «Зроблена вельмі шмат цікавых праектаў. Але, на мой глыбокі жаль, апошні год быў цяжкім і для мяне асабіста. Я тут страціла маці, якая жыла са мной, сама перанесла вельмі сур’ёзны ковід, некалькі тыдняў правяла ў бальніцы. Я вельмі ўдзячная беларускім урачам за тое, што яны мяне выратавалі: выцягнулі ў літаральным сэнсе з дзвярэй смерці. Таксама я ўдзячная ўсім, хто мяне падтрымліваў, хто маліўся за мяне».

Сангіта Бахадур казала сябрам, што на бягучы год запланавана шмат цікавых праектаў, ды ўвасабляць іх у жыццё будзе ўжо не яна: «Я спадзяюся, што вы, любячы Індыю, гэтаксама шчыра падтрымаеце майго паслядоўніка, наступнага Пасла, імя якога мы даведаемся ў бліжэйшы час. І з энтузіязмам, з энергіяй будзеце ўдзельнічаць у розных праектах, якія стануць такімі ж паспяховымі, як і тыя, якія ўжо ўвасоблены».

Рыхтуючыся да сустрэчы, мы даведаліся, што слова Бахадур у мовах розных народаў азначае сілу, геройства, адвагу. Пра нашае «адкрыццё» і сказалі носьбітцы прозвішча. Дарэчы, такое імя давалася раней некаторым вайскоўцам за вялікія заслугі, доблесць. Магчыма, продкі спадарыні Пасла былі выдатнымі грамадскімі ці ваеннымі дзеячамі. Але гэта ўжо іншая тэма.

Вядома ж, сіла ў Сангіты Бахадур сапраўды ёсць. І выяўляецца, зразумела, не ў мускулах, хоць спадарыня Пасол і пажартавала, выслухаўшы нас: падняла напаўсагнутыя рукі ўгару, як тое бывае, калі дэманструюць біцэпсы. Зрэшты, яе галоўная сіла, як нам падаецца, у іншым. У абаяльнасці, добразычлівасці, нейкай асаблівай цеплыні, жаноцкасці. На фоне такіх якасцяў яе харызма, розум, інтэлект, эрудыцыя і высокая адукаванасць праяўляюцца мякка, «не прыдушваюць» суразмоўцу, а, наадварот, натхняюць. Таму, як нам падаецца, Сангіту Бахадур і называюць у Беларусі асаблівай.

— Спадарыня Пасол! Як бы вы ахарактарызавалі сябе ў некалькіх словах у якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Індыі ў Беларусі? Што для вас было лёгка ў перыяд вашага знаходжання ў нашай краіне і што складана?

Сустрэча ў МЗС з нагоды заканчэння дыпламатычнай місіі Сангіты Бахадур у якасці Пасла Індыі ў Беларусі. Мікалай Барысевіч, намеснік міністра замежных спраў высока ацаніў вынікі яе працы, адзначыў асабісты ўклад спадарыні Пасла ў развіццё двухбаковага супрацоўніцтва і пажадаў поспехаў у яе далейшай кар’еры, 30.03.2021.

— Не палічыце мяне, калі ласка, нясціплай, але сябе як Пасла Індыі ў Беларусі сапраўды ахарактарызавала б як глыток свежага паветра. І такое вызначэнне чула тут ад сяброў. Патлумачу. У дзейнасць Пасольства, як мне падаецца, я ўнесла новую ноту, некаторыя інавацыі. Назвала б гэта ноткай жаноцкасці. Вядома, праца дыпламата такога ўзроўню складаная, патрабуе шмат цярпення. Па-мойму, я прыўнесла ў яе і натхненне, і радасць, іншымі словамі — трохі гульні, некаторай весялосці. Мой падыход да спраў быў пазітыўна сустрэты і з беларускага боку, і з індыйскага.

Што было для мяне простым? На самай справе, проста было ўсё. Беларусь — вельмі прыгожая краіна. Сустрэла мяне радасна. І жывуць тут цудоўныя людзі. З некаторымі з іх я пазнаёмілася. На афіцыйным узроўні ўсе імкнуліся сустрэцца і дапамагчы вырашыць пытанні, якія ўзнікаюць. Падыход быў да іх канструктыўны. Мае дзеці таксама палюбілі Беларусь. Мы жылі ў выдатным доме ля Цнянскага вадасховішча, у рэзідэнцыі, па якой буду вельмі тужыць.

Што было складаным? Мова! Я, вядома, не ведала рускай. І мне было вельмі цяжка яе вучыць. Руская мова аказалася складанай. На працягу двух-трох месяцаў я спрабавала займацца, але прасунулася вельмі слаба. На занятках адчувала сябе школьніцай. Усе гэтыя хатнія заданні, нагрузка па працы... На жаль, у засваенні гэтай мовы прагрэсу не здарылася.

Калі атрымаецца, то паспрабуйце можа беларускую мову вывучаць. Яна, кажуць, нашмат лягчэй даецца, бо асноўны яе прынцып: як чуеш, так і пішаш. Беларускія словы некаторыя, дарэчы, блізкія да санскрыту.

— Значыць, у мяне яшчэ ёсць такая магчымасць (усміхаецца).

Раскажыце пра тры вашыя вялікія дасягненні — альбо пра адно, самае, на ваш погляд, важнае — за гэты час.

— Думаю, дасягненняў за час маёй працы было нямала. Але калі вы хочаце пачуць пра тры найважнейшыя, то я з задавальненнем пра іх распавяду. Першае, з майго пункту гледжання, дасягненне — гэта кантракт паміж БелАЗам і Індыяй на продаж самазвалаў. У маю краіну была адпраўлена велізарная партыя — спачатку 77, потым 96 — розных вялікагрузаў. А гэта мільёны долараў, што ўзняло ўзровень гандлю паміж Беларуссю і Індыяй на зусім іншы ўзровень. Я ганаруся тым, што гэты салідны праект ажыццявіўся пры маім удзеле. Я ўсяляк яго прасоўвала. Другое дасягненне — гэта святкаванне ў Беларусі 150-годдзя з дня нараджэння Махатмы Гандзі, якое доўжылася два гады. Задача была не з лёгкіх. Індыйцаў у Беларусі мала, менш за сто чалавек, калі не лічыць індыйскіх студэнтаў, якія тут вучацца. Зладзіць такое сур’ёзнае мерапрыемства было даволі-такі складана. Але, тым не менш, з кастрычніка 2018 і па кастрычнік 2020 года Пасольства ажыццяўляла ўсе праекты, прысвечаныя Махатме Гандзі. Усе задачы, якія былі пастаўлены МЗС Індыі перад Пасольствам, выкананыя, і ўсе чаканні апраўданыя. Мы атрымлівалі велізарную падтрымку ад многіх беларусаў. Нам дапамагалі навукоўцы, настаўнікі школ, выкладчыкі ўніверсітэтаў і прадстаўнікі органаў улады. І ўсё прайшло цудоўна! Трэцяе дасягненне — гэта Дзень Індыі, які мы адзначаем у Беларусі, ён праходзіць тут з 2015 года. На жаль, у 2020-м з-за ковіда гэтае мерапрыемства не правялі, а ў 2019 годзе здорава яго святкавалі: з пастаноўкай знакамітай «Рамаяны».

На выстаўцы «Ахова здароўя Беларусі-2019».

Мы з задавальненнем таксама паглядзелі, як выдатны індыйскі эпас увасобілі на сцэне Палаца культуры Мінскага трактарнага завода самадзейныя беларускія артысты.

— Я вельмі рада, што гэтая пастаноўка была здзейснена. І мне прыемна, што вы яе таксама ўбачылі. Яна і напраўду была цудоўнай, нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма ніводнага індыйскага спевака ці танцоркі. Многія потым падыходзілі, дзякавалі мне. У тым ліку і за тое, што зрабілі беларусы — сябры Індыі, тыя, хто любіць нашу культуру.

Ці здараліся моманты ў вашай дыпламатычнай дзейнасці, калі вас пакідала натхненне?

— Увогуле і ў цэлым — не. Я — чалавек, поўны энтузіязму і пазітыву, таму ўпэўнена: любую перашкоду, якая ўзнікае ў жыцці, можна пераадолець тым ці іншым спосабам. Адзіны момант, які быў вельмі цяжкім для мяне, гэта страта маці ў лістападзе 2019 года. Яна памерла тут, у Беларусі. На працягу двух месяцаў я была ў жахлівым стане і не магла сфакусавацца на афіцыйных дыпламатычных задачах. Быў момант, калі я нават думала адмовіцца ад пасады і вярнуцца ў Індыю, да сваёй сям’і. Але я разумею: рана ці позна нашы бацькі сыходзяць. Гэта, вядома, заўсёды цяжка. Але жыццё прадаўжаецца, і трэба трымацца.

Якую адзнаку па дзесяцібальнай сістэме вы б паставілі сабе як Паслу?

— Гэта, вядома, вельмі выкручастае пытанне (кажа з усмешкай — заўв. аўт.). Калі я пастаўлю сабе самую вышэйшую адзнаку, то людзі скажуць, што я эга-маньяк, а калі нізкую, то яны прыйдуць да высновы: яна — дрэнны Пасол. На самай жа справе, калі шчыра, мне здаецца, што я выканала сваю працу ў Беларусі на дзесяць балаў з дзесяці. Вы самі разумееце, што не ўсё ў руках Пасла. Ён можа толькі нейкія праекты, ідэі прасоўваць. А ўвасабляюць іх іншыя людзі. Але калі жарты адкінуць у бок, то 8 ці 9 балаў магу сабе паставіць. Калі вы сапраўды хочаце ведаць, ці можна ацаніць мяне па дзесяцібальнай шкале, то спытайце ў людзей, з якімі я працавала, з якімі мы ўвасаблялі праекты ў часе майго знаходжання тут. Мне здаецца, што мяне як дыпламата паважаюць не толькі афіцыйныя асобы, але і шматлікія сябры, якіх я набыла ў Беларусі.

7 сакавіка 2019 года ў Скідзелі адкрыўся фармацэўтычны завод — новае беларуска-індыйскае прадпрыемства «Навалок».

У чым, па-вашаму, у цэлым сакрэт паспяховай работы Пасла?

— На самай справе нейкага выразнага, канкрэтнага сакрэту поспеху ў працы Пасла не існуе, ніхто яго раскрыць не зможа. Але ёсць моманты, якія трэба мець на ўвазе Паслу, які імкнецца пабудаваць адносіны паміж дзвюма краінамі, а не разбурыць або пагоршыць іх. У першую чаргу Пасол як чалавек павінен быць адкрытым, умець слухаць іншых. Калі вы не любіце размаўляць, калі не чуеце чужыя меркаванні, вы не зможаце якасна выконваць сваю працу. І Пасол да таго ж абавязаны ўмець знайсці рашэнне, якое задаволіць абодва бакі: ваш і апанента. Другая абавязковая якасць — цярпенне. Таму што нішто не робіцца па ўзмаху чароўнай палачкі. Кожнаму пытанню трэба даць час, а не сілай прапіхваць яго. Каб, вобразна кажучы, зернейка, якое пасаджана, прарасло і вырасла. І трэцяе — гэта абаяльнасць. Таксама неабходная якасць. Добра, калі яна дадзена ад прыроды. Калі няма, то абаяльнасць варта развіваць. Быць адкрытым, умець цярпець і размаўляць з людзьмі так, каб ім было з вамі прыемна, — гэтага, мабыць, будзе дастаткова.

Што для вас як дыпламата катэгарычна непрымальнае, а што вітаеце, ухваляеце?

— Пытанне, на самай справе, няпростае, але паспрабую адказаць. Прафесія дыпламата такая, што даводзіцца прымаць многае. Так нас навучаюць. Вось, скажам, нехта кажа дрэнна пра вашу краіну. Вы гэта чуеце і не можаце з апанентам пачаць спрэчку, не можаце сварыцца з гэтым чалавекам. Такі падыход зробіць вашага апанента больш злым і агрэсіўным. Як быць? Трэба паспрабаваць стаць на яго пункт гледжання, паглядзець на пытанне з яго перспектывы — і працягваць цярпліва трымацца. Вельмі многія рэчы, якія сярод звычайных людзей недапушчальныя, дыпламату прыходзіцца цярпець. Альбо яшчэ прыклад. Дапусцім, вы не падтрымлівае апазіцыю нейкай краіны, дзе знаходзіцеся, у якім-небудзь пытанні. А ваш урад ад вас як Пасла таго патрабуе. І вы тады абавязаны падтрымліваць яе. Бо як жа інакш? Гэта вашая праца, і вас вучаць прымаць падобныя моманты. Ёсць яшчэ такія важныя якасці дыпламата, як сумленнасць і адкрытасць. Нават калі дыпламат і кажа пра нешта, што тычыцца вас асабіста, не заўсёды зразумела: гэта яго ўнутранае, асабістае меркаванне ці ён вымушаны так гаварыць па абавязку службы. Сумленнасць паміж дыпламатамі — гэта тое, чаго хацелася б. Важная для нас яшчэ і ветлівасць — гэта ж перадумова для канструктыўных стасункаў.

Сангіта Бахадур: «Усім беларусам жадаю міру, дабра, узаемаразумення».

Што хацелі б і маглі яшчэ зрабіць вы як Пасол?

— Я ў розных інтэрв’ю не раз падкрэслівала: праца Пасла — гэта не баўленне часу ва ўтульным офісным кабінеце. Яна заключаецца ва ўсім тым, што спрыяе развіццю адносін не толькі паміж краінамі, але і народамі. Яна ж і ў зносінах з людзьмі. На жаль, 2020-ы ў гэтым плане быў поўнай стратай часу. Зроблена зусім няшмат па вядомых вам прычынах. Тым не менш, нашы краіны ўмацоўваюць сяброўскія дачыненні. Мы сапраўды дапамагаем адзін аднаму ў гэтыя цяжкія часы. Паміж нашымі краінамі няма праблем, ёсць некалькі нязначных пытанняў. Таму я прадоўжыла б усяляк знаёміць беларусаў з Індыяй, паглыбляць вашы веды пра маю краіну, яе культуру, традыцыі. Для таго ж і ладзіліся ўсе шматлікія дружалюбныя імпрэзы, пра якія мы ўжо казалі, уключаючы і Дзень Індыі, і святкаванне дня нараджэння Махатмы Гандзі, і шмат іншых мерапрыемстваў, якія арганізоўвае Пасольства. Так, на афіцыйным узроўні зносіны ёсць, але я хацела б па максімуме зрабіць прадуктыўнымі зносіны для звычайных людзей.

Як вы ставіцеся да самаразвіцця? Што для вас азначае тэзіс «праца над сабой»? І як гэта ў вас адбываецца, калі вы на гэтым шляху? Што перашкаджае вам жыць, а што дапамагае? Што ў сабе падабаецца, а што хацелі б змяніць?

— Самаразвіццё — гэта тое, чаго трэба прытрымлівацца ўсё жыццё. Кожная жывая істота, нарадзіўшыся, расце, так і мы, сталеючы, павінны расці пастаянна. Не толькі фізічна, але і маральна, духоўна. Мяне вельмі хвалюе, калі бачу, што чалавек не змяніўся. Якім ён быў у 12 гадоў, такім застаўся і ў 80. Гэта вельмі сумна. Бо жыццё дае нам шмат магчымасцяў пабачыць свае слабыя і моцныя бакі, увесь час мы трапляем у сітуацыі, калі можам зразумець, у чым мы моцныя, а ў чым слабыя, у чым памыляемся. Моцныя бакі — добра, іх далей можна развіваць, з гэтым усё зразумела. А вось як быць са слабымі? Галоўнае, як мне падаецца, іх вылічыць! Жыццё дае нам шырокія магчымасці змяніць сябе ў лепшы бок, стаць усвядомленымі. Тады і свет вакол нас можа змяніцца ў лепшы бок. Не павінна быць застылага меркавання пра сябе: я вось адзін такі добры, а іншыя дрэнныя. Не можа быць у працэсе ўсведамлення сябе і людзей, з якімі даводзіцца сутыкацца, чорна-белага падыходу. Мы ж ведаем: у жыцці, у ацэнцы людзей, іх учынкаў важныя нюансы. Трэба заўсёды імкнуцца зразумець чалавека, стаўшы на яго пункт гледжання, прасачыць за хадой яго думак, а не вынесці прысуд: ён кепскі. Так што самаразвіццё — рэч вельмі важная, яно павінна быць першай жыццёвай мэтай кожнага чалавека.

У закладцы Сада дружбы ў адной з гімназій Слоніма Пасол Індыі прымала непасрэдны ўдзел у красавіку 2019.

У якіх слабасцях вы не можаце сабе адмовіць?

— Першая слабасць — гэта тое, што я вельмі люблю прыгожыя рэчы. Пастаянна купляю прыгожую вопратку, ювелірныя ўпрыгажэнні, касметыку, аксэсуары для дома. Другі момант — вельмі не люблю канфрантацыю. І ўсялякімі зручнымі спосабамі стараюся яе пазбягаць. Таксама не люблю быць з людзьмі строгай, таму імкнуся ніколі ні з кім не сварыцца і не крычаць. На жаль, іншай мовы некаторыя людзі не разумеюць, і гэта ўсё ж даводзіцца рабіць, але я стараюся нікога не крыўдзіць. І трэцяя мая слабасць — лянота. Я гультаяватая. Калі ў мяне атрымліваецца нешта не рабіць, я з задавальненнем не буду гэта рабіць. Не люблю гатаваць, не люблю прыбіраць дом. Калі няма памочніцы, то гэта, вядома, рабіць даводзіцца. Але калі ёсць нехта, то я абавязкова здыму з сябе гэты абавязак, скарыстаюся магчымасцю ўхіліцца і ад гатавання, і ад уборкі. На шчасце, у мяне заўсёды ёсць выдатная памочніца. Але часам узнікаюць сітуацыі, калі, скажам, яна ў адпачынку. І вось тады для мяне наступае кашмар.

Што для вас павінен прадстаўляць з сябе культурны чалавек?

— Перш за ўсё гэта — чалавек разумны, начытаны, здольны пра многае пагаварыць. Але не той, які пазіцыянуе сябе ўсяведам: я тое ведаю ці гэта... Культурны чалавек — ветлівы. І ён павінен быць добра апранутым. Нягледзячы на розум, калі чалавек не звяртае ўвагі на сваю вопратку, то гэта сведчыць: ён не звяртае ўвагі не толькі на сябе, але і на свет навокал. У арсенале чалавека культурнага — сумленнасць. Таму што ілжывасць і культура несумяшчальныя. Культурны чалавек павінен таксама добра разумець, чаго хоча ад жыцця, і паступаць адпаведна. Акрамя таго, ён — пазітыўны і канструктыўны, ён стваральнік, а не разбуральнік.

На сустрэчы сяброў у Пасольстве мы даведаліся, што вы адправіцеся працаваць на Мальту. Ці даводзілася вам там бываць? І ў якую краіну яшчэ хацелі б паехаць?

— На Мальце я не бывала. Мяркуючы па здымках, краіна вельмі прыгожая. Хоць і маленькая, астраўная, але гэта буйны турыстычны цэнтр. Хацела б пабываць у Перу, паглядзець горад старажытных інкаў: Мачу-Пікчу. У той час, калі я працавала ў Мексіцы, у мяне нарадзілася малодшая дачка, і я не мела магчымасці падарожнічаць. Другая краіна — Данія, таму што Гамлет, прынц дацкі, шэкспіраўскі герой — мой любімы літаратурны персанаж. Трэцяя — Швейцарыя. Як ні дзіўна, я туды тройчы планавала паездку, і нешта кожны раз перашкаджала, таму вандроўку даводзілася адмяняць.

Падчас развітальнага прыему для сяброў у пасольстве Індыі, 24.03.2021.

Якая пара года ў Індыі вам найбольш падабаецца? Сезон дажджоў? А ў Беларусі?

— Дома я люблю зіму, а спякоту не пераношу. Зімы на поўначы Індыі выдатныя. Пачынаюцца ў лістападзе, заканчваюцца ў красавіку. Узімку шмат кветак, і гэта такая прыгажосць! Сезон дажджоў, мусон, пра які вы спыталі, у Індыі доўжыцца з чэрвеня да верасня. Пасля 45-градуснай спёкі гэта цудоўны час, калі можна ад яе адпачыць. Але ўсё ж такі самы любімы сезон — зіма. У Беларусі мне вельмі спадабалася восень. Колеры ў прыродзе — неверагодныя. Дрэвы стаяць медныя, залатыя, чырвоныя, жоўтыя — гэта цуд! Фотаздымкі, якія зрабіла я восенню ў Беларусі, будуць мне нагадваць пра вашу цудоўную краіну. Зіму я таксама тут палюбіла. Цяперашняя была вельмі снежнай. Я буду тужыць па снезе на Мальце — там значна цяплей, чым у вас.

Што б вы на развітанне хацелі пажадаць нашым чытачам і беларусам у цэлым?

— Усім чытачам, а таксама ўсім беларусам жадаю міру, дабра, узаемаразумення. Хацела б на развітанне сказаць яшчэ так: беражыце сваю цудоўную краіну! І будзьце здаровыя!

Валянціна і Іван ЖДАНОВІЧЫ

Аўтары выказваюць падзяку Кацярыне Новікавай, перакладчыцы і сакратару Пасла па пратакольных пытаннях.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.