Вы тут

Прышчапіць ад каранавіруса плануецца 75% насельніцтва


Вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі паступова пашыраецца і ахоплівае ўсё больш катэгорый насельніцтва. Хтосьці ўжо зрабіў прышчэпку, іншыя запісаліся на яе, некаторыя яшчэ разважаюць над гэтым. Але ўсё больш відавочным становіцца адно: вярнуцца да ранейшага жыцця і гэтак жа свабодна, як і ў даковідныя часы, наведваць кафэ і рэстараны, канцэрты і спаборніцтвы, пажылых сваякоў, нарэшце, падарожнічаць можна будзе, толькі маючы прышчэпку ад каранавіруса. Пра тэмпы вакцынацыі, паказанні і проціпаказанні, у тым ліку для людзей сталага веку, пра тое, як зрабіць прышчэпку ў сельскай мясцовасці і чаму менавіта да сельскіх жыхароў будзе асаблівая ўвага эпідэміёлагаў Мінскай вобласці, расказала намеснік галоўнага ўрача Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Мілановіч.


— Ірына Уладзіміраўна, раскажыце, якімі тэмпамі ідзе вакцынацыя ў Мінскай вобласці?

— Вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі прадугледжвае ўвядзенне дзвюх доз вакцыны з інтэрвалам у тры-чатыры тыдні. Па стане на 7 красавіка першую прышчэпку зрабілі амаль 14 300 чалавек, у тым ліку больш за тры тысячы атрымалі ўжо дзве. У адпаведнасці з Нацыянальным планам мерапрыемстваў па вакцынацыі супраць COVІD-19 на 2021—2022 гады, прадугледжана чатыры этапы. На першым прышчапляюцца медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, работнікі ўстаноў адукацыі і сацыяльнай сферы, асобы, якія пражываюць ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем. На наступным этапе падлягаюць вакцынацыі людзі, старэйшыя за 61 год, а таксама асобы, якія маюць хранічныя захворванні ці рызыку цяжкага цячэння каранавіруснай інфекцыі. На трэцім этапе будуць вакцынавацца людзі, у якіх па рабоце ёсць высокая рызыка заражэння: работнікі гандлю, сферы абслугоўвання, транспарту, камунальных службаў.

Усе ахвотныя вакцынуюцца на чацвёртым этапе, калі з'явіцца дастатковая колькасць вакцыны. Мяркуецца, што яна будзе вырабляцца айчынным прадпрыемствам «Белмедпрэпараты». Стаіць задача прышчапіць не менш за 75 % насельніцтва: згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, менавіта столькі патрэбна для стварэння калектыўнага імунітэту.

Цяпер ідзе другі этап. У арганізацыях аховы здароўя на сваіх участках ведаюць пажылых пацыентаў і людзей з хранічнымі хваробамі, іх паступова запрашаюць на прышчэпкі. Таксама вядзецца запіс усіх ахвотных, хто жадае прышчапіцца.

— Вы сказалі пра людзей, старэйшых за 60 гадоў, якіх вакцынуюць цяпер. А ці могуць прышчапляцца людзі, старэйшыя за 80 ці 90 гадоў?

— Так, бо ўзроставага абмежавання для пажылых людзей няма. Катэгорыю старэйшых за 60 гадоў вылучылі асобна, бо, як правіла, у гэтых людзей ёсць хранічныя захворванні, камарбідныя паталогіі, у іх замаруджаны абменныя працэсы, і больш рызыкі, што каранавірусная інфекцыя будзе працякаць у цяжкай форме.

— Для прышчэпкі трэба абавязкова прыйсці ў паліклініку, паколькі вакцына патрабуе нізкіх тэмператур?

— Мяркую, што ў арганізацыях аховы здароўя будзе прадуманы алгарытм, які падыдзе для людзей сталага веку. У Еўропе прышчапляюць нават у гандлёвых цэнтрах. Так, расійская вакцына «Спадарожнік V» патрабуе тэмпературы мінус 18, а вось умовы захавання кітайскай вакцыны Vero Cell, якую ў нас таксама выкарыстоўваюць, — як і ў іншых імунабіялагічных прэпаратаў: ёй не патрэбны такія нізкія тэмпературы.

— Якая сітуацыя з вакцынай у раёнах Мінскай вобласці? Як можна запісацца на прышчэпку жыхарам райцэнтра ці сельскай мясцовасці?

— Вакцына супраць каранавіруснай інфекцыі маецца ў арганізацыях аховы здароўя ўсіх адміністрацыйных тэрыторый Мінскай вобласці. Запісацца можа любы ахвотны ва ўзросце старэй за 18 гадоў у амбулаторна-паліклінічнай арганізацыі па месцы жыхарства. Там жа неабходна ўдакладніць, дзе і калі можна зрабіць прышчэпку.

— Мяркуецца, што ў сельскую мясцовасць Мінскай вобласці разам з урачамі цяпер будуць выязджаць эпідэміёлагі...

— Яны будуць працаваць не толькі з выязнымі фельчарска-акушэрскімі пунктамі, але і самастойна ў планавым парадку выязджаць у сельскую мясцовасць. Мы прымеркавалі гэту работу да Сусветнага дня здароўя, які сёлета праходзіць пад дэвізам даступнасці медыцынскай дапамогі шырокім слаям насельніцтва. Вакцынацыя — адзін з відаў прафілактычнай дапамогі, якая таксама павінна быць шырока даступная. На сёння важна данесці да людзей, наколькі неабходна рабіць прышчэпкі, якую ахову яны даюць непасрэдна таму, хто прышчапіўся, яго сям'і, блізкім, што азначае калектыўны імунітэт, калі людзі вакол цябе прышчэплены і не могуць быць крыніцай заражэння. У сельскіх рэгіёнах даступнасць інфармацыі меншая. Там пражываюць пераважна пажылыя людзі, не ўсе з іх могуць карыстацца сучаснымі сродкамі сувязі і інтэрнэтам. Нашы спецыялісты раскажуць, якая вакцына выкарыстоўваецца, пра яе перавагі, паказанні і проціпаказанні, адкажуць на пытанні.

— Якія проціпаказанні ў прышчэпкі ад COVІD-19?

— Гэта ўзрост да 18 гадоў, цяжарнасць і грудное кармленне, гіперадчувальнасць да якога-небудзь кампанента вакцыны, цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе. Вострыя інфекцыйныя захворванні і абвастрэнні хранічных хвароб з'яўляюцца часовымі проціпаказаннямі. Прышчэпку можна зрабіць праз 2—4 тыдні пасля выздараўлення ці рэмісіі.

— Ці трэба рыхтавацца да прышчэпкі?

— Па вялікім рахунку, так. Трэба ведаць і ўсведамляць, што апошнія 14 дзён у вас не павінна быць вострых рэспіраторных захворванняў і абвастрэння хранічных хвароб, у гэты час вы не кантактавалі з людзьмі, якія хварэюць на каранавірусную інфекцыю. Урач перад прышчэпкай вымярае тэмпературу, утрыманне кіслароду ў крыві, робіць агульны агляд, каб зразумець, ці дазваляе стан чалавека рабіць прышчэпку.

— Якія пабочныя рэакцыі могуць быць пасля прышчэпкі і як з імі спраўляцца?

— Пасля прышчэпкі можа назірацца грыпападобны сіндром: павышэнне тэмпературы (часам да 38-39 градусаў), мышачныя і сустаўныя болі, слабасць, галаўны боль. Пры неабходнасці рэкамендуецца прымаць гарачкапаніжальныя сродкі. Звычайна сімптомы праходзяць цягам 1-2 дзён. Калі высокая тэмпература трымаецца больш за суткі, варта звярнуцца да ўрача. Радзей адзначаюцца млоснасць, дыспепсія, зніжэнне апетыту, часам назіраецца павелічэнне рэгіянальных лімфавузлоў.

Маніторынг развіцця пабочных рэакцый пасля зробленых прафілактычных прышчэпак у Мінскай вобласці паказаў, што як на першую, так і на другую агульныя рэакцыі развіваліся ў 2,2 % прышчэпленых, мясцовыя рэакцыі — у 1,2 % прышчэпленых пасля першай прышчэпкі і ў 0,9 % прышчэпленых — пасля другой прышчэпкі. Пабочная рэакцыя можа развівацца на любую прышчэпку, і гэта нармальна. Яе наяўнасць (як мясцовай, так і агульнай) сведчыць пра імунны адказ арганізма на вакцыну. Дарэчы, я і сама зрабіла прышчэпку.

— Ці можна заразіцца каранавірусам пасля прышчэпкі?

— Прышчэпка не гарантуе на 100 %, што вы не заразіцеся каранавіруснай інфекцыяй. Узровень імуннага адказу ў кожнага чалавека свой. Але адназначна можна сказаць, што ў вакцынаваных рызыка захварэць у разы ніжэйшая, чым у тых, хто прышчэпкі не рабіў. Галоўная задача вакцынацыі — засцерагчы ад цяжкай формы хваробы і смяротна небяспечных ускладненняў. Фарміраванне калектыўнага імунітэту, у першую чаргу поствакцынальнага, дапаможа спыніць эпідэмію.

Алена КРАВЕЦ

Фота pixabay.com

Загаловак у газеце: Укол надзеі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.