Вы тут

У сталіцы ўстанаўліваюць зарадныя комплексы, якім няма аналагаў у СНД


На дадзеным этапе 18 комплексаў па шэсць зарадных станцый у кожным устанаўлівае ў Мінску сетка ЭЗС Malanka. Кожная станцыя мае магутнасць 50 кВт, што дазваляе ўладальнікам электракараў папаўняць зарад на 30-40 кіламетраў усяго за 10 хвілін. Такія комплексы — ноу-хау беларускіх распрацоўшчыкаў.


Фота: pixabay.com

Як вядома, на сакавік бягучага года ў Беларусі налічвалася больш за 2500 электрамабіляў. Папулярнасць экалагічнага транспарту працягвае расці. Па прагнозах спецыялістаў, сёлета іх колькасць павялічыцца ў тры разы — і перавысіць адзнаку ў 7500 штук.

Для таго каб кіроўцы электрамабіляў мелі магчымасць зараджацца хутка і зручна, гэтая сетка ЭЗС устанаўлівае новыя зарадныя комплексы, а таксама скарачае адлегласць паміж станцыямі. У студзені бягучага года Malanka ў Мінску пераадолела мяжу ў 300 станцый, да канца года ў сталіцы, на якую прыпадае львіная доля электрапарку краіны, з'явіцца яшчэ больш за 60 станцый. Сярод іх — электразарадныя комплексы на шэсць зарадных станцый.

У хуткім часе такія комплексы з'явяцца на вуліцах Камсамольскай, 34; Жыновіча, 7; Мірашнічэнкі, 3; праспекце Газеты «Звязда», 16.

Электразарадных комплексаў, дзе адначасова на «хуткіх» станцыях можа зараджацца шэсць электрамабіляў, няма ў ніводнай з краін СНД. Так, ва Украіне нядаўна прэзентавалі самы вялікі зарадны комплекс, які складаецца з чатырох зарадных станцый.

«Кожная станцыя на электразарадным комплексе мае магутнасць 50 кВт, што дазваляе зараджацца хутка. Мы ўстанаўліваем іх паблізу гандлёвых і адміністрацыйных цэнтраў, а таксама недалёка ад МКАД. Выбар месца ўстаноўкі невыпадковы. Электразарадныя комплексы дазваляюць адначасова зараджаць некалькі электрамабіляў у месцах, дзе гэта неабходна», — кажа намеснік дырэктара ВА «Беларуснафта» Андрэй Коцік.

Сёлета першыя зарадныя комплексы да шасці зарадных станцый з'явяцца ва ўсіх абласных гарадах краіны, а адлегласць паміж суседнімі ЭЗС на трасах Malanka плануе скараціць да 80 км. Цяпер адлегласць паміж станцыямі складае 100—150 кіламетраў. У 2021 годзе кампаніяй Malanka распрацаваны план, згодна з якім на вядучых магістралях краіны будуць устаноўлены дадатковыя зарадныя слупкі. У Лагойскім, Барысаўскім, Лунінецкім раёнах, у раёне населенага пункта Краснае (Гомельская вобласць) з'явяцца зарадныя станцыі магутнасцю ад 150 да 180 кВт, здольныя цалкам зарадзіць батарэю электратранспарту за паўгадзіны.

«У 2022 годзе мы плануем запускаць пілотны комплекс з суперхуткай зарадкай, магутнасць адной станцыі — да 350 кВт, што дазволіць зарадзіць электрамабіль за дзесяць хвілін на 340 кіламетраў. Новыя зарадныя комплексы стануць свайго роду АЗС для электрамабіляў, паколькі час зарадкі на такіх комплексах будзе супастаўны з часам запраўкі аўтамабіляў бензінам. А з развіццём электратранспарту гэты час будзе яшчэ змяншацца», — падзяліўся планамі Андрэй Коцік.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».