Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» паназірала за тым, як у невялікім райцэнтры рыхтуюць зорак біятлона


«Па якасці гэты спартыўны аб'ект стане другім пасля Раўбіч. З часам мы зможам праводзіць тут спаборніцтвы рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню», — паабяцаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук на адкрыцці біятлоннай базы ў Чавусах у жніўні мінулага года. Яна пабудавана пры раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, якая лічыцца ў краіне адной з наймацнейшых па падрыхтоўцы біятланістаў. Адна з выхаванак гэтай школы — маладая зорка беларускага біятлона Дзінара Алімбекава. Не так даўно яна стала пераможцай этапу Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцэне ў спрынце і сярэбраным прызёрам у гонцы пераследу. Тут, у Чавусах, стартавалі ў вялікі спорт сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы Сяргей Новікаў, а таксама член нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, удзельнік Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы Раман Ялётнаў.


Два ў адным

Мясціны тут шыкоўныя. Калісьці на гэтым месцы размяшчалася сядзіба графаў Талстых. Ад былой рэзідэнцыі засталіся некалькі ліп і рэшткі цаглянай клеці. Зараз месца на ўзвышшы над ракой Басяй займае Чавуская абласная школа са сваімі адміністрацыйнымі, жылымі, спартыўнымі, гаспадарчымі пабудовамі і нават сваёй кацельнай і лазнева-пральным комплексам. Лічы, аўтаномны спартыўны гарадок. Тут будучыя спартсмены і жывуць, і вучацца. Гэта адзіная агульнаадукацыйная школа ў краіне са спартыўнымі класамі па біятлоне і цяжкай атлетыцы. Узначальвае яе Алег Самсонаў, ураджэнец Чавус і біятланіст (у 1990-я, калі пачаў займацца гэтым відам спорту, у райцэнтры ім захаплялася ўся моладзь). Дарэчы, працуе ён тут роўна 20 гадоў, апошнія восем — у якасці дырэктара. У агульнаадукацыйную са спецыялізаванымі спартыўнымі класамі ўстанова была рэарганізаваная ў 2014-м. Адпаведна, рэжым дня і заняткаў тут складзены з такім разлікам, каб дзеці маглі больш часу аддаваць трэніроўкам. У 8.20 — пачатак заняткаў, з 10.00 да 12.00 — першая трэніроўка, пасля полудзень, яшчэ два ўрокі, абед, зноў два ўрокі, і з 16.00 да 18.00 — другая трэніроўка. Плюс — пастаянныя зборы, спаборніцтвы. Ці стануць тутэйшыя дзеці ў будучыні фізікамі або матэматыкамі — пытанне спрэчнае. Але як мінімум настаўнікамі фізкультуры — дакладна.

— Высокага класа спартсменамі становяцца адзінкі, але, тым не менш, і астатнія звязваюць сваё жыццё са спортам, — кажа Алег Самсонаў. — Прафарыентацыя ў нас выразная. Нашы выпускнікі становяцца трэнерамі, настаўнікамі фізічнай культуры, ідуць у сілавыя структуры, там, дзе патрэбна сур'ёзная фізічная падрыхтоўка. Звычайныя дзеці не вытрымліваюць, а нашым там лёгка.

Тое, што такі рэжым правільны, згодны і Аляксандр Дарафееў, дырэктар чавускай СДЮШАР, які адказвае за спартыўную падрыхтоўку гэтых вучняў.

— У нас займаюцца і гарадскія дзеці, якія замест дзвюх трэніровак паспяваюць толькі на адну, а то і зусім прапускаюць, — прыводзіць ён аргумент. — Дзеці, якія наведваюць абласную школу, на іх фоне на галаву мацнейшыя. Хоць займацца пачынаюць адначасова.

Усяго ў школе вучыцца 108 дзяцей з усіх раёнаў Магілёўскай, Гомельскай, Мінскай абласцей. Гэта падлеткі, якія прайшлі жорсткі адбор трэнерамі-выкладчыкамі і атрымалі шанц стаць чэмпіёнамі. Акцэнт на спорт у гэтай установе быў заўсёды, нават да таго, як яна стала спецыялізаванай. Але такіх умоў, як цяпер, раней не было.

Збройнік Сяргей Сапетаў выдае юным біятланістам спартыўную зброю.

— Усё змянілася дзякуючы нашым дзецям, — кажа Алег Самсонаў. — Яны дабіліся вышынь на міжнародным узроўні, і на нас звярнулі ўвагу. У выніку з'явілася і лыжаролерная траса, рэканструявана зала цяжкай атлетыкі. Цяжкаатлетаў, дарэчы, падтрымлівае Мытны камітэт, які курыруе гэты кірунак. Яны мадэрнізавалі залу, купілі інвентар, абсталяванне.

Бацькі бачылі Дзінару музыкантам

Школа, дзе будучыя спартсмены грызуць граніт ведаў, на першы погляд мала чым адрозніваецца ад звычайнай, — тыя ж сэнсарныя панэлі, інтэрактыўныя дошкі, камп'ютары. Вось толькі ў калідорах — вялікая колькасць спартыўных кубкаў і фота дзяцей у спартыўнай форме. Сярод іх — вельмі перспектыўны біятланіст Аляксандр Петухоў, які цяпер уваходзіць у спісачны склад зборнай Рэспублікі Беларусь, прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў на дарослым чэмпіянаце па цяжкай атлетыцы Галіна Галаўнёва. Зараз яна вучыцца ў Бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Будучыя зоркі беларускага біятлона, якіх тут называюць вельмі перспектыўнымі, Алеся Асіпенка і Анастасія Зайцава — неаднаразовыя пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне. Тут жа — цяжкаатлеты: Ягор Трусевіч, пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

— Пазнаяце? Вунь наша Дзінара, — паказвае на фота Алег Самсонаў. — Гэты здымак зроблены ў 2009 годзе. Родам яна з вёсачкі, што за кіламетраў 10 ад Чавус. Трэнер Андрэй Іваноў заўважыў яе, калі Дзінара займалася на аддзяленні лыжных гонак. Ён яшчэ тады сказаў, што гэта будучая алімпійская чэмпіёнка. Ледзь угаварылі бацькоў аддаць дзяўчынку ў біятлон. Яны бачылі Дзінару музыкантам. Дзяўчынка была ўсебакова развітая, прымала актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, і ў школьных мерапрыемствах. У 2010-м, пасля васьмі класаў, пайшла вучыцца ў Магілёўскае вучылішча алімпійскага рэзерву. А ў 2018-м стала алімпійскай чэмпіёнкай.

Жыццё па распарадку

89 дзяцей са 108, якія вучацца ў спецыялізаванай спартыўнай школе, жывуць у інтэрнаце. Рэжым тут строгі. Пад'ём — у 7 гадзін раніцы, прыбіранне, прывядзенне сябе ў парадак, сняданак і — у школу да самага вечара. Затым — самападрыхтоўка да 19.00, вячэра, зноў работа над дамашнімі заданнямі на працягу гадзіны. На асабістыя справы адведзена ўсяго 40 хвілін. Гэта на тэлефоны, перапіскі, сацсеткі. А ў 21.00 адбой. Больш дарослыя маюць магчымасць яшчэ гадзіну пазаймацца, але ў 22.00 усе ўжо павінны спаць. За гэтым сочаць і настаўнікі, і выхавальнікі.

Будучыя чэмпіёнкі адпрацоўваюць стральбу.

Жывуць будучыя спартсмены аскетычна. У пакоях — нічога лішняга: стол, некалькі крэслаў, тумбачка, ложак, шафа. Тэлевізар — толькі ў пакоі адпачынку. Тэарэтычна ў будучых спартсменаў на яго няма і часу. Пакой № 10, дзе жыла Дзінара Алімбекава, нічым не адрозніваецца ад астатніх: невялікае памяшканне на чатыры ложкі. Так што ніякіх цяплічных умоў. Адно толькі і зачароўвае, што від з вокнаў.

Тэрыторыя вакол вельмі маляўнічая. У спадчыну ад дома-інтэрната засталося некалькі будынкаў, якія цяпер прыстасаваны пад гаспадарчыя аб'екты. У адным з іх раней была цяжкаатлетычная зала, але з уводам новага спартыўнага комплексу патрэба ў ёй адпала. Цяпер тут захоўваецца запасны спартыўны інвентар. Алег Самсонаў з павагай згадвае канадскіх спонсараў, якія дапамагалі палепшыць базу. У гонар аднаго з іх, найбольш руплівага — Дэвіда Кэмбэла, ён нават паклапаціўся ўстанавіць памятны знак. Самы стары будынак — 1946 года пабудовы. Калі быў дзіцячы дом, тут жылі дзеці. Потым яго абсталявалі пад хакейную распранальню. Выхаванцы чавускай школы-інтэрната ўваходзілі ў каманду «Метэор», якая ўдзельнічала ў хакейным турніры «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2014-м яны занялі прызавое месца ў сваёй падгрупе на абласных спаборніцтвах. Для падтрымання дзяцей у спартыўнай форме спонсары дапамаглі пабудаваць на тэрыторыі абласной школы хакейную каробку. Наогул, вакол школы шмат плоскасных збудаванняў: пляцоўкі для міні-футбола, стрытбола.

А яшчэ проста пад школьнымі вокнамі размясціліся цяпліцы. На 12 гектарах растуць бульба, памідоры, агуркі, морква, буракі. Ёсць два яблыневыя сады. А таксама — невялікі птушнік, дзе кожны дзень нясушкі выдаюць па 50-60 яек.

— Раней у нас і свінні былі, але на ўсё не хапае часу, — усміхаецца дырэктар. — Гаспадаркай займаюцца ў асноўным настаўнікі і тэхнічны персанал.

Трэнер Віталь Легчанка: «Пра такія ўмовы мы і марыць не маглі».

Крутыя горкі

Летась побач з абласной школай з'явіўся новы спартыўны аб'ект з лыжаролернай трасай (максімальная вышыня пад'ёму 18 метраў), стрэльбішчам на 18 стралковых установак, трыбунамі на 500 гледачоў, трохпавярховым адміністрацыйна-бытавым будынкам з прэс-цэнтрам, канферэнц-залай, трэнажоркай, боксамі для захоўвання і апрацоўкі зброі. Набыта сур'ёзная тэхніка для падтрымання трасы ў рабочай форме: той жа ратрак — трасаўкладчык, які каштуе сотні тысяч беларускіх рублёў.

— Раней мы нават і марыць не маглі, што ў нас будзе такая база, — прызнаецца трэнер Віталь Легчанка, жыццё якога цалкам звязана з чавускай біятлоннай школай. — Але мы абагаўлялі нашых трэнераў Сяргея Кліманкова, Валянціна Новікава — бацьку алімпійскага прызёра Сяргея. Валянцін Фёдаравіч наогул, лічы, роданачальнік гэтага віду спорту ў Чавусах. За апошнія два гады тут кардынальна ўсё памянялася. Раней мы паўдня дабіраліся на стрэльбішчы. Шчыты пастаянна ламалі то людзі, то жывёлы. Зімой або вясной наогул было не даехаць. З сабой трэба везці шмат рознай амуніцыі — без машыны ніяк. А дарогі былі такія, што і машына не праедзе. Сёння ўсё на месцы: зброя, стрэльбішчы, лыжаролерка, распранальні. Узровень — не параўнаць. Цяпер і пушкі ёсць снег насыпаць, і ратрак, каб яго ўтрамбоўваць. Раней па ямках, калдобінах ездзілі. Зараз нават страшна падумаць. База стала сучаснай, і матывацыя дзяцей займацца гэтым відам спорту павысілася.

Адзінае, пра што перажываюць трэнеры, — новая лыжаролерная траса не мае ніводнага роўнага ўчастка. Хоць бы кіламетр дадаць, мараць яны. Гэта ж зусім іншая спартыўная тэхніка. Быў выпадак, калі моцны выхаванец чавускай школы біятлона выехаў на спаборніцтвы ў Гомель. Усе разлічвалі на яго перамогу, а ён прайграў. Прааналізавалі і зразумелі, што ён не трэніраваўся на раўніне. А ў Гомелі траса была раўнінная.

Ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Каля бокса, дзе захоўваецца зброя, знаёмлюся з юнымі біятланістамі. «Ну і хто твае куміры?» — пытаюся ў адной з іх. «Алімбекава, Сола, Кручынкіна, Міронава», — бойка пералічвае вядомыя прозвішчы дзевяцігадовая дзяўчынка. І, убачыўшы маю збянтэжанасць, з усмешкай дадае: «Я ж біятлон гляджу!» Дзяўчынку завуць Мілана Безукладнікава. Запомніце гэта імя на ўсялякі выпадак. Не выключана, што праз некалькі гадоў яно замільгае ў верхніх радках спартыўных табліц.

Алег Самсонаў: «А гэта наша Дзінара».

Сярод трэнерскага складу шмат моладзі. 21-гадовая спартсменка і трэнер Анастасія Шаманоўская нядаўна заняла на чэмпіянаце краіны трэцяе месца. Сама яна з Чавус. Згадвае, што прыйшла ў спорт, каб навучыцца страляць. А потым захапілася лыжамі і ўлюбілася ў біятлон. Цяпер трэніруе такіх жа, як яна, апантаных.

— Ёсць дзеці вельмі здольныя, — кажа яна. — Галоўнае, каб жаданне займацца ў іх не прапала. Гэта руплівая праца, і вельмі доўга прыходзіцца дабівацца вынікаў. Трэба цалкам прысвяціць сябе спорту. Пра яго трэба памятаць кожную хвіліну, нават дома, сачыць за сваім харчаваннем, лічыць калорыі, спаць не меней за 8 гадзін у суткі.

У кабінеце дырэктара СДЮШАР Аляксандра Дарафеева — кубкі на любы густ. І асабліва прэстыжныя са спартакіяд Рэспублікі Беларусь за летні і зімні біятлон, якія праводзіліся ў Наваполацку летась. Чавуская СДЮШАР у краіне самая моцная па выніках мінулага года.

— Мы маленькі раён, але можам ганарыцца, што тры нашы выхаванцы ўваходзяць у склад Нацыянальнай зборнай, трое былі на Алімпійскіх гульнях, з іх — два прызёры і алімпійская чэмпіёнка. І рыхтавалі мы іх без усякіх там умоў, — кажа Аляксандр Рыгоравіч. — Умовы даюць магчымасць лепш трэніравацца, але знайсці і падрыхтаваць чэмпіёна па-ранейшаму вельмі складана. Рассылаем лісты, ездзім на прагляды. Некаторых дзяцей яшчэ адпужвае тое, што прыйдзецца паставіць крыж на свабодзе. Гэта ж бясконцыя трэніроўкі: ні выхадных, ні канікул. У вялікім спорце рэжым яшчэ больш жорсткі. Дацягнуць да Нацыянальнай зборнай атрымліваецца не ў кожнага. Наша задача — «пералапаціць» тысячы малых дзяцей і знайсці аднаго-двух таленавітых. А яшчэ — зацікавіць. Некаторым, акрамя камп'ютараў і інтэрнэту, нічога не трэба. Плюс стала больш хворых: скаліёзы, сэрца, зрок. Калі медыкі забракавалі, мы такіх дзяцей не бяром. Радуе толькі тое, што на фоне іншых дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ мы трымаем даволі высокую планку. Ёсць нормы па перадачы юных спартсменаў у школы і вучылішчы алімпійскага рэзерву. І мы гэтыя нормы перавыконваем у два і болей разоў. На працягу года павінны падрыхтаваць трох першаразраднікаў або кандыдатаў у майстры спорту (КМС). Летась мы аднымі КМС план перавыканалі. І гэта пры тым, што ў іншых абласцях ёсць вельмі моцныя спартыўныя школы. Прыпыняцца нельга. У спорце галоўнае — не збаўляць тэмпу.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

г. Чавусы.

Загаловак у газеце: Чавускія старты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».