Вы тут

Хто, на што і на якіх умовах сёння можа атрымаць крэдыт


З першых дзён лютага Беларусбанк аднавіў крэдытаванне куплі кватэр на другасным рынку жылля і ва ўжо здадзеных новабудоўлях. У той час працэнтная стаўка па ім была занадта высокая, нядаўна яе падкарэкціравалі і цяпер яна складае 20 % гадавых. На мой погляд, гэта занадта дорага. Прыкладна 15 гадоў таму я браў крэдыт на жыллё пад 13 % гадавых. Тады гэтыя лічбы мне здаваліся завоблачнымі. Цяпер я даплачваю той крэдыт, а штомесячны (аднолькавы) плацеж складае ўсяго 17 рублёў. Так што паспрабуем разабрацца — ці сапраўды гэта дорага, і якія ёсць нюансы.


На 6 % больш, чым год таму

Спачатку разбяромся з плюсамі гэтага банкаўскага прадукту. Крэдыт называецца «Іпатэка Экспрэс» на набыццё жылога памяшкання. Выдаецца ён на тэрмін да 20 гадоў і працэнтная стаўка цяпер складае 20 % гадавых. Сярод пераваг, агучаных фінансавым інстытутам, з'яўляецца хуткае прыняцце рашэння. Сапраўды, з часу падачы заяўкі на крэдыт да прыняцця банкам рашэння праходзіць не больш як адзін рабочы дзень. Асноўныя ўмовы выдзялення крэдыту выглядаюць такім чынам.

Крэдыт даецца на тэрмін да некалькіх дзясяткаў гадоў і толькі пад заклад набываемай кватэры, што па ўмовах падобна да класічнай іпатэкі. Сума крэдыту можа дасягаць да 100 % кошту набыцця жылога памяшкання, у межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, але...

Першапачаткова пры вызначэнні магчымай сумы крэдыту ўлічвалася толькі велічыня даходаў самога крэдытаатрымальніка, без магчымасці ўключаць даходы блізкіх сваякоў у сукупны даход. Эксперты банка ўбачылі, што дадзены аспект у значнай меры насцярожвае патэнцыйных кліентаў, і выправілі гэты пункт умоў.

Цяпер пры разліку агульнай сумы крэдыту магчымае ўключэнне ў сукупны даход крэдытаатрымальніка даходаў паручыцеляў — блізкіх сваякоў членаў сям'і кліента (мужа, жонкі, бацькоў, дзяцей, родных братоў і сясцёр мужа і жонкі, унукаў).

Да мінусаў варта аднесці тое, што рэальная стаўка крэдытавання павялічылася ў параўнанні з 2020 годам адразу на 6 %. А калі быць дакладнымі, стаўка па крэдыце фарміруецца па наступнай формуле: стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі, павялічаная на 12,25 працэнтнага пункта. Памер стаўкі рэфінансавання ў Беларусі па стане на красавік 2021 года складае 7,75 %.

Прааналізаваўшы вышэйпрыведзеныя ўмовы, можна прыйсці да высновы, што ў параўнанні з мінулым годам умовы атрымання крэдыту на куплю кватэры на другасным рынку ўскладніліся. Фактычна так яно і ёсць: для кагосьці стане «непад'ёмнай» павялічаная стаўка крэдытавання, а хтосьці не зможа ўзяць патрэбную суму ў крэдыт з прычыны абмежаваных даходаў.

Затое паручыцелі непатрэбныя

У новай праграмы крэдытавання ёсць і сапраўды добрыя бакі. Па даных сектара іпатэчнага крэдытавання сталічнага агенцтва нерухомасці, другой па значнасці праблемай крэдытаатрымальнікаў выступае неабходнасць пошуку паручыцеляў. Трэба было шукаць такіх людзей, якія пагодзяцца ўзяць на сябе абавязацельствы па выплаце вашага крэдыту ў выпадку, калі вы самі з якіх-небудзь прычын гэтага зрабіць не зможаце. Далёка не кожны пагодзіцца ўзяць на сябе такую адказнасць. А як паказвае практыка, нават калі людзі згаджаюцца, то не заўсёды яны могуць падысці ў якасці паручыцеляў (па даходзе, узросце і гэтак далей).

Цяпер, па новых умовах крэдытавання, паручыцелі не патрабуюцца — таму што залогам забеспячэння крэдытных абавязацельстваў будзе выступаць сама кватэра. Менавіта гэтым і абумоўліваецца абмежаванне па будаўнічай гатоўнасці кватэр, на набыццё якіх можна ўзяць крэдыт, — яны ўсе павінны быць ужо ўведзеныя ў эксплуатацыю. Бо менавіта ў гэтым выпадку яны будуць выступаць у якасці гатовага аб'екта нерухомасці, які можна ўзяць у заклад крэдыту. І менавіта таму не дапускаецца ўзяцце крэдыту на куплю часткі (долі) кватэры — можна толькі на ўсё жылое памяшканне цалкам.

Узрост мае значэнне

Для набыцця іпатэчнага крэдыту падрыхтаваны своеасаблівыя патрабаванні да заяўнікаў. Па-першае, крэдыты выдаюцца дзеяздольным фізічным асобам (грамадзянам нашай краіны і замежным грамадзянам (асобам без грамадзянства), якія пастаянна пражываюць і маюць пастаянную крыніцу даходу ў Беларусі.

Ёсць некалькі нюансаў, што датычацца пажылых людзей. Кліентам банка, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, крэдыты выдзяляюцца (пры прад'яўленні ў забеспячэнне выканання абавязацельстваў па крэдыце паручальніцтваў фізічных асоб з ліку членаў сям'і, блізкіх сваякоў, якія не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту) зыходзячы з памеру пенсіі або пры ажыццяўленні працоўнай дзейнасці — зыходзячы з памеру сярэднямесячнага даходу ад працоўнай дзейнасці за апошнія тры месяцы.

Калі казаць коратка і зразумела, то якраз у гэтым выпадку пенсіянерам проста неабходныя яшчэ і паручыцелі з ліку блізкіх сваякоў. А без іх ніяк.

Не купіць кватэру, а памяняць

Улічваючы нашы невялікія даходы, задаешся слушным пытаннем, а на каго разлічана гэтае іпатэчнае крэдытаванне? Аналітыкі адзначаюць, што кліенты праграмы ўжо знайшліся. Гэта тыя, каму патрэбна невялікая сума эквівалентам да 14 тысяч долараў. У гэтым выпадку сярэднямесячны даход крэдытаатрымальніка (пасля выплаты падаткаў і гэтак далей) павінен складаць каля 1250 рублёў.

У рэальнасці гэта занадта малая сума, каб купіць кватэру, лічаць эксперты. Але справа ў тым, што цяпер большасць кватэр купляецца наўзамен сваіх «старых» — напрыклад, у мэтах пашырэння жылплошчы (колькасці пакояў) або пераезду ў новабудоўлю. У падобных выпадках пакупнікам патрэбна не ўся сума, а толькі даплата да цаны прадаванай кватэры. І таму названай вышэй сумы крэдыту цалкам дастаткова для даплаты.

На сайце Беларусбанка ў графе «Іпатэка» ёсць паслуга «Калькулятар», якая ў аўтаматычным рэжыме разлічвае максімальны памер крэдыту пры зададзенай зарплаце. Я ўнёс туды прыкладны заробак (1 тысячу рублёў), іншыя даныя і атрымаў, што максімальны памер крэдыту ў мяне складае 32 804,55 рубля. А памеры штомесячнага плацяжу складуць 684 рублі. Працэнты за ўвесь перыяд карыстання крэдытам будуць удвая большыя, чым тая сума, якую я хачу ўзяць, — 70 529,78 рубля.

Атрымліваецца, што пры ўмове заробку ў 1000 рублёў максімальны крэдыт (паводле атрыманых даходаў) будзе складаць прыкладна 12 340 долараў. Мабыць, цалкам хопіць для пераезду з маёй двухпакаёвай кватэры ў больш прасторную трохпакаёвую. Толькі ці вартая новая кватэра такіх ахвяр?

Успомнілі пра сістэму будзберажэнняў

На думку аналітыкаў другаснага рынку нерухомасці, крэдыты на такіх умовах наўрад ці істотна ускалыхнуць актыўнасць патэнцыйных пакупнікоў, як гэта было ў 2017—2020 гадах.

У выніку сёлета доля пакупнікоў кватэр другаснага рынку з крэдытамі будзе на ўзроўні не большым за 6 %, у той час як сярэдні паказчык за 2020 год быў на ўзроўні 22 %, а за 2019 год — прыблізна 27 %. Пры гэтым у апошнім квартале мінулага года крэдыты на другасным рынку былі даступныя толькі па сістэме будзберажэнняў, калі для атрымання крэдыту спачатку неабходна было размясціць уклад у рамках сістэмы будаўнічых зберажэнняў Беларусбанка, а ўжо па заканчэнні ашчаднага этапу (не меншага за 19 месяцаў) можна было прэтэндаваць на атрыманне крэдыту. Менавіта таму доля пакупнікоў з крэдытам у канцы мінулага года была такой нязначнай.

Аднаўленне крэдытавання — гэта добра. Але высокія стаўкі і патрабаванні да даходу крэдытаатрымальнікаў значным чынам абмяжоўваюць даступнасць крэдытавання шырокаму колу пакупнікоў. А значыць, пакупніцкая актыўнасць на другасным рынку таго ж Мінска па-ранейшаму застанецца слабай, бо магчымасцяў купіць кватэру будзе па-ранейшаму няшмат.

Спажывецкі крэдыт можна ўзяць за гадзіну, вось толькі працэнты «кусаюцца»

Такіх крэдытаў цяпер мноства. Аўтакрэдыт, крэдыт на адпачынак, на халадзільнік, на пральную машыну, на мэблю, на ўсё, што пажадаеш. Мне на вочы трапіўся спажывецкі крэдыт «На асабістае» ад аднаго камерцыйнага банка. Ён выдаецца літаральна за гадзіну. Патрэбныя толькі пашпарт і даведка з работы. У дадзеным банку вам дадуць крэдыт да 10 тысяч рублёў без паручыцеляў. Праўда, працэнты за карыстанне такімі грашыма немаленькія — 24,99 %.

У жыцці ўсякае здараецца. Мае суседзі па пад'ездзе задумалі рамонт. Для поўнага шчасця не хапала пяці тысяч рублёў. Пайшлі ў найбліжэйшы банк. Дык вось, мінімальны тэрмін крэдыту «На асабістае» 6 месяцаў, з мінімальнай пераплатай 628 рублёў. Плаціць прыйдзецца ў месяц 938 рублёў, а значыць, даход сям'і павінен быць значна большы. Не атрымліваецца.

Можна ўзяць такі крэдыт на два гады і плаціць у месяц ужо толькі 321 рубель. Але ў гэтым выпадку агульная сума пераплат банку складзе 2 тысячы 705 рублёў. Вы хочаце дарыць такія грошы банку? Нездарма ж пра крэдыты кажуць: «Бярэш чужыя, аддаеш свае». Ды яшчэ і ў большым памеры.

Сяргей КУРКАЧ

Фота pixabay.com

Загаловак у газеце: «Хачу крэдыт!»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.