Вы тут

Формулы паспяховага бізнесу вывучаюць дэпутаты


Як падтрымліваюць развіццё бізнесу ў Гомельскім раёне, прааналізавалі старшыні Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельскай вобласці. Яны бралі ўдзел у абласным семінары, прысвечаным ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў садзейнічанні прадпрымальніцкай актыўнасці.


Зараз Гомельскі раён займае шостае месца ў рэгіёне па колькасці арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, прычым колькасць прыватных прадпрыемстваў стабільна расце. У пачатку семінара старшыня Гомельскага райвыканкама Сяргей Ермаліцкі расказаў аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Ён звярнуў увагу на прывабнасць тэрыторыі каля абласнога цэнтра для прадстаўнікоў бізнесу. Сярод плюсоў — спрыяльная падатковая палітыка, магчымасць атрымання ва ўласнасць або арэнду аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца. Росту колькасці арганізацый малога і сярэдняга бізнесу ў Гомельскім раёне садзейнічае і зручнае месцазнаходжанне, якое гарантуе шырокі рынак збыту.

— У даходнай частцы бюджэту раёна 47 % склалі адлічэнні ад прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ў выглядзе падатковых і непадатковых плацяжоў. У грашовым выражэнні — звыш 50 мільёнаў рублёў, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у рэгіёне, — адзначыў старшыня Гомельскага райвыканкама Сяргей Ермаліцкі.

Удзельнікі семінара наведалі дрэваапрацоўчы цэх Гомельскага даследчага лясгаса, што размешчаны ў пасёлку Калініна Цярэшкавіцкага сельскага Савета. Работнікі гэтага прадпрыемства, дарэчы, атрымліваюць адну з самых высокіх сярод лясгасаў вобласці і краіны заработную плату. Дырэктар, дэпутат абласнога Савета Ігар Дзягцярык расказаў пра тое, як мадэрнізацыя прадпрыемства дапамагае павялічваць даходы і забяспечваць стабільны рост паставак прадукцыі на экспарт. Сёлета на прадпрыемстве плануюць увесці ў дзеянне новы перспектыўны аб'ект — завод па вытворчасці пелет.

На тэрыторыі Бабовіцкага сельсавета ўдзельнікі семінара азнаёміліся з дзейнасцю цэнтра экалагічнага турызму «Беладжыё». Тут дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сэрвіс-Альянс» Васіль Антонаў здолеў стварыць унікальны турыстычны аб'ект з шырокім спектрам паслуг. Гэта прыклад таго, як прыватная ініцыятыва стала паспяховым праектам па стварэнні прывабнага месца для сямейнага адпачынку. На тэрыторыі — альтанкі і пірсы над воднай роўняддзю, домік для адпачынку, дзіцячы гарадок. Брэнд аграсядзібы — міні-заапарк пад адкрытым небам, дзе жыве больш за 30 відаў жывёл, у тым ліку зубры.

— «Беладжыё» не толькі прымае турыстаў, але і эфектыўна супрацоўнічае з рознымі арганізацыямі і службамі раёна, выдзяляе пляцоўкі для правядзення адукацыйных мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі, — звярнула ўвагу старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька.

Удзельнікі семінара наведалі таксама Улукаўскі сельсавет. Тут яны азнаёміліся з работай прыватных прадпрыемстваў — вытворчая кампанія «Сябры» і кандытарская фабрыка «Летож». Гэтыя вытворчасці ўносяць значны ўклад у пашырэнне рынкаў экспарту, забяспечваюць развіццё вытворчасці і стварэнне новых рабочых месцаў, адзначыла старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна звярнула ўвагу на тое, што супрацоўнікі гэтых прадпрыемстваў аказваюць актыўную падтрымку ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, выступаюць «шэфамі» ўстаноў адукацыі, дапамагаюць у рабоце з ветэрынамі. Кандытарская фабрыка «Летож» нярэдка аказвае і спонсарскую дапамогу ўстановам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Улукаўскага сельсавета, рэгулярна дасылае салодкія падарункі для дзяцей Улукаўскай дапаможнай школы-інтэрната.

Па выніках удзелу ў семінары старшыні Саветаў дэпутатаў дзяліліся ідэямі праектаў, якія можна эфектыўна ўкараніць у сваіх раёнах, скарыстаць асаблівасці і патэнцыял тэрыторый.

— Мы пераканаліся, што вельмі многае залежыць ад узаемадзеяння бізнесу з рознымі галінамі ўлады, — адзначыла старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч. — Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса бліжэй за ўсё да людзей, ведаюць іх надзённыя праблемы, таму і ў пытаннях, звязаных з прадпрымальніцтвам, дэпутатам пад сілу вырашыць многае. Кацярына Анатолеўна акцэнтавала ўвагу старшынь Саветаў дэпутатаў на рэалізацыю рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021—2025 гады. За пяцігодку ў рэгіёне плануюць рэалізаваць у кожным раёне вобласці значныя інвестпраекты ў сферы вытворчасці. Сёлета на Гомельшчыне запланавана стварыць 530 арганізацый, з якіх 145 — у вытворчай сферы і 385 — у сферы паслуг.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!